Адам Глёбус

СПАЗЬНЕНЬНЕ

Падарожнае апавяданьне пра спагаду

 

Адстаў ад самалёта. Перад носам сышлiся шкляныя дзьверы. Аўтобус зьвез пасажыраў на ўзьлётную палосу. Рухнула сплянаванае, пралiчанае, выверанае й спакойнае жыцьцё. Наперадзе — невядомасьць. Куды палячу? Калi сяду ў самалёт? Колькi давядзецца чакаць? Невядома. Цi то кара Божая? Цi то жорсткi жарт лёсу? Як назваць — ня ясна. З аэрапорту ня выпусьцяць. Гiшпанская вiза скончылася. Так што застаецца супакоiцца й чакаць. Бог дапаможа.

Прапанавалi паляцець у Турын. Цiкавая прапазыцыя, паглядзець турынскi аэрапорт. Адмовiўся. Ну што я буду рабiць у Турыне? Сядзець у залi чаканьня? Лепей застануся ў Барсэлёне, я тут столькi чакаў-перачакаў, я тут усё ведаю: дзе прыбiральная, якi код, каб тэлефанаваць дамоў, дзе аўтаматы з кока-колаю... А што яшчэ трэба чалавеку, якi спазьнiўся на рэйс? Ну, спазьнiўся. Схадзiў па цыгарэты, забег у прыбiральню, пачуў сваё прозьвiшча ў радыёабвестцы й на табе, маеш.

Звычайна чуеш пра iншых: згубiў пашпарт, скралi грошы, не пасьпеў на цягнiк. Чуеш i не спачуваеш. I сабе я не спачуваю. Нi кроплi спагады ў сэрцы. Спачуваць самому сабе — апошняя справа. Ну, як ты сабе ўяўляеш уласнае спачуваньне самому сабе? Такое прырода яшчэ не прыдумала. I ўсё роўна непрыемны стан. Чалавека, якi патрапiў у падобныя ўмовы, нiхто ня любiць i не паважае. Лепшае, што кажуць: «я вас разумею». Але спачуваньняў — нi на грош.

Мой Анёл-ахоўнiк ня любiць аэрапортаў. Анёлу замiнаюць самалёты. У iх свае шляхi ў небе, ў яго — свае. Сам ведаеш: крылатыя ня любяць крылатых. А мне, бяскрыламу, крылатыя падабаюцца, ну хiба што мух недалюблiваю. Ёсьць у мухах нешта паўзучае, трапятлiвае, канiбалiстычнае. Асаблiва не люблю мух, якiя вiюцца над соннымi жывёламi. Складаецца ўражаньне: жывёлiна вось-вось здохне.

Некалькi паўжывых аблезлых сабак ляжаць на плошчы Каталунiя ў Барсэлёне. Гнюснае вiдовiшча: на гарачым тратуары валяюцца тры аблезлыя сабакi. Побач, на ланцужку сядзiць бруднапёрая качка й на вяроўку навязаныя два мурзатыя каты. Гаспадар заапарку трымае ў каросьлiвых руках кардонку й каробачку. На кардонцы напiсана просьба даць грошай на харчы змучаным жывёлам i птушцы. Сапраўды. Чаму жывёлы мусяць пакутаваць з голаду? Хто ня кормiць? Хто садыруе й мучыць? Хто пасадзiў на ланцугi й вяроўкi? Гнюсны, сьмярдзючы, стары корч з каробачкаю ў руках. Пяць гадоў я праходжу па пляцы Каталунiя й бачу мучыцеля жывёлаў i птушак. Божа мой Божа, яму спачуваюць i кiдаюць пэсэты. Жывёлы не вытрымлiваюць рэжыму працы й падыхаюць, а садыст знаходзiць сабе новыя й новыя экспанаты ў заапарк. Гляджу й згадваю: чалавек — гэта жывёла, чалавек —гэта машына, чалавек — гэта расьлiна. Але й наадварот... Жывёла — гэта чалавек.

