Лiсты ў рэдакцыю


 

Добры дзень, паважаная рэдакцыя!

Не хацелася б свой лiст пачынаць банальнымi словамi, але, здаецца, шчырыя словы нiколi ня стануць зацёртымi. Так, менавiта дзякуючы «Нашай Нiве» фармуецца аб’ектыўны погляд на жыцьцё Беларусi ў «паралельным часе». Менавiта дзякуючы «Нашай Нiве» пачынаеш усьведамляць, што сёньняшняя ўлада ў Беларусi — гэта толькi «вяршыня айсбэргу», а каранi трэба шукаць нашмат глыбей. I, нарэшце, дзякуючы «Нашай Нiве» адчуваеш сапраўдную мiлагучнасьць i прыгажосьць роднага слова. Бо, нягледзячы на ўсю павагу да мовазнаўчага падыходу да гэтай праблемы, нельга не пагадзiцца, што менавiта «тарашкевiца» гучыць сапраўды самабытна i мiлагучна ў параўнаньнi з «наркомаўкай».

Вялiкi дзякуй яшчэ раз за вашую нялёгкую працу.

З павагай,

Людмiла Гулюк, Баранавiчы


Credo лемiнгаў

У шапiку каля аптэкi купляю «Нашу Нiву». Недзе робяць тое самае яшчэ тры тысячы дзiвакоў. Каб мець магчымасьць сказаць сваё беларускае: «Я ёсьць!», яны выпускаюць i чытаюць сваю газэту.

Пра яе ня ведаюць дзесяць мiльёнаў грамадзянаў Беларусi. Пра яе ня ведаюць сем мiльёнаў пашпартных беларусаў. Пра яе ня ведае мiльён беларусаў, што на рэфэрэндуме галасаваў за сваю мову i сьцяг.

У невядомай нацыi газэце напiсаў Павал Севярынец пра сваю нацыянальную iдэю. Гэта файна. Гэта тыпова. У мяне таксама ёсьць някепская нацыянальная iдэя. Час заняцца iманэнтнай i пэрманэнтнай крытыкай дыскурсу й кантэксту, аналiзам мэнтальнасьцi й танальнасьцi, гермэнэўтыкай, прапэдэўтыкай i ўсiмi астатнiмi трансцэндэнтнымi жыцьцю штукамi нашага адзiнага выданьня й ягоных самотных, але ўпартых чытачоў.

Здаецца мне, што пра першы схадняк рэвалюцыянэраў у Менску нацыя даведалася хiба што з «Кароткага курсу гiсторыi ВКП(б)». Ня ведала яна i пра ад’езд з Магiлёва цара-бацюхны. Да падзеяў у Вiскулёх таксама мала спрычынiлася, бо нiкога туды не пасылала й не запрашала. Яна спрадвек не зважала на розную валтузьню, балазе хапала ўласных праблемаў.

Людзям увесь час даводзiцца працаваць i гадаваць дзяцей. А калi слухаць усiх начальнiкаў, рэвалюцыянэраў i iншых, дык на сваё часу не застанецца.

Волатам i героям увесь час карцiць праведныя войны весьцi, палацы будаваць. Каб гiнуць на войнах i на будоўлях у iх часу не застаецца. А ў тых, каго яны прымусiлi цi спакусiлi, не застаецца часу, каб рабiць сваё, марыць i кахаць. Ён жа не адзiн, мабыць, пёрся з Усходу на Захад у 13 стагодзьдзi, той Тамэрлян, цi то Чынгiс-хан.

Навошта беларусу iхныя цэнтралiзацыя й iнквiзыцыя. Зь ведзьмаком можна й самому разабрацца. Гэтак i рабiлi. Усё гэтак рабiлi. Сапраўды, бязь межаў. Там, дзе не перашкаджалi рабiць тое, што самому хацелася, а ня тое, што мусiў зь нечай волi. Пераўтваралi сябе. Гэта высака ацэньвалi падданыя дэспатыяў.

