Беларусам патрэбны сьвятар

 

У Менску пахавалi айца Яна Матусэвiча — Сьвятара i Беларуса.

Нашая Бацькаўшчына ўсё яшчэ мае дэфiцыт на людзей, якiя б спалучалi ў сваёй асобе гэтыя два словы — сьвятар i беларус. Як i раней няма недахопу ў сьвятарах-паляках i, асаблiва, у сьвятарах-расейцах.

Айцец Ян Матусэвiч распачаў служыць па-беларуску ў 1988 годзе, калi ў iншых касьцёлах увiшныя крэсавячкi яшчэ вывешвалi польскiя сьцягi. I гэтым учынкам прыцягнуў да сябе ўсеагульную ўвагу i сяброў, i непрыяцеляў.

Неяк я чуў думку, што ён любiў тытулы i пасады. Так, ён сапраўды быў сябрам кiраўнiчых органаў шмат якiх арганiзацыяў. Але — толькi беларускiх арганiзацыяў.

Ён ведаў, што людзям патрэбны сьвятар i ня толькi ў царкве. Быў час, калi ён АДЗIН з каталiкоў, калi не лiчыць састарэлага беларускага ксяндза Чарняўскага ў Вiшневе, сьведчыў прысутнасьць касьцёла ў беларускiм грамадзтве. Яго не дэлегавала ў асяродзьдзе беларускай патрыятычнай iнтэлiгенцыi духоўная ўлада, як трэба было б. Ён прыйшоў туды сам. Ён адзiн ратаваў гонар царквы. Ён сьведчыў, што царква не адвярнулася ад беларусаў. Ён паказваў людзям, што гэтак ёсьць. Хоць насамрэч у канцы 80-х - пачатку 90-х так не было...

Калi ўзьнiкала нейкая новая арганiзацыя i людзi прыходзiлi запрашаць яго туды, ён згаджаўся, бо разумеў што прысутнасьць сьвятара надасьць аўтарытэту новай суполцы. Ён раздаваў сваё iмя на добрыя справы.

Мала хто з сёньняшнiх ксяндзоў здольны на гэткi ўчынак, якi зрабiў ён у 1990 годзе, пакiнуўшы цёплае i сытнае становiшча пробашча ў Барунах i зьвязаўшы свой лёс з усходнiм абрадам, з Унiяй. Пасьля ён няраз прызнаваўся, што зрабiў гэта толькi на просьбу беларускае iнтэлiгенцыi. Ён ня мог адмовiць сваiм... Раскошны, велiзарны храм у Барунах ён зьмянiў на палову заваленага кнiгамi пакойчыка ў сваёй менскай хрушчоўцы. Менавiта там ён правiў свае першыя падпольныя Лiтургii. 4 гады ён служыў, спавядаў, вянчаў i хаваў людзей без дазволу Ватыкана i ўладаў, i рабiў гэта па-беларуску. Ён нiколi ня браў зь людзей грошы за трэбы i ўсе чатыры паўлегальныя гады сваёй дзейнасьцi ня меў нiякага заробку. Цi шмат хто здольны на гэта?

Ён быў мужным чалавекам. Не забудзьмася, што гэта ён спавядаў Юрыя Хадыку ў лукашэнкаўскай турме...

Лёс распарадзiўся гэтак, што мне пашчасьцiла 5 гадоў блiзка супрацоўнiчаць з айцом Янам. Нам зь iм бадай нашмат больш, чым каму iншаму, выпала разам пахадзiць па чыноўнiцкiх кабiнэтах. Я ня памятаю выпадку, каб ён адмовiў мне пайсьцi разам да нейкага чыноўнiка, нават хворы, нават з высокай тэмпэратураю, нават страшна кульгаючы на хворую нагу. Пры невялiкiм росьце гэты сьвятар меў больш за 160 кiляграмаў вагi, але нiколi ня скардзiўся, толькi сьмяяўся i пакеплiваў з сябе i... iшоў куды трэба. Вохкаў, стагнаў i iшоў. Апрача таго, ня памятаю, каб ён адмаўляў i ў асабiстых просьбах. Трэба было бачыць, зь якой рашучасьцю, бывала, iшоў гэты магутнай паставы чалавек вырашаць асабiстыя справы iншых людзей...

Калi, часам, я на яго крыўдаваў, дык гэтая крыўда мела заўсёды натуральную мяжу — я ведаў, што ён свой...

Ён быў лагодным i вясёлым чалавекам. Быў цудоўным апавядальнiкам, ведаў безьлiч гiсторыяў i выпадкаў са сьвятарскага жыцьця. I любiў iх расказваць.

Шчасьлiвы той, хто хоць раз торапляў да яго на Велiкодны абед. Мала хто ў такой дасканаласьцi ведаў сакрэты беларускай сьвяточнай кухнi. Цырыманiял разгавеньня ў выкананьнi айца Яна сьмела маглi здымаць на вiдэа навукоўцы з Iнстытуту этнаграфii Акадэмii Навук.

Апошнi раз мы бачылiся напрыканцы лiпеня сёлета. Айцец Ян быў заўсёды дасьцiпны, плянаваў як налета адзначыць 25 год свайго сьвятарства, расказваў пра сцэнар дакумэнтальнага фiльма аб iм, але, разам з тым, пад час усiх трох нашых сустрэчаў шматкроць паўтараў адну й тую ж думку пра магчымасьць не дажыць i да заўтрашняга дня, маўляў, усе мы пад Богам ходзiм. Здаралася яму казаць такое i раней, але гэтак часта, як у гэтым лiпенi — нiколi...

Я й ня ведаў, што абдымаемся мы апошнi раз...

Даруй, ойча, што не пасьпеў яшчэ раз перапрасiць за свае правiны перад табой...

Вечная памяць!

Сяргей Абламейка

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0