ЛIСТЫ ПАДТРЫМКI


 

Паважаная «Наша Нiва»!

Прачытаўшы разоў пяць зварот «Ад рэдакцыi», зьмешчаны ў нумары ад 17 жнiўня, я так i не паверыў дарэшты ў сур’ёзнасьць апiсанае ў iм справы. Нехта тут цяжка хворы галавою... А хвораму трэба спачуваць. Спакойна, прынамсi, ставiцца да яго.

Спачатку спрабуйма аб’ектыўна зразумець здарэньне. Дзеля таго даволi будзе паслужыцца банальным сылягiзмам, тыпу: калi А=Б, а Б=В, дык А=В. Адпаведна: калi Рэспублiка Беларусь зьяўляецца рускамоўнай, а яе рускамоўнасьць раўназначная рускадумнасьцi, дык Рэспублiка Беларусь ёсьць яшчэ адной дзяржавай рускiх. Мы ж такiя самыя рускiя, — небеспадстаўна заяўляе Прэзыдэнт.

Казаць пра Рэспублiку Беларусь як пра беларускую нацыянальную дзяржаву можна хiба што жартам. Яна чыста САЦЫЯЛЬНАЯ. Сэнс яе асобнага iснаваньня палягае ў рэгiянальнай спэцыфiцы i ў iншым на гэтай тэрыторыi грамадзка-палiтычным ладзе, адрозным ад расейскага. Факт знаходжаньня ў ейных межах мяншынi беларусаў — прыблiзна дзесяцiпрацэнтавай — не ўяўляе сабою iстотнага значэньня. Этнонiм «беларус» дэградаваны да геаграфiчна-адмiнiстратыўнай саманазвы тутэйшых жыхароў (аналягiчна: сiбiрак, масквiч, уралец).

Дарэчы — ня надта кемлю, чаго яны чапляюцца вас (?). Душаць «Нашу Нiву», замест насiць яе на руках ды i па чубе гладзiць... Няўжо так тупа заелiся спляжыць усё-усянютка iсна беларускае, каб нават ня мець чым дым пускаць у вочы сьвету?! Зьнiштажэньне таксама мае сваю лёгiку — пакiдаюць недабойкаў, на ўсякую непрадбачную патрэбу пераможцы. Нацыянальныя патрыёты ў сучасным становiшчы — гэта бясплатныя фраеры, якiя ў моц уласнай маргiнальнасьцi за нiшто служаць сякой-такой сымпатызацыi iмiджу рэжыму, самi таго i не падазраючы. Тое, што з вамi вычаўпаюць, квалiфiкуецца ў псыхалягiчную анамалiю садызму. У параўнаньнi зь iм дурнота здасца iнтэлектуальнай вышынёю. У Эўропе, i ў Польшчы, выходзяць газэты на мове гаворак, i нiкому не сьвярбiць кулак.

Мне нiколi не падумалася, што пашкадую Саюз Савецкiх Сацыялiстычных Рэспублiкаў. Абмежаваная iмпэрскiмi шавiнiстамi беларуская культура мела там, аднак, гарантаваны свой акварыюм з залатымi ў iм пiсьменьнiцкiмi рыбкамi... Крыху накшталт каўчэгу Ноя ў сусьветны патоп, каб не прапаў гатунак. Унiкальныя жывыя экзэмпляры. Ажно шкада было здаваць iх у публiчны заапарк...

Фронт барацьбы за беларускасьць Беларусi разгортваецца да невялiкай ваколiцы паэтаў i энтузiястаў роднага. Стаўка зьмiнiмалiзавалася да вартаснасьцi нейкага экспанату, наша му-зэяфiкуюць. Таму, дзеля выратаваньня тых рэштак я схiльны падтрымаць хуткае зьнiкненьне Рэспублiкi Беларусь у бязьмежжы Расейскай Фэдэрацыi. Нашто яшчэ адна расейская незалежнасьць? — гэтая руская Рэспублiка Беларусь. Болей руская, чым самi рускiя! Маскве беларускае слова ня будзе страшнае, а ўжо напэўна не завозьмуцца там сушыць сабе мазгi фанатычнай у нэафiта нянавiсьцю да яго! От, кляўнада.

Не сумняваюся, што «Наша Нiва» тады пiсала б, што хацела б i друкавалася б, як хацела б. Жыць бы i не памiраць! Каб толькi было каму купляць яе, беларускую ў небеларускай краiне.

З добрымi пажаданьнямi —

Сакрат Яновiч, Крынкi (Польшча)


Вельмi паважаная рэдакцыя «Нашай Нiвы»:

дзякую за надасланьне чарговага, з 17 жнiўня 1998 году, нумару «Нашай Нiвы». Прачытаўшы зварот ад рэдакцыi «Суд над беларускай мовай», падумала: гэты надзвычай добра напiсаны зварот павiнен УДУМЛIВА прачытаць кожны душой жывы беларус у Беларусi, кожны, хто лiчыць сябе, што ён у апазыцыi. Бо запраўды шмат хто не разумее, што «Правапiс Бранiслава Тарашкевiча — гэта ўсё, што засталося ў беларускай апазыцыi пасьля страты ўлады i нацыянальнай сымболiкi».

