Па сьлядох «Чайкi»

 

Вывучаючы беларускi пасьляваенны антыбальшавiцкi маладзёжны рух супрацiву, некаторыя дасьледчыкi памылкова не аддзяляюць яго ад г.зв. «дарослага» падпольля. Прычына ў тым, што пра апошняе пакуль вядома вельмi мала. Адсюль i пашыраная сёньня думка, што толькi моладзь змагалася супраць бальшавiкоў пасьля вайны. Тым часам, напрыклад, польскiя гiсторыкi, вывучаючы пасьляваеннае польскае падпольле, асобна вылучаюць маладзёжныя арганiзацыi. У нас жа сытуацыя апошнiя шэсьць гадоў выглядае так, што Беларускi Рэзыстанс складаўся толькi з маладзёжных арганiзацыяў, такiх як «Чайка», «Цэнтар беларускага вызваленчага руху», «Саюз беларускiх патрыётаў», «Саюз вызваленьня Беларусi». Але яны ня мелi сувязi зь беларускiм партызанскiм рухам. У адрозьненьне ад iх, «Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусi» меў кантакты з партызанамi. Выглядае так, што апошняя арганiзацыя больш сур’ёзная за першыя. Ня дзiўна, што адзiн зь сяброў СЗзНБ загаварыў пра сваю арганiзацыю зусiм нядаўна. Ня дзiўна й тое, што ўдзельнiкi «дарослага» падпольля (тыя, хто яшчэ жывы) ўсё яшчэ маўчаць. Чым больш сур’ёзная была арганiзацыя (i яе мэтады змаганьня з акупантамi), тым даўжэй будуць маўчаць яе вэтэраны. КГБ ж яшчэ iснуе, а многiя з падпольшчыкаў так i не былi выкрытыя чэкiстамi...

 

Здаецца, што пра «Чайку» напiсана нямала, але шмат якiя старонкi яе дзейнасьцi да гэтага часу застаюцца неасьветленымi. Напрыклад, тое, што ў Слонiме iснавала «настаўнiцкая група». Два настаўнiкi былi агентамi МГБ ды працавалi на падпольле, здабываючы канфiдэнцыйную iнфармацыю. Iснавала маладзёжная група ў вёсцы Глоўсевiчы Слонiмскага раёну. Па некаторых зьвестках, людзi гэтыя не былi арыштаваныя. Нiхто яшчэ ня згадваў, што сябра «Чайкi», слонiмец Мiхась Ракевiч разам з сябрамi выдаваў у Берасьцi, дзе вучыўся ў чыгуначным тэхнiкуме, антысавецкiя ўлёткi. Патрыёты выразалi з гумы лiтары, складалi зь iх словы й адбiвалi на паперы. Улёткi гэтыя заклiкалi да гуртаваньня супраць бальшавiкоў, супраць Масквы. Дарэчы, менавiта зь Берасьця разыходзiлiся па Беларусi весткi пра заклiкi кiраўнiкоў беларускай эмiграцыi ў справе змаганьня супраць маскоўскiх акупантаў.

Васiль Супрун успамiнае, што, будучы ў 1948 годзе на перасылцы ў Воршы, спаткаўся ў турэмнай камэры з парашутыстам, скiнутым у Беларусь для сувязi зь беларускiмi партызанамi. Гэты чалавек чуў пра «Чайку» й цiкавiўся, цi не стварыла яна сваёй партызанкi. Зусiм магчыма, што «дарослае» падпольле мела iнфармацыю пра маладзёжнае, але, з розных прычынаў, ня йшло на непасрэдны кантакт зь iм.

Зусiм нядаўна я даведаўся пра трагiчны лёс аднаго зь сяброў «Чайкi» — Уладзiмера Салаўя. Калi на пачатку 90-х гадоў зьявiлiся першыя публiкацыi пра маладзёжнае падпольле, яго называлi нябожчыкам, а Салавей тады яшчэ жыў! Высьветлiлася, што яго трымалi ў вар’ятнi...

Уладзiмер Салавей нарадзiўся ў 1925 годзе ў вёсцы Гуменiкi Слонiмскага раёну. Падчас нямецкай акупацыi вучыўся ў настаўнiцкай сэмiнарыi ў Слонiме, а пасьля прыходу саветаў паступiў у Баранавiцкi настаўнiцкi iнстытут. Летам 1946 г. Салавей дапамог аб’яднаньню «Чайкi» з баранавiцкай падпольнай групай, увайшоў у створаны «Цэнтар беларускага вызваленчага руху». Калi ў 1947 годзе пачалiся арышты, Ул.Салавей пасьпеў схавацца.

На нелегальным становiшчы ён знаходзiўся некалькi гадоў. Хаваўся ў схароне на хутары бацькоў, у брата ў Баранавiчах, дзесьцi езьдзiў, узброены наганам... А ў гэты час (у красавiку 1948 году) у Слонiме МГБ раскрыла невялiкую падпольную групу вучняў — «Польскi падпольны камiтэт», якая распаўсюджвала рукапiсныя ўлёткi з заклiкам змагацца супраць бальшавiкоў. Сябра гэтай арганiзацыi Вячаслаў Сьцяпура ўспамiнае, што чэкiсты распрацоўвалi вэрсiю сувязi вучняў з Салаўём, якога нiяк не маглi схапiць. Але гэтая прапольская арганiзацыя дзейнiчала самастойна.

На пачатку 1950-х гадоў Уладзiмера Салаўя арыштавалi. I сёньня ягоныя сваякi нiчога ня ведаюць пра прычыны арышту, нiколi ня чулi пра «Чайку»... Брат Уладзiмера Мiхаiл Салавей прыпамiнае, што празь нейкi час бацьку выклiкалi аж у Казань. Адтуль ён вярнуўся з дрэннай навiной — Валодзю так катавалi ў турме, што ён звар’яцеў... Салаўя прывезьлi на лячэньне ў Магiлёў, а адтуль перавялi ў вар’ятню пад Ружаны. Дыягназ не даваў надзеi на выздараўленьне...

У сярэдзiне 1950-х сваякам дазволiлi забраць Уладзiмера дахаты. Праз год ягонае здароўе моцна пагоршылася. Салаўя завезьлi ў клiнiку пад Горадню, дзе ён прабыў сорак гадоў...

У 1996 годзе яго перавялi ў вар’ятню пад Казлоўшчыну. Нават сваякоў не папярэдзiлi пра гэта. Неўзабаве Уладзiмер там загiнуў. Нiбыта зiмою ён выйшаў за тэрыторыю, заблукаў у лесе й замёрз. Яго шукалi, але знайшлi толькi ў траўнi, калi сыйшоў сьнег... Такую вэрсiю прапанавалi санiтары сваякам Салаўя. Труну не адкрывалi. Прывезьлi ў Жыровiчы й пахавалi. На ягонай магiле й сёньня няма помнiка...

Сяргей ЁРШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0