Лісты падтрымкі

 


Дзень добры, паважаныя нашанiўцы!

Лепей за ўсё было б проста падзякаваць вам за справу, якую вы робiце, але такi час — трэба пiсаць у падтрымку.

Шлях мой да «Нашай Нiвы» даволi складаны. Ад чатырнаццацiгадовага расейскага хлопчыка, якога ледзь не пакiнулi на другi год з-за нежаданьня вывучаць беларускую мову, да першага верша, надрукаванага на старонках вашай газэты. Ня вельмi хочацца ўжываць тут слова «мэтамарфоза». Скажу лепей так — усяму на сьвеце свой пэўны тэрмiн.

На вашым тытуле напiсана — «Першая беларуская газэта». Сапраўды, першая i сапраўды, беларуская. Трэба дадаць да таго — яшчэ й жывая.

Гэта так добра, што вы разумееце, што куль-туралёгiя (асаблiва беларуская культуралёгiя) — справа ня толькi мiнулага, а найперш сучаснага i, галоўнае, будучага.

Мяне асабiста ўразiла (i гэта ў так званых «сучасных абставiнах») пастаноўка вамi пытаньня аб беларускай культурнай экспансii. Вось так, адзiн толькi нетрадыцыйны погляд на рэчаiснасьць — i стан паразы адыходзiць.

У вас свой, асабiсты чытач. Бо «НН» не купляюць мiж iншым, з рынку бегучы на працу, яе чакаюць. I як бы там нi было, будуць чакаць. Але спадзяюся, усё будзе добра. Дабра вам i здароўя.

Дзьмiтры Тарулiс, Менск

P.S. Што тычыцца «тарашкевiцы», то я проста намагаюся ёю карыстацца. I гэта МАЁ ПРАВА.


 

Добры дзень, шаноўная рэдакцыя «Нашай Нiвы»!

Пiшу, бо ведаю, што маю любiмую газэту хочуць змусiць перайсьцi на «обшчапанятный беларускiй язык». Даражэнькiя мае, ня дайцеся. Паглядзiце, што сталася са «Свабодай». Я чытаю вас менавiта таму, што вы пiшаце на сапраўднай, не скалечанай бальшавiкамi мове. Гэтая мова — мая. Я на ёй думаю i малюся, прызнаюся ў каханьнi i размаўляю зь сябрамi пры кухлi пiва. Калi ласка, не зьнiкайце. Скажыце, што рабiць, куды прыходзiць, каб вас падтрымаць. Я буду вас чытаць, бо вы для мяне важныя.

Бывайце, ваш верны сябра i чытач

Кiрыла Невяроўскi, Менск


Шаноўнае спадарства,

пiшу вам гэты караценькi лiст, каб сказаць, што беларуская мова, чысьцiню i ўзьнёсласьць якой захоўвае «Наша Нiва» —гэта МАЯ мова, шчырае iмкненьне аўтараў «Нашай Нiвы» абудзiць чалавечае ў чалавеку, дапамагчы яму ўзьняцца над будз-ённасьцю дый пазбавiцца кайданоў iдэалягiчных догмаў — гэта i МАЁ iмкненьне, рашучасьць людзей, якiя гуртуюцца вакол першае беларускае газэты, пасьлядоўна адстойваць правы Чалавека, правы Асобы — гэта МАЯ рашучасьць, краiна, сапраўднай i адзiнай мовай якой размаўляе «Наша Нiва», — гэта МАЯ Радзiма — Беларусь.

Раней мяне наўрад цi можна было залiчыць да кола сьведамых прыхiльнiкаў клясычнага беларускага правапiсу, але я такiм цьвёрдым прыхiльнiкам станаўлюся, калi сутыкаюся з ганебнымi, а часам проста вартымi жалю спробамi духоўна спустошаных людзей забаранiць тое, што забаранiць нельга, тое, што жыве па-за межамi дзяржаўнага, па-за межамi абыякавасьцi, аднолькавасьцi й страху, тое, што жыве ў СЭРЦЫ чалавека.

