Сяргей Пульша. Размаўляю па-беларуску:

Кроніка ўдалага экспэрымэнту

“Сёньня кладземся спаць. Заўтра размаўляем толькі па-беларуску і ўсюды па-беларуску”, – здавалася б, што прасьцей? Было б проста, каб я ня быў у сваім коле “нармальным пацаном”. І вось усе — знаёмыя, сябры — раптам (раптам!) пачуюць мяне на “незалежнай” мове. Усе ведаюць маё стаўленьне да культуры, Радзімы й палітыкі, мае перакананьні і нармальна іх прымаюць. Але як яны паглядзяць на мяне, калі я пачну паводзіць сябе шчыра адпаведна маім (ды й iхным) тэорыям? Калi я пачну замацоўваць тэорыю практыкай — гаварыць па-беларуску?

Карацей, заўтра, не (на гадзiньнiку дзьве хвiлiны на першую), ужо сёньня размаўляем па-беларуску.

Трэба падрыхтаваць пару варыянтаў адказу на пытаньнi кшталту “А чаму гэта ты раптам па-беларуску?” Вар’яцкая сытуацыя: чалавек павiнен тлумачыць, чаму ён размаўляе на роднай мове. Чаму чалавек нагамі ходзіць? Ну, проста падабаецца мне!

Суседа па iнтэрнаце, на жаль, няма. Дзень пачынаецца ў грамадзкiм транспарце. Маўчу, пакуль аўтобус, моцна рохкнуўшы, не спыняецца сярод дарогi. Кiроўца бегае сюды-туды, потым адчыняе дзьверы. Далей ня едзем. Бабулька побач пытаецца: “А што, далей ня йдзе?” “Не, далей ня едзем”, – кажу я, цiснучыся да выхаду.

У наступным аўтобусе сутыкаюся з аднакурсьнiцай. Па-беларуску размаўляем нi аб чым. Людзі вакол ці ня чуюць, ці робяць выгляд, што ня чуюць, а я, машынальна падтрымліваючы размову, думаю.

Раней у нашай факультэцкай групе было чатыры дзяўчыны, якія размаўлялі па-нашаму. Адна размаўляе дагэтуль, на яе не паўплываў нават расейскамоўны муж, але яна ўжо на завочцы. Дзьве зараз зьвяртаюцца да ўсiх па-расейску. Адна, як і я, дзьвюхмоўная. Гэтая таксама калiсьцi была беларускамоўнай, а зараз я, здаецца, проста прымушаю яе “размаўляць на нармальнай мове”. Можа, гэта абыякавы стан грамадзтва мярцьвіць нават без агрэсii? Ты проста соўкаешся ў iм, як у вязкiм, лiпучым, сьлiзкiм, сьмярдзючым ружовым кiсялi. I паўсюль, як у сьцяну, тыкаешся ў маўчаньне i ў чужую мову. Не параўноўваю гэта зь iснаваньнем у замежжы бязь веданьня мовы краiны-гаспадыні – нiколi ня быў.

Размаўляю на факультэце зь беларускамоўнай завочнiцай i iду да “шырокiх колаў грамадзкасьцi”.

Празь дзьве гадзiны думка: яны што, успрымаюць мову як мой чарговы прыкол? Дурань, я сам прывучыў, што я прыкаліст і ўвесь час выкідваю нейкія фартэлі. Цяпер праблема, як давесьці ім, што мова — гэта сур’ёзна? Нават ніхто не пытаецца: “А што гэта ты раптам па-беларуску?” А я б ім так адказаў!

“Переведи, пожалуйста, с родного языка на нормальный”, – гэта шчырая расейскамоўная суседка, якая мяне іншым часам проста не разумее. А па мовах у яе ў залікоўцы ня тройкі, як у мяне. І я ёй буду перакладаць? Не, родная, ты ўжо дарослая, прызвычайвайся да полікультурнасьці, гэтая звычка табе спатрэбіцца.

