ПЕРШЫ СЯРОД СУАЧЫНЬНIКАЎ

Жазэ Сарамага атрымаў лiтаратурнага Нобэля-98

 

«Ты хочаш, каб я сказаў, што думаю? Я ня думаю, што мы асьлеплi, думаю, што мы сьляпыя. Сьляпыя, але бачым. Сьляпыя людзi, якiя не згубiлi зроку i бачаць».

Раман «Сьлепата», 1995

 

У мiнулы чацьвер адбылася падзея, якую беларускiя культурнiкi чакалi зь нецярплiвасьцю, хоць i без асаблiвых спадзяваньняў. У Стакгольме было абвешчана iмя ляўрэата самай прэстыжнай лiтаратурнай узнагароды 98-га году. Замест першага беларускага ляўрэата Нобэлеўскай прэмii iм стаў першы партугалец — Жазэ Сарамага, празаiк i паэт Жазэ Сарамага, а таксама радыёкамэнтатар.

Сарамага пачынаў лiтаратурную кар’еру пасьля вайны з твораў пра рабочую клясу, але посьпех прыйшоў да яго толькi пасьля шасьцiдзесяцi. З тых часоў яго шмат перакладаюць у розных краiнах сьвету. Сёньня Сарамага 75. Найбольш вядомыя ягоныя раманы — «Бальтазар i Блiмунда» i «Эвангельле ад Iсуса Хрыста». Кандыдатура Сарамага на набэлiста разглядалася даўно, але й сёлета аналiтыкi прадказвалi, што Швэдзкая Акадэмiя спакусiцца на больш гучнае iмя, напрыклад, Мiлана Кундэры або Гюнтэра Граса.

У мiнулы чацьвер, жадаючы даведацца пра выбар Швэдзкае Акадэмii, я адкрываў iнтэрнэтаўскую старонку навiнаў i ўяўляў пры гэтым, што зараз здарыцца цуд, i я прачытаю iмя Васiля Быкава. Прасякнуўшыся такой думкай, я амаль фiзычна адчуў, як зьменiцца ўяўленьне пра ўласную нацыю, а сама нацыянальная iдэя набудзе неабвержную матэрыяльную сiлу. Аднак замест Быкава было напiсанае iмя Сарамага.

Дарэчы, у абодвух пiсьменьнiкаў шмат падобнага акрамя таго, што яны — першыя кандыдаты ў сваiх краiнах. Сарамага таксама мае рэпутацыю нонканфармiста i змагара з дыктатурай. У ягоным рамане «Год сьмерцi Рыкарда Рэйса», якi быў апублiкаваны ў 84-м годзе, дзеяньне адбываецца ў Лiсабоне ў 36-м, якраз падчас дыктатуры. Паводле прозы Быкава быў пастаўлены балет, а паводле рамана Сарамага «Бальтазар i Блiмунда» ў мiлянскiм тэатры Ля Скала зрабiлi опэру. Абодва пiсьменiкi аднолькавага веку й жывуць на сёньняшнi момант удалечынi ад радзiмы: Быкаў у Фiнляндыi, а Сарамага на Канарскiх выспах.

Iстотна адрозьнiваецца ўласна проза абодвух аўтараў. Быкаў — клясычны рэалiст, блiзкi да францускiх экзыстэнцыялiстаў. Стыль Сарамага падаўся мне патэтычным. Iншы нобэлеўскi ляўрэат Чэслаў Мiлаш на пытаньне пра партугальца сказаў, што цярпець ня можа ягоных вымучаных досьцiпаў. Гэта, вядома, нiяк не прынiжае выбар Швэдзкае Акадэмii, якая ў папярэднiя два гады зьдзiўляла сьвет прэмiяваньнем маргiнальных аўтараў.

Зрэшты, хто можа сказаць, што ў сёньняшняй сусьветнай лiтаратуры маргiнальнае, а што не. Што ў прынцыпе ўяўляе сабою сучасная лiтаратурная ерархiя?

Швэйцарскi франкамоўны часопiс «L’Hebdo» надрукаваў нядаўна вынiкi апытаньня лiтаратурных крытыкаў з 18 краiнаў, якiм прапанавалi назваць дзясятку найлепшых сучасных пiсьменьнiкаў. У вынiку атрымаўся сьпiс з 18 iмёнаў, якi пачынаецца з Маркеса, Кундэры, Апдайка, Эко i Сальмана Рушдзi. Але ў гэтым сьпiсе няма нi Васiля Быкава, нi Жазэ Сарамага. Праўда, другому пашанцавала больш. Нобэлеўская прэмiя стане для яго пропускам у падобныя рэйтынгi i наступны раз лiтаратурныя крытыкi яго не абмiнуць.

Цырымонiя ўручэньня прэмii адбудзецца 9 сьнежня. Мы на яе не трапляем. Што гэта значыць? Толькi тое, што ў беларускiх культурнiкаў ёсьць наперадзе ажно цэлы год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0