Памерла Марыя Осіпава, гераіня тэлесэрыялу «Руіны страляюць», фільму «Гадзіньнік спыніўся апоўначы», кніг Новікава, Карпава, шматлікіх мэмуараў. Труну зь целам былой падпольшчыцы выставілі ў той самай залі, дзе калісьці – труну зь целам забітага ёю гаўляйтэра Кубэ. Будынак, дзе ў час вайны знаходзіўся генкамісарыят і працаваў Кубэ, цяпер называецца «рэзыдэнцыяй прэзыдэнта», і падыходзіць да яго забаронена, як калісьці ў вайну, а выхад з «Купалаўскай» замыкаюць на вечар, нібы на камэнданцкую гадзіну. Людзі сыходзяць, дамы€ застаюцца. Пакуль жывая памяць тых дзён, «НН» вяртаецца да аднаго з самых драматычных сюжэтаў найноўшай гісторыі. Уладзімер Ісаенка — кандыдат гістарычных навук, вядомы археоляг. Ягоныя думкі асабліва каштоўныя яшчэ й таму, што ён піша і як гісторык, і