Адам Мiхнiк: «Нiшто ня вечнае, але ня ўсё адразу»

 

«Новая Альтэрнатыва» (La Nouvelle Alternative) — часопiс, якi заснавалi ў 1986 годзе ў Парыжы дысыдэнты з Усходняй Эўропы, свайго кшталту «вакно ў жалезным муры». Пасьля канчатковага распаду савецкай сыстэмы рэдакцыя «Альтэрнатывы» палiчыла, што выканала сваю функцыю, маўляў, адроджаныя постсавецкiя грамадзтвы ўжо ня маюць патрэбы ў супольным культурна-аналiтычным выданьнi. Перад выдаўцамi паўстала пытаньне — быць «альтэрнатывай» чаму?

Сёлетнiм верасьнем ў перадгор’ях францускiх Альпаў, у правансальскiм мястэчку Дзi праходзiў дзявяты па лiку фэстываль пад назвай «Усход-Захад» (Est-Ouest). Фэстываль быў заснаваны ў 1989 годзе «Новай Альтэрнатывай» для прадстаўленьня заходняму сьвету ўсходеэўрапейскай культуры. Гэтым разам на запрашэньне галоўнага рэдактара «Альтэрнатывы» Карэла Барташака 20-28 верасьня ў Дзi зьехалiся «альтэрнатыўныя» журналiсты з усiх постсавецкiх краiнаў Эўропы.

На фэстывалi можна было патрапiць на прэзэнтацыю францускага перакладу «Чернобыльской молитвы» Сьвятланы Алексiевiч, можна было пачуць грузiнскiя нацыянальныя сьпевы ў гарадзкой Катэдры, а таксама пашукаць адказ на пытаньне: «Што такое альтэрнатыўная Эўропа сёньня?»

Журналiсцкая iмпрэза атрымала назву «Сустрэчы ў Дзi». Па камэнтар да ўсходнеэўрапейскiх «Сустрэчаў» сярод францускiх Альпаў карэспандэнт «НН» Севярын Квяткоўскi зьвярнуўся да галоўнага рэдактара польскай «Gazety Wyborczеj», слыннага эўрапейскага мысьляра Адама Мiхнiка.

 

«НН»: Наколькi апраўдана аб’ядноўваць у адно цэлае велiзарны пярэсты паводле культуры й гiстарычнага досьведу рэгiён ад Каўказа да Балтыкi толькi на падставе таго, што краiны, якiя яго складаюць, мелi досьвед супольнага жыцьця пад камунiстычнай уладай?

Адам Мiхнiк: Гэта вельмi важна — супольны досьвед савецкага жыцьця. Нашыя людзi столькi перажылi разам! Таму мы зараз добра разумеемся. А яшчэ таму, што расейская пагроза заўсёды застаецца актуальнай. Аб гэтым кажуць самi расейцы. Iхныя дэмакраты баяцца дыктатуры ў сваёй краiне.

У адрозьненьне ад расейцаў, палякi навучылiся пазьбягаць шавiнiстычнага сантымэнту. Перад прыходам саветаў Польшча была краiнай рэалiзаванае ўтопii — мiту гiганцкае Польшчы. Але падчас вайсковага становiшча палякi пазбавiлiся ад гiгантаманii. Гэта чакае й расейцаў. Праўда, працэс будзе больш марудным, бо Расея надта буйная дзяржава. Чачэнiя —крок на гэтым шляху.

 

«НН»: Але цi йснуе праблема, актуальная для ўсiх без выключэньня постсавецкiх краiнаў?

А.М.: Правiнцыялiзм. Але я згодны быць правiнцыйным кансэрватарам, калi гэта пойдзе на карысьць грамадзтву. Я, як i большасьць маiх суайчыньнiкаў, бачыў у жыцьцi шмат жабрацтва. Цяпер я вельмi шаную лёзунг «Узбагачайцеся!» Гэта нармальна. Я ўспрымаю як абсурд словы пра пагрозу так званага кансумэрызму. Пра пэрманэнтнае «загнiваньне» заходняй цывiлiзацыi я чуў i ад Ленiна, i ад Сталiна, i ад Ерузэльскага... Пра «стары стомлены Захад». Мы зараз сядзiм ў Дзi. Паглядзiце наўкола, на жыхароў гэтага мястэчка. Дай Бог Польшчы такiх «кансумэрыстаў»!

 

«НН»: Шмат якiя фiлёзафы тлумачылi няўдачы разьвiцьця Ўсходняй Эўропы празьмернай цягай славянаў да мiтаў. Напрыклад, Кундэра казаў аб мiталягiзацыi сьвядомасьцi славянаў...

А.М.: Часткова гэта праўда. У розных краiнах гэты фактар мае розную вагу. Мяркую, што ў сучаснай Польшчы (гэтак, як i ў Чэхii) ён ужо не пераважае. У Польшчы iснуе, хiба, як квiнтэсэнцыя шавiнiзму. Справа не ў славянскасьцi. Дайце людзям адчуць, што такое нармальнае жыцьцё — iм будзе не да мiтаў.

 

«НН»: Падчас дыскусiяў вашы францускiя калегi спрабавалi пераканаць, што рэальная свабода слова не азначае поўнай незалежнасьцi журналiстаў i цэлых выданьняў. Што незалежныя мас-мэдыя — гэта мiт, бо ў дэмакратычнай сыстэме вызначальную сiлу мае дыктат фiнансаў.

А.М.: Я ўжо чуў пра тое, што «польскiя мас-мэдыя можна было б адладзiць па стандартах ВВС, але ж у Польшчы няма брытанцаў».

