5 чэрвеня ў магазіне‑галерэе «Падземка» адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Андруся Белавокага «Лесьвіца ў Нябесы з адной прыступкі».

Андрусь Белавокі — беларускі музычны журналіст, літаратурны крытык, няспраўджаны пісьменьнік, філёзаф ды вандроўнік, які цягам свайго, на жаль, нядоўгага жыцьцевага шляху (ён пражыў усяго толькі 23 гады) пасьпеў творча адзначыцца амаль што ва ўсіх самых вызначальных (з пункту гледжаньня атмасфэры суадноснага часу) выданьнях другой паловы 90‑х: «Наша Ніва», «Навіны» («Свабода»), «Arche», «Студэнцкая Думка», «Паміж», «Навінкі», «Музыкальная газета», «Молодежный проспект». «Асоба творча непастаянная, але непастаянная творча» — так характарызуе ён сваю ўласную журналісцкую творчасьць, якая для яго была ўсяго толькі адной з прыступак да сапраўднае мары — калі‑небудзь напісаць уласную кнігу, дзе будзе нарэшце напісана «пра ўсе — пра Сьвет і пра Сусьвет, пра Беларусь, пра каханьне, пра ЎСЕ». Прадчуваючы заўчасны ды раптоўны сыход з жыцьця, ен пісаў нататкі для сяброў: «калі я не пасьпею гэтага зрабіць, я абавязваю таго, хто чытае гэтыя радкі, паспрыяць стварэньню такой кнігі ці напісаць яе самому: шмат хто з маіх знаёмых можа».

І гэтая кніга сапраўды з’явілася — але ў выглядзе містычных зацемак, парадаксальнай ды афарыстычнай квінтэсэнцыі таго, чым на самой справе магла бы з’явіцца першая кніга гэтага таленавітага маладога чалавека, калі б лёс ня склаўся такім фатальным чынам. Але фаталістычнасьць тэкстаў тут ня змрочная, а дзівачная, па‑дзіцячы непасрэдная і напоўненая шалёным трыкстэрствам ды зьмешваньнем кантэкстаў: ад гістарычна‑філязофскага да інфантыльна‑«ракенрольнага».

Кніга ўяўляе сабой постмадэрновы каляж з усяго, што з’яўлялася адметнымі рысамі гістарычна і эмацыйна непаўторнага часу (1997‑2003), які трапіў пад творчае пераасэнсаваньне Андруся. Ў ёй ёсьць і кранальныя вершы пра каханьне, і макабрычныя музычныя эсэі з залатых часоў газэты «Навінкі» («Пасьмяротную карону Мулявіну!»), і простыя сяброўскія жартачкі, якія пры жаданьні ператвараюцца ў найбольш асабістыя главы гэтага няспраўджанага, але існуючага літаратурнага праекту. Менавіта з гэтай кніжкі можна даведацца аб тым, якія панчохі насіў Мэрылін Мэнсан напрыканцы 90‑х, якое дачыненьне маюць героі кніжак Туве Янсан да летніх вакацыяў ля мора, якога кшталту прыватныя справы хаваюцца за адкрыцьцем сайта www.litara.net, якія танныя беларускія напоі лепш за ўсе ужываць ў сьпякотны дзень, ці можна займацца сэксам на беларускай мове ды што на самой справе адбывалася на культавым канцэрце N.R.M. ў Маладэчна.

Прэзэнтацыя адбудзецца 5 чэрвеня ў магазіне‑галэрэе «Падземка» (пр. Незалежнасьці, 43) ў 18.00. Прыблізная праграма вечара — паталягічныя чытаньні ад найлепшых прадстаўнікоў сучаснай беларускай літаратуры (сьпіс удакладняецца), камэрны сола‑канцэрт фрык‑барда Андрэя Карповіча (вакаліст гурта «Парасон», які ў мінулым годзе перамог на «Басовішчы») ды акустычныя сьпевы гурта «Band A» . Запрашаюцца ўсе, хто ў гэтым зацікаўленыя. Уваход, зразумела, вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0