У рэгiстрацыi адмоўлена

 

26 красавiка 1996 году ў Менску адбыўся ўстаноўчы зьезд новага грамадзкага аб’яднаньня — Беларускай Асацыяцыi Вязьняў лукашэнкаўскага рэжыму, на якiм быў прыняты Статут грамадзкага аб’яднаньня.

Задачы Асацыяцыi вiдавочныя: аказаньне маральнай, матэрыяльнай i юрыдычнай дапамогi грамадзянам, якiя пацярпелi ад палiтычных рэпрэсiяў з 1994 году, падтрымка палiтзьняволеных i iх сем’яў, дзейнасьць, скiраваная на папярэджаньне парушэньня правоў чалавека.

У вызначаны законам тэрмiн Рада Асацыяцыi падала ў Мiнiстэрства юстыцыi РБ дакумэнты на рэгiстрацыю i 9 чэрвеня 1998 году атрымала паведамленьне «Аб адмове ў рэгiстрацыi», падпiсанае начальнiкам упраўленьня грамадзкiх аб’яднаньняў М.Сухiнiным.

Мiнiстар юстыцыi РБ Г.Варанцоў зацьвердзiў сваiм подпiсам падрыхтаванае галоўным спэцыялiстам упраўленьня Станiславам Шляхто «Заключэньне па вынiках разгляду матэрыялаў аб рэгiстрацыi Беларускай Асацыяцыi Вязьняў лукашэнкаўскага рэжыму i яе сымболiкi», у якiм, у прыватнасьцi, сьцьвярджаецца наступнае:

«Акрамя таго, Крымiнальным кодэксам Рэспублiкi Беларусь не прадугледжаная адказнасьць за палiтычныя погляды i палiтычную дзейнасьць. Статыстычная справаздача Рэспублiкi Беларусь за 1994 — 1997 г. сьведчыць, што i за асоба небясьпечныя дзяржаўныя злачынствы да адказнасьцi грамадзяне не прыцягвалiся». Пасьля гэтых словаў у iншым дакумэнце, якi мае назву «Даведка» i быў напiсаны ад рукi (вiдаць, як i ў судах, у Мiнюсьце часта псуюцца кампутар i друкарка) галоўспэцам С.Шляхто, iдзе наступны сказ:

«Пры такiх абставiнах назва асацыяцыi не адпавядае яе статуту [...], бо нельга стварыць аб’яднаньне палiтычных вязьняў, калi iх наогул няма [...]».

Такiм чынам, Мiнiстэрства юстыцыi РБ «адмянiла» фiзычны й маральны зьдзек, якi з 1994 году й да сёньняшняга дня зьдзяйсьняецца ў дачыненьнi да тысячаў грамадзянаў па ўсёй Беларусi. Сьцёршы апошнiя сьляды сумленьня, мiнюстаўцы «адмянiлi» нашыя пакуты ў «валадарках»,»амэрыканках» i КПЗ. Так вучнi адмяняюць самi сабе ўрокi, хаваючыся ў школьнай прыбiральнi.

Няхай нiхто не спадзяюцца, што мы забудзем, як ацэтонавым перагарам дыхала нам у патылiцу сьмерць, як пiлi мы чыфiр з тубэркулёзнымi, як нажнымi кайданамi прыкоўвалi нас да бальнiчнага ложку, як кропельнiца качала ў вены нашых рук выратавальную глюкозу, як шылi мы раты, каб магчы гаварыць, як сьнiлi мы брусьнiчныя вусны нашых жанчын...

Да цытат з дакумэнтаў пад назвамi «Заключэньне...» i «Даведка» Мiнюста РБ вельмi яскрава дапасуюцца наступныя вытрымкi з абвiнаваўчага заключэньня па крымiнальнай справе №182, падпiсанай намесьнiкам генпракурора Кандрацьевым 18 лiпеня 1996 году:

«14 февраля 1996 года Прокуратурой Республики Беларусь возбуждено уголовное дело по признакам преступления, предусмотренного ч.5 ст.17 и ст.63 УК Республики Беларусь. Основанием к возбуждению уголовного дела послужило стихотворение [...] «Убей президента».

Нагадаю, што артыкул 63 КК РБ (тэрарыстычны акт) адносiцца да асаблiва небясьпечных дзяржаўных злачынстваў i прадугледжвае ў якасьцi карных санкцыяў пазбаўленьне волi на тэрмiн ад васьмi да пятнаццацi гадоў з канфiскацыяй маёмасьцi альбо сьмяротную кару з канфiскацыяй альбо без канфiскацыi...

Рада Беларускай Асацыяцыi Вязьняў лукашэнкаўскага рэжыму падала ў Вярхоўны Суд РБ заяву-зыск пра абскарджаньне адмовы ў рэгiстрацыi. 10 жнiўня ў залi №63 Вярхоўнага Суда адбылося першае судовае паседжаньне ў складзе: судзьдзя Вашкевiч, народныя засядальнiкi Школьнiкава i Кабанава, пракурор Давiдоўскi, сакратар суда Айвазава. Адказчыкам ад Мiнюста выступаў С.Шляхто. З боку зыскальнiкаў былi выкладзеныя дастаткова важкiя аргумэнты на карысьць таго, што Асацыяцыю неабходна рэгiстраваць. Чыноўнiк Мiнюста заявiў, што ў Беларусi палiтвязьняў няма, а слова «лукашэнкаўскага», якое выкарыстана ў назьве Асацыяцыi, суаднёс з прозьвiшчам прэзыдэнта Лукашэнкi.

Заключнае судовае пасяджэньне адбылося 13 жнiўня. У поўным аб’ёме былi выслуханыя прамовы прафэсара Ю.Хадыкi, якi зьяўляецца сябрам Рады Асацыяцыi, i законнага прадстаўнiка аўтараў зыску адваката Гары Паганяйлы.

Пракурор Давiдоўскi заўважыў прадстаўнiку Мiнюста, што той ужо ня першы раз ня можа прывесьцi дастаткова пераканаўчых доказаў у падтрымку сваiх дзеяньняў, але падтрымаў адмову Мiнюста ў рэгiстрацыi грамадзкага аб’яднаньня.

У 17 гадзiн 31 хвiлiну судзьдзя Вашкевiч зачытаў пастанову Вярхоўнага Суда РБ. Дзеяньнi Мiнiстэства юстыцыi прызнаныя правiльнымi, у зыску сябрам Рады Беларускай Асацыяцыi Вязьняў лукашэнкаўскага рэжыму адмоўлена.

Славамiр Адамовiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0