НАР-МАЛЬ-НАЕ ЖЫЦЬЦЁ

 

Эпахальныя падзеi гiсторыi найчасьцей бачаць i адпаведна ацэньваюць толькi тыя, хто непасрэдна бярэ ў iх удзел. Астатнi народ жыве сваiм звычайным клопатам i ў вынiку альбо прымае падарункi гiсторыi, альбо становiцца гэтай гiсторыi ахвярай, а найчасьцей — застаецца нямым сьведкам эпахальных перамен.

Калi ў студзенi 91 году па Вiльнi йшла стралянiна й тысячы людзей ратавалi свабоду Лiтвы, гэтулькi ж людзей займалiся сваiмi штодзённымi справамi. Адначасова па горадзе езьдзiлi танкi i ў гастраномах стаялi звычайныя савецкiя чэргi па дэфiцытныя харчы.

Памятаю, я прыехаў тады ў Вiльню зь Пецярбургу, дзе тысячы расейцаў прагна лавiлi кожную вестачку зь Лiтвы, варожачы, куды павернецца гiсторыя былое iмпэрыi. А ў Вiльнi па-ранейшаму хадзiлi тралейбусы, працавалi кавярнi i нават чарга па швэйцарскiя лёды, нягледзячы на зiму, была звыкла доўгаю. Толькi калi сьцямнела, недзе далёка, у мiкрараёнах пачулася стралянiна. Але за вокнамi кватэраў нехта сьпяваў, нехта глядзеў тэлевiзар, нехта ўшчуваў дзяцей. Мiж тым, Лiтва стала незалежнай...

Калi ня быць у Беларусi, скажам, пару тыдняў, i арыентавацца ў падзеях толькi паводле прэсы, можна скласьцi сабе ўражаньне, што там па вулiцах езьдзяць танкi, штодня ўчыняюцца аблавы й пагромы, а паняволены народ жыве ў голадзе й холадзе. Невыпадкова замежныя калегi ўвесь час пытаюцца ў беларускiх гуманiтарыяў, колькi часу яны правялi ў вязьнiцах i колькi яшчэ журналiстаў томяцца ў лукашэнкаўскiх турмах... «Нiводнага?» — недаверлiва перапытваюцца замежнiкi.

Мiж тым, што ў Ашмянах, што ў Менску людзi жывуць, як i жылi, а часам нават i лепей. Савецкiя чэргi па харчы яшчэ не вярнулiся. У дзяржаўных шапiках можна набыць сьвежую апазыцыйную прэсу, а ў «блакiтным» экране пабачыць расейскiя пародыi на нашага саўгаснага прэзыдэнта. Новых заходнiх машын на дарогах усё болей. Ды й па вопратцы сёньняшнiх беларусаў мала адрозьнiш ад астатнiх эўрапейцаў.

Менск моцна зьмянiўся за апошнiя год-паўтары. У некалi безаблiчных мiкрараёнах паўсталi «макдональдсы», шэрыя гмахi дамоў усё болей заляпляюцца яркай заходняй рэклямай. Цэнтральныя вулiцы хораша падмеценыя, дамы сьвежапафарбаваныя, шмат кветак. Новыя крамы, кавярнi, рэклямы то тут, то там яшчэ зьдзiўляюць вока. Праўда, недарэчнасьцi, што закладзеныя ў самiм спалучэньнi «рынкавы сацыялiзм», выяўляюцца i ў практыцы гэтага самага незразумелага сацыялiзму. «Всегда живая рыба!» — напiсана на тралейбусе. «Жывее всех живых», — падхоплiвае памяць. «Поздравляем с Днём Военно-Морского флота!» — крычыць рэклямны транспарант. Якога флёту? Якой краiны? А людзi вакол нiбы й не задаюцца пытаньнямi. Напрыклад, чаму пры «сацыяльна арыентаванай эканомiцы» кошты ў розных кавярнях розьняцца ў дзесяць (!) разоў. Вось тут нехта вячэрае за даляр, а за рогам — за тры сярэднiя ў краiне заробкi. Сёньня лягчэй параўноўваць Варшаву, Кiеў i Вiльню. Менск не падобны нi на што.

Загаловак у газэтах: «Суд над беларускай мовай!» «Нашу Нiву» сёньня судзяць паводле бальшавiцкай пастановы 33-га году. Iду па Менску, узiраюся ў твары людзей, удыхаю паветра роднага гораду. Не, нiчым «таталiтарным» ня пахне. Але гэта ня значыць, што таталiтарызму няма. Бо сапраўды адбываецца суд над мовай, сапраўды сядзяць у «валадарках» i «амэрыканках» палiтычныя. Здаецца, калi некага ў гэтай краiне за тоўстымi сьценамi казёных установаў будуць судзiць паводле пастановаў 37-га году, нават тады большасць народу будзе глядзець тэлевiзар, сьпяваць пад чарку i ўшчуваць гарэзьлiвых дзяцей.

Менавiта гэтак сёньня ў Менску разгортваецца мяжа, якая няўмольна й адназначна падзелiць нас, беларусаў, назаўсёды. На тых, хто, не задаючыся пытаньнямi, будзе выконваць чужыя пастановы памерлых рэжымаў, i на тых, хто прагне жыцьця; на тых, для каго Беларусь — недарэчнасьць, i на тых, для каго Беларусь — будучыня. Сёньня пытаньне беларускага правапiсу абыходзiць усiх, хто пiша цi пiсаў па-беларуску. Заўтра нiхто зь iх ня зможа сказаць, што нечага ня ведаў, ня гэтак разумеў... Ну а астатнiм, астататнiм застаецца iх штодзённае, нар-маль-нае жыцьцё.

Гары Куманецкi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0