АД РЭДАКЦЫI

Суд над беларускай мовай

На мiнулым тыднi Вышэйшы гаспадарчы суд РБ разглядаў iск «Нашай Нiвы» да Дзяржаўнага камiтэту па друку. Мы просiм суд адмянiць папярэджаньне Дзяржкамдруку аб «недапушчальнасьцi скажэньня агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы». «Скажэньнем» Дзяржкамдрук называе клясычны беларускi правапiс Бранiслава Тарашкевiча (1918 г.), а «агульнапрынятымi нормамi» — пастанову Саўнаркаму БССР ад 1933 г. Гэтак сёньня, у канцы ХХ ст. улады РБ абвiнавачваюць газэту ў парушэньнi законаў самых чорных часоў сталiнскага таталiтарызму.

Суд адбываўся па-расейску. Па-расейску выступалi i судзьдзя, i прадстаўнiк Дзяржкамдруку. «Наша Нiва» выступала па-беларуску. Для староньняга назiральнiка i проста разумнага чалавека гэтага ўжо дастаткова, каб зрабiць выснову, што процiстаяньне незалежнага выданьня з аднаго боку i дзьвюх дзяржаўных установаў з другога адбываецца не па лiнii «наркамаўка» — «тарашкевiца», а па лiнii «незалежная беларуская мова» — «дзяржаўная расейская мова». А паколькi наш iск — гэта толькi спроба супрацiўляцца ў працяглым працэсе закрыцьця «Нашай Нiвы», якi сваiм папярэджаньнем распачаў Дзяржкамдрук, таму гутарка iдзе пра самое права беларускае мовы на iснаваньне.

Не сакрэт, што баранiць «моўныя» законы 1933 году ня выйдзе сёньня з уласнае волi нiводзiн беларускi грамадзянiн. Бо гэтыя законы прыдумлялiся не для паляпшэньня правапiсу, а для паступовага выгнятаньня беларушчыны з грамадзкага ўжытку (што ўрэшце й адбылося). Таму адзiным знакам абароны беларускае мовы й яе жывога жыцьця на сёньня застаецца наш несавецкi правапiс. Справа нават стаiць шырэй. Правапiс Б.Тарашкевiча —гэта ўсё, што засталося ў беларускай апазыцыi пасьля страты ўлады i нацыянальнай сымболiкi. На жаль, антыбеларускi рэжым разумее гэта лепш за саму апазыцыю. Таму й распачаты гэты наступ на апошнi фарпост несавецкае беларушчыны сярод газэт — «Нашу Нiву».

Вышэйшы гаспадарчы суд, натуральна, не зьвярнуў увагi на гэты палiтычны аспэкт працэсу i перавёў спрэчку ў лiнгвiстычную плоскасьць. А паколькi для гаспадарчага суда займацца канчаткамi й склонамi — справа не ўласьцiвая, суд згадзiўся з нашай прапановай правесьцi экспэртызу спрэчкi сiламi навукоўцаў. Супраць экспэртызы рашуча выступiў рускамоўны прадстаўнiк Дзяржкамдруку. Яму, маўляў, i так усё ясна ў 50-гадовым беларускiм лiнгвiстычным супрацьстаяньнi. Што праўда, суд прыняў прапанову Дзяржкамдруку — экспэртызу даручаць правесьцi адной установе — акадэмiчнаму Iнстытуту мовазнаўства, а ня некалькiм установам (мы прапаноўвалi яшчэ катэдры беларускай мовы Гарадзенскага й Менскага пэдагагiчнага ўнiвэрсытэтаў). Затое ў экспэртную камiсiю будуць уключаныя чацьвёра спэцыялiстаў, якiх прапанавала «Наша Нiва». А прапанавалi мы аўтарытэтных спэцыялiстаў-мовазнаўцаў дактароў фiлялягiчных навук, прафэсараў Паўла Сьцяцко, Генадзя Цыхуна, Бранiслава Плотнiкава i кандыдата фiлалагiчных навук, дацэнта Паўла Мiхайлава. Можна сабе ўявiць наколькi няпроста навукоўцам у сёньняшняй Беларусi баранiць «генэтыку з кiбэрнэтыкай» ад грубага палiтычнага ўмяшаньня.

Чым скончацца ўрэшце гэтая экспэртыза i гэты працэс? Зразумела, не кампрамiсным новым правапiсам беларускай мовы (выпрацоўка якога была запачаткаваная акадэмiчнай канфэрэнцыяй 1992 году). Закрыцьцё або незакрыцьцё «Нашай Нiвы» мала паўплывае на яе лёс, бо газэта будзе выходзiць, пакуль яе будуць чытаць.

Самым галоўным вынiкам суда стане вынiк сацыяльна-палiтычны. Гутарка iдзе пра сёньняшнi грамадзкi статус беларускае мовы. Альбо гэты статус упадзе яшчэ нiжэй, або апынецца ў полi зроку шырокага грамадзтва. Вось чаму пры ўсёй абсурднасьцi гэтага гаспадарча-лiнгвiстычнага суда нам трэба яго выйграць. Нам — разам з вамi, хто падзяляе нашыя прынцыпы i каму дарагая беларуская мова (сёньня ўжо не вядзецца, у якiм яе правапiсным аблiччы).

Таму мы, рэдакцыя «Нашай Нiвы», заклiкаем усiх нашых чытачоў i ўвогуле ўсiх сьведамых беларусаў — напiшыце нам, цi патрэбная Вам такая газэта, такая мова i мова ўвогуле. Калi Вы адгукнецеся на нашую просьбу хутка, нiякi суд ня зможа праiгнараваць думку грамадзтва i адабраць у яго патрэбнае яму выданьне на патрэбнай яму мове.

Рэдакцыя «НН» вельмi разьлiчвае на разуменьне й падтрымку з боку беларускага грамадзтва.

Наш адрас: 220050 Менск, а/с 537. «Наша Нiва» (Суд над беларускай мовай).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0