Абрагам Джошуа Гешэль
 

АРХIТЭКТУРА ЧАСУ


Тэхнiчная цывiлiзацыя — гэта заваёва чалавекам прасторы. Часьцяком за такую перамогу прыходзiцца плацiць ахвяраю аднаго зь неад’емных складнiкаў быцьця — часу. Мы, жыхары тэхнiчнай цывiлiзацыi, марнуем час, каб авалодаць прасторай. Наша галоўнае жаданьне — узмацнiць сваю ўладу над прасторавым сьветам. Аднак валодаць большым не азначае стаць большым. Улада, набытая намi ў прасторавым сьвеце, робiцца нiчым на памежжы часу, бо менавiта час ёсьць серадовiшчам быцьця.

Тэхнiчная цывiлiзацыя трымаецца найперш на жаданьнi чалавека падпарадкаваць сабе сiлы прыроды, скарыць iх. Выраб iнструмэнтаў, прыладаў, а таксама ткацтва, земляробства, будаўнiцтва ды мараплаваньне — усё гэта адбываецца ў прасторавым навакольлi чалавека. Чалавечы розум поўнiцца клопатам аб прасторавых рэчах, i гэта адбiваецца на ўсiх тыпах чалавечай дзейнасьцi. Нават рэлiгii часта апанаваныя ўяўленьнямi пра боствы, што займаюць канкрэтнае месца ў прасторы — на гары, у лесе, у селiшчы цi камянi, ператвараючы гэтыя месцы ў сьвятыя; сьвятасьць робiцца якасьцю, што асацыюецца з прасторавымi паняткамi, пытаньне «дзе ёсьць Бог?» стаецца галоўным. Немалую папулярнасьць набыла iдэя Бога, прысутнасьць якога разьлiтая ў сусьвеце, а ня ў часе, у прыродзе, а не ў гiсторыi; быццам бы Ён — гэта рэч, а ня дух.

Без дапамогi ўяўленьня першабытнаму розуму цяжка зразумець абстрактную iдэю, а ўяўленьне валадарыць у царстве прасторы. Уяўленьне хоча мець бачны вобраз Бога: дзе няма вобразу, няма й Бога. Пакланеньне сьвятому вобразу, сьвятому помнiку цi месцу ня толькi ўласьцiвае большасьцi рэлiгiяў, але й зьбераглося ў людзей усiх часоў, усiх народаў, у верных, малаверных i нават арэлiгiйных; усе яны працягваюць складаць данiну пакланеньня сьцягам ды сымбалям, нацыянальным сьвятыням, помнiкам цароў ды герояў.

Запаскудзiць сьвятое месца ўсюды лiчыцца найгоршым зладзействам, i сьвятое месца можа само па сабе набыць такую значнасьць, што аж забываецца ўвасобленая ў iм iдэя. Помнiк робiцца iнструмэнтам бяспамяцтва; сродкi нiштожаць самую мэту. Бо прасторавыя рэчы аддадзеныя на ласку чалавеку. Надта сьвятыя для блюзьнерства, яны ня надта сьвятыя для подзьвiгу. Каб зьберагчы сьвятасьць, захаваць Боскую Прысутнасьць, вобразу Бога надаецца тая цi iншая форма. Аднак Бог, якому можна надаць форму, Бог, якога можна замкнуць у нейкiх межах, — гэта ня больш, чым цень чалавека.

Сапраўды, мы ведаем, што рабiць з прасторай, але ня ведаем, што рабiць з часам, апроч як прымусiць яго служыць прасторы. Вiдавочна, большасьць з нас працуе дзеля прасторавых рэчаў. У вынiку мы пакутуем ад глыбока ўкарэненага ў нас страху перад часам i, калi, бывае, прыходзiць час устаць перад ягоным аблiччам, жахаемся. Час для нас — гэта зьдзек, хiтрая здрадная пачвара з вогненнай пашчай, што спапяляе кожную хвiлю нашага жыцьця. Вось жа, баючыся сутыкнуцца твар у твар з часам, мы шукаем паратунку ў рэчах прасторавых. Мы хаваем у прасторы намеры, якiх ня можам зьдзейсьнiць; сымбалем падсподных памкненьняў, кiрмашом нашай незадаволенасьцi робiцца тое, чым мы валодаем. Але ж прасторавыя рэчы не агнястойкiя, яны адно толькi падлiваюць алею ў агонь. Цi можа радасьць валоданьня быць процiатрутаю страху перад часам, якi перарастае ў жах перад немiнучасьцю сьмерцi?

Калi рэчы робяцца перабольшана важныя, яны стаюць падробкаю шчасьця, гатоваю пагражаць самому жыцьцю; Франкенштайны рэчаў мучаць нас больш, чым служаць нам апораю.

Чалавеку няма як ухiлiцца ад праблемы часу. Чым больш пра гэта думаеш, тым зырчэй бачыш: нельга пабароць час прастораю. Часам можна авалодаць толькi ў часе.

Найвышэйшая мэта духоўнага жыцьця — гэта не назапашваньне масы iнфармацыi, а ўсьведамленьне сьвятых хвiляў. [...]

Жыцьцё пачынае раскладацца, калi мы няздольныя адчуць велiч вечнага ў часе.

Бiблiя больш займаецца часам, чым прасторай, сьвет у ёй разглядаецца ў часавым вымярэньнi, больш гаворыць пра пакаленьнi й падзеi, чым пра рэчы й краiны. Гiсторыя для Бiблii важнейшая за Геаграфiю. Каб зразумець вучэньне Бiблii, трэба ўзяць за дадзенасьць, што час прынамсi ня менш значны для жыцьця, як прастора, i што час мае собскае неад’емнае значэньне й незалежнасьць.

