ТВАРЫ БЕЗ ВАЧЭЙ

Партрэт савецкага пiсьменьнiка

 

За гады сацыялiзму ў БССР было створана мноства партрэтаў беларускiх пiсьменьнiкаў. Iх галерэя складае асобны жанар сацыялiстычнага рэалiзму. Ягоны пачатак — канец 20-х гадоў, калi на хвалi беларусiзацыi ўжо фармавалася славутая герархiя: Купала, Колас, Багдановiч. Тады былi створаныя першыя клясычныя партрэты песьняроў работы Вiера, Кругера й Полазава, прадстаўнiкоў вiцебскага «старарэжымнага» рэалiзму, якiя прадвызначылi накiрунак гэтага жанру на дзесяцiгодзьдзi наперад. Праўда, на выставе, прысьвечанай дзясятай гадавiне сьмерцi Багдановiча, элегiчны настрой дазваляў некаторыя адхiленьнi. Напрыклад, славуты лiрычны бюст Грубэ гэтак i застаўся непераўзыйдзеным па сiле свайго эмацыйнага ўзьдзеяньня, хоць зусiм ня ўпiсваўся нi ў атмасфэру часу, нi ў патрабаваньнi «быць даступным». Вобраз Купалы на мяжы 20-х i 30-х наогул стаў культавым, так бы мовiць, праграмным для кожнага мастака ў БССР. Больш за тое, ён пранiк нават у народнае мастацтва. З чаго толькi нi выраблялi купалаўскiя партрэты: з саломкi, з кветак, з пер’я й нават зь яечнага шкарлупiньня.

Але гэтымi асобамi жанар фактычна й быў вычарпаны да трыццатых гадоў. I ён прапаў на доўгiя гады, аж да канца апошняе вайны. Мастакам, бадай, было цяжка ўсачыць за паваротамi «гэнэральнае лiнii» партыi. Рэанiмацыя жанру ў саракавыя гады пачыналася ледзь не з нуля. Як пiсаў пазьней, у 70-м, мастацтвазнаўца Мiсюк: «Гэты вiд партрэта... для беларускiх мастакоў, што ня мелi ў гэтай галiне нiякага досьведу, быў асаблiва складаным».

Мiж тым, на выставе, прысьвечанай 25-м угодкам БССР, былi выстаўленыя (апроч Купалы й Коласа) партрэты Пятра Глебкi й Кузьмы Чорнага. Паваенная культура БССР правярала свае шэрагi наноў. Шчасьлiвая Беларусь мусiла мець шчасьлiвы выраз твару. I гэткiх «шчасьлiвых» i «радасных» твораў не бракавала. Сiвабародыя калгасьнiкi й юныя пiянэркi махалi букецiкамi, вiтаючы сьвятло з Усходу ў сотнях палотнаў. Але, на дзiва, вось чаго не было ў партрэтах лiтаратараў, дык гэта аптымiзму. Жывапiс Ахрэмчыка, Волкава, Зайцава ды iншых, нiбы адмыслова станавiўся млявым i анэмiчным, каб падкрэсьлiць рысы стомленых, бязвольных людзей, якiмi сталi ў iх палотнах беларускiя пiсьменьнiкi...

... Наўзгад пытаючыся ў сваiх знаёмых, я высьветлiў, што большасьць зь iх ведае Пiлiпа Пестрака, як славутага лiтаратара. Нават папраўлялi мяне. Маўляў, не ПястрАк, а ПЕстрак. Але нiхто не прыгадаў назваў ягоных твораў. Маладзейшыя прыгадвалi, што ў тым доме, дзе жыве Зьмiцер Бартосiк, жыў Пестрак, пра што сьведчыць чыгунная шыльда з калярытным профiлем. Старэйшыя згадвалi, што, па расповядах, у Пестрака была манiя перасьледу — напрыклад, знаёмы папросiць у яго пазычыць тры рублi, а ён аж падскоквае: «А хто табе сказаў, што ў мяне ёсьць грошы?» А назвы ягоных твораў усё адно нiхто не прыгадаў.

Выпытваць у сваiх знаёмых пра Пестрака мне прыйшло ў галаву, калi я пабачыў ягоны партрэт работы Ахрэмчыка, памылкова ўнесены ў пяты том «Гiсторыi беларускага мастацтва», прысьвечаны творам з 41-га i да 60-х гадоў. Насамрэч гэтае палатно, поўная назва якога «Партрэт заслужанага дзеяча культуры БССР П.С.Пестрака», было напiсанае нашмат пазьней, у 1968 годзе. Мiж тым, яго доўгi час уважалi за адзiн з найлепшых твораў беларускага сацыялiстычнага рэалiзму, працяг «рэпiнскiх» традыцыяў.

Менавiта тады, на мяжы 60-х i 70-х жанар партрэту беларускага савецкага лiтаратара ўвайшоў у сваю сiлу. Гэтая тэндэнцыя знайшла нават сваю дэфiнiцыю — «манумэнтальны iнтэлектуалiзм». Ягоная канцэпцыя была нескладаная. Мастацтвазнаўца Зiнгер, напрыклад, пiсаў: «Калi асновай мастацкага строю многiх партрэтаў 30-50-х гадоў зьявiлася кампазыцыя дзеяньня, то галоўным вобразным стрыжнем жывапiсных партрэтаў 60-70-х становiцца кампазыцыя, якая перадае стан РОЗДУМУ». Гэта азначала, што калi беларускi пiсьменьнiк на палатне раней некуды крочыў па палях з кiем, то зараз ён мусiў адкiдацца ў мяккiм фатэлi й моршчыць лоб. Тут можна згадаць нiзку партрэтаў работы Лiсоўскага (Брыль, Семяжон, Гiлевiч). Альбо партрэт Янкi Маўра, напiсаны Замаем, дзе пiсьменьнiк, праўда, больш падобны на старога боцмана... Але чым болей узiралiся ў пустату пiсьменьнiкi, тым менш станавiлася ў iхных партрэтах i «манумэнталiзму», i «iнтэлектуалiзму». Iмiтацыя РОЗДУМУ пераўтварылася ў iмiтацыю партрэта.

Апагеем жанру можна назваць партрэт Уладзiмера Карпава, напiсаны Шаўчэнкам у 1979 годзе. Сядзiць чалавек за сталом. Бюст Талстога на заднiм пляне «намякае» на тое, што перад намi лiтаратар. Варта параўнаць гэты партрэт з партрэтамi Глебкi цi Пестрака, напiсанымi Ахрэмчыкам, каб пераканацца ў iх тыпалягiчнай еднасьцi. У iх няма... вачэй. Уся эвалюцыя партрэту беларускiх савецкiх пiсьменьнiкаў зьвялася да таго, каб схаваць iх вочы ад вачэй гледача...

А напачатку 80-х гэты жанр пакрысе растаяў, зьнiк разам з тым пакаленьнем мастакоў, якiя спачувалi сваiм мадэлям...

С.Х.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0