Натуральна, што дэспаты вар’яцелi ад уласнай няздольнасьцi прымусiць нашых людзей марыць аб велiчы iмпэрыяў, ды й шчыра, з уласнай волi ахвяраваць нешта тым iмпэрыям. Зь беларусаў як нi зьдзеквалiся, а яны ўсё працягвалi жыць дзеля сябе й сваiх дзяцей. Жыць як iм самiм хочацца. А iмпэрыi й правадыры заставалiся заўсёды альбо сродкам, альбо перашкодай на шляху да ягонай мары.

А будаўнiкi iмпэрыяў усё нiяк не супакояцца, усё спрабуюць пераканаць, што я за нешта павiнен адказваць: за посьпехi сацыялiстычнага будаўнiцтва, за Адраджэньне, за вынiкi выбараў, за мову, за сэрбаў, за рынкавы сацыялiзм, за нейкую трасцу, за аднаго беларуса, што зь дзяцiнства марыў стаць самым галоўным.

Яму гэтак хочацца, ён гэтак i робiць. Абы мяне не чапаў. У гэтым сэнсе кожны беларус — глябальны фактар, бо ўпарты. Усё вызначаецца адно маштабам мары. Бо яму нiякiм чынам не давесьцi, што «гэтак ня робяць». Хiба мацi пераканае, альбо жонка, альбо дзецi.

Пад канец свайго артыкула зусiм дапёк мяне спадар Севярынец: «Беларусь чакае вялiкая будучыня». Не! У чаканьнi будучынi ёсьць нешта нэўратычнае.

Беларусь проста ЖЫВЕ. Яна ня МОЖА ведаць, калi нарадзiлася, яна нiколi не зьбiралася й не зьбiраецца памiраць. Бо людзi, што насяляюць краiну, у большасьцi сваёй iмкнуцца ЖЫЦЬ ДЗЕЛЯ СЯБЕ.

А хто хоча жыць iнакш у нашай краiне, жыве цяжка. Як сабе хоча.

Дарэчы, ёсьць такiя маленькiя зьвярунчыкi — лемiнгi. Яны зьбiраюцца ў вялiзныя чароды й разам iдуць тапiцца. Мабыць ня ўсе, бо ўжо даўно б зьвялiся. Мне больш даспадобы тыя, што ня йдуць з усiмi, а працягваюць грызьцi сваю траўку. Навошта iм быць тапельцамi, аленямi цi ваўкамi, калi можна быць тым, кiм ты ёсьць.

Навошта нам быць кiмсьцi, калi найлепей быць беларусам?!

А ў астатнiм — усё, як у Пазьняка.

Павал Залескi, Менск


Baltic font

Рanoыnaja «Naрa Niva»!

Dasyщaju vam svoj list, i adrazu praрu zaznaиyг, рto jon nadrukavany na kamputary. Jak baиycie, nadrukavany jon bieщaruskaj щacinkaj, a nia niejkaj tam anhielska-bieщaruskaj trasiankaj. Heta ыsio chщuъnia, рto na kamputary nielha karystacca bieщaruskaj щacinkaj. Dla иaщavieka, jaki choг kryрaиku ыmieje pracavaг na kamputary, tut niama vialikich ciaюkaъciaы. Treba tolki mieг adpaviednyja рryfty. Dla vykarystoыvaсnia щacinki dastatkova skarystoыvaг centralna-eыrapiejskija рryfty, prykщadam, Times New Roman CE, jakim nadrukavany hety list. Takoj щacinkaj biez prablemaы moюna karystacca i ы Internecie.

Prapanoыvaг novuju «eksperymentalnuju» щacinku mohuг ludzi, jakija tolki i ыmiejuг, рto ы hulni hulaг na kamputary. Heta zdradniki, jakija, sutyknuырysia к pierрymi ciaюkaъciami, uюo hatovyja prynieъci ы achviaru tupoj, biazhщuzdaj, nabitaj mikraschiemami skryncy Rodnuju Movu.

