Зьмiцер Бартосiк

ЮБIЛЕЙ


Хто гэта прыдумаў, што злачынцу абавязкова паiнна цягнуць на месца злачынства? Мяне чамусьцi зусiм ня цягне. Можа, таму, што злачынства зусiм i не было? Але як тады растлумачыць самому сабе, навошта я апынуўся ў той момант у тым месцы? На маляўнiчым беразе невялiкае расейскае ракi, дзе летнiм ранкам можна было ўбачыць, як пасьвяцца конi на тле дзясятка цэркваў, што сваiмi купаламi й званьнiцамi замiлавана адбiвалiся ў роўнай вадзе. Пакуль бабы, што жылi ў прыбярэжных, пачарнелых ад веку, дамах, мудрагелiста расьпiсаных старадаўняю разьбою, не пачыналi паласкаць бялiзну. Лепшага месца для праходжаньня вайсковай службы я й не жадаў. Абкружаны непарушаным хараством купалоў, я мог дазволiць сабе забыцца на тыя дзьве лiтары на маiх пагонах. Я быў проста расейскiм салдатам невядомага стагодзьдзя на сваёй спрадвечнай расейскай зямлi, якi шчасьлiва шпацыраваў падчас самаволак па пантонным мосьце цераз раку. Толькi тады я задумваўся, што ня варта аддавацца прывiдным летуценьням бязь меры. Жыцьцё можа нагадаць пра сябе маланкава жорстка, i прыгожыя дэкарацыi краявiду зробяцца такiмi намацвальнымi й адчувальнымi, што ўспамiнаў хопiць на ўсё астатняе жыцьцё.

М-м-да... Пэйзаж тады быў менш прэтэнцыёзны. Роўна дзесяць гадоў таму. Цi не зашмат супадзеньняў у маiм жыцьцi? Як у фальшывай дэтэктыўнай камэдыi. Вось толькi сьмеху не атрымлiваецца. Тады, здаецца, таксама выпаў першы сьнег. У глыбiннай Расеi заўжды чаканы зь незвычайнаю радасьцю. I сядзець у такi дзень за батальённым плотам мне ўяўлялася недаравальным iдыятызмам. Тым больш, нагода для самаволкi была больш чым шляхетная. У шпiталi сумаваў мой прыяцель па прызыву. Калi пачало зьмяркацца, я пераскочыў праз плот.

Шпiталь знаходзiўся якраз на маiм улюбёным маршруце. Праз раку. Дзьвюх дзявах, што стаялi, абапершыся на парэнчы, я заўважыў адразу. Больш на мосьцiку нiкога не было. Тыя паклiкалi мяне да сябе. У прадчуваньнi лёгкага й прыемнага знаёмства я запусьцiў руку ў кiшэню шыняля, гатовы пад-несьцi дамам агеньчык запальнiчкi, як пачатак размовы. Але агонь не спатрэбiўся. У чорнай вадзе я заўважыў трэцюю маладзiцу. Якая на сьпiне, нiбы ў бяз-важкасьцi, павольна адплывала ад моста разам зь цiхай плыньню. Тое, што выбару далейшага шляху ў мяне не было, я ўсьвядомiў нават не безь дзiцячай радасьцi. Шынэль, кiцель i боты хутка апынулiся на мокрых дошках. А сам я, памарудзiўшы з сэкунду, «салдацiкам» бултыхнуўся ў чарнату.

Цi не пераастудзiўся я ў той вадзе на ўсё сваё астатняе жыцьцё? Цi не з таго купаньня жанчыны, ад якiх найбольш жадаеш цеплынi, стрымлiваюць i скоўваюць мяне папераджальнымi марознымi позiркамi? Ды ну, глупства. Пошлая мiстыка для кепскiх трылераў. А жыцьцю яшчэ цягнуцца ой як доўга. Майму жыцьцю. Сапраўдны смак якога я яшчэ не пасьпеў паспытаць, калi кiдаўся за ёю цнатлiўцам-летуценьнiкам.