Канец другой пары. Адчуваецца нейкая вузіня асяродку зносінаў. Раней я гэтага не заўважаў, але амаль усе факультэцкія размовы зводзяцца да жартаў і прапановаў пайсьці на піва замест заняткаў. Сур’ёзна і грунтоўна тут не размаўляюць. Варта было зьмяніць мову, каб заўважыць хоць гэта.

Перапынак. Падыходзіць беларускамоўная раней дзяўчына, зьвяртаецца да мяне па-расейску. Адказваю па-беларуску. Нават зьбянтэжыў. Размова так жа йдзе далей, але, здаецца, дзеўка пачуваецца ніякавата. Можа, таму, што яна ўжо амаль ніколі не размаўляе па-беларуску?

Каля тэлефону на родным журфаку: “Як прыгожа ты размаўляеш па-беларуску!” Сам знаю, што прыгожа.

Мэтро. Еду на 10-я угодкі БНФ. Аднакурсьніца (што гэта сёньня адныя дзяўчыны трапляюцца?), якую я неяк суцяшаў, калі яна перапіла. З гэтага часу яна лічыць мяне “парадачным”, а я ж насамрэч значна горшы. Адчуваю сябе няёмка: яна звыкла чуць мяне па-расейску, бачна, што ёй прыходзіцца перакладаць у галаве. Здаецца, яна робіць гэта добра.

Фронтаўскі сэйшн. Нічога цікавага, там усе так размаўляюць.

Тэлефаную бацькам у Гомель па-расейску. Экспэрымэнтаваць зь імі не магу. Наступным разам папярэджу і тады перайду.

“Батон и половину хлеба” – у краме. З жахам лаўлю сябе: што я кажу... Ня трэба выняткаў, інакш пачнеш думаць па-расейску, і ўвесь твой беларускамоўны дзень пойдзе на фіг. Нават калі потым схопішся па-беларуску, гэта ўжо не апраўданьне, слова не верабей. Трэба зноў пачынаць усё спачатку.

Еду ў інтэрнат. Заўтра павінен прыехаць сябар-сусед. “Сёньня кладземся спаць. Заўтра зноў размаўляем па-беларуску”.

Мэтро, тралейбусы, камэрцыйныя шапікі, крамы, пошта... “Грамадзтва” да нязвыклай мовы ставіцца больш чым талерантна. Прынамсі, менчукі. Я думаў, што найбольшыя складанасьці ўзьнікнуць зь незнаёмымі людзьмі, было цікава, як яны ўспрымуць ветлівае, але правакацыйнае “калі ласка!”. Людзі на вуліцы разумеюць і не зьдзіўляюцца, пытаньні ўзьнікаюць толькі з бліжэйшым колам, сябрамі, сваякамі.

Чаму б нам усім не прачнуцца і не пачаць размаўляць па-беларуску? Задаваць беларускія пытаньні, чуць беларускія адказы. Нам ніхто не перашкаджае, пасьля беларускамоўнага дня гэта разумееш. Трэба працаваць перш-наперш над сабою, а працаваць над сабою людзі вельмі ня любяць. Асабліва гэтага ня любяць мужчыны, бо жанчыны хоць фарбавацца прызвычаіліся.

“Заўтра зноў размаўляем па-беларуску”. Пераходзіць на беларускую мову зараз і раптам, “у размове зь людзьмі” – вось чаго рабіць ня варта: занадта складана адразу кантраляваць сябе, ня зьмешваць расейскую й беларускую мовы, бо шматлікія памылкі прымушаюць камплексаваць. Значна лягчэй пачынаць беларускую мову зранку, “з панядзелка”, вызначыўшы канкрэтны тэрмін. Гэта ўсё роўна, што кінуць паліць – тое ж захапленьне кожным новым пражытым днём. Разумееш, якая файная ідэя – Дзень без чужога слова.