I я асабiста вiншую й падзiўляю працаўнiкоў «Нашай Нiвы» —Паважаных i Дарагiх Нашанiўцаў — за iхную мудрасьць, непахiснасьць у прынцыпах, мужнасьць i вытрываласьць у няроўным змаганьнi за беларускую мову ў такiх неспрыяльных абставiнах. Мне не хапае нi словаў, нi ўменьня выказаць мае пашаны i ўдзячнасьцi Вам за Вашую працу. Хай памагае Вам Бог у затрыманьнi пры жыцьцi «Нашай Нiвы», бо ж «Наша Нiва» — гэта адзiная запраўды беларуская газэта ў Беларусi, «апошнi фарпост несавецкае беларушчыны сярод газэт».

Гавару ад беларускага грамадзтва Канады, згуртаванага ў беларускiх нацыянальных арганiзацыях, што было б вялiкiм няшчасьцем, каб «Наша Нiва» перастала выходзiць. Асабiста я дэклярую маю маральную й фактычную падтрымку «Нашай Нiве».

Жыве «Наша Нiва»! Жыве Беларусь!

З пашанай, Раiса Жук-Грышкевiч,
старшыня Каардынацыйнага Камiтэту Беларусаў Канады, Таронта


Дзень добры, шаноўная рэдакцыя!

Суд над беларускай мовай, якi iдзе ў Вышэйшым гаспадарчым судзе РБ — чарговы ганебны акт у дзейнасьцi iснуючага рэжыму. Акт, за якi рана цi позна, але прыйдзецца адказваць ягоным iнiцы-ятарам. Гэтая судовая дзея — чарговы крок супраць агульнапрынятых чалавечых каштоўнасьцяў, нормаў прававых дзяржаваў. Гэта яшчэ адна спроба паказаць «моц» аўтарытарнага рэжыму, якi iзаляваны ад цывiлiзаванага сьвету. Гэта чарговая спроба зьнiшчыць беларускую культуру, паставiўшы крыж на мiлагучнай, сакавiтай мове, за якую агiтуе рэдакцыя «НН».

Вольны беларус нiколi не прызнае пачварных нормаў нелегiтымнае ўлады, i, як нармальны сын, а не пачвара, ня здольны падняць руку на мацi, так i вольны беларус, а не манкурт, ня здольны адмовiцца ад незалежнай беларускай мовы. Як бы складана нi было б адрадзiць яе ў масавай сьвядомасьцi.

Трымайся, шаноўная рэдакцыя, у амаль безнадзейнай справе, дзе ня дзейнiчаюць нормы цывiлiзаванага права, а ёсьць жаданьне вя-лiкадзяржаўнага расейскага шавiнiзму задушыць вольную тарашкевiцу. Не атрымаецца!

Ваш пастаянны чытач Леанiд Гаравы,
Гарадок


Паважаная рэдакцыя газэты «Наша Нiва»,

вашая бескампрамiснасьць i мужнасьць, абумоўленыя прагай да свабоды й незалежнасьцi, непрымiрымыя крокi, скiраваныя супраць гвалтоўных дзеяньняў ураду, запэўнiлi нацыянальна сьвядомых беларусаў у вашай непадкупнасьцi й добрасумленнасьцi. Мы сьвята верылi кожнаму вашаму слову, бо бачылi, як, прыкладаючы неймаверныя намаганьнi, вы выконвалi дадзеныя абяцаньнi. Iмкнучыся адпавядаць высокаўзьнятым эўрапейскiм стандартам, вы сумленна выконвалi свой абавязак, несучы да чытача сапраўдную праўдзiвую iнфармацыю, узбагачаючы яго культурна-iнтэлектуальны ўзровень. Ня здраджваючы iдэалам абвешчанай у 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублiкi, вы старанна захоўвалi беларускi правапiс, прыўносячы ў скарбонку нашае мовы новыя цi дарэмна пазабываныя словы.

Як падпiсанты «Хартыi-97», мы ня можам застацца ў баку ад адкрытага перасьледу беларускай газэты «Наша Нiва» i патрабуем ад сёньняшняга ўраду неадкладнага спыненьня гвалту над свабодай слова.

Мы заклiкаем усiх грамадзян Беларусi i ў першую чаргу чытачоў «Нашае Нiвы» далучыцца да нашае iнiцыятывы i падтрымаць газэту ў гэты нялёгкi для яе час.

Уладзя Жаўняк, Алесь Васьковiч, Сьцяпан Кульчанка, Максiм Кульчанка, Андрэй Верашчака (усяго 12 подпiсаў), Мар’iна Горка


Дабрыдзень, «Наша Нiва» —

апошнi фарпост сапраўднае Беларушчыны. Мае словы падтрымкi —трымайма, хлопцы, i мы мусiм стрываць. Бо што даражэй за роднае слова, хiба што нiчога. А калi так, дык будзьма апрача мужнага трываньня яшчэ й змагацца супольна з халуямi ды акупантамi. Разам мы дужэй, i гэта дае спадзеў на перамогу, на нашую агульную перамогу. Бо акупанты й халуi кiруюцца адно жывёльнымi рэ-флексамi. Кожны хоча ўчапiцца за фатэль улады й ускочыць на яго, а свайго ўчорашняга партнэра зьвер скiне ў прорву. Памiж жывёламi няма еднасьцi, ёсьць адно — рэфлекс.

