Алесь Кебiк
Сучаснае мысьленьне
Сучаснае мысьленьне ня ставiць пытаньня пра сэнс жыцьця або, як пiсаў Камю, пра тое, цi вартае жыцьцё таго, каб быць пражытым. Сучаснае мысьленьне цяжка ўявiць сабе як прафэсiю. Доктар фiлязофскiх навук — гэта той, хто абазнаны ў гiсторыi фiлязофii, але ён зусiм не ўспрымаецца жывым мысьляром, ад якога сучасьнiкi чакаюць якогась лёсаноснага павароту думкi, як чакалi яшчэ ад Хайдэгера. Сучаснае мысьленьне блукае ў стракатых скопiшчах постмадэрнiзму i кампiлюе, спрабуе спалучыць неспалучальнае. Як у краiне на пераломным этапе iдзе перадзел уласнасьцi, так у фiлязофii, эстэтыцы i маралi адбываецца перадзел уяўленьняў. Мысьляры й мастакi цягнуцца да самых яркiх i выразных пэрсанажаў гiсторыi i сучаснасьцi. Палемiка вакол iмя i асобы Пiначэта мiжволi набывае характар жывога сучаснага мысьленьня. У нашай сытуацыi залiшняя палiтызаванасьць журналiстаў замiнае iм з такiм самым пафасам i абагульненьнем абдумваць сытуацыю, у якую трапiў старшыня калгасу Старавойтаў, хоць матэрыял нiбы сам просiць аб гэтым.
Мiж iншым, параўнаньне гэтых двух лёсаў — Пiначэта i Старавойтава — таксама кампiляцыя, праўда, я б не назваў яе постмадэрнiсцкай, бо постмадэрнiзм адразу зьнiкае адтуль, дзе зьяўляецца лёгiка. Увесь сьвет лютуе або пратэстуе ў справе Пiначэта, хоць у Гiшпанii, дзе яго мусяць судзiць, пасьля 70 гадоў турэмнае зьняволеньне не прадугледжана. Гэта значыць, што Пiначэту ў кожным разе гварантаваная спакойная старасьць i магчымасьць апраўдваць перад уласным народам свой жыцьцёвы выбар. У той самы час ягоны раўналетак Старавойтаў яшчэ да суда сядзiць у жалезнай клетцы ва ўласнай краiне, дзе паважны ўзрост не зьяўляецца аргумэнтам. Чым не матэрыял для сучаснага мысьленьня пра ўласную нацыю, чый лiдэр пры гэтым умудраецца знаходзiць сабе падтрымку найперш менавiта сярод пэнсiянэраў?..
Напэўна, невыпадковы i пашыраны сёньня зварот да асобы Гiтлера. Адразу два новыя фiльмы выйшлi ў сьвет: дакумэнтальны беларускi «Дамова з Гiтлерам» Уладзiмера Коласа i мастацкi расейскi «Мiстэрыя гары» Арабава i Сакурава.
Напачатку 1997-га зьвярталася да гэтае асобы i «НН». «Гiтлер — «вялiкi» цi кожны з нас?» — называўся артыкул:
«Сёньняшняя «хваля Гiтлера» трапляе на добры момант глябальных пераацэнак. Адно з пытаньняў, якiя ставiць сучасная кiнематаграфiчная i кнiжная «гiтлерыяна», — цi быў Гiтлер вялiкiм?»
Гiтлер абагаўляў спорт. Можна ў прынцыпе зразумець, чаму прэзыдэнт Лукашэнка пераасэнсоўвае сёньня Гiтлера. I гэта таксама частка сучаснага мысьленьня.
Леў Талстой перад сьмерцю надта перажываў, што напiсаў столькi тоўстых кнiжак, а ў чалавеку нiчога не зьмянiлася, не палепшылася. Магчыма, за такое iмкненьне палепшыць чалавека Ленiн i назваў Талстога люстэркам рускай рэвалюцыi. Калi знаёмiсься зь нядаўна выпушчанай у Францыi «Чорнай кнiгай камунiзму», разумееш, што мусiла б, паводле Ленiна, адлюстроўвацца ў Талстым. Ня ведаю, цi чытаў Талстога Гiтлер, але сучаснае мысьленьне зблiжае iхныя пазыцыi. Леў Талстой, Адольф Гiтлер, Аляксандар Лукашэнка, Старавойтаў i Пiначэт —кожная з гэтых асобаў дае вялiкiя магчымасьцi для развагаў пра дабро i зло, пра цынiзм палiтыкаў i непазьбежную гiстарычную пераацэнку, найчасьцей — з плюсу на мiнус. I калi на хвiлiну адарвеш вочы ад гэтага шэрагу, пасьля не заўсёды разумееш, пра каго менавiта iдзе размова.
Сёньня ў «НН» — фрагмэнты кiнасцэнара «Мiстэрыя гары».