А ўсё ж беларуская мова пашыраецца, і працэс гэты коціцца сьнежным комам. Прынамсі, у 1995-м годзе я ня чуў столькі беларускага слова на дварэ, колькі зараз (ці гэта кола сяброў зьмянілася?). А.Г. сваёй эканамічнай палітыкай зрабіў беларускую мову нават папулярнай. Любы яе носьбіт зараз успрымаецца не як “нацыяналіст”, а як чалавек, які супрацьстаіць той палітыцы, якая прывяла да сумнае рэальнасьці.

Атачэньне цяпер ставіцца да беларускамоўнага прыязна, за выняткам тых выпадкаў, калі трэба нешта зразумець ці ў нешта ўдумацца, або калі ён выстаўляецца, паводзіць сябе “бескультурна”. Вось тады некаторыя згадваюць пра тое, што “ў нас у рэспубліцы дзьвюхмоўе”. Так, так, менавіта “дзьвюх”, — пярэчу ім. Такія нудзілы бясшкодныя, як бясшкодныя і адносна агрэсіўныя прыхільнікі Ляксандра Рыгоравіча, збольшага пэнсіянэры. У горшым выпадку аблаюць нацыяналістам. Небясьпечныя іншыя — тыя, хто ведае, зь якога боку ў бутэрбродзе масла, але каму проста ня хочацца вучыцца беларускай, хаця ангельскую яны вывучаюць з задавальненьнем. Менавіта яны пачынаюць спрэчкі вакол самой патрэбнасьці мовы: “Кіньце! Што вы носіцеся з сваёю мовай! Народ вас не разумее, і ўсё адно размаўляў, размаўляе і будзе размаўляць тут па-расейску, бо расейская мова тут была спрадвеку і навек будзе! Ня псуйце людзям слых, не напружвайце ім мазгі, размаўляйце, як усе!” Можна разгубіцца, як губляешся заўсёды, калі апэлююць да “народу”. Я знайшоў для сябе неагрэсіўны адказ: “Хлопча (дзяўчынка – у залежнасьці), а не здаецца табе, што год гэтак сто зь нечым таму тое самае казалі й Кастусю Каліноўскаму?” Каліноўскага паважаюць усе: спрэчак больш не ўзьнікае. Кастусь – аўтарытэт для ўсіх, незалежна ад “беларускамоўнасьці”, прычым “тое самае” яму казалі стопрацэнтова.

“Народ” усё выдатна разумее. Словы “як прыгожа размаўляеш па-беларуску” чуеш неаднаразова. Напярод падрыхтуйцеся да камплімэнтаў. Да таго ж увогуле, народ – гэта я.

Бачыш на сабе адно: чым больш размаўляеш па-беларуску, тым большым нацыяналістам стаеш. Зараз у школах і ВНУ беларуская мова выкладаецца, як замежная. Раз ужо мы ня здолелі ў 1992—1994 распрацаваць і прыняць “нармальнае навучаньне”, трэба змагацца за свае праграмы TOEFL. А “беларуская як родная” ж дасягаецца толькі ў працэсе размовы.

Пасьля сваёй моўнай практыкі я прачытаў агітацыйны артыкул Севярынца ў газэце “Імя”. Мой асабісты досьвед: чым больш размаўляеш па-беларуску, тым больш беларуская мова падабаецца. Назад, у нямое балота, ня хочацца. Фразу “Паразмаўляйце – вам спадабаецца!” можна вылучыць як рэклямны дэвіз. Дарэчы, ня бачыў ніводнага беларускамоўнага чалавека, які б быў неадукаваны. Беларускамоўнасьць сама па сабе ўжо выступае, як паказчык інтэлекту.

Чаму чалавек пачынае размаўляць па-беларуску менавіта цяпер? Прычына ў кожнага свая. Нехта падкрэсьлівае сваю апазыцыйнасьць сёньняшняй уладзе. Нехта не жадае быць падобным на агідныя твары ТБ. Ці проста “падабаецца мова мне!” Мне дык аднойчы закарцела пабачыць сон на беларускай мове. Сон па-беларуску – гэта ж сон!

Сяргей Пульша


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0