СКВЭР


Калi прахалоднае менскае сонца нарэшце прарывае заслону заўсёдных хмараў, на сквер прыходзяць сабакi. Не зважаючы нi на кога, яны плятуцца па кляновым лiсьцi i, лянотна высалапiўшы языкi, кладуцца спаць на паўвытаптаных газонах. Нiхто з заўсёднiкаў сквэра не чапае гэтых жывёлаў адмысловае чорна-белае масьцi: iх статус нечым нагадвае становiшча сьвяшчэнных кароваў у Iндыi. Гэта «сквэрныя» сабакi.

Сквер, якi месьцiцца на пукатым узгорку плошчы Свабоды, нiбы магнiт прыцягвае да сябе выбiтныя пэрсаналii, на якiя немiнуча накладае свой сквэрны адбiтак. Удзень яны падзяляюцца на дзьве асноўныя плынi — пакупнiкоў i прадаўцоў, прабачце — вольных мастакоў. Iснуе невялiчкi маргiнальны слой алькаголiкаў, заклапочаных пераважна зборам бутэлек з-пад пiва ды выпадковых камiваяжораў, якiя гандлююць усiм, пачынаючы ад гарачых пiражкоў ды вязаных шкарпэтак i сканчаючы кiтайскаю парцалянай з калекцыi бацькоў-дыпляматаў.

Менскi Верхнi горад — горад-фантом. Па iм можна праводзiць найцiкавейшыя экскурсii, асноўнай мэтай якiх будзе паказаць тыя будынкi, якiя даўно зьнiклi пад рык i скрыгат бульдозэраў. Але, на дзiва, такая тонкая зьява, як фэномэн Верхняга рынку, якая, здавалася, цалкам адышла ў нябыт, зусiм нечакана матэрыялiзавалася i зноў вiруе, як калiсьцi раней, у сквэры на плошчы Свабоды.

Калi iдзеш па iм, неяк не даеш веры шыльдачцы з надпiсам «Выстава членаў Менскай асацыяцыi вольных мастакоў». Не, гэта не выстава з гукам крокаў у пустых залях ды вялiкiмi працамi ў пыльных рамах. Тут — дух кiрмашу, тут — Верхнi рынак.

Гандаль вядзецца са складных столiкаў, мальбэртаў, скамеек. Там, дзе раней была Ратуша, месьцяцца вялiкiя бруднаватага колеру тэнты, пад якiмi вiсяць карцiны самых розных напрамкаў i стыляў. Разам з тым, плынь фатаграфiчнага рэалiзму мае вiдавочна больш аматараў (лiчы — пакупнiкоў), а таму прадстаўленая найбольш грунтоўна.

Асобную, элiтную групу складаюць гандляры расейскiх матрошак. Дэлегацыi замежнiкаў, якiя скарыстоўваюць час свайго знаходжаньня на сквэры для таго, каб выканаць плян нарыхтоўкi падарункаў, сьпяшаюцца менавiта да пярэстых шэрагаў расьпiсных дзеравяшак, чым выклiкаюць да сябе пагарду з боку гандляроў, якiя спэцыялiзуюцца на нацыянальных рамёствах. Кантынгент клiентаў мастакоў-патрыётаў складаецца з закаханых парачак ды дзяўчатак-школьнiц, якiя пералiчваюць свае грошыкi, ашчаджаныя на якiя-кольвек упрыгожаньнi коштам нязьедзеных сьняданкаў. У камбiнацыi з паважнымi дзядзькамi, якiя з гонарам падкотваюць да плошчы ў шыкоўных машынах разам зь ня менш шыкоўнымi сяброўкамi, гэтая група пакупнiкоў прыносiць адносна неблагi прыбытак.

Больш спрактыкаваныя мастакi зь першага погляду вызначаюць фiнансавы патэнцыял мiнакоў, таму адказ на пытаньне «Ў якi кошт?» (адзiн з пэрлаў слэнгу сучасных рынкаў) нярэдка суправаджаецца паблажлiва-грэблiвай усьмешкай.

Але найбольшую цiкаўнасьць выклiкаюць асобы творцаў, якiх кiнула ў вiр мастацкага бiзнэсу наша нялёгкае жыцьцё. Чаго каштуе адзiн прыгажун-мусульманiн, якi мае незьлiчоную колькасьць блiзка знаёмых жанчын, якiя час ад часу сутыкаюцца адна з адной на сквэры, аднак, на шчасьце, пазьбягаюць спатканьняў зь ягонаю жонкай, якая жыве у адным зь няблiзкiх да сталiцы мястэчкаў. Цi, напрыклад, керамiст, якi прадае старажытныя беларускiя амулеты — бубенцы-шаркуны, вырабленыя па тэхналёгiях тысячагадовай даўнасьцi, якiя сваiм звонам адганяюць нечысьць, але, на жаль, не заўсёды дзейсныя супраць падатковых iнспэктараў.

Ёсьць тут i свае прывiды-зданi ў асобе чалавека, якi нарадзiўся ў зньнiклай ГДР, трымае у кiшэнi пашпарт зьнiклага СССР i жыве у РБ, якая цi то ёсьць, цi то няма, цi то вось-вось зьнiкне.

Асаблiва кранае душу самотны мастак, якi сядзiць за мальбэртам з пэндзьлямi i палетрай у рукох. Раз-пораз ён пiльна ўглядаецца ў архiтэктуру старога гораду, а потым кладзе чарговы мазок вохры цi краплаку. Аднак замест выявы Катэдры цi, у горшым выпадку, Фiлярмонii, на халсьцiне зьяўляюцца пэйзажы аднекуль цi не з самога Енiсею.

Калi на горад насоўваецца вечар, мастакi патроху разыходзяцца, абмяркоўваюць памiж сабою тое, цi быў гэты дзень «сквэрным», што мае як скрайне адмоўнае, так i станоўчае, а ўвогуле цалкам туманнае значэньне, а таму знайсьцi адказ на пытаньне ня так ужо й лёгка. Да того ж трэба дацягнуць валiзкi да блiжэйшае камэры захоўваньня ў рамантычных скляпеньнях былога кляштару.

Начное жыцьцё на сквэры буяе, шыпiць белай пiўной пенай, зьвiнiць шклом бутэлек з-пад больш моцных напояў, поўнiцца гоманам ды сьмехам разнатварага натоўпу ды мерным тупатам мiлiцэйскiх патрулёў, якiя неахвотна праходзяць праз дрэнна асьветлены сквэр. Чорна-белыя сабакi зьлiваюцца з чорна-белаю ноччу, каб на наступны дзень зьявiцца зноў. Калi будзе сонца. Рынак жа будзе ў любым выпадку.

Аляксандар Кудрыцкi
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0