БРАТЫ КАРАМАЗАВЫ, АБО ЗАНЯПАД ЭЎРОПЫ

 

Герман Гесэ

 

Нiшто само па сабе не йснуе звонку або ўсярэдзiне. Бо ўсё, што звонку, тое i ўсярэдзiне.

Я.Бёмэ. «Аўрора»

Як мне здаецца, у сваiх творах, а перадусiм у «Братах Карамазавых», Дастаеўскi вельмi дакладна прадбачыў тое, што я называю «Заняпадам Эўропы». У тым, што самога Дастаеўскага —а ня Гётэ й нават ня Нiцшэ — эўрапейская, а асаблiва нямецкая моладзь успрымае як блiзкага да сябе найвыдатнейшага пiсьменьнiка, я бачу штосьцi прароцкае.

Iдэал карамазавых, гэты старадаўнi азiяцкi акультны iдэал, паступова стае эўрапейскiм, пачынае выцясьняць дух старой Эўропы. У гэтым я, уласна, i бачу заняпад Эўропы. Такiм чынам, зварот да Азii, да крынiцы, да фаўставых «мацярок», вiдавочна, як i любая сьмерць, прывядзе да новага нараджэньня. Нарэшце, заняпадам гэты працэс лiчым толькi мы, ягоныя сучасьнiкi.

Але што гэта за такi «азiяцкi» iдэал, якi я знаходжу ў Дастаеўскага, i якi, на маю думку, можа паглынуць Эўропу?

Сьцiсла кажучы, гэта адмова ад усялякай нарматыўнай этыкi i маралi дзеля ўсезразуменьня, усеўспрыйманьня ды нейкай новай жахлiвай маралi, пра якую распавядае старац Зосiма, у якой жыве Алёша, якую з максымальнай выразнасьцю фармулюе Дзьмiтры, а найбольш моцна — Iван Карамазаў.

Над старцам Зосiмам яшчэ вiсiць iдэал справядлiвасьцi, прынамсi, для яго iснуе дабро й зло, хоць сваю любоў ён накiроўвае пераважна на носьбiтаў зла. У Алёшы гэта новая сьвятасьць выяўляецца нашмат больш жвава й адвольна, ён iдзе праз багну свайго асяродзьдзя з напалову амаральнай нявымушанасьцю. Ён нагадвае мне пра высакародны запавет Заратустры: «Я даў зарок цурацца любой пагарды».

Браты ж Алёшавы йдуць яшчэ далей. Часам здаецца, быццам суадносiны роляў братоў Карамазавых на працягу аб’ёмнай трохтомнай трылёгii кардынальна зьмяняюцца такiм чынам, што ўсё бясспрэчнае становiцца ўсё больш хiсткiм ды няпэўным: сьвяты Алёша робiцца ўсё больш сьвецкiм, а ягоныя сьвецкiя браты — усё больш сьвятымi, прычым найбольш распусны зь iх Дзьмiтры — ледзь не найсьвяцейшым i найчуйным прарокам новай сьвятасьцi, новай маралi, новага гуманiзму.

Чым больш безаглядная карамазаўшчына, чым больш у ёй распусты ды п’яной брутальнасьцi, тым больш выразна праз заслону гэтых грубых зьяваў, людзей i надзеяў сьвецiць новы iдэал, тым больш духу ды сьвятасьцi зьбiраецца там усярэдзiне, i ўжо процi п’янiцы, забойцы й гвалтаўнiка Дзьмiтрыя ды цынiка-iнтэлектуала Iвана ўсе тыя бездакорна-сумленныя асобы накшталт пракурора ды iншых прадстаўнiкоў мяшчанскага сьвету выглядаюць настолькi блякла, убога, нiкчэмна, наколькi пнуцца трыюмфаваць вонкава. Такiм чынам, «новы iдэал», якi пагражае самому йснаваньню эўрапейскага духу, зьяўляецца надзвычай амаральным спосабам мысьленьня й адчуваньня, якiя здольныя бачыць боскае, неабходнае ды вызначальнае i ў iм, i ў пачварнасьцi, i здатныя гэтае зло ды гэтую пачварнасьць паважаць i бласлаўляць. Спроба пракурора ў сваёй доўгай прамове з гiпэртрафаванай гiронiяй апiсаць гэтую карамазаўшчыну ды выставiць яе на зьдзек насамрэч нiчога не перабольшвае, нават выглядае занадта асьцярожнай.