Як грамадзянiн Беларусi, я патрабую ад уладаў, адказных за дзеяньнi ў дачыненьнi да «Нашае Нiвы», спынiць палiтычны перасьлед маёй газэты.

Жыве Беларусь!

Андрэй Дапкюнас, Менск


 

... I вы яшчэ пытаецеся, цi патрэбная мне такая газэта й такая мова? Дык я вам адкажу: мне патрэбная толькi газэта «Наша Нiва» i толькi «зь мяккiмi знакамi»! Так i перадайце гэным спадарам-таварышчам! Да таго ж мне яшчэ патрэбныя касэты й кнiгi, якiя я мяркую набыць у вас. Можаце i гэта iм сказаць. I ўвогуле, хопiць гуляць па iхных правiлах. Калi вашая газэта незалежная, дык чаму яна можа быць забароненая нейкiм гаспадарчым судом? Пашлiце iх усiх у балота. Няхай не чапляюцца са сваiмi iдыёцкiмi законамi. Цi мала яшчэ чаго яны навыдумляюць?

На заканчэньне хачу сказаць наступнае: разам мы пераадолеем усе перашкоды.

Да спатканьня!

Антон Таўгень, студэнт, Валожын


Шаноўная рэдакцыя!

Далучаюся да ўсiх, хто падтрымлiвае ды чытае газэту «Наша Нiва». Акрамя таго, што яна зьяўляецца ледзьве не адзiнай газэтай, якая гуртуе вакол сябе аднадумцаў (усе, хто чытае «Нашу Нiву», упэўнены — аднадумцы) з мэнтальнасьцю, абсалютна непадобнай да мэнтальнасьцi большае часткi насельнiцтва Беларусi, з мэнтальнасьцю людзей з разуменьнем Волi, жаданьнем яе, рэдакцыя рыхтуе матэрыялы па найноўшай гiсторыi Беларусi, якiя дагэтуль зьяўляюцца закрытымi для грамадзтва, матэрыялы па культуры Беларусi ды сьвету. Чытаючы «Нашу Нiву», спазнаеш душу Беларусi, нашай Беларусi. Можна сказаць, што «Наша Нiва» з атачэньнем — гэта дзяржава ў дзяржаве. Нават са сваёй мовай, мовай натуральнай, лягiчна выпрацаванай народам. I няхай пакуль што на-сельнiцтва яе ня надта вялiкае, але будучыня за «Нашай Нiвай». А безь яе ня будзе Беларусi. Таму — «Рукi прэч ад «Нашай Нiвы»!» Немагчыма, каб адбылося закрыцьцё нашае газэты.

А што да мовы, дык:

Па-першае, менавiта мова «Нашай Нiвы» ёсьць мовай Беларускага Адраджэньня (ад пачатку стагодзьдзя дагэтуль).

Па-другое, мова «афiцыяльна прызнаная» была выпрацаваная дзеля «зблiжэньня з рускай» i бярэ свае пачаткi з гвалту над мовай, за якую цяпер улады ймкнуцца закрыць «Нашу Нiву».

Па-трэцяе, iснуюць мiжнародныя дакумэнты па правах чалавека, i Беларусь iх падпiсала.

На гэтых падставах папярэджаньне Дзяржкамдруку за карыстаньне тарашкевiцай — гэта проста нахабны ўцiск на iншадумцаў, чарговыя спробы выкаранiць у Беларусi Беларусь.

Жадаю вам перамогi.

Гайдалёнак Вадзiм, Менск


Высокашаноўны спадар Рэдактар,

На Вашае пытаньне: «Цi патрэбна мне ТАКАЯ «НН» i ТАКI правапiс» адкажу адназначна i катэгарычна:

— ТОЛЬКI такая i ТОЛЬКI з такiм правапiсам.

