«Ад Полацка пачаўся сьвет»

Мяне па сёньняшнi дзень зьдзiўляе, што нiводнае цэнтральнае выданьне ня мае ўласных карэспандэнтаў у Полацку (за выключэньнем «Нашай Нiвы»). На гэтую тэму гадоў пяць таму я меў размову з тагачасным рэдактарам «Свабоды». «Вось калi б карэспандэнт жыў у Вiцебску, абласным цэнтры, мы б падумалi, узяць цi ня ўзяць, а ў Полацку...» Гэткую ж пазыцыю, напэўна маюць i астатнiя рэдактары як незалежных, так i залежных газэтаў. Нягледзячы на легендарную славу гораду на Дзьвiне, самага старажытнага места Беларусi, сёньняшнi Полацак усё адно ўспрымаецца, нават нацыянальнай элiтай, як нешта правiнцыйнае, другараднае, маргiнальнае. З Полацка зрабiлi гiстарычны сувэнiр, старажытную мумiю, якая, нiбыта, ня здольная эфэктыўна функцыянаваць у сучасным сьвеце. Прыехаць, пакланiцца сьвятой Эўфрасiнi, падзiвiцца зь велiчы сабора сьв. Сафii, наведаць мясцовыя музэi, пакiнуць у кнiзе водгукаў пару пяшчотных словаў падзякi i зьехаць да кiпучых справаў i вiрлiвага жыцьця...

Цяжка ўявiць, каб якая-небудзь больш-менш уплывовая газэта Польшчы ня мела карпункту ў Кракаве, старой сталiцы Рэчы Паспалiтай, захоўнiцы падставовых традыцыяў краiны. Вядома, сёньняшнi Полацак цяжка параўнаць зь сёньняшнiм Кракавам. Але жыцьцё настолькi хуткаплыннае, што немагчыма прадказаць, што з чым можна будзе параўноўваць заўтра.

Полацак — самы галоўны духовы рэсурс Беларусi. Як кажа Рыгор Барадулiн у сваiм вершы «Полацкi мэнталiтэт»: «Ад Полацка пачаўся сьвет». Беларускi сьвет. Крынiца заўсёды захоўвае тую духовую сiлу, якой жывiць надалей да скону. Цi можна ператвараць крынiцу ў мэмарыял? Поруч з Хатыньню, Курганам Славы, Курапатамi... Крынiца павiнна бруiць. Даваць спатолю. Сваiмi iн’екцыямi вярэдзiць зьнявераныя душы. I калi гэтага не разумеюць нацыянальныя лiдэры, дык увогуле цяжка ўцямiць, за што яны змагаюцца i што будуюць.

Вось нiбыта «ЛiМ» адчуў неабходнасьць друкаваць iнфармацыю з рэгiёнаў i з тае нагоды зрабiў адмысловую калёнку на сваёй трэцяй старонцы «Абсягi». Але мне дзiўна чытаць полацкiя культурнiцкiя навiны пад рубрыкай «Вiцебск...» Як патлумачыць? Каб не парушыць адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльны падзел краiны цi — як гэта гучыць па-новаму — вэртыкальнае падпарадкаваньне? Але Полацак у культурным пляне не падпарадкоўваецца анi Вiцебску, анi Менску.

Напэўна, гэткiя ж патрабаваньнi могуць выставiць i iншыя славутыя гарады Беларусi, якiя за апошнiя два стагодзьдзi былi ператвораныя ў правiнцыйныя мястэчкi: Наваградак, Нясьвiж... Наша агульная справа дапамагчы iм акрыяць. I не апошнюю ролю ў тым могуць адыграць пэрыядычныя выданьнi. Актуалiзацыя культурнiцкага жыцьця гэтых гарадоў па-iншаму пераўсталяваць культурнае жыцьцё ўсёй Беларусi. Сёньня яно боўтаецца ў паветры памiж Смаленскам i Краснадарам, памiж кубанскiмi казакамi i сэрбскiмi праваслаўнымi, памiж «Славянскiм базарам» i «Вiцезем» у плюшавай шкуры. Усе iнiцыятывы Менску ператвараюцца ў часовыя мерапрыемствы з нагоды юбiлеяў i пагаршэньня жыцьцёвых умоваў.

Трэба расчысьцiць старыя крынiцы. Штучна зрабiць новую крынiцу немагчыма.

Паважныя газэты на Захадзе маюць уласных карэспандэнтаў ва ўсiх буйных краiнах сьвету. Паважныя беларускiя газэты павiнны мець карэспандэнтаў ва ўсiх знакавых гарадах Беларусi.

Алесь Аркуш

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0