Chaиu taksama adznaиyг, рto ыsie nacyi biez prablemaы karystajucca kamputaram (navat kitajcy dy japoncy prystasavali kamputary pad svaje hierohlify). Narmalnyja ludzi zaыsiody prystasoыvajuг kamputary pad movu, a nie naadvarot — movu pad kamputary.

Jaыhien Щabasienka,
siabra Mahileыskaj haradzkoj arhanizacyji Maщadziovaha Chryъcijanska-Sacyjalnaha Sajuzu


 

???

Што з намi здарылася? Чаму гэтак сталася, што мы згубiлi ўсе нашыя невялiчкiя набыткi? Калi гэта ўсё скончыцца?

Шмат такiх пытаньняў, але адказваць на iх няма анiякага сэнсу — калi пачнеш, дык у той жа момант згубiш цiкавасьць да ўсяго: да жыцьця, каханьня i нават сьмерцi. Вiдаць, так у нас, беларусаў, створаныя мазгi — каб мы былi разумнымi, старанна працавалi, а адказаць на пытаньнi, якiя тычацца нас самiх, ня можам.

Прыйдзеш увечары з працы дахаты, як заўжды вынеш з паштовай скрынi адну-дзьве апазыцыйныя газэты, прагледзiш, паразважаеш, якiя ўсе дурнi i што адзiн толькi ты найразумнейшы, i адразу рука цягнецца, каб уключыць сапраўдны наркотык 20-га стагодзьдзя — тэлевiзар. Прыкладна праз дваццаць хвiлiнаў прагляду разумееш, што тое глядзець немагчыма, бо расейскiя навiны, Бора Маiсееў, Шурб, гэта ўсё не для цябе, бо ты прагнеш свайго — беларускага. Тады ты зноў бярэш любiмыя газэты, каб знайсьцi там радзiмыя, прыгожыя, шчырыя словы.

... Але што здарылася — у газэтах, якiя прэтэндуюць на вядучую ролю ў беларускiм адраджэньнi, каля 65% артыкулаў надрукавана моваю, супраць якой, па-сутнасьцi, яны мусяць весьцi бойку. Навошта гэта? Каму гэта патрэбна? Якую нац. iдэю мы мусiм стварыць такiм чынам?

Зноў пытаньнi, зноў няма чаго адказаць...

Вось такое, панове, атрымлiваецца Адраджэньне. Цiкава, што будзе далей? А-а! Ведаю. Будзе такая Незалежная Рэспублiка Пытальнiкаў. Гербам краiны будзе, вядома, па-мастацку ўпрыгожаны пытальнiк. Праз колькi гадоў i самi беларусы пачнуць спачатку здалёк, але й потым зблiзку, нагадваць пытальнiк. Цiкавая атрымаецца нацыя. Галоўнае — звонку адметная, будуць усе пазнаваць, нават можна ганарыцца.

P.S. Вам не падабаецца такая будучыня? Мне дык не. Але што рабiць?

Сяржук Быкаў, Менск


 

ЕДНАСЬЦЬ

Кожная жывёла, птушка, рыба i чалавек маюць сваю тэрыторыю пражываньня. Iстоты, якiя пражываюць на тэрыторыi, аб’ядноўваюцца нябачнымi пачуцьцямi еднасьцi.

Еднасьць — такi духоўны стан, калi адушаўлёная iстота любiць i разумее ўсё, што знаходзiцца вакол: лес, паветра, дарогу, траву, поле, дзяцей, што бягуць па сьцяжынцы ў школу, самаход, што пылiць па дарозе, хмары, што на iмгненьне засланiлi сонца i самое сонца...

Еднасьць iдзе ад разуменьня, ад любовi...

Якую еднасьць, якую любоў можа прапанаваць нам Улада?