Невiдушчаму зразумела, што не графiчнае пазначэньне мяккасьцi шкодзiць рэжыму, якi, да слова, беларускай мовай не карыстаецца. Яму шкодзiць i замiнае само iснаваньне беларускай мовы, вось чаму ён i б’е па самай адчувальнай частцы беларушчыны.

Калянiяльнаму рэжыму надзвычай важна мар-гiналiзаваць беларускую мову, дзеля гэтага ён не спыняецца i ня спынiцца нi перад чым.

Я думаю, мы, нацыяналiсты, мусiм ставiцца да калянiяльнага рэжыму нармалёва, г.зн. як да акупацыйнага i чужога. Мы павiнны рабiць нашу беларускую справу, не зважаючы на акупацыю, якой рана цi позна прыйдзе хана.

Жыве Беларусь!

Мiкола Бусел, Дуброва


Шаноўная рэдакцыя!

Чытаю «Нашу Нiву» зь яе ўзнаўленьня. Вельмi ўдзячны вам за газэту. Падтрымлiваю беларускую мову. Як i многiя з нас —расейскамоўны беларус, але з часу пераезду ў Менск у 1992 годзе, чытаю i размаўляю як магу на беларускай мове.

Далучаюся да той падтрымкi, якую выказваюць чытачы ў сваiх лiстах. Жыве беларуская мова, Пагоня i бел-чырвона-белы сьцяг!

Алесь Раманоўскi, 50 гадоў, iнжынэр-электрык, былы жыхар г.Харкава


Дарагая рэдакцыя!

Можа, мой лiст дапаможа абаранiць «Нашу Нiву».

Чую мамiн голас: «Якая прыгожая была беларуская мова да вайны, а зараз...» Усё зразумела. Зрусiфiкавалi мову, як i правапiс, i вымаўленьне. Калi чытаеш «Нашу Нiву», разумееш, што мела на ўвазе мая старэнькая мацi. Мяккi знак у напiсаньнi робiць яе гучаньне таксама мяккiм. А ўладам трэба, каб народ наш лiчыў беларускую мову грубай i адмовiўся ад яе. Таму i зьявiлася гэтае «папярэджаньне». Я, як чытач, задаволеная правапiсам газэты, а мяне хочуць пазбавiць магчымасьцi чытаць яе на сапраўднай нармальнай беларускай мове.

Мова — гэта сымбаль нацыi. Значыць, робiцца замах на саму нацыю. «Наша Нiва» павiнна выходзiць i друкавацца на нармальнай беларускай мове. Так жадаюць усе, хто хоча застацца сапраўдным беларусам i каму неабыякавы лёс народу i Радзiмы. Суд над мовай павiнен быць на карысьць Мове, а ня ўладам.

Канановiч Вольга, Менск


Шаноўная рэдакцыя!

Сваю працу Маладзёвая асацыяцыя «Полацкi праект» распачала сёлета, i згоды наконт правапiсу сярод нашых сяброў напачатку не было. Але суд над «Нашай Нiвай» стаўся апошнiм аргумэнтам для памяркоўных ды вагаючыхся — пiсаць наркомаўкай цяперака проста непрыстойна. Зараз мы дасканалiм свае веды правапiсу Тарашкевiча акурат па справаздачах «Нашае Нiвы» з суда над Мовай. I плён нашага навучаньня ўжо ёсьць. Мы падрыхтавалi да друку тэксты двух першых выданьняў нашае Асацыяцыi — паводле нормаў дарэформавага правапiсу. Лёс апошняга — гэта i наш асабiсты лёс. А ў сваiм лёсе мы пэўныя — клясычны беларускi правапiс будзе ня толькi жыць, але i пашыраць абсягi собскага бытаваньня.

Сяргей Шыдлоўскi, выканаўчы дырэктар МГА «Polacki prajekt», Наваполацак


Вышэйшаму гаспадарчаму суду РБ

Уласна мне неабходная газэта «Наша Нiва» зь нескажоным беларускiм правапiсам. Абсурд, але найцяжэй маральна жыць на Беларусi беларусу (асобу бяз мовы я не лiчу беларусам).