Так што я ня горшы ў Барсэлёне, каму трэба спагада й дапамога. Вядома, ня лепшы. Я шмат каму саступаю. Ну вось пазнаёмiўся я з папугам. Яго прадавалi ў заалягiчнай краме. Ён прывабнейшы за мяне. Ён весялiўся. Гаварыў. Важна хадзiў па клетцы. Вiсеў унiз галавою. Браў з кармушкi семкi й даваў мне, каб я яго кармiў. Ён так хацеў, каб яго набылi й зьвезьлi ў сям’ю. Ён так акуратненька браў семку моцным кручком дзюбы, што мiжвольна выклiкаў спачуваньне. Жадалася набыць i забраць яго. Вясёлая была б карцiнка ў залi чаканьня: сяджу я з папугам, кожны ў сваёй клетцы. Я — у вялiкай клетцы аэрапорту, а ён —у маленькай, плеценай з прута. Што тут асаблiва весялiцца? Усе мы ў клетках. У клетках кватэраў, у клетках цэхаў, заводаў, у клетках дзяржаваў i iмпэрыяў. Ня варта захапляцца цукерачным словам «свабода». Сонечная сыстэма — таксама клетка. А свабода вымяраецца даўжынёю й таўшчынёю вяроўкi, на якой сядзiш. Добра, што не набыў папугу. Забыў сказаць... Я цiкавiўся далейшым лёсам свайго сябрука: у той клетцы зараз сядзiць сумны зялёны папуга. Ён увесь час маўчаў, i адносiны ў нас ня склалiся. А майго кручкадзюбага сябра набылi. Цяпер ён, пэўна, у нармальнай сям’i, дзе ёсьць вялiкi запас семак i крупаў.

Танканогая супрацоўнiца аэрапорту прапанавала выляцець у Франкфурт. Што нi кажы, а клетка Франкфуртаўскага аэрапорту найбольшая ў Эўропе. I можна было б... Не! Удакладняю сьпiс гарадоў, куды хацеў бы адляцець: Менск, Масква, Варшава й Вiльня. Такiх рэйсаў сёньня няма. Чакайце. Чакаю. Дазволiлi схадiць папiць вады й зьесьцi сандвiч. Рэчы й пашпарт засталiся ў танкарукай адмiнiстратаркi. Зрэшты, якiя там рэчы. Багаж пасьпеў на самалёт i спакойна рухаецца на Радзiму. Багаж таксама заслугоўвае кранальнага спачуваньня. Можаш уявiць, як твае чамаданы пачнуць трэсьцi чужыя рукi?

Давядзецца сядзець, пакуль самалёт не прызямлiцца. У адмiнiстрацыi аэрапорту ёсьць вэрсiя пра знарочыстасьць майго ўчынку. Валiзу з бомбаю здаў, а сам не паляцеў. Толькi я не такi. Не закладаю выбуховыя машынкi пад крэслы невiнаватых. У мяне iншы накiрунак дзейнасьцi й галоўнае: не люблю незваротных працэсаў. Я — не маньяк. А ёсьць жа на сьвеце вырадкi. I якiх толькi вар’ятаў няма: i палiтычныя, i вайсковыя, i навуковыя, i гнюсныя сэксуальныя. Вось хто не заслужыў нi кроплi спачуваньня, нi драбочка лiтасьцi.

