Хiтрыкi вучыцеля

Сама назва гэтае кнiгi — «Мяне няма» — ужо разьлiчаная на правакацыю чытача. Але назваю тое не сканчаецца. Першыя словы першага пасьля прадмовы тэксту: «Не было, каб я чуў ад некага: люблю Мiнск».

Па-першае, ня верыцца; па-другое, пасыл падаецца занадта адвольным, каб на iм выбудоўваць наступныя развагi. Па-трэцяе, аўтар дысквалiфiкуе сябе як лiтаратурнага крытыка. Згадаем хоць бы словы Караткевiча пра Менск: «... ён прыўкрасны. У кожны час дня i ночы, у кожную пару года. А будзе яшчэ лепшым». Прыгадаем кнiгi Сыракомлi, Шпiлеўскага, урэшце Пазьняка. А затым — цэлы россып вершаў i песень. «Родны мой горад, любоў мая»...

Можа, каб у тэксьце замест слова «Мiнск», стаяла слова «Менск», высновы аўтара былi б iншыя. Мiнск зусiм не Мэдына, роўна ж як i Мэкка — ня Вiльнюс. Гэта Вiльня, паводле Жылкi, крывiцкая Мэкка. I менавiта МЕНСКУ, гэтага трансцэндэнтнага места, ня можа ня быць, бо ёсьць Беларусь, якая ў iм матэрыялiзавалася ад Слова. I гэтае Слова было — Незалежнасьць.

Акудовiч пiша: «Мiнск пазбаўлены ўцэнтраванага ў структуру прасторы сымбалiчнага мiту, паэтычнай дамiнанты, сярэдзiны самога сябе...» А гара Верхняга гораду, дзе ад каталiцкай Катэдры да праваслаўнай трыста крокаў, — цi ня ёсьць i Альфаю, i Амэгаю? Больш вiдавочны i канкрэтны сымбаль прыдумаць цяжка. Але Акудовiч прагне эпатажу, выбiраючы ўсё мацнейшыя словы: «Мiнск — места адзiнокiх самотнiкаў, у якiм самагубцаў больш, чым дзе».

Таксама ня верыцца. Бо не ўяўляецца анi Парыж, анi Лёндан без самотнiкаў, без самагубцаў, як распаўсюджанага тыпажа. Розьнiца ў тым, што МIНСК — самагубца сам, якi мэтадычна зьнiшчае самога сябе фiзычна i калi-небудзь ён завершыць гэтую работу, саступiўшы месца МЕНСКУ, якi жыве толькi з нашае любовi. Як зь любовi Шагала перахаваўся Вiцебск.

Што да Марка Шагала, дык тут аўтар ня ставiць пад сумнеў iснаваньне Вiцебску. Тут Акудовiч сумняваецца на iншы прадмет. Наколькi Шагал — фэномэн беларускi: «этнiчна —гэбрай, сацыяльна — расеец, эстэтычна — эўрапеец, духоўна —касмапалiт)». Сам Шагал пра сябе пiсаў: «я малiў свайго прадзеда, якi расьпiсаў сынагогу, падараваць майму пэндзлю хоць адзiную кроплю жыдоўскае сапраўднасьцi». Значыць, i этнiчна, i эстэтычна, i духоўна Шагал перадусiм быў габрэем. А сацыяльна паходзiў з габрэяў-паўпралетарыяў... Паводле сусьветных дэфiнiцыяў Шагал — францускi мастак, родам з Расеi. Ягонае расейскае грамадзянства гэтаксама не аспрэчыць, як, напрыклад, польскае — беларускага мастака Тарасэвiча. Але тое, што гэты габрэй-мастак быў у Вiцебску «абшарнiкам Вялiкае Расеi», — такога да Акудовiча не прыдумаў нiхто...

Мiрскi замак, Эйфэлева вежа i пiрамiда Хэопса знаходзяцца, на думку Акудовiча, на аднолькавай адлегласьцi ад гледача тэлевiзара. I гэта слушна, калi глядач сядзiць ля тэлевiзара ў Сант’яга альбо ў Манiле. Француз жа выдатна ведае, хто такi Эйфэль, а Мiрскi замак для большасьцi беларусаў да сёньня — абстракцыя, якую тэлевiзар нiяк не наблiзiў.

«Мяне няма», «Горад, якога няма», «Не было, няма i ня будзе»... Калi б Валянцiн Акудовiч быў школьным настаўнiкам, можна было б падумаць, што ён правакуе вучняў на абвяржэньне сваiх вiдавочных iнтэлектуальных правакацыяў. Вучнi мусяць абвергнуць хiтрага мэтра, а ён задаволена ўсьмiхнецца: «Рацыя». Толькi пры чым тут «Сучаснае мысьленьне»?

C.X.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0