У бiблiйным iўрыце няма адпаведнiка слову «рэч». Слова, якое пазьней пачалi выкарыстоўваць для абазначэньня рэчы, у бiблiйным iўрыце азначае: маўленьне, слова, зьвестку, паведамленьне, навiну, параду, просьбу, абяцанку, рашэньне, фразу, тэму, прыпавесьць, прыказку, выслоўе, справу, занятак, учынкi, дабрадзействы, падзеi, спосаб, спосаб дзеяньня, прычыну, тлумачэньне, але нi разу — «рэч». Што гэта, прыкмета моўнай беднасьцi, цi, хутчэй, праява нявыкрыўленага погляду на сьвет, якi не атаесамляе рэальнасьць i рэчавасьць? Адным з найбольш значных фактаў у гiсторыi рэлiгii было ператварэньне сельскагаспадарчых сьвятаў ў фэсты, якiя ўшаноўваюць гiстарычныя падзеi. У даўнейшых народаў сьвяты былi непарыўна зьвязаныя з порамi году, увасаблюячы зьявы, якiя адбывалiся ў жыцьцi прыроды ў розныя поры году. Такiм чынам, вартасьць сьвяточнага дня вызначалася тым, чым даравала цi не даравала прырода.

Для Iзраiля непаўторныя гiстарычныя падзеi мелi большае духоўнае значэньне, чым паўтаральныя працэсы прыроднага цыклю, нягледзячы на тое, што ад прыроды залежалi матэрыльныя ўмовы iснаваньня. Калi боствы iншых народаў асацыявалiся з пэўнымi месцамi цi прадметамi, Бог Iзраiлю быў Богам падзеяў: Збаўцам ад няволi, Тым, што Дараваў Тору — ён выяўляў Сябе ў гiстарычных падзеях, а ня ў рэчах або месцах.

Так нарадзiлася вера ў неўцялесьненае i неўяўляльнае.

Юдаiзм — гэта рэлiгiя, накiраваная на асьвячэньне часу. У адрозьненьне ад прасторава мысьлячага чалавека, для якога час нязьменны, аднародны, паўтаральны, для якога ўсе моманты падобныя адзiн на адзiн, як безаблiчныя пустыя абалонкi, —Бiблiя адлюстроўвае разнастайны характар часу. Нiводзiн момант не падобны на iншы. Кожная хвiля — адзiная, непаўторная дадзенасьць, выключная й бясконца вартая.

Юдаiзм навучае нас зьвязваць сьвятасьць з часам, зь сьвятымi падзеямi, вучыць нас шанаваць сьвятынi, што паўстаюць зь велiчнай плынi часу. Суботы — гэта нашы велiчныя саборы; наша Сьвятая Сьвятых ёсьць храмам, якi ня здолелi спалiць нi рымляне, нi немцы. Судны дзень — гэта храм, якi ня здолела разбурыць нават адступнiцтва.

Жыдоўскi рытуал можна акрэсьлiць як мастацтва значных часавых формаў, як архiтэктуру часу. Мы сьвяткуем дзень уцёкаў з Эгiпту, дзень, калi Iзраiль стаяў перад Сiнаем; наша мэсiянская надзея — у чаканьнi Дня, якi ёсьць канцом дзён.

У ладна створаным мастацкiм творы галоўная iдэя падаецца не абы-калi, а, быццам кароль на афiцыйнай цырымонii, зьяўляецца менавiта тады й так, каб вылучыць яе найважнейшае значэньне й аўтарытэт. У Бiбiлii словы падабраныя зь вялiкай дакладнасьцю, асаблiва тыя словы, якiя, бы агнявы слуп, паказваюць шлях у вялiкую сыстэму бiблiйнага сьвету значэньняў. Адным з найзаўважных у Бiблii ёсьць слова «сьвяты», слова, якое больш чым якое iншае ўвасабляе таямнiцу i велiч Божага.

Што ж было першым сьвятым прадметам у гiсторыi сьвету? Можа, алтар?

Слова «сьвяты» ў першы раз ужываецца ў Бiблii ў выключных абставiнах: у Кнiзе Быцьця, пад канец аповеду пра стварэньне сьвету. I як шмат кажа той факт, што гэтае слова было выкарыстана для часавага панятку: «I блаславiў Госпад дзень суботнi й асьвяцiў яго»! Пры апiсаньнi стварэньня сьвету не гаворыцца нi пра адзiн прасторавы прадмет, якi быў бы надзелены сьвятасьцю [...].

Выхаваны мiтамi розум чакае, што Бог, стварыўшы зямлю й неба, створыць сьвятое месца — сьвятую гару, крынiцу, дзе й будзе заснаванае сьвяцiлiшча. Аднак у Бiблii першай стаiць сьвятасьць ў часе — Субота.

Сёмы дзень тыдня — гэта сьвята часу, а не прасторы. Шэсьць дзён у тыдзень мы жывем пад тыранiяю прасторавых рэчаў; у Суботу мы адчуваем сьвятасьць часу. У гэты дзень мы паклiканыя адчуць, што ёсьць вечным у часе, адвярнуць нашы думкi ад плёну стварэньня; ад сьвету, што быў перад стварэньнем сьвету.

Пераклаў з ангельскай А.Д.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0