Мазавецкая Т., Менск


Вiтаю, паважаныя калегi!

Калi «Наша Нiва» сапраўды легенда беларускай прэсы ў моўным пытаньнi за апошнiя восем год i за гэта «нажыла» сабе судовы працэс, то наша гадавалая «Газета Слонiмская», дзе мовам «прасторна» i з правапiсам усё па-савецку, таксама ўжо мае судовы iск ад аднаго з сваiх «герояў». Для IХ справа ня ў мове, i гэта зразумела для кожнага больш-менш абазнанага ў сёньняшнiм нашым жыцьцi чалавека.

«НН» газэта ўнiкальная сярод усiх недзяржаўных СМI. I яе твар — ня толькi тарашкевiца; па сутнасьцi, па духу свайму — гэта адзiнае беларускае выданьне (газэта!), зарыентаванае ў эўрапейскi кантэкст без «абавязковых» адхiленьняў. Ну, а працэсы з «последующим закрытием» i ў пачатку стагодзьдзя, i ў канцы — для НАС сымбалiчна. Застаецца змагацца. Жадаю Нам веры ў Перамогу.

Мiкола Канановiч, Слонiм


Шаноўная «Наша Нiва»!

Зь вялiкiм задавальненьнем чытаю кожны Ваш новы нумар. Гэта адзiная сапраўды Беларуская прагрэсiўная газэта. Я вучуся ў Пецярбургу i, калi выпадае магчымасьць, то чытаю «Нашу Нiву» ў Internet. Таксама робяць шмат пiцерскiх беларусаў. Мы самi выдаем пры адным зь пiцерскiх касьцёлаў рэлiгiйна-культурнiцкую газэту «Krynica» i карыстаемся выключна тарашкевiцай, акрамя таго мы асобныя артыкулы пiшам лацiнкаю. Калi вы маеце жаданьне, то пiшыце нам на e-mail: [email protected]. Жадаю мужнасьцi ў барацьбе за беларушчыну! Жыве Беларусь!

Яраслаў Крывы, Санкт-Пецярбург


Добры дзень, шаноўная «Наша Нiва»!

Посьпехаў табе ў змаганьнi за беларускi правапiс. Веру, што сёньняшнiя ўлады трохi перастаралiся, указваючы газэце, як трэба пiсаць, i ў вынiку яны самi сабе нашкодзяць.

Вось, напрыклад, колькi дзён таму ў Давыд-Гарадку да прыезду абласнога начальства рых-тавалiся, i дзеля гэтага ўсе лiхтары ўначы гарэлi. А потым тры днi радыё не працавала — кажуць, з-за таго, што трансфарматар сапсаваўся з-за перагрузкi. Хiба БНФ мог бы так перарваць сувязь ППРБ з горача любiмым iм народам?

Палiтычная пераарыентацыя з захаду на ўсход таксама цiкава адбiлася ў жыцьцi гарадчукоў. Ёсьць у Давыд-Гарадку вулiца iмя Клары Цэткiн. Там знаходзiцца гарадзкая бiбiлятэка. На ёй вiсiць чысьценькая шыльдачка: «Ул.К.Цеткина». Вось што значыць нiчога не шкадаваць дзеля старэйшага брата — тыя ж людзi, што старанна пафарбавалi статую Ленiна ў залацiсты колер, ператварылi нямецкую камунiстку ў расейскага мужыка.

Сяргей Карбоўскi, Давыд-Гарадок


Добры дзень, шаноўная рэдакцыя «НН»!

Пiшу вам з нагоды ганебнага працэсу, што праводзяць улады ў дачыненьнi да газэты.