Бачыў я такога сэксуальна заклапочанага. Тоўсты, круглатвары, з рэдкiмi кiтайскiмi вусiкамi. Ён высачыў на пляжы самотную жанчыну й пачаў перасьлед. Iшоў за ёй i па пляжы й па горадзе. Пакуль пераляканая ахвяра не схавалася ў гатэль. У гатэлi яна зайшла ў бар, дзе сядзеў я i пiў каву бяз цукру. Жанчына папрасiла дапамогi. Мы выйшлi з гатэлю, тлусты маньяк пайшоў за намi. I тады прыдумаўся ход. З аб’екту перасьледу трэба ператварыцца ў паляўнiчых. Зрабiць зь яго жывёлу, на якую палююць. Так i адбылося. Мы павярнулi й рэзка рушылi на яго... Не апускай галаву, глядзi на вырадка! Зрабi на твары выраз нянавiсьцi! Таўстун перапалохаўся й шуснуў за рог рэстарацыi. Мы абышлi рэстаран з другога боку. Маньяк, убачыўшы нас, кiнуўся подбегам уздоўж пляжу. Мы прысьпешылi хаду. Ён спынiўся. Спынiлiся й мы. Але толькi ён зрабiў крок ад нас, як мы скранулiся зь месца. Вось i ён мае тое, што мела ты —букет вострых пачуцьцяў i поўную невядомасьць наперадзе. Мы прайшлi ўвесь гарадзкi пляж. Далей пачынаўся парк — запушчаны, цёмны, бязьлюдны. Маньяк спынiўся каля паркавай брамы. Дрыжачымi рукамi дастаў цыгарэты, але прыпалiць не пасьпеў. Я наблiзiўся да яго, выставiў з кулака сярэднi палец, што на ўсiх мовах азначае «я цябе маю, гадзiна». Я сказаў у жоўты твар «фак ю!», што з ангельскай перакладаецца як «ты толькi паспрабуй дакрануцца да маёй жанчыны, i твой пляскаты нос зазнае мой кулак!!!» Маньяк апусьцiў рукi й стаяў, нiбыта вiнаватае дзiця, што напусьцiла ў порткi. Спачуваць яму нi я, нi мая спадарожнiца не зьбiралiся. Хоць заўсёды спачуваю людзям, якiм трэба справiць патрэбы.

А мне не спачуваюць, я ўжо наведаў ватэр-клязэт, падзякаваў Богу за нармальную хаду бiяпрацэсаў i пабачыў хвост свайго самалёта праз зачыненыя шкляныя дзьверы. Ты ведаеш.

Сяджу на лаўцы. Уяўляю, як нечая душа застаецца перад райскаю брамаю. Апостал Пётар паляпвае вялiкiм ключом па далонi. Рай зачынены! Колькi разоў я бачыў гэтага брамнiка з ключом? На абразах, на карцiнах, на гравюрах...

Безьлiч варыянтаў. Ён стаiць сабе й стаiць i паiгрывае ключом. Калi ж уставiцца ключ у замок? Калi адчынiцца запаветная брама? Калi ўпусьцiцца праведная душа ў Рай. Не пра маю душу гаворка, Бог са мною... Ёсьць iншыя, лепшыя, спакайнейшыя за мяне.

Возьмем душу вар’ята Антонiя з гатычнага кварталу. Сьвятая, бяскрыўдная, наiўная душа. Антонiя — пэнсiянэр. У яго завал сэрца, няправiльны абмен рэчываў i страшэннае атлусьценьне. Тонi мае такi абруч тлушчу там, дзе звычайна ў чалавека талiя, што ледзь ходзiць. Такi ж, толькi крышку меншы ў дыямэтры, абруч з салам ён носiць на шыi. Ранiцай Тонi наведваецца ў бальнiцу, дзе яго суцяшаюць i выдаюць порцыю лекаў на суткi. Розум у Антонiя дзiцячы. Ён паслухмянае й бяскрыўднае дзiця гадоў чатырох-пяцi. Хоць з выгляду й насамрэч яму за трыццаць. Антонiя — даўгажыхар сярод сабе падобных. Ён любіць пайсьцi й прапусьцiць увечары бутэльку чырвонага вiнца. Толькi на пэнсiю па iнвалiднасьцi не разгуляесься. Зрэшты, нiхто больш за паўлiтра Тонi ня дасьць. Яму спачуваюць, але не разбэшчваюць. Наколькi Антонiя любiць вiно й харч, настолькi ж ненавiдзiць дым, тытунь i недакуркi. Ён можа кiнуцца з кулакамi на чалавека, якi шпурнуў цыгарэту на зямлю. Гэта адзiны недахоп у паводзiнах Антонiя. Яму апостал Пётар пакажа, як адчыняецца райская брама. Я шчыра парадуюся за спакойную душу, якую не кранулi нават усенародныя страсьцi па футболу. Народ вар’яцеў. Мiльярды вачэй утаропiлiся ў тэлеэкраны. Хто пераможа? Бразыльцы з генiем Ранальда? Цi французы бяз генiяў. Барсэлёна й адпаведна гатычны квартал перажывалi за Ранальда й Бразылiю. Толькi Тонi нi за каго не хварэў. Сядзеў самотны за столiкам зь сяброўкай — бутэлечкай чырвонага й глядзеў на горад празь вiтрыну. Я ўбачыў яго й зразумеў, вось ён, айсбэрг у акiяне распаленых страсьцей. Так i толькi так можна плысьцi супроць плынi.