У Польшчы рэальна iснуе свабода слова. А на прыкладзе сваёй газэты я магу паказаць, што можна не залежаць ад якiх-кольвек фiнансавых структураў. Мы выдаем шматпалосны штодзёнь-нiк i прадаем яго за грашовы эквiвалент аднаго франка. У Францыi такое становiшча амаль немагчымае. «Gazeta Wyborcza» атрымлiвае рэкляму, «Gazeta Wyborcza» мае ўласнае радыё- i тэлевяшчаньне. Урэшце, «Gazeta Wyborcza» мае велiзарную колькасьць чытачоў. Нам няма справы да якiх-кольвек фiнансавых карпарацыяў! Вось вам прыклад.

Ня так даўно польская дзяржава вырашыла купiць новыя супэрсучасныя вайсковыя верталёты. На ролю пастаўшчыка прэтэндавалi дзьве карпарацыi: з Iзраiля i з ЗША. За некалькi дзён да прыняцьця польскiм урадам канчатковага рашэньня мяне па чарзе запрашалi ў рэстарацыi iзраiльскi й амэрыканскi паслы. Яны спрабавалi пераканаць мяне ў тым, што ў «Gazetu» неабходна даць матэрыял на карысьць iхных краiнаў. Я адказаў, што не магу зрабiць выбар памiж iзраiльскiмi й амэрыканскiмi габрэямi... Аб якой залежнасьцi ад фiнансаў можа iсьцi гаворка?

Нашмат больш складана — кiдаць слухаўку, калi на тым канцы дроту твой былы паплечнiк па падпольлi, твой сукамэрнiк, якi просiць «працягнуць» у «Gazetu» патрэбны яму матэрыял. Парадокс, але сяброўскiя сувязi часам бываюць цi ня самай вялiкай праблемай для незалеж-насьцi журналiста.

 

«НН»: Колiшнiя падпольшчыкi антысавецкага супрацiву сёньня займаюць у Польшчы (нароўнi з колiшнiмi «камсамольцамi»?) ключавыя пазыцыi. Сёньня галоўная прэтэнзiя да беларускiх дэмакратаў у тым, што яны ня толькi ня здолелi заваяваць трывалыя пазыцыi, але аддалi тыя, што мелi.

А.М.: Для нас вельмi важна тое, што адбываецца ў Беларусi. Мы хочам жыць у атачэньнi дэмакратычных дзяржаваў. Але нельга праводзiць наўпроставыя паралелi памiж Польшчай i Беларусяй. Беларусы ня маюць такога досьведу дзяржаўнасьцi, незалежнасьцi i права, як палякi. Мяркую, што вялiкая памылка беларускiх дэмакратаў у тым, што ад пачатку яны вельмi востра паставiлi моўнае пытаньне. Увогуле, не надавалi належнае ўвагi будаваньню дэмакратычных i эканамiчных iнстытуцыяў.

 

«НН»: Iснуе меркаваньне аб тым, што дэмакраты ў Беларусi «здалi пазыцыi» ня толькi з-за сваёй недасьведчанасьцi, але й таму, што спрабавалi гуляць «учыстую». Старая тэза — нельга змагацца зь дзiкуном па рыцарскiх правiлах. Сёньня шмат хто баiцца, што, узяўшы ўладу, азлобленыя колiшнiя дэмакраты, стануць ня меншымi дыктатарамi, чым сучасныя.

А.М.: Ёсьць яшчэ адзiн стары аргумэнт — нельга навучыцца плаваць, ня ўлезшы ў ваду. Узгадайце, як крывава паўставалi дэмакратыi ў Англii Кромвэля, цi падчас Вялiкай францускай рэвалюцыi. Каб стаць дэмакратычнай дзяржавай, немцам спатрэбiўся Гiтлер, нам — камунiзм. Без дэмакратаў няма дэмакратыi. Дэмакратыю трэба экспэрымэнтаваць. Як ваду, як сэкс...

 

«НН»: Тым часам, сёньня ў Беларусi пануе стан дэпрэсii. Багата хто з прыхiльнiкаў незалежнасьцi й дэмакратыi лiчыць, што беларуская апазыцыя зьнiкла як зьява, што «сонца згасла».

А.М.: Гэта не параўнальна: дэпрэсiя ў Польшчы падчас вайсковага становiшча i ў сучаснай Беларусi. У нас была сапраўдная клясычная дыктатура. Адразу пасьля пачатку рэпрэсiяў у палякаў быў папулярны лёзунг «зiма — ваша, вясна — наша». Але я быў пэсымiстам, меў канцэпцыю «доўгага маршу». I ўрэшце, меў рацыю: «зiма» цягнулася восем гадоў.

Ваша сытуацыя не такая фатальная, бо зьмянiўся час, зьмянiлася Эўропа. Я лiчу, што ў Беларусi ёсьць рэальная апазыцыя: культурная, духоўная... У Беларусi ёсьць Васiль Быкаў.

Нiшто ня вечнае, але ня ўсё будзе адразу. Трэба рабiць сваю справу. Часопiсы, газэты, сэмiнары... Трэба будаваць добрую прыватную вышэйшую школу, тэатар, кiно... Трэба хадзiць па людзях, тлумачыць...

Ня трэба зважаць на навакольнае цемрашальства. Рабiце справу, i праз пэўны час складзецца сытуацыя, якая паклiча людзей. Вы нават будзеце зьдзiўленыя, як шмат iх будзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0