НОВАЯ ЛIТВА

Ганна Матусэвiч

 

Зьбiралiся-не зьбiралiся, ехаць-ня ехаць — так i ня выправiлiся паехаць восеньскiмi вакацыямi на Мёршчыну, да Лямполя, каб глянуць на слупы Канстытуцыi 3 траўня 1791 году. Але ўсё, што здараецца з намi, як i не здараецца таксама — усё дзеецца з волi Бога.

У даўнiя часы, калi шчэ не было ў нас Мiколкi (ён з 91-га), а мо нават i Веранiкi (а яна з 86-га), выбачайце, стала забывацца: а мо й зусiм ужо — нат Вiталiка не йснавала на сьвеце, бо ён знайшоўся ў нас толькi ў 84-м годзе, але мы з мужам былi — гэта дакладна ведама, бо iнакш, як жа мы, несустрэтыя, блэндалiся б разам ад няма чаго рабiць ля былога слаўнага месьцейка Лямполя. Блукалi мы ў суправаджэньнi тутэйшых экскурсаводаў Вiцькi ды Зоi, якiя на той час, як i мы, жылi ў Рызе, i прыехалi, таксама як i мы, дыхнуць пылам роднай вёсачкi. Вось тады мы й набрылi на тыя невядомыя слупы. Дасьведчаная ва ўсiм Зойка, якая верхаводзiла тады нашай кампанiяй ды вучыла дзеравеншчыну ўсякiм модным гарадзкiм штукам, сказала, што гэтыя слупы пастаўленыя ў гонар Напалеонаўскага шэсьця. I мы ўсе праглынулi гэтую салодкую на смак, дый на выгляд таксама прывабную, пiлюлю, не заўважыўшы невялiчкай долi лiпкай, брыдотнай атруты ў яе наскрозь гнiлой сярэдзiне. Гэта ўжо пазьней мне тая гнiлая сярэдзiна бокам вылезла. Затое, як гнiль выйшла зь мяне, то я паразумнела i перастала чытаць газэты, складзеныя круцялямi, усё роўна — цi вялiкiмi, цi малымi, бо ведама ж, што дурны законаў не чытае, ды свае мае. (Пра дурня гэта я да таго кажу, што ўсё роўна мяне з 8-мю клясамi ў разумнiцы не залiчаць.) Зойка-верхаводка тую перамену ўва мне ўмомант заўважыла i ўжо ў апошнi наш прыезд у Рыгу з намi не цырымонiлася: сякую-такую костку кiнула на стол ды найхутчэй выпхнула за дзьверы. Iдзеце, маўляў, вучэце розуму бедных, а мы й бяз вас тут i вучоныя, i сытыя.

Ну дык пра тыя слупы. Адмывала я iх доўга i надзвычай старанна ад 200-гадовага пылу, бо яны былi пастаўленыя там у гонар Канстытуцыi 3 траўня 1791 году. Дзеркачом зь пясочкам шаравала, гарачай вадой палiвала, шкрэбла-мыла, як некалi ў маленстве нефарбаваную падлогу ганка перад Вялiкаднем. Бо што такое дата 3 траўня 1791 году? Гэта, калi мая Лiтва, стоячы перад выбарам — жудаснай, адваленай насьцеж пашчай Зьмея: быць фiзычна зьнiшчанай цi нябачным духам распусьцiцца па роднай зямельцы (некалi ж можна ўваплацiцца зноў!) мусiла страцiць рэшткi Незалежнасьцi i назвацца Рэччу Паспалiтай. Пасьля яна называлася цi Паўночна-Заходнiм краем, цi то Расеяй, Беларусяй, цi то Савецкiм Саюзам... Але, як той Караткевiч казаў: хлеб аднолькава смачны, на якой мове яго нi называй. I, калi ўжо дакопвацца вытокаў назвы, то ў першакрынiцы гэта — ВОЛЯ, альбо ЛIТВА.