Па даручэньнi сваёй сям’i, сяброў i ад уласнага iмя паведамляю, што нас, чытачоў «НН», вельмi задавальняе той правапiс, якi выкарыстоўвае «НН». I больш за тое, тарашкевiца на наш погляд больш адпавядае сапраўднай беларускай мове, чым наркомаўка. I паколькi «НН» амаль адзiнае ў Беларусi выданьне, якое друкуецца тарашкевiцай, то такiя паводзiны ўладаў ня сьведчаць пра iхны клопат пра разьвiцьцё мовы краiны, у якой яны жывуць i на чыiх харчах тлусьцеюць, а наадварот. Акрамя таго, «НН» — не дзяржаўная газэта. Гэтая газэта для нас, а не для iх, i таму ня iхная справа, якой мовай друкуецца газэта, якую я чытаю. Мне падабаецца, i я купляю або выпiсваю. Бо калi дакладна трымацца iхнае лёгiкi, то i дыхаць без дазволу нельга. Гэтым лiстом я падтрымлiваю газэту «Наша Нiва» i яе правапiс i дазваляю выкарыстоўваць лiст як сьведчаньне ў судзе.

Жыве Беларусь!

Валеры Савiч, Пiнск


Шаноўная рэдакцыя!

Газэта сталася сымбалем свабоды й сапраўднай беларускай культуры. «Наша Нiва» вельмi паўплывала на фармаваньне майго як агульнага, так i нацыянальнага сьветапогляду. Пасьля знаёмства з «Нашай Нiвай» у 1992 годзе я адразу стаў прыхiльнiкам газэты i прачытаў за гэтыя гады амаль усё, што ў ёй друкавалася. «Наша Нiва» для мяне зьяўляецца знакам таго, што ўласнабеларускi погляд на жыцьцё калi-небудзь запануе ў гэтай краiне. Яшчэ хачу адзначыць, што газэта з кожным годам робiцца ўсё больш прафэсiйна, i за такую газэту ня сорамна перад краiнамi, дзе здавён iснуе свабода друкаванага слова. Веру, што надыдзе той час, калi ў Беларусi будзе шмат падобных выданьняў, але «Наша Нiва» будзе самым папулярным сярод iх.

Зычу рэдакцыi посьпехаў у адстойваньнi свайго пункту погляду.

Валер Кiсель, Горадня


Дабрыдзень, «Наша Нiва»!

Тыя захады, якiя робiць дзяржаўная ўстанова, каб зачынiць вашу й нашу газэту, вымусiлi напiсаць гэты лiст падтрымкi. Падтрымкi вашага су-працiўленьня таталiтарызму, азлобленасьцi й абсурду. Уласна, таталiтарызм i ёсьць абсурдам. Ненатуральныя ўвогуле для чалавечай прыроды дзеяньнi ўлады выклiкаюць пратэст у здаровага чалавека. Цяпер пра «агульнапрынятыя нормы мовы». У савецкай дзяржаве агульнапрынятым было лiтаральна ўсё: ад законаў да стылю вопраткi. Сёньня ў гэтыя рамкi ўцiскаюць мову. Дакладней, не ўцiскаюць, а ставяць туды, як эталён, рэфармаваны (чытай: скажоны) ў 1933 г. правапiс.

Любы таталiтарызм асуджаны ў Эўропе на сьмерць. Дарэчы тут будзе ўзгадаць цытату з эсэ iтальянскага пiсьменьнiка Альбэрта Савiнiё: «... Эўропа разумее, калi гэта «эўрапейская» Эўропа, што нiякая iдэя не бывае «галоўнаю». Што нiякая iдэя ня годная таго, каб яе ставiлi вышэй за iншыя iдэi. Што нiводная iдэя не заслугоўвае таго, каб быць цэнтральнаю, каб яе лiчылi самаю слушнай, самаю прыгожай, лепшай iдэяй. Гэткая «дэмакратыя» iдэй — адзiная ўмова прагрэсу. Дастаткова толькi iдэi спынiцца, як адразу ўтвараецца тромб, якi перашкаджае хуткаму й лёгкаму цячэньню iдэй i стрым-лiвае прагрэс». Вось так. Нi больш, нi менш.

На гэтым кажу: Да пабачэньня!

Жыве Беларусь!

Сяргей Прылуцкi, Берасьце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0