Любiць Расею, яе гiсторыю, яе мову, яе пiсьменьнiкаў, яе перамогi й яе паразы — значыць, не любiць сябе, сваю мову, сваю гiсторыю, сваiх продкаў, сваiх дзяцей, свой лёс, сваю дарогу, поле, сваё Сонца.

Калi не любiць сябе, значыць, не абараняць сябе, не клапацiцца пра сябе, гэта значыць — думаць i трацiць свае разумовыя i фiзычныя сiлы на клопаты пра некага. Але так не бывае, кожная жывая iстота ёсьць «суб’ектам аўтаномнага iснаваньня», i яе найпершы абавязак, першы закон iснаваньня — падтрыманьне свайго жыцьця на ўзроўнi, неабходным для выжываньня i працягу роду. Спачатку маё «я» абавязана «ўсё» зрабiць для сябе, зрабiўшы гэта «ўсё», маё «я» можа нешта рабiць i для iншага, для сябра, таварыша, чалавецтва.

Калi маё «я», памiраючы ад голаду, аддае апошнi кавалак iншаму «суб’екту аўтаномнага iснаваньня», то гэтае «я» ня проста памыляецца, яно робiць злачынства. Апошнi кавалак трэба аддаць сваiм дзецям — як працягу свайго «я», жонцы — як паловы свайго «я», чалавеку з свайго народу — больш карыснага для сябе, для ўмацаваньня свайго роду, i гэта высакародна, патрыятычна i прагматычна.

Цяперашняя антыўлада, карыстаецца ўсiмi сродкамi кiраваньня, замбiруе нас, каб мы жылi не па законах любовi, а па законах варожасьцi. Але гэтыя законы варожасьцi разбураюць еднасьць.

У гэтай супярэчнасьцi — калi маё «я» ня любiць сябе, не абараняе сябе, не клапоцiцца пра сябе, iснуе Дамiнанта Разбурэньня.

Д.Р. — гэта калi нашае «я» пачынае не любiць альбо страчвае пачуцьцё Бацькаўшчыны, ня ведае жыцьця сваiх продкаў, дзядоў i прадзедаў, i таму лёгка згаджаецца выконваць загады чужынцаў i разбурае старажытныя збудаваньнi, зьнiшчае асяродзьдзе, будуе сьвiнакомплексы.

«Я» ператвараецца ў «яно», якое пачынае крок за крокам iсьцi па дарозе разбурэньня. «Яно» пачынае не любiць суседзяў —адзiн зь iх быццам бы захапiў 10 см яго гароду, другi чытае «Нашу Нiву», трэцi шмат працуе i таму добра жыве. Потым «яно» пачынае не любiць жонку, яе радню, бо яны бурчаць i вымагаюць, каб «яно» займлася справай, зарабляла грошы, умацоўвала дабрабыт сям’i.

Затым наша «яно» — ужо не чалавек, не «суб’ект аўтаномнага iснаваньня», ня любiць сябе, сваё iснаваньне, сваё пустое жыцьцё. За што яго любiць — гэткае жыцьцё. «Яно» ператвараецца ў алькаголiка, бамжа, наркамана, самагубцу.

Калянiяльная адмiнiстрацыя хоча, каб мы былi еднымi з расiянамi, гэта значыць, з башкiрамi, удмуртамi, казакамi, адыгеямi, тулякамi i сiбiракамi. Але маё «я» ня можа быць едным нават з рускiмi — яны вялiкiя, мы малыя. Яны азiяты, мы эўрапейцы.

Мы хочам Любовi. Еднасьцi, утульнасьцi, захаваньня прыроднага асяродзьдзя, прывабнасьцi, памяркоўнасьцi, згоды.

Яны, рускiя, хочуць быць Вялiкiмi, уладарнымi, хочуць iснаваць, хочуць быць мэсiянскiм народам.