Такiм чынам, па волi Бога мы не паехалi замацоўваць старадаўнiя слупы, бо трэ было ўсталёўваць сьвежыя слупы Новай Лiтвы. А я пра Лiтву 8 лiстапада ўжо й забылася, грэшнiца. Дзiма Тарулiс нагадаў мне пра яе на Дзядах. Прыедзем, кажа, пагуляем па Койданаўскiх вулках, адзначым першыя ўгодкi Лiтвы. Вось тады я й адкiнула прэч старыя слупы ды ўзялася за новыя. Узялася зь сiлачкай, як тое ўмее рабiць, мабыць, толькi Ганка. (А хто ж мяне пахвалiць, калi ня я сама?) I шмат было званых на Лiтву, а прыйшлi абраныя. I былi старыя, i былi новыя, але былi ўсё тыя ж, i была ўсё тая ж нашая старая, новая, вечная ЛIТВА-ВОЛЯ. А тое, што многiя першыя будуць апошнiмi, дык гэта, ведама, не ад Ганкi. Ат, не люблю я камэнтароў! А тут чапляюцца да мяне некаторыя расейскiя дабрадзеi, якiя мо й зрабiлi на пазногаць дабра для нашай Культуры: плацi, Ганка, нам па рахунку, газэты iхныя выпiсвай! Маўляў, у нас, расейцаў, былi i Серафiм Сароўскi, i Сергiй Раданежскi —сусьветна вядомыя постацi (а ў вас, лапатнiкаў, хто?). Тыя дабрадзеi-грамацеi вывучалi стараславянскую мову, бачылi рукапiсы Купалы ды Коласа — найчысьцейшых мужыцкiх паэтаў —i не заўважылi там анiякiх мяккiх знакаў. I наогул: нашто гэтая палiтыка, калi прырода нiшчыцца, калi культура гiне, а гэта тое, што яднае людзей? А ў мяне, любачкi, на гэта ёсьць жалезны адказ. Я не вывучала, я ня бачыла, затое ВЕДАЮ, што лепш нiчога ня ведаць, чым ведаць мала. А яшчэ, як я ўжо казала раней, не прызнаю камэнтароў, бо давяраю арыгiналу. А Серафiм Сароўскi ды Сергiй Раданежскi пры ўсёй маёй павазе да гэтых постацяў, усё ж толькi камэнтары да Жывога Вучэньня Хрыста, адгалоскi якога й праз 2 тысячы год захавалiся ў нашым народзе ў вусных пераказах ды суворай забароне забiваць павука, бо ён некалi ўратаваў жыцьцё маленькаму Хрысту. Я не была ў расейскай глыбiнцы й ня ведаю, цi ёсьць нешта падобнае ў iх.

А на Лiтве мне Дзiма зрабiў прызнаньне, што ён к 30-цi гадам адшукаў Радзiму. Дальбог, ня памятаю, на якой мове ён гэта сказаў, бо заўсёды цанiла толькi ўнутраную сутнасьць, ды ня форму. А Дзiму я шчэ на Дзядах перадала заслужаную iм Боскую ўзнагароду. Дзiмаву касэту я перапiсала для Косьцiка Кротава — былога слаўнага алькаголiка з Воршы, якi пад 40 год закадзiраваўся, кiнуў чатырохпакаёўку, незьлiчоных жонак ды рвануў у вёску. Робiць на будоўлi, дзе знайшоў Сьветку-сiрату — 18-гадовую дзяўчыну, «малую», як ён яе называе. Забеглi яны неяк да нас, я глянула на iх, i так хораша мне стала! Косьцiк казаў, што палiў печ i слухаў касэту. Ледзь пажару не нарабiў, так яму да сэрца дайшло! Так што тыя прычапныя дабрадзеi-фарысеi маюць фармальную рацыю толькi ў тым, што Культура яднае ўсiх людзей, але ж за зьдзейсьненае дабро ня трэба патрабаваць узнагароды, гэтаксама, як i гвалтам захоплiваць сродкi iнфармацыi.

Цяжкое Дзiмава прызнаньне на Лiтве моцна прыцiснула мяне да зямлi, лепш сказаць — запрыгонiла на сваёй зямлi. I праўду, пэўна, казаў Славамiр, седзячы там, у Вiцебскiм цэнтралi i слухаючы вечнасьць, што каханьне пад прыцэлам цяжкое, як царкоўная жырандоля. А каму лёгка бывае? Але трэба iмкнуцца жыць так, нiбы знаходзiсься навiдавоку, пад прыцэлам. Iншага шляху проста няма, каб сьцьвердзiць сябе Чалавекам. Iншая рэч, што ад жырандолi, цi то царкоўнай, цi то сьвецкай, усё роўна, сыходзiць штучнае сьвятло. А я выбiраю дзень i Сьвятло Натуральнае ў вадрозьненьне ад вас, мужчынаў, якiя выбiраюць ноч, хай сабе й зорную. I ў Сьвятле Боскага дню тыя старадаўнiя слупы застануцца для чужынцаў напалеонаўскiмi слупамi, а для тутэйшых — слупамi Канстытуцыi 3 траўня 1791 году. Але дата застанецца. Гэтаксама, як i дата 8 лiстапада. Толькi для чужынцаў яна будзе гучаць як 8 лiстапада 1917 —дзень бальшавiцкай рэвалюцыi, а для напоеных духам сваёй зямлi, як 8 лiстапада 1997 — дзень заснаваньня Новай Лiтвы. Бо тое, што рухаецца ў вадной плынi з Касьмiчным Магнiтам, ня можна зьнiкнуць бясьсьледна. Мае дзецi заўважылi, як сяголета на 8 верасьня нейк незвычайна ўзыходзiла сонца. Усё ў чырванi неба, нават само сьвяцiла пажоўкла на чырвоным тле, i толькi сьветлы вузкi пасачак хвалiстай сьцяжынкай цягнуўся за сонцам. Хто ведае, можа, гэта шлях нашага народу, бо ў дзень народзiнаў Панны Марыi адбылася блiскучая Аршанская бiтва... Веранiчка тую ранiцу змалявала, i вiсiць яна ў нас на сьцяне побач зь бел-чырвона-белым сьцягам, як ранiца Новай Лiтвы. Хiба дадаць толькi да ўсяго, што «Пагоню», якую Дзiма Тарулiс 8 лiстапада 1997 году павесiў Веранiчцы на шыю, нашу, не давяраючы дачцэ, я — замест крыжыка, якога нiколi не насiла.

10.11.98

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0