Жыве Беларусь вольна ад ваўкалакаў! Жыве вечна, што б нi адбылося!

P.S. Што да суда над мовай, дык тут няма нiчога дзiўнага. Антыбеларускi рэжым дзейнiчаць iнакш ня можа. «Анты» — гэта ж супраць. А супраць чаго? Мовы, вядома, носьбiтам якой i зьяўляецца «Наша Нiва». А бяз мовы няма нацыi, ёсьць толькi паслухмяная маса без нацыянальнасьцi ў пашпарце й розуму ў галаве. Так што газэта нам патрэбна хаця б таму, што друкуецца на сапраўднай беларускай мове. А будзе сапраўдная беларуская мова, будзе й сапраўдны беларускi народ.

Тамаш Грыневiч, Рагачоў


Добры дзень,
шаноўная рэдакцыя газэты «Наша Нiва»!

Вашу газэту чытаю ад пачатку яе аднаўленьня ў 1991 годзе. Скажу шчыра, што пасьля наркомаўкi чытаць яе было цяжкавата. Тым ня менш, на сёньняшнi дзень для мяне гэта самае цiкавае, iнтэлектуальнае i незалежнае беларускае выданьне. I для яго чытаньня няма нiякiх праблем. Болей за тое, хачу адразу адзначыць, што хацелася б, каб вы болей друкавалi на лацiнцы. У гэтым я падтрымлiваю ўсiх аўтараў, якiя прапануюць часьцей i шырэй ужываць лацiнку. Гэты шрыфт дазволiць беларусам адчуваць сябе сапраўднымi эўрапейцамi, калi стане дзяржаўным. Сёньня ж беларусы болей падобныя да мутантаў у абдымках азiяцкага «старэйшага брата».

Далей хачу прапанаваць чытачам наступную iдэю. Рана цi позна мы пазбавiмся кiруючага баль-шавiцка-камунiстычнага-прарасейскага рэжыму. Нам абавязкова (для нашчадкаў) трэба будзе стварыць музэй пачварнага савецкага рэжыму. Для гэтага абсалютна добра падыходзiць сёньняшнi Дом ураду на плошчы Незалежнасьцi. Усю атрыбутыку — помнiк Iльiчу, герб, сьцяг — можна будзе захаваць. I толькi адпаведнай велiчынi лiтарамi вывесiць назву «Музэй БССР». Памяшканьняў унутры дастаткова, каб туды памясьцiць усiх Iльiчоў, Дзяржынскiх i iншыя помнiкi з усiх гарадоў i раёнаў Беларусi. У залi паседжаньняў зрабiць панарамную сцэну з васковых фiгур дэпутатаў, якiх выкiдваюць спэцслужбы прэзыдэнта.

Для новага, сапраўды беларускага дэмакратычнага кiраўнiцтва варта адбудаваць новы, сучасны будынак.

З павагаю да вас — Аляксандар Грыгор’еў, беларускi настаўнiк выяўленчага мастацтва, Менск


Паважаная рэдакцыя «Нашай Нiвы»!

Выбачайце, што спазьнiлася, але ня вельмi проста напiсаць лiст у газэту, нават калi ёсьць час гэта зрабiць.

На Вашае пытаньне пра газэту i правапiс магу адказаць толькi адно: такая газэта павiнна йснаваць, нават калi ўсе астатнiя забудуцца, што азначае такi тэрмiн — Тарашкевiца. Што пасьпяхова было зроблена некаторымi незалежнымi выданьнямi.

Спачатку я пачала выпiсваць «Нашу Нiву» менавiта таму, што гэты правапiс забясьпечваў чыстую жывую беларускую мову. Упершыню я зразумела, што сьмяюцца дзецi ў школе толькi з наркомаўкi, таму што так званы новы правапiс не адпавядае жывому, а толькi мёртваму, а на мёртвай мове нiхто не гаворыць.

Спадзяюся, што нават у падпольлi Вы будзеце выходзiць, але можа ўлада спынiць цкаваньне Вашай-Нашай Нiвы. Я разумею, што гэта марныя летуценьнi, бо ведаю, як абыходзiцца ўлада з тымi, хто не адпавядае агульнаму стандарту.

Можа, будзеце друкавацца лацiнкай — падумаюць, што польская мова i на некаторы час адчэпяцца?

Усё роўна, жадаю вам посьпехаў у Вашай працы, а таксама ў змаганьнi з рознымi маразмамi, якiх у нашым жыцьцi хапае.

Даруйце, калi ласка, памылкi, бо на беларускай мове пiшу ўпершыню.

Ваша чытачка й падпiсантка Алена Кавалеўская, Менск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0