МАЎЧАНЬНЕ ПАЭТАЎ

 

Гэтаму пытаньню ўжо дзесяць гадоў. I я ўрэшце наважваюся яго задаць. Чаму беларускiя паэты, якiя ў другой палове 80-х, на выхадзе з камунiзму, сталi ледзьве ня знакамi гэтага выхаду i нацыянальнага адраджэньня, чаму яны перасталi пiсаць вершы? Адам Глёбус, Анатоль Сыс, Iгар Бабкоў, Алег Мiнкiн... Тады, у другой палове 80-х, iхнае лiдэрства ў паэзii было бясспрэчным i зусiм не выглядала на часовае. Нацыя, маладая й сьвядомая яе частка, бачыла ў iх новых багдановiчаў i купалаў, як мiнiмум, творцаў, празваньне якiх не выклiкае сумневаў. I раптам на пачатку 90-х яны замаўкаюць, прападаюць як паэты, ня пiшуць. Чаму? Вось гэтае пытаньне я й наважыўся паставiць празь дзесяць гадоў iм самiм.

 

Адам Глёбус:

«Ня я пiшу вершы, а вершы пiшуцца мною. Я толькi запiсваю словы, радкi, сказы. Быў час, калi гэтыя радкi й словы складалiся ў вершы. Цяпер яны складаюцца ў афарызмы, нататкi й апавяданьнi. А паэзiя пакiнула мяне. Ды й ня толькi, зрэшты, мяне. Яе вялiкасьць паэзiя пакiнула пакаленьне маiх аднагодкаў. Прымусiць яе вярнуцца няма нiякай магчымасьцi. Адно, што застаецца, гэта быць гатовымi да яе вяртаньня. Я гатовы».

Свой апошнi зборнiк «Скрыжаваньне» Адам Глёбус выдаў у 93-м. А перастаў пiсаць вершы, мабыць, яшчэ раней. У Iгара Бабкова кнiжка «Solus Rex» выйшла ў 92-м.

 

Iгар Бабкоў:

«Маўчаньне паэтаў... Уменьне маўчаць i слухаць прыходзiць з узростам. Голас, якi напачатку мае шмат абэртонаў, пачынае дрыжаць, ламацца i ўрэшце зьнiкае, прападае ў цiшынi сьвету. Крытыкi й чытачы заўважаюць: паэт больш ня пiша. Паэты ня пiшуць — гэта мэханiчны вынiк больш глыбокай зьявы — паэты маўчаць. Але маўчаньне паэтаў — гэта не маўчаньне паэзii. Тыя, хто мае паэтычны слых, могуць пачуць у гэтай цiшынi нават больш, чым у новых бадзёрых прамаўленьнях. Раптам пачынаюць перачытвацца старыя забытыя вершы. Яны ўжо чытаюцца па-iншаму, не як лiтаратурная прадукцыя, частка агульнага працэсу, не як падстава нацыянальнага гонару (I ў нас ёсьць добрыя паэты!) альбо сораму (Божухна, колькi графаманаў!), яны чытаюцца проста як вершы. Маўчаньне заўсёды гоiць, i паэзiя тут не выключэньне. Прыгадайце свой стан спустошанасьцi, вычарпанасьцi пасьля даўгiх прамаўленьняў, асаблiва калi гэта iстотныя словы, што патанулi ў агульным шуме. Стан маўчаньня, затрымкi, устрыманьня — гэта стан ня толькi сёньняшняй паэзii, гэта стан усёй беларускай лiтаратуры. Лiтаратура нiбы зацiхла перад рэчаiснасьцю, лiтаратура нарэшце дазволiла сабе падзеньне ўглыб. Хiба толькi голас Быкава гучыць з самых прадоньняў беларускай безнадзейнасьцi. А потым у паэтаў зьяўляецца iншы голас — голас ценю.

падаючы ўглыб: гэтыя руiны
праплываюць праз нас, як празь веi сонрэчы,
жужалкi, палiмпсэсты —
кветкi, увязьненыя ў мiнулым —
квiтнеюць, зачароўваюцуь, спавiваюць
гэтыя зажохлыя датыкненьнi, шурпатыя эпiфанii,
цёмнае шчасьце
скамянелае сьвятло
безнадзейнае трываньне
самотная вера»

А вось што думае пра маўчаньне паэтаў паэт, якi не пераставаў пiсаць вершы,

 

Сяржук Сокалаў-Воюш:

«Паэта ня можа не пiсаць. Амаль нiчога не стварыў у часе фiзычнай эмiграцыi Адам Мiцкевiч i, зноў жа, амаль — у часе духовай эмiграцыi — Анатоль Сыс. Але нястворанае на паперы ня ёсьць няствораным наагул. Яно — непрачытанае. Бiяграфii абодвух згаданых паэтаў гавораць самi за сябе. Да гэтых бiяграфiяў можна ставiцца па-рознаму, але нельга адмаўляць, што яны — Бiяграфii, у якiх для нас ёсьць цэнтар — паэзiя, i навакольле, магчыма, не такое паэтычнае для сучасьнiкаў, але цалкам прыймальнае для нашчадкаў.

