Мiлыя-мiлыя нашанiўцы, а таксама ўсе, хто спрычынiўся да «ARCHE»,

прымiце мае самыя шчырыя вiншаваньнi з навагоднiмi сьвятамi.

Жадаю, каб кожнага году на сьвяточных торцiках вашых выданьняў запальвалася яшчэ па адной сьвечцы i гучала прасьпяванае з добрым оксфардзкiм акцэнтам «Happy Birthday To You!» I каб гэта працягвалася бясконца, з году ў год.

А яшчэ «трэба быць гатовым да ўсяго! Вось чаму ў майго каня на нагах бранзалеты. — А гэта навошта? — пацiкавiлася Алiса. — Каб акулы не ўкусiлi, — адказаў Белы Рыцар».

Трымайцеся, калi ласачка, з усяе сiлы, ды хай вам шчасьцiць i ўсiм разам, i кожнаму паасобку.

Сьнегападу вам таксама — па-беларуску.

Лiда Куратава,
Дружны Менскай вобл.


 Паважаны спадар Рэдактар!

Напярэдаднi Новага году хацеў бы выказаць свае пажаданьнi, меркаваньнi, прапановы i iдэi з мэтай узбагачэньня i ўдасканаленьня «Нашай Нiвы». Адразу прашу прабачэньня, калi нешта будзе наiўным i непрафэсiйным. Усё ад шчырага сэрца.

Першае, нашаму грамадзтву патрэбны Рэдактар. Асоба, якая будзе падтрымлiваць агеньчык сярод цемры, чужых вятроў, варожых уплываў. Рэдактар, якi знойдзе тых рэдкiх людзей, у якiх маецца талент цi проста здольнасьць займацца стварэньнем.

Рэдактар упэўнены, непахiсны, нават фанатычны, Рэдактар як Лёс. Як шчасьлiвая выпадковасьць для тых, хто можа удзельнiчаць у стварэньнi будучынi.

Рэдактар, якi возьме здольнага чалавека — патрыёта i запатрабуе: дай артыкул, аповед, перарабi, перапiшы, папрацуй, папацей, закрэсьлi i напiшы зноў.

Сёньня самая важная наша задача — стварыць сваю знакавую сыстэму, агучыць i зацьвердзiць тыя сыгналы паняцьцяў, значэньняў, якiя вызначаюць сапраўдную iснасьць жыцьця.

Калi ня будзе знакавай сыстэмы — звычайны просты чалавек, дый нават iнтэлiгент, у лепшым выпадку, зразумее маленькую праўду, дробную iсьцiну, але ня створыць сыстэмны сьветапогляд. Звычайны, сярэднi чалавек усё роўна будзе iснаваць у той сыстэме, якую сёньня ствараюць «яны» — прадажныя буржуа.

1. Iнтэрвiю. Хаця б раз на месяц — у вядомых палiтыкаў, грамадзкiх дзеячоў, вядомых людзей: Шушкевiч, Бразаўскас, Краўчук, Гарбачоў, Якаўлеў, Яўлiнскi, Пазьняк, Хадыка, Чыгiр, Замяталiн, Лужкоў, Лукашэнка, Сакрат Яновiч, Васiль Быкаў, Нiл Гiлевiч, Салжанiцын i г.д.

Дзесяць пытаньняў кожнаму пра мiнулае, пра сучаснасьць, пра будучыню. Пра свабоду, пра незалежнасьць («Умацуе Расею зьнiшчэньне незалежнасьцi Беларусi цi, наадварот, аслабiць?» «Што Расеi больш патрэбна: саюзьнiкi цi тэрыторыi?»)

Няхай ня ўсе дадуць гэтае iнтэрвiю, але тым горш для гэтых людзей.

2. Падводзiць вынiкi за год. Лепшы артыкул, лепшы аповед, лепшы верш, лепшы дэбют. Гэта так неабходна маладым талентам. (Ляўрэат газэты «Наша Нiва» за 1998 год — за лепшы публiцыстычны твор цi лепшы аповед). Неабходнае «рэха» для нашых талентаў.

3. Зьвярнуцца да чытачоў з просьбай шукаць словы. Сёньня я пакутую ад таго, што не магу знайсьцi замену словам «пагон», «лампасы», «экран», «камфортны», «вiдэакасэта», «мундзiр», «кнопка», «бранiраваны». Мяне замучыла слова «кастрюля» — я не магу знайсьцi яму адпаведнае беларускае слова.

4. Друкаваць урыўкi дакумэнтальных кнiжак аб гiсторыi Другой сусьветнай вайны: пра жыцьцё Аляксандра Бэрга (цiкава аб лэнд-лiзу, пра Сталiнградзкую бiтву, пра Сталiна). Цi ўспамiны маршала Галаванава — таксама цiкава пра вайну, пра Сталiна.

5. У той жа час можна было б паспрабаваць зазiрнуць у блiжэйшую будучыню: «Успамiны змагара» (пра барацьбу Вызвольнага Руху супраць расейскай акупацыi 1999-2005 гадоў).

6. Зразумела, што рана цi позна «Наша Нiва» будзе забароненая, альбо яны пастараюцца паставiць у «НН» сваiх людзей. Сёньня газэта — адзiнае небясьпечнае для рэжыму i Расейскай iмпэрыi выданьне. Таму трэба было б рыхтаваць выданьне за межамi краiны, лепш за ўсё ў Вiльнi. У Беластоку было б таксама вельмi добра, але думаю, што там занадта шмат агентаў ФСБ i КГБ.

7. Сапраўдная барацьба толькi пачынаецца.

З Новым годам паважанае спадарства!

К.Травень,
Менск


Пра вечнае жыцьцё*

Навошта нам жыць вечна? Адказваючы на гэта, многiя ўдзельнiкi апытаньня сыходзiлi з таго, што вечнасьць прыўнясе ў наша будзённае жыцьцё элемэнт той самай «апатыi», ператворыць чалавека ў расьлiну. Маўляў, асоба, якая будзе iснаваць заўжды, губляе сэнс жыцьця. Аднак ня ўсё так вiдавочна... Я памятаю ў пяцi-сямiгадовым веку: для мяне не йснаваў такi фэномэн як абмежаваньне часам. Сьвята верачы ў тое, што калi й ня ўсе людзi, дык прынамсi я буду йснаваць ЗАЎЖДЫ, я ня ведаў нецiкавых рэчаў, я хацеў ведаць усё i мне ўвесь час не ставала часу на гульнi, бо заўтра трэба было вяртаць у бiблятэку чарговую кнiгу, выдадзеную таварыствам «Веды». Упэўнены, што тое самае можа распавесьцi пра сябе кожны чытач. Але... Праходзiць час i ўсё зьмяняецца. Мы асэнсоўваем, што такое «deadline», мы, як у той задачцы па лёгiцы, пачынаем ВЫБIРАЦЬ памiж рознымi варыянтамi, памiж большай цi меншай выгадай. Мы пачынаем глядзець на гэтае жыцьцё з гледзiшча ПОСЬПЕХУ — кар’еры... Нас перастаюць цiкавiць Веды, нас цiкавяць —Навукi. Мы перастаем быць людзьмi i ператвараемся ў Home-guided Missiles, адзiная мэта йснаваньня якiх —патрапiць сабою ў нейкую Цэль. Асобныя з нас успрымаюць гэтую мэтафару лiтаральна i пачынаюць хадзiць па трупах, верачы толькi ў адну iсьцiну — Winner Takes It All. Я не кажу, што вечнае жыцьцё ператварыла б чалавечую цывiлiзацыю ў Плятонава царства фiлёзафаў, але яно магло б зьмянiць чалавечую натуру ў лепшы бок. Цi хочаце вы жыць вечна?.. Так, я хацеў бы жыць вечна.

Яўген Матусевiч

*22 нумар «НН» летась (23 лiстапада) быў прысьвечаны гэтай тэме.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0