Вiктар Шнiп
***
Зьмяя саграваецца ў зьмейцы,
А ў доме тваiм — iндзейцы,
I ты на ўсё гэта глядзiш,
Нiбы на далёкi Парыж,
Якому на нас напляваць,
Цi хочам мы жыць цi ўмiраць.
Зьмяя саграваецца ў зьмейцы,
Сьляза павiсае на вейцы
I хутка ўпадзе на зямлю,
Якую таксама люблю
Ня меней, чым ты i iндзейцы...
Зьмяя саграваецца ў зьмейцы,
Як нашая сьмерць у вiне.
I ты зноў сьмяесься зь мяне,
Бо я малады i ня знаю,
Каго шчэ ў свой дом напускаю...
Зьмяя саграваецца ў зьмейцы...
Зьмяя саграваецца ў зьмейцы...
***
Дажджы. Халадэча. Хваробы.
I людзi, бы ў пляшцы амёбы,
Яшчэ ў гэтым сьвеце жывуць.
Хваробы. Дажджы. Халадэча.
I кожны з нас марыць аб Нечым,
Ды мары спакой не даюць.
Я сумны, як бiты сабака.
Я сёньня над келiхам плакаў
I пiў, як атруту, вiно.
Дажджы. Халадэча. Хваробы.
I ў сьвеце няма ўжо Эўропы,
Ёсьць толькi ў Эўропу вакно.
САМАГУБЦА
Ты мёртвы, быццам дзень мiнулы,
Што з памяцi яшчэ ня зьнiк.
Ты — вецер у вакзальных вулках,
Кудой прагрукацеў цягнiк.
I гэта ноч, як дамавiна,
Сплыве з табою ў небыцьцё.
I будзе сумная жанчына
Зьбiраць апалае лiсьцё
У вулках, дзе з табой бывала,
I будзе вогнiшча палiць,
I будзе дым каля вакзала,
Нiбыта прывiд твой, хадзiць...
Чаго ты жыў — нiхто ня знае.
Нашто памёр — ня знаеш ты.
I кроў зь цябе, як грэх, сьцякае
На патаптаныя лiсты.
***
Я грэшны, як вада, дзе сьпiць атрута,
I мне сьвятым нiколi ўжо ня стаць,
Ды я хачу таксама быць пачутым
Людзьмi i Богам, што на сьвет глядзяць,
Дзе я жыву i радасьцi ня знаю,
Дзе я люблю i ненавiджу сьвет,
Што да канца нiколi не спазнаю,
Бо гэты сьвет — ня дым ад цыгарэт,
Што мы з табой, самотныя, курылi
У цеснай кухнi i пiлi вiно,
I сьвет зь няведама чаго тварылi,
Хоць гэты сьвет нам створаны даўно.
Я грэшны, як вада, дзе сьпiць атрута,
I мне сьвятым нiколi ўжо ня стаць.
Жыве ўва мне, як сьмерць мая, Iуда,
Што знае час, калi мяне прадаць...
***
Нашым дыханьнем напоўнена неба,
I не ўцячы нам адсюль нiкуды.
Зноў павуцiны няўлоўнае срэбра
Сьветла плыве над прасторам жуды,
Па-над травой, што даўно пажаўцела,
Па-над дарогаю, што зарасла...
I павуцiна над мной праляцела,
Як не ляцела i як не была.
I пахмурнела зьбяднелае неба,
I пачарнеў, нiбы дым, далягляд.
Нашым спакоем напоўнiцца глеба,
Быццам апалай лiстотаю сад...