Паэта ня можа не пiсаць. Наш чалавечы слоўнiк забедны на маўчаньне. Тупое, шматзначнае, немае, таямнiчае — усё гэта эпiтэты. А яно, маўчаньне, нiколi не бывае толькi такiм. Яно, як сьнег у якутаў, якi нiколi не бывае проста сьнегам. Маўчаньне можна пачуць, можна зразумець, але ня можна выказаць. Можа быць, некалi мы цi нашыя нашчадкi, зможам прачытаць маўчаньнi паэтаў i, можа быць, гэтыя маўчаньнi будуць больш генiяльныя, чым пiсаньнi. А можа быць iх i наагул ня трэба будзе чытаць. Прыходзiш у краму i набываеш касэтку, якая называецца «Маўчаньне Адама Глёбуса» i слухаеш. Але пакуль што гэта тэма для фантастаў.

Паэт ня можа не пiсаць. Не пiсаць — гэта тое самае, што ня думаць. У мяне таксама бываюць пэрыяды непiсаньня, але гэта хутчэй сон стомленай музы, чымся ейная адсутнасьць. Заснулае натхненьне не перастае быць натхненьнем, яно сьнiць цалкам паэтычныя сны. Часам прачынаешся i ў галаве рэшыцца толькi што складзенае ў сьне. Дай сабе волi запiсаць сонныя радкi i ранiцай ты зразумееш, што паэта яшчэ ня ўмёр».

Анатоль Сыс, аўтар двух паэтычных зборнiкаў, якiя зьявiлiся ў канцы 80-х, лiчыць, што яго як паэта загубiла слава.

 

Анатоль Сыс:

«Я хадзiў, нос задраўшы: во — Сыс, такiя вершы пiша! Клясык жывы!.. А высьветлiлася, што пакуль быў бел-чырвона-белы сьцяг, трэба было рабiць грунт для будучынi. А шмат хто разважаў гэтаксама, як я. Празявалi — i зьявiўся Лукашэнка».

Апошнi зборнiк Алега Мiнкiна «Расколiна» выйшаў таксама амаль дзесяць гадоў назад. Мiнкiн называе некалькi прычынаў таго, што ён перастаў прысутнiчаць як паэт.

 

Алег Мiнкiн:

«У прынцыпе, я б не сказаў, што я зусiм не пiсаў. А не пiсаў я недзе тры гады — 95, 96, 97. Магчыма, проста згубiў цiкавасьць да сваёй уласнай друкаванай прадукцыi. Можа быць, гэта зьвязана з узростам. Увогуле нецiкава мне стала друкавацца. Цiкавы сам акт творчасьцi.

Канечне, былi й нейкiя духоўныя калiзii, якiя перашкаджалi мне пiсаць. У 80-я гады я належаў да тых людзей, якiя фактычна распачыналi новую хвалю беларускага адраджэньня ў Беларусi. I беларуская iдэя ўяўлялася мне настальгiчнай, прыгожай, паэтычнай, сумнай, сьветлай i г.д. Словам, паэтычнай. Але калi пайшлi гады гэтак званай перабудовы, калi гэтая iдэя пачала ўвасабляцца ў палiтыку, я пабачыў таксама й ейныя нэгатыўныя бакi i як бы згубiў галоўную тэму сваёй творчасьцi. Усе астатнiя тэмы маёй паэзii былi трошкi другарадныя ў параўнаньнi з гэтай. I натуральна, што павiнен быў прайсьцi нейкi час, каб я зразумеў i самога сябе i адчуў, пра што я яшчэ магу пiсаць як асоба, як паэт.

Дарэчы iдэя абароны роднае мовы ў навачаснай паэзii, я бачу, выраджаецца. I гэта заканамерна, што яна ўжо набiла аскомiну i маладзейшыя паэты пiшуць на гэтую тэму ня тое што iранiчна, а фарсава. Гэтак паэзiя апярэджвае жыцьцё. У нейкага бумбамлiтаўца ёсьць твор — наказ Гiла Нiлевiча Толiку, якi пачынаецца так: Любi, Толiк, мову, любi, тваю маць...

Былi таксама й чыста эканамiчнага характару перашкоды. Я пераехаў у Вiльню, у Вiльнi тады быў дзiкi капiталiзм. Я ня бачыў магчымасьцi зарабiць грошы на сваiм прафэсiяналiзме як рэдактар, як паэт, як творца i змушаны быў кармiць сям’ю, яна ў мяне немалая — дзьве дачкi, жонка, усе беспрацоўныя.

Пачынаючы зь мiнулаша году я стаў рэдактарам тутэйшай беларускай газэты «Рунь», заняўся беларускiм кнiгавыданьнем. Таксама пачалi пiсацца вершы новага пляну. Мiж iншым, мне вельмi лёгка пiсаць, калi я пiшу не ад свайго ўласнага iмя, а ад тых асобаў, якiх выдумляю».

На заканчэньне Алег Мiнкiн прачытаў свой новы верш, якi, па-мойму, цалкам мог быць напiсаны i ў 80-я, што, зрэшты не зьнiжае ягонае вартасьцi, але толькi абвастрае маё пытаньне. Верш прысьвечаны вядомаму праваабаронцу i палiтычнаму вязьню Мiхасю Кукабаку.

Пад мурам таго самага мэханiчнага цэху,
Дзе Кукабака вырабляў пратэзы,
Штогод у траўнi зацьвiтаў куст бэзу,
Сарамлiва затуляючы счарнелую цэглу.
Такой нязвыклай i такой сiрочай
Была сярод шкла, бэтону i зялеза
Лiлёвая квецень квiтучага бэзу,
Што Кукабака адводзiў вочы.
На тэрыторыi, абнесенай дротам,
Квiтучага бэзу лiлёвая кiпень
Здавалася Кукабаку дзiвосным выкапнем
Нейкай недарэчнай забытай пяшчоты.
Напэўна, у Кукабакаў задушны закутак
Той, хто ня церпiць нiякага лiшку,
дадаваў штогод пяшчоты крышку,
каб яшчэ яскравей адцянiць пакуту.

Калi казаць пра натхненьне, якое не прыходзiць або пра патрэбу замест вершаў зарабляць грошы на пражыцьцё, — гэта ўсё можа вытлумачыць змаўканьне асобнага чалавека, якi перастаў быць паэтам. Але гэтым нельга растлумачыць зьяву. Калi казаць пра тое, што ў юнацтве шмат хто пiша вершы, але са сталасьцю перастае, — гэта таксама не тлумачыць зьяву, бо гутарка iдзе пра прафэсiйных паэтаў, якiя пераканалiся ва ўласным прызваньнi i атрымалi пацьверджаньне гэтага ад чытачоў. Ставiць пад сумнеў сапраўднасьць гэтых паэтаў таксама не выпадае, бо iхныя вершы дагэтуль чытаюцца, цытуюцца i нават сьпяваюцца. Апошняе яшчэ раз пацьвярджае такую зьяву як паэзiя пакаленьня. Апытаныя мною паэты сталiся аўтарамi вершаў для песень Касi Камоцкай i «Новага Неба» — Глёбус, Бабкоў, Сыс...

Кася Камоцкая — сьпявачка пакаленьня паэтаў, якiя перасталi пiсаць вершы, мяркуе, што ва ўсiм вiнаваты непаэтычны час.

 

Кася Камоцкая:

«Напэўна, як сказаў Глёбус, вершы пiшуцца ў маладосьцi. Напэўна, яны ўжо не адчуваюць сябе такiмi дастаткова маладымi. Але я лiчу, што зараз зусiм непаэтычны час i вершаў ня пiша амаль нiхто.

Мне вельмi шкада, што ня пiша Тацяна Сапач. Я думаю, гэта зьвязана з тым, што яна цяпер жыве ў Вiльнi, у Лiтве. Вельмi шкада, што ня пiша Сыс, што ня пiша Глёбус, бо ўсё ж гэта паэты такога ўзроўню, што тэксты цяперашнiх маладых ня йдуць, на жаль, нi ў якае параўнаньне з тым, што было напiсана раней i як вершы i — адмослова для мяне — як тэксты».

Найбольш верагодным з усiх вытлумачэньняў асабiста мне ўяўляецца тое, што Алег Мiнкiн сказаў пра страту адраджэнскага iдэалу. Нашыя паэты кiнулi пiсаць вершы менавiта ў часы атрыманьня краiнай незалежнасьцi, калi над парлямэнтам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Iдэал палiтызаваўся i зьдзейсьнiўся, г. зн. прапаў. I паэты, якiя высьпельвалi яго на працягу 80-х, адчулi, што iм няма пра што пiсаць. Выходзiць, яны таксама палiтызавалiся. Выходзiць, палiтызавалася самая энэргiя, якой яны напаўнялi свае вершы пра каханьне, пра сьмерць i пра чорную котку, якая танчыць на кухонным стале.

Так закончылася гiсторыя паэзii пакаленьня. Нiхто зь яе ўдзельнiкаў не пакiдае спадзеву. Яны гатовыя да вяртаньня паэзii. Але сёньня, празь дзесяць гадоў, гэта будзе ўжо зусiм iншая лiтаратурная гiсторыя.

Крыт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0