Ад рэдакцыi

 

Гэтымi днямi Вярхоўны гаспадарчы суд РБ рассылае мовазнаўцам-экспэртам матэрыялы судовае справы аб мове «Нашае Нiвы». Такiм чынам, цяжба памiж клясычным беларускiм правапiсам i сталiнскiм законам 33-га году, якога баронiць лукашэнкаў Дзяржкамдрук, на нейкi час пераходзiць у рукi спэцыялiстаў. Адныя зь iх будуць адстойваць iнтарэсы антыбеларускiх па сутнасьцi сваёй уладаў, другiя — права беларускае мовы на вольнае разьвiцьцё. Аднак апошняе рашэньне вынесе згаданы гаспадарчы суд. Фармальным вынiкам працэсу стане працяг працэдуры закрыцьця «НН», якую распачаў Дзяржкамдрук, або спыненьне гэтае працэдуры, на чым настойваем мы. Сутнасным вынiкам будзе падзеньне грамадзкага статусу беларускае мовы ды ўзмацненьне й без таго нахабнае русiфiкацыi, або наадварот — падвышэньне прэстыжу нашае мовы. Яшчэ адно важнае наступства, якое мы ўжо маем незалежна ад рашэньня суда, — гэта ажыўленьне ў закансэрваваным ад сталiнскiх часоў асяродку беларускiх мовазнаўцаў. Кансэрвацыя была адной з падспудных мэтаў пастановы 33-га году — калi дзяржаўныя навукоўцы адмаўляюць жывую плынь моўнага разьвiцьця, усё, што ня ўпiсваецца ў некалi прадпiсаныя моўныя рэгулы. Мовазнаўчая цэнзура мусiла б яшчэ болей зьмярцьвiць мову, чаго й дамагалiся народныя камiсары.

Аднак, акрамя Вышэйшага гаспадарчага суда i Дзяржкамдруку (дарэчы, рускамоўных), а таксама спэцыялiстаў-мовазнаўцаў, iснуе яшчэ народ, жывыя карыстальнiкi клясычнае беларускае мовы, чытачы «Нашае Нiвы». Ужо ў першыя днi пасьля выхаду мiнулага нумару «НН» з заклiкам падтрымаць мову i газэту мы атрымалi каля сотнi чытачоўскiх лiстоў. Нам адкрыўся цэлы мацярык сёньняшняе жывое беларушчыны — мацярык самых розных думак i пачуцьцяў. Безумоўна, гэтыя лiсты — самы моцны наш аргумэнт, бо думкi й пачуцьцi ня могуць падлягаць суду, перасьледу або забароне.

Рэдакцыя шчыра ўдзячная ўсiм, хто адгукнуўся й яшчэ адгукнецца на наш заклiк. Нашая супольнасьць — газэты й ейнае публiкi — набывае не абстрактны, а зусiм рэальны выгляд працэсуальнага доказу.

Гэта — мы з нашай мовай. Судзiце нас, забараняйце, але ў вынiку мы нiкуды ня дзенемся са сваёй газэтай i сваiм клясычным правапiсам. Бо гэта ўсё адно, што судзiць за летуценьнi, за мары або за колер скуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0