У гэтай прамове ствараецца вобраз «рускага чалавека» з кансэрватыўна-буржуазнага пункту гледжаньня, вобраз гэтага небясьпечнага, уразьлiвага, безадказнага, хоць i чулага, мяккага, летуценнага, лютага, часам дзяцiнiстага рускага чалавека (якога й дагэтуль любяць так называць, хоць, на маю думку, ён даўно прагне стаць чалавекам эўрапейскiм); з таго часу гэты вобраз стаў досыць папулярны. У гэтым, уласна, i ёсьць заняпад Эўропы.

На гэтым «рускiм чалавеку» варта спынiцца больш падрабязна. Ён нашмат старэйшы за Дастаеўскага, хоць менавiта Дастаеўскi найбольш поўна адкрыў сьвету ўвесь спэктар ды значэньне дадзенага фэномэну. Рускi чалавек — гэта Карамазаў, гэта Фёдар Паўлавiч, Дзьмiтры, Алёша, Iван, таму што гэныя чацьвёра, якiмi б рознымi яны нi былi, моцна зьвязаныя памiж сабой; яны разам i ёсьць Карамазавымi, яны разам i ёсьць рускiм чалавекам, яны разам i ёсьць тым будучым, ужо напалову рэальным чалавекам эўрапейскае крызы. Варта зьвярнуць увагу на адну дзiўную сытуацыю, а менавiта: як на працягу апавяданьня Iван з цывiлiзаванага чалавека трансфармуецца ў Карамазава, з эўрапейца — у расейца, з сфармаванага гiстарычнага тыпу — у бясформавую сыравiну будучага! Гэтае ператварэньне зьдзяйсьняецца з самнамбулiчнаю пасьлядоўнасьцю.

Iван зрынаецца з п’едэсталю выхаванасьцi, розуму, цьвярозасьцi й навуковасьцi. Паступова, напружана, безнадзейна падае менавiта той з Карамазавых, хто напачатку стварае найбольш пазытыўнае ўражаньне, ён пагружаецца ў гiстэрыю, у расейскую стыхiю, у карамазаўшчыну! Менавiта скептык Iван напрыканцы раману размаўляе з сатаною! Але пра гэта мы яшчэ згадаем.

Такiм чынам, рускi чалавек — гэта ня толькi гiстэрык, п’янiца альбо злодзей, паэт альбо сьвяты; у iм усё гэта суiснуе, у сынтэзе ўсiх гэтых якасьцяў. Рускi чалавек — Карамазаў — ёсьць адначасова забойцам i судзьдзём, бунтаром i ўразьлiвай душой, счарсьцьвелым эгаiстам i героем безагляднай самаахвярнасьцi. Яго не падгонiш пад эўрапейскi капыл —цьвёрды, маральна-этычны, дагматычны. У гэным чалавеку вонкавае i ўнутранае, дабро i зло, Бог i Сатана моцна пераплялiся. Таму, уласна, у душы тых Карамазавых узьнiкае прага найвышэйшага сымбалю — Бога, якi адначасова быў бы й Сатаной. Бог, якi разам з тым ёсьць i Д’яблам — гэта ж старадаўнi Дэмiюрг. Ён быў спачатку, ён, адзiны, сутны па-за ўсiмi супярэчнасьцямi, ня ведае нi дня, нi ночы, нi дабра, нi зла. Ён — нiшто, i ён — усё.

Мы высьветлiлi сутнасьць «рускага чалавека». Чалавека, якi прагне вызвалiцца ад супярэчнасьцяў, вызначаных уласьцiвасьцяў, маралi. Чалавека, якi намагаецца раскрыцца, павярнуцца назад, да principum individuationis. Гэты чалавек ёсьць несфармаванай сыравiнай душэўнай плязмы. У такiм выглядзе ён ня можа жыць, ён можа толькi ўспыхваць зьнiчкаю й гiнуць.

Рускi чалавек iснуе ўжо даўно, пры гэтым iснуе й па-за межамi Расеi; гэты чалавек валодае ўжо паловай Эўропы, а грукат грому, якi так усiх налякаў, адгукаецца яшчэ й дагэтуль. Высьветлiлася, што Эўропа стамiлася, што ёй карцiць павярнуць кудысьцi назад, трохi адпачыць, а потым зноў узьняцца, адрадзiцца (...)