Калi ж Ранальда зайшоў у залю адлётаў, я ня кiнуўся да яго па аўтограф, як дзясяткi iншых людзей. Ён крэмзаў на паперках, а я падумаў пра спагаду. Цi спачувалi яму — генiю, якi ня стаў чэмпiёнам сьвету. Мусiць, не. Былi хвалi iншых пачуцьцяў, спачуваньня не было. Ранальда адляцеў у Iталiю разам са сваiм клюбам. Я застаўся ў залi адзiн i без аўтографа.

Нарэшце я супакоiўся. Ну, здараюцца непрыемнасьцi. У кожнага надыходзiла ў жыцьцi чорная палоса. Я не ў турме, палiцыя маёй пэрсонаю не цiкавiцца. А ўсё магло б разгарнуцца йнакш. Мог бы ўдарыць супрацоўнiцу аэрапорту, мог пабiць шкляныя дзьверы й рвануць да самалёта. Быў жа блiзкi да таго. I сядзеў бы ў кайданах у iншым месцы, вылет адклаўся б на гады. Так што, лепей зрабiць шкоду сабе, чым каму iншаму. Хочаш некаму ўрэзаць? Закусi да крывi ўласную губу, і жаданьне зьверстваваць пройдзе. Губы, як i ўсё ў роце, хутка загойваюцца. Палiзаў, пасплёўваў, i глядзiш — болькi няма. Найлепей залiзваць свае раны самому.

Турын i Франкфурт абышлiся без маёй прысутнасьцi. Самалёт з маiм багажом прызямлiўся. Хутка мяне выведуць з нэўтральнае зоны ў вялiкi сьвет аб’яднанай Эўропы. Там сустрэнуся з Анёлам-ахоўнiкам. Жыцьцё пойдзе па новым коле.

Вось iдзе супрацоўнiца аэрапорту. У яе карта Барсэлёны са сьпiсам гатэляў. Дзякуй за клопат. Яшчэ фармальнасьць: памежнiк здымае ксэракопiю пашпарту i ўзмахвае рукою — я вольны. Клетка пашыраецца. Вузкатварая авiялэдзi выбачаецца, што не пусьцiла мяне ў самалёт, што замест мяне паляцелi нейкiя людзi без квiткоў, што мне давялося столькi чакаць. Дзякую за гасьцiннасьць. Вунь тэлефонны апарат. У мяне няма грошай... Я схлусiў. Телефанаваць не хацелася. Яна дастала з сумачкi манэту ў 500 пэсэтаў i кiнула ў маю нагрудную кiшэню. Манэта правалiлася ў маё сэрца. Цяпер маю доказ: я ня горшы зь людзей. Я магу выклiкаць спагаду.

 

Барсэлёна. 30-31.07.1998

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0