Зямля Сэрца

 

Той, хто ня верыць, нiколi не пакiне спробаў зьбiць цябе са шляху тваёй веры.

(з Карану)

... Менскi вакзал заўжды трохi цiсьне на правiнцыяла. Хоць насамрэч чагосьцi звышсталiчнага ў iм няма. Хутчэй наадварот, ён уражвае правiнцыйнасьцяй больш высокай ступенi. Ствараецца ўражаньне, што вось-вось адбяжыць цягнiк ад пэрону i адразу з галавой кунецца ў аднастайнасьць палёў.

Палi, палi... Я вяртаюся дамоў. Я вяртаюся ў Хартлянд.

Далiбог, па чыгунцы ў Беларусi неяк зручней ехаць, калi на двары непагадзь. Напэўна таму, што непагадзь настолькi зжылася з намi, настолькi прасякнула ўвесь наш побыт, што застаўся цi не адзiны шанец ад яе схавацца — за вокнамi цягнiка. Празь нейкiя пяць-шэсьць гадзiнаў я буду ўдома. Гэта ня можа не натхняць.

Згадваю, як на адной даволi «маштабнай» прыватцы сябра, якi, быўшы на добрым падпiтку заляцаўся да маладзенькае польскае настаўнiцы, запрасiў яе патанчыць пад The Cranberries, фацэтна прамуркатаўшы «бялорусiнi а iрляндчыцы — то едэн наруд». Параўнаньне нас з кельтамi апошнiм часам сталася нечым звыклым, але насамрэч актуальным яно робiцца, калi едзеш у цёплым утульным цягнiку на паснулых абшарах, што абапал дарогi Менск — Хартлянд.

Хартлянд. Некалькi дзясяткаў мястэчак, вёсак i хутароў, што на поўначы Ўэльсу. Зьвесткi пра яго даволi цьмяныя, няпэўныя. Тым ня менш, як той казаў, ён iснуе, i з гэтым трэба лiчыцца. Як i багата што ў кельтаў, гэтыя зьвесткi больш удаюць на легенды. Легенды канца другога тысячагодзьдзя, легенды ў скрутках Iнтэрнэту, легенды ў кнiжках ды касэтах, якiя невядома хто пазычыў у невядома каго, якi прывез iх невядома адкуль ды даў на пару дзён пакарыстацца. Легенды аб хлопцах-вырвусах, якiя за адну ноч пераклейваюць усе шыльды ў сваiм лякалю з калянiяльнае мовы на родную, аб сучасным Кубку Грааля з надпiсам «Уэльс — тэрыторыя бяз Торы», выпушчаным з нагоды таго, што нiводзiн калянiялiст-кансэрватар ня трапiў у Палату Супольнасьцяў ад Уэльсу, аб тым, як фiрмы й газэты пераносяць свае канторы з шыкоўных раёнаў партовых гарадоў у хартляндзкiя фэрмы й напаўразбураныя замкi. Таньней? Проста сэрца цягне ў Хартлянд. Гэта не хаджэньне ў народ, а нашмат больш натуральны працэс — вяртаньне туды, дзе ўсё так, як трэба, дзе ўсё знаёмае й нiшто кепскае з табою ня можа здарыцца — вяртаньне дахаты. Не вяртаньне ў глябальным сэнсе, да каранёў, а падобнае майму сёньняшняму — з працы, са шпацыру, з вандроўкi. Меней клiчнiкаў, болей косак — будзе натуральней, i «людзi да цябе пацягнуцца».

Людзi ў Хартляндзе, як i ўсюды, вельмi розныя й часьцяком не згараюць ад узаемнага каханьня. Яны могуць абразiць, але гэта — абраза ад сваiх. У Хартляндзе бываюць канфлiкты, але нiколi ня будзе вайны. Хартлянд насяляе супольнасьць, якую трэба ўспрымаць, як яна ёсьць.

... Хвалi-складкi зямной паверхнi, якiя дамiнуюць цягам першай паловы майго зваротнага шляху, паволi згладжваюцца. Гэта вiдаць нават у цемры. Цягнiк нiбы вэртыкальна буравiць пляскатую, даўней багнiстую раўнiну, спрабуючы дастацца да яе тарфяных нетраў. Пачынаецца Хартлянд.

Хартляндзкiя станцыi ды прыпынкi маюць адну дзiўную ўласьцiвасьць — на кожным зь iх хочацца сыйсьцi. Пры гэтым нiчога спэцыяльнага ў iх няма, апроч уражаньня, што на якiм нi сыйдзi — апынесься ўдома. Ёсьць два тлумачэньнi гэтаму фэномэну. Па-першае, тут усё знаёмае, бачанае-перабачанае, па-другое, гэта Хартлянд i гэтым усё сказана...

Валiйцы — прыхiльнiкi эўраiнтэграцыi. Ня тое каб iм была ўласьцiвая «эўрапейскасьць». Кансэрватыўная частка Эўропы часьцяком касавура паглядае на iх, як на людзей, якiя падхапiлi небясьпечную бацылу сэпаратызму. Не, яны ўдаюць хутчэй на местачковых прагматыкаў, якiя зь левай адозвы пра Эўропу рэгiёнаў хочуць атрымаць максымум карысьцi для сябе. Для сябе й Хартлянду. Яны таксама зьведалi таўро «калхозна-быдлячага народу» й «хамскай мовы». Сытае, местачковае, у найлепшым сэнсе мяшчанскае, жыцьцё будзе сывараткаю супраць гэтых дробных непрыемнасьцяў. Яны даўна ўжо ведаюць, што iхны Хартлянд не абстракцыя, а рэалiя блiжэйшае будучынi, пра што красамоўна сьведчыць магутны эўрапейскi «кэш-флоў». Брытанiя за кансэрватыўную эпоху не схацела ашчасьлiвiць валiйскiх гарнякоў ды сялян, дык Хартлянд зробiць гэта сам з дапамогаю Эўропы. Пры гэтым зусiм не абавязкова адасабляцца ад той жа Брытанii — жыхары Хартлянду ня любяць рабiць лiшнiх крокаў.

... Перасадка па нядоўгiм чаканьнi, гадзiна дарогi, i я нарэшце дабраўся. Тут нават паветра iнакшае, ня тое што лепшае, а проста я да яго прызвычаiўся. На кожным зь векавых азызлых муроў можна бачыць бiгборд з рэклямаю Хартлянду, ладу жыцьця Хартлянду, прадукцыi прадпрыемстваў Хартлянду. Рэкляма майго дому.

Я ведаю багата людзей у гэтай краiне, якiя таксама маюць свае Хартлянды. У кожнага ён свой i, бадай што, непаўторны. I калi мы хочам зьмянiць нашую Радзiму, дык мусiм пачаць кожны са свайго. Хартлянд дае нам непаўторны шанец, дык i мы павiнныя папрацаваць для яго, каб шанец iснаваў i надалей. З чаго пачынаецца Радзiма? Зь Зямлi майго Сэрца.

Сяргей Пелеса

P.S. Хартлянд (Heartland) — Зямля Сэрца, тэрыторыя на поўначы Ўэльсу, дзе засталася аўтэнтычныя валiйская мова i культура.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0