Цалкам iншым пытаньнем ёсьць пытаньне аб ацэнцы заняпаду старой Эўропы (...) Для адных гэта крах, аднак для iншых —пачатак. Для адных Дастаеўскi — злачынец, для iншых — сьвяты. Для адных Эўропа й яе дух ёсьць чымсьцi адназначным, нязьменным ды iстотным, для iншых — гэта нешта вечна зьменлiвае, бурлiвае, няўстойлiвае.

Карамазаўшчыну, як усё азiяцкае, хаатычнае, дзiкае, злавеснае i амаральнае, можна трактаваць — як i ўсё ў гэтым сьвеце — i пазытыўна, i нэгатыўна. Тыя, што праклiнаюць i баяцца такога сьвету, таго Дастаеўскага, карамазавых, расейцаў, той Азii i тых дэмiюргiчных фантазiяў, асуджаныя сёньня на незайздроснае йснаваньне, бо панаваньне карамазаўшчыны зараз ёсьць больш вiдавочным, чым калi-кольвек. Аднак яны памыляюцца, зьвяртаючы ўвагу ўва ўсiм гэтым толькi на фактычнае, вiдавочнае ды матэрыяльнае. Яны ўспрымаюць заняпад Эўропы як жахлiвую катастрофу, як крывавую рэвалюцыю або як трыюмф злачынства, карупцыi ды забойстваў.

Сапраўды, усё гэта ўласьцiва Карамазаву. Калi ты маеш справу з карамазавым, невядома, чым ён прыгаломшыць цябе ў наступны момант: можа, крываваю сцэнаю, а можа, асаннаю Богу (...). Карамазавы адрозьнiваюцца ад iншых людзей, па сутнасьцi, толькi тым, што жывуць столькi ж вонкавым жыцьцём, колькi i ўнутраным, ды тым, што ў iх увесь час праблемы з уласнаю душой. Карамазавы здольныя на любое злачынства, але чыняць яго толькi ў выключных выпадках, бо iх, уласна, задавальняе менавiта сама думка аб злачынстве. Злачынствы ў галаве, гульня з магчымасьцю. У гэтым iх таямнiца. (...)

Усялякая культура, цывiлiзацыя грунтуюцца на дамоўленасьцi наконт дазволенага й забароненага (...). Чалавек напоўнены жывёльнымi, зьвярынымi iнстынктамi, хоць культура, канвэнцыi, цывiлiзацыя прыхавалi iх. Мы не паказаваем свайго зародку, бо зь дзяцiнства прывучаныя падаўляць i хаваць гэтыя iнстынкты. Аднак кожны з гэтых iнстынктаў зьвярынага эгаiзму час ад часу вырываецца на волю — i тады, уласна, i зьяўляюцца карамазавы. Калi на якую-небудзь культуру як адну з спробаў упарадкаваць чалавека находзiць стомленасьць i змора, тады яшчэ больш людзей дзiчэюць, упадаюць у гiстэрыю й пачынаюць паводзiць сябе, няйначай падлеткi ў пэрыяд сталеньня або цяжарныя жанчыны. Гiстэрыя, нэўрастэнiя, moral insanity ды iншае зло ў суме ёсьць роўнымi карамазаўшчыне. Тады душу напаўняе хваляваньне, якое, з пункту гледжаньня старой культуры й маралi мы мусiлi б вызначыць як зло, але ж прамаўляе яно так гучна, натуральна ды цнатлiва, што нейкiя дэфiнiцыi дабра й зла становяцца сумнеўныя, i ўсялякiя законы — хiсткiя.

Такiмi людзьмi й ёсьць браты Карамазавы. Зь незвычайнай лёгкасьцю яны ператвараюць усякi закон ва ўмоўнасьць i самазакахана прыслухоўваюцца да ўсялякага зруху сваёй душы (...).

Браты Карамазавы — гiстэрычныя ды небясьпечныя, злачынцы й аскеты адначасова. Iх адзiная вера — скепсыс да ўсялякай веры. Найбольш цiкавым у гэтым пляне ёсьць Iван. Ён паказаны сучасным, адукаваным, прыстасаваным чалавекам — крыху халодным, расчараваным, скептычным, стомленым. Але чым далей, тым ён «амаладжаецца» i «цяплее», становiцца больш значным пэрсанажам i ўсё больш карамазавым. Бо гэта ж ён стварыў «Вялiкага Iнквiзытара». Бо гэта ж ён праходзiць шлях ад халоднай адчужанасьцi й нават пагарды да забойцы, якiм лiчыць свайго брата, да глыбокага пачуцьця ўласнай вiны i самаасуджэньня. Гэта ж менавiта ён найбольш выразна й асаблiвым чынам перажывае канфрантацыю з падсьвядомасьцю. Iван размаўляе з д’яблам, якi ёсьць сама Iванавай падсьвядомасьцю, узбурэньнем падаўленых i, здавалася б, даўно забытых перажываньняў. Iван гэта бачыць, разумее, але, тым ня менш, працягвае размаўляць з д’яблам, верыць у яго — бо тое, што ўсярэдзiне, тое i звонку. (...)

Аднак, цi маглi б тыя душэўныя катаклiзмы лiтаратурных герояў азначаць «Заняпад Эўропы»?!

Вiдавочна! Як i антычнасьць загiнула не з-за Нэрона, Спартака цi навалы германцаў, а праз зароджаны ў Азii сьветапогляд —просты, сьцiплы, спрадвеку жаданы, якi менавiта ў той час вылiўся ў форму Iсусавага вучэньня. (...)

Прынцыпова важным зьяўляецца тое, што ў рамане Карамазавы нявiнныя.

Усе Карамазавы — бацька й сыны — людзi падазроныя, небясьпечныя, непрадказальныя. У iх дзiўныя забабоны, загадкавае сумленьне i ня менш загадкавая бессаромнасьць; адзiн зь iх — п’янiца, iншы — распусьнiк; адзiн уцякае ад сьвету й жыве ў сваiх фантазiях, iншы патаемна стварае блюзьнерскiя тэорыi. Вялiкую небясьпеку тояць у сабе гэтыя дзiўныя браты: яны тузаюць людзей за бароды, нязвыкла лёгка разводзяць чужыя грошы, пры самай нязначнай нагодзе пагражаюць сьмерцю, але пры ўсiм гэтым, нiводзiн зь iх не зрабiў нiякага рэальнага злачынства. Яны — нявiнныя. Адзiнымi забойцамi ў гэтым даўжэзным рамане зьяўляюцца пракурор ды прысяжныя —прадстаўнiкi старога «добрага» й звыклага ладу, сумленныя грамадзяне, якiя чыняць страшэнную несправядлiвасьць, становяцца забойцамi з-за сваёй абмежаванасьцi й маладушнасьцi.

У Дастаеўскага бязьвiннасьць злачынцаў i вiна судзьдзяў ня проста дзiўная, а жахлiвая канструкцыя. Гэтая бязьвiннасьць непрыкметна паўстае з такiх археглыбiняў душы, што напрыканцы раману перад ёю апынаесься, занепакоены, быццам перад глухiм муром, быццам перад згусткам усяго людзкога болю i ўсёй бязглузьдзiцай сьвету.

Дастаеўскi ёсьць ня «толькi пiсьменьнiкам». Я назваў бы яго прарокам. Аднак цяжка дакладна вызначыць, чым ёсьць прарок. Мне здаецца, што прарок — гэта хвароба, калi страчваецца iнстынкт самазахаваньня, якi ёсьць квiнтэсэнцыяй усiх мяшчанскiх якасьцяў. Прарокаў ня можа быць шмат, бо iнакш сьвет разьляцеўся б на кавалкi (...). Iнакш кажучы, нейкi народ, эпоха, краiна ўзгадавалi ў сабе асаблiвы ворган —штосьцi накшталт шчупальца, якога мы называем прарокам. (...)

Тое ў душы Дастаеўскага, што мы звычайна называем гiстэрыяй, гэтая хвароба, гэтая гатоўнасьць да пакутаў i сталi для чалавецтва такiм шчупальцам, такiм паказальнiкам цi баромэтрам. Ужо палова Эўропы коцiцца ў вiр. У сьвяшчэнным i п’яным шаленстве яны iмчаць над краем безданi, сьпяваючы, як Дзьмiтры Карамазаў, патэтычныя гiмны. Зьдзiваваны мешчанiн насьмiхаецца з гэтых сьпеваў, але сьвяты й прарок услухоўваюцца ў iх, i сэрцы iхныя напаўняюцца горыччу.

 

Пераклад зь нямецкай Н.Р.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0