А на бераг выпаўзаў грэшнiкам.

Як казалi мне пасьля — з моманту майго скачка да вяртаньня на бераг прайшло ня болей за пяць хвiлiн. Можа быць, але пацьвярджаю — калi жыцьцё ў самым наўпроставым сэнсе знаходзiцца цалкам i толькi ў тваiх уласных руках, час адлiчваецца не сэкундамi, а колькасьцю тваiх уздыхаў. I ня жыць мне захацелася тады доўга й вечна, а лiшнi раз дыхнуць, адчуць цьвердзь пад нагамi. I не ад холаду прабiрала жудасьць, а ад таго, што я не пасьпею высунуць для ўздыху галаву з-пад вады, а вочы, яшчэ жывыя, нiчога, акрамя цемры, i ня ўбачаць. Пасьля я шмат разоў пракручваў тыя пяць хвiлiнаў у памяцi, намагаючыся здабыць сабе iндульгенцыю. Прыгадваючы кожны мiг, якi б сьведчыў на карысьць таго, што я сапраўды зрабiў усё, што мог зрабiць. Памятаю — спачатку вада мне не падалася сьмяротна халоднаю. Але гэты падман скончыўся якраз тады, калi я даплыў да яе. Яна, канечне ж, была прыгожаю. Не смазьлiваю, не сымпатычнаю, а самаю сапраўднаю прыгажуняю. Менавiта за такiмi й кiдаюцца, як кажуць, з галавою ў вiр. Я быццам бы нават пасьпеў цынiчна ўсьцешыцца, што ратую менавiта яе. Пакуль яна не паспрабавала слаба зачапiцца за маю руку.

Але гэта было адзiнае, на што яна была яшчэ здольная. Далей яна не выяўляла нiякай волi да жыцьця. Можа, адключылася ад холаду? Узяўшы яе за ворат курткi, я нейкi мэтар здолеў праплысьцi зь ёй да берагу. Але пасьля яна зьнiкала пад вадою. У страху, што яна захлябнецца, я стаў уздымаць яе галаву над вадою, сам сыходзячы. I акунуўшыся яшчэ разы тры, i адолеўшы яшчэ мэтры два да нябачнага ў цемры берагу, мяне хапiла на той учынак. Чаго тады было болей — «прагi жыць» цi сполаху перад жыцьцём, ва ўсёй ягонай вастрынi й плоцi — я ня памятаю. Але сам момант, калi я расьцiснуў пальцы выратаваўчай рукi ды ўзмахнуў ёю, каб як хутчэй да берагу... Сам момант я памятаю выдатна.

Праз гадзiну пасьля здарэньня, седзячы ў цяпле сярод сяброўскiх паляпваньняў i тупа адыходзячыся гарэлкай, я намагаўся йзноў ды йзноў пракручваць тыя апошнiя для яе пяць хвiлiн, i нiбыта ўпэўнiваўся, што, паднацiсьнi я разок, зьбяры апошнiя сiлы, i мы б дыхалi разам. Тады яшчэ не ўразумеўшы, што я сапраўды зрабiў усё. Усё, чаго хацелася. Не жыцьцё ратаваць я палез у ваду, а сябе дэманстраваць невядома каму. Таму й адштурхнуў яе ад сябе амаль у злобе пры першай западозранай магчымасьцi застацца зь ёю ў гэтым непраглядзьдзi. Вось толькi чаканы бераг аказаўся да крыўднага блiзка. Я быў памкнуўся назад у цемру. Але яе цела ўжо вада накрыла назаўжды.

Колькi я зрабiў за гэтыя дзесяць гадоў роўных i глыбокiх уздыхаў, вядома ня мне. Але ж у той момант на мосьце мог апынуцца зусiм ня я. I можа быць дзяўчына засталася б жывою. Але лёс вырашыў не на яе карысьць.

Няўжо на маю? Адказ на гэтае пытаньне яшчэ чакае мяне наперадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0