ФРАГМЭНТЫ

Аляксандар Урбановiч

 

26.10, пн.

Сёньня праходзiў мiма табло, якое зманiла ажно тры разы. Спачатку яно паказала шэсьць градусаў цяпла, калi насамрэч было дзесяць цi, як мiнiмум, восем. Потым яно пачало высьвечваць гама-фон i паказала лiчбу 001. Гэткага ўзроўню радыяцыi няма нiдзе ў сьвеце. Прыродны гама-фон, якi йснуе без умяшальнiцтва чалавека, складае прыблiзна 007-010. У забруджаным Гомелi, у залежнасьцi ад раёну, гама-фон можа вагацца ад 013 да 052. Але ж у нас «усё ў парадку», «мы не дапусьцiм абвал».

... Затым лiчбы на табло зьмянiлiся яшчэ раз. Цяпер высьвечваўся час, i на табло ўзьнiкла 14:33. Насамрэч было 13:33. Тое, што сьвяцiлася на табло, адпавядала маскоўскаму часу. Але ж Гомель не зьяўляецца часткай маскоўскай дзяржавы. Як бы каму нi хацелася, Гомель знаходзiцца ў Рэспублiцы Беларусi, на тэрыторыi якой дзейнiчае менскi час. Значыць, зноў памылка: трэцяя з трох магчымых.

 

24.11, аўт.

Учора пачуў выраз iдэалу жыцьцёвага посьпеху па-расейску. Распавядала адна паненка, якая немаведама зь якой патрэбы атабарылася на нашай зямлi ды паплёўвае ў бок беларусаў як нацыi. Маўляў, вось недзе ў Расеi жыве такое iдэальнае сямейства, ейныя родзiчы — ён i яна прыкладна аднаго веку, iм ня больш чым па дваццаць пяць, а ўжо ёсьць i дзеткi ў iх, i дом яны самi сабе збудавалi вялiкi й прасторны на роўным месцы, i вось жывуць сабе такiя дабрэнныя, ня тое што мы, беларусы вакол яе — чамусьцi ўсталi ў чэргi па лямпачкi, навошта iм столькi лямпачак, ды яшчэ, неразумныя, самi свае ж прадукты вывозяць у Расею...

Увасабленьне iдэалу калянiзатара... Разьбiць дзялянку недзе на новым месцы ды заняць сабою як мага большую тэрыторыю. Што iх чакае далей, гэтае iдэальнае сямейства? Колькi гадоў будуць адбiвацца ад усiх тых праблемаў, зьвязаных з гадаваньнем дзетак. Тыя будуць падрастаць i зноў адчуюць у сабе нейкую няясную тугу, жаданьне пакiнуць усё сваё i адхапiць нейкi новы кавалак у iншым месцы.

Аднак жа маю паненку цiкавiць не разьвiцьцё падзеяў у часе, а iхнае разьвiцьцё менавiта ў прасторы. I ёй мiлы гэты здымак моманту, без усялякай гiсторыi. Узорная адзiнка тэрытарыяльнай экспансii. Яны ганарацца тым, што зараз, у гэты момант, займаюць больш месца, чым некалi раней. А калi спытаеш у iх — навошта? — дык не дадуць нiякага адказу. Гэта для iх таксама натуральна, як вадзе скочвацца на нiжэйшае месца. А цi шчасьлiвыя яны? Не, iм увесь час нечага не хапае. Вiдаць, упёрлiся ў сваёй тэрытарыяльнай экспансii. Больш няма для iх сьвежага месца.

Нам жа, беларусам, няма чаго займацца новым будаўнiцтвам. Нам утрымаць бы тое, што ўжо да нас збудавана. I мне, беларусу, такое зьнешняе «благополучие», такая iхная экспансiя «наружу» роўна нi пра што не гаворыць. Яны маюць вонкавы, матэрыяльны, тэрытарыяльны рост. Рост унутраны, духоўны, маральны роўны нулю. Пятае стагодзьдзе, закансэрваванае ў праваслаўi.

Нашая ж экспансiя скiраваная ўсярэдзiну сябе. Нам добра самiм з сабой, нам хапае самiх сябе, нам не патрэбна нiчога чужога. I вось жа сталi як костка ў горле на шляху рэалiзацыi чужых плянаў, чужых праектаў.

I што, нам кажуць, што мы маем да iх нейкае падабенства? Але ж мая нацыя разьвiваецца не ў прасторы, а ў часе. I жыцьцё мяне, як прадстаўнiка сваёй нацыi, цiкавiць больш не як вынiк, а як працэс. Мне было б цiкава, я б назваў такое жыцьцё зайздросным, калi б яно разьвiвалася 50, 100, 150 цi болей гадоў без усякiх зьнешнiх пераменаў, на адным тым самым месцы. I каб тэрыторыя, маёмасьць, хай бы зноў тыя самыя, без прыросту, пераходзiлi ад бацькi да сына, ад дзеда да ўнука —без рэвалюцыi, без iнтэграцыi, без iнфляцыi. Мне не патрэбная чужая зямля, чужая маёмасьць, але я наўрад цi зразумею чалавека, якому патрэбная мая зямля, мая маёмасьць...

... Сам пiшу гэтыя высокiя разважаньнi, а жонку адправiў стаяць па лямпачкi.

 

25.11, сер.

У расейскай прозе ёсьць два вялiкiя мысьляры —Талстой i Дастаеўскi. Талстога чытаць карысна для здароўя. Трохi пачытаеш, i ў самога праступае нейкая яснасьць мысьленьня. I недзе ў падсьвядомасьцi ўзьнiкае гонар за тое, што ты таксама чалавек i што ў прынцыпе ў цябе маглi б быць такiя самыя думкi... Дастаеўскi таксама вялiкi аўтар, можа што й такой самай глыбiнi. Аднак радуешся ўжо таму, што такiх думак, як у яго, у цябе, дзякаваць Богу, няма.

 

27.11, пт.

Цiкава, што б сказаў Талстой, калi б жыў у наш час, пра тое, як над Беларусяй разьвейвалi чарнобыльскае воблака? Што б гэты вялiкi заступнiк за людзей сказаў пра аб’ект пад Баранавiчамi, мэты якога прыблiзна такiя самыя? I цi знойдзецца ў цяперашняй расейскай лiтаратуры хоць адзiны аўтар, якi б скiраваў сваю творчасьць на гэтае, на наш час самае вялiкае расейскае маральнае пытаньне?

 

2.12, сер.

Столькi ўсюды можна вычытаць дабрэнных парадаў, што й як трэба рабiць, каб перамянiць сваё жыцьцё. Ведама ж, пачынаць трэба з самога сябе, i гэтак далей. Але ж мая задача больш складаная. Я хачу зрабiць так, каб маё жыцьцё не зьмянялася. Чакаю парады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0