Шлях да Еднасьцi — гэта шлях Любовi. Любоў як iскрынка ўзьнiкае з малага, i каб яна разгарэлася i стала еднасьцю народу, патрэбныя такiя дзеяньнi й словы, якiя аб’ядноўваюць усiх, хто жыве на зямлi Бацькаўшчыны. Радзiма бязь еднасьцi ператвараецца ў тэрыторыю пражываньня, дзе нiхто нi за што не адказвае. Трэба нешта зрабiць для Радзiмы, стварыць Нацыянальны Ўнiвэрсытэт, пасадзiць i ўзрасьцiць лес, пабудаваць прыгожы дом, вырошчваць хлеб, акрамя гэтага, трэба ведаць гiсторыю свайго краю, яго звычкi, характар, мову як iнструмэнт спазнаньня сусьвету i адлюстраваньня сусьвету ў мiкракосмасе нашага «я».

Чалавек любiць сябе, любiць вынiкi сваiх намаганьняў, свае перамогi, ён зрабiў Радзiму лепшай, ён вызначыў сябе ў рэчаiснасьцi. Ён Творца! Шлях стварэньня ператварае тэрыторыю ў Радзiму!

Сучасны гiстарычны час патрабуе ад народаў былога Саюзу, як «суб’ектаў аўтаномнага iснаваньня», самастойных намаганьняў дзеля свайго выжываньня, што зьяўляецца першым i самым галоўным Законам жыцьця.

Любы «суб’ект аўтаномнага iснаваньня», цi гэта дзяржава цi чалавек, якi страчвае сваё жыцьцёвае асяродзьдзе, сваю тэрыторыю, свой дом — вымушаны загiнуць. У сусьвеце дзейнiчае барацьба за iснаваньне i ня проста за Права на iснаваньне, але бязьлiтасны Закон Барацьбы за фiзычнае выжываньне. Вось адсюль, ад гэтай барацьбы за выжываньне, ад «тэрыторыi пражываньня», ад еднасьцi i пачынаюцца вытокi Нацыянальнай iдэi!

Кастусь Травень, Менск


Добры дзень, паважаная «Наша Нiва»!

Вiншую з усiмi мiнулымi сьвятамi. Дзякуй за аднаўленьне «паштовай скрынкi».

Хацелася б выказаць сваю згоду з прапановамi К.Траўня (НН №1(122)): за выняткам толькi iнтэрвiю ў палiтыкаў (якая розьнiца, што яны думаюць пра свабоду i незалежнасьць? Галоўнае — што яны здольныя зрабiць. Але гэтага ад iх не пачуеш — на тое яны i палiтыкi), друкаваньня ўрыўкаў пра вайну, пра Сталiна (да гэтага стаўлюся абыякава) i неадкладнага перабазаваньня «НН» у Вiльню (закрыцьцё газэты мажлiвае, але нельга сказаць, каб немiнучае; адступленьне найлепшай абаронай нiколi не было; уладам будзе зручней канфiскоўваць газэту на мяжы. Праўда, калi рэдакцыя ведае (або К.Травень можа паведамiць) патаемную сьцежку празь лес...)

Да пабачэньня,

Сяргей Карбоўскi, Менск


Прывiтаньне Вам!

Мяне завуць Дэвiд, я служу малодшым капралам у паветраных сiлах ЗША. Там я вучыўся беларускай мовы на працягу аднаго году ў Вашынгтоне. Спадзяюся, што вы можаце разумець, што я пiшу. Хачу вам паведамiць, што чытаю «Нашу Нiву» амаль ня кожны дзень. Для мяне гэта вельмi карысны рэсурс. Дзякуй вам!

Дэвiд Малонi, ЗША


Шаноўнае спадарства!

