ССОХЛЫЯ ДРЭВЫ

 

Сёлета ў Вiленскiх галерэях выстаўляюцца гадаванцы Беларускай Акадэмii мастацтваў. Адным верасьнёўскiм адвячоркам у галерэi «Z nad Wilii» я пабачыў менавiта такую выставу. Аўтары яе толькi летась пакiнулi сваю alma mater, а таму iхная экспазыцыя сьведчыла пра сёньняшнi стан беларускай мастацкай школы.

Маладыя мастакi валодаюць рознымi тэхнiкамi, ад акварэлi да афорту. Iхныя настаўнiкi — Шаранговiч, Савiч, Паплаўскi, Вiшнеўскi — клясыкi сучаснай нацыянальнай школы графiкi. Ня дзiўна, што ўплыў старэйшых (часам да простых цытатаў) моцна адбiўся i на маладых. У мяне было адчуваньне, што патрапiў на акадэмiчны сэмэстравы прагляд, дзе добрыя вучнi паслухмяна паўтараюць добрых настаўнiкаў.

Задача стварыць нацыянальную школу графiкi ў Беларусi паўстала толькi ў 60-я гады. Пасьля сталiншчыны й вайны з настаўнiкаў заставалiся толькi тыя графiкi, што атрымалi адукацыю ў Расеi. Зрэшты й гутаркi пра мастацтва «нацыянальнае па форме» завялiся толькi з другой паловы 60-х, як здаровая рэакцыя на анэмiчны сацрэалiзм. Памятаеце беларускiя арнамэнты з чырвонай цэглы, уплеценыя ў сiлiкатныя хрушчоўкi? Прыблiзна гэтак разумелi нацыянальны стыль i графiкi 60-х. Тры жанчыны —Пасьлядовiч, Лось i Паплаўская запачаткавалi цэлую плынь «этнаграфiзму», якая базавалася на лiтаральным разуменьнi этнiчнай спэцыфiкi. Неўзабаве да iх далучылiся i Паплаўскi, i Кашкурэвiч, i Шаранговiч, крыху пазьней — Савiч, Селяшчук, Славук i яшчэ дзясяткi выпускнiкоў тэатральна-мастацкага iнстытуту. Задачы мастакоў разгалiноўвалiся, але перадусiм «нацыянальная» форма стала спосабам з аднаго боку — унiкаць сацрэалiзму, а з другога — пазьбегнуць крытыкi за «фармалiзм». Паставiўшы на чале ўсяго Школу, беларуская графiка, ужо баючыся быць ненацыянальнай, патрапiла ў дрэйф ва ўласным саку. Дасканалiлася штукарства, расьлi аб’ёмы, былi прэстыжныя ўзнагароды з усяго сьвету. Але разьвiцьцё Школы на гэтым спынiлася.

... У чым увогуле вартасьць Школы? У падставовай штукарскай адукацыi, якая дазваляе вольна абыходзiцца зь любымi тэхнiкамi й жанрамi, у зьберажэньнi традыцыяў, у шанаваньнi папярэднiкаў i павазе да рамяства, да зробленасьцi, як казаў Фiлонаў. Але цi гэтага дастаткова, каб са Школы выйшаў Творца?..

Разам з здабыцьцём дзяржаўнае незалежнасьцi, «нацыянальны андэграўнд» апынуўся на чале ўсяго навучальнага працэсу, як на ўзроўнi мастацкiх вучэльняў, гэтак i ў Акадэмii. Больш за тое, настаўнiкi, учорашнiя першапраходцы, рэанiматары традыцыяў, заслужылi ў сваiх вучняў павагу i за сваю грамадзянскую пазыцыю. Але часта аддаваўшы ў ахвяру ўласнае «я» дзеля ратаваньня й стварэньня тых самых традыцыяў, яны не ўяўляюць, як вылушчваць тое самае «я» ў сваiх вучнях. Школа стала i спосабам i мэтаю. Форма дзеля формы.

Клясычная графiка, па вялiкiм рахунку, гэта кнiга. На жаль, сёньняшнiя выпускнiкi могуць толькi марыць пра той прэстыж i пра тыя грошы, якiя мелi iх настаўнiкi ад палiграфii. Яны шматкроць аздобiлi ўсю нацыянальную лiтаратуру. Традыцыйная роля кнiжнага мастака сёньня нашмат сьцiплейшая й мае iншы характар, будучы больш зьвязанаю з кампутарам, чым з разцом цi тушшу... А гэта азначае што пераварот у тэхнiках i стылях ужо мусiў адбыцца.

Публiка ў галерэi «Z nad Wilii» не хавала свайго захапленьня ад працаёмкасьцi й фiлiграннасьцi працаў маладых менскiх графiкаў, рыхтык як на выставе iранскай чаканкi. Калi ж я ўглядаўся ў выкшталцоныя афорты, у мяне заставалася адчуваньне, што я гэта ўсё даўно бачыў. Ссохлыя дрэвы, ссохлыя птушкi, ссохлыя макавыя галоўкi... Мяне не пакiдала думка, што Беларусь становiцца сёньня закутнiкам, дзе ашчадна зьберагаюцца ня толькi зубры й помнiкi Ленiну, але й мастацкая школа дваццацiгадовае даўнiны, лепш за якую пакуль няма...

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0