Цудоўна разумею, што гэты мой матэрыял, нават не гаворачы аб ягонай вартасьцi, дасланы зусiм ня ў час — позна й раптоўна. Але... Учора ў «Акадэмкнiзе» расчынiлася мастацкая выстава. Мастак — Алесь Лубнеўскi. Сябра Саюзу Мастакоў Беларусi, але гэта мала аб чым гаворыць. Адзiн зь вельмi нямногiх, хто працуе сёньня ў Беларусi ў рэчышчы рэалiзму. Але шмат для каго ягоныя пэйзажы — лiчыце сымбаль Беларусi. Пэрсанальная, асабiстая выстава Алеся першая, хоць яму ўжо за трыццаць, i мастак ён ужо сталы. Губляць гэткi талент для Беларусi ня толькi неразумна, але й проста заганна. Але хлопцу трэба дапамагчы, тое, што сёньня называецца «раскруцiць». Дасылаю сваю хуткую спробу водгуку на выставу. Прычым нi ганарар, нi маё ймя пад публікацыяй мяне зараз не цiкавяць. Калi мая занатоўка, на вашую думку, — дрэнь, дык можа няхай хто з вашых больш сталых аўтараў наведае выставу ды зробiць нешта больш прыдатнае да друку? Бо справа тут, на мой пагляд, сьвятая.


Адбiтак душы

15 студзеня ў адной з заляў адноўленай «Акадэмкнiгi», што на рагу Скарынаўскага праспэкту й вулiцы Сурганава, расчынiлася невялiчкая, крыху зацiснутая ў кут стракатымi кнiжнымi вокладкамi, але пекная й шчырая выстава жывапiсу Алеся Лубнеўскага.

Ты любiш дождж? Задумлiвы й нетаропкi, якi мiлагучна й аднолькава цярусiць на старыя замёрлыя хаты, заiмшэлыя, нiбы адвечныя хлявушкi й пунi, цыбатыя недарэчныя азяроды ды зелянiсты веснавы дзёран на шэрым вялейскiм пяску. Ягоныя халодныя кроплi драбязою мiтусяцца ў смуготным паветры, шалёна хапаюць апошнiя глыткi вiрлiвага неба й боязка скачуць у падманлiвы, напяты спакой даўгiх дарожных лужын. Бачыш? Вунь зь цяжкое шэрасьцi далягляду нараджаюцца важкiя хмары й, нiбыта халодныя акiянскiя хвалi, уздымаюцца, накатваюцца, прыцiскаюць, але раптоўна растаюць над тваёй галавой, рассыпаюцца мiльёнам вадзяных зьнiчак. Пранiзьлiвы вецер шнырае вакол, горне да зямлi кволыя сьцяблiнкi травы, гушкае цьмянае гальлё яблынь. Дождж. Але табе цёпла i ўтульна, бо гэта твой дождж:

Ты любiш сонца? Ласкавае, пекнае, шчырае сонейка. Памятаеш? Ягоныя цёплыя прамянi спачатку зусiм асьцярожна кранаюць векавое бярвеньне дзедавае хаты. Амаль прытуленая да сьцяны, скалелая за ноч яблыня яшчэ раз-пораз кiдае празрыстыя кроплi расы на прымгнулы дол, а цёплыя сонечныя рукi ўжо лашчаць старое, пабiтае часам ды шашалем дрэва чалавечага жытла. Чуеш? Твая душа йрвецца са зьледзянелага бэтону гораду, закутага ў асфальтавыя кайданы й залiтага зьмярцьвелым нэонавым сьвятлом, на тое, сьвятое для цябе дварышча, дзе жывое сонейка рассыпала свае цёплыя залатыя косы па сакавiтым яблынавым лiсьцi, мокрай ранiшняй траве й тваёй дзiцячай душы. Рэшта мiнулага дня дагарае за даляглядам, кiдаючы на сiнеючае неба блiскавiцы барвовага полымя. Ты сядзiш на старой прызьбе, прытулiўшы стомлены голаў да цёплага бярвеньня. Лёгенькi вечаровы ветрык лашчыцца каля тваiх ног. Салодка пахне бэзам.

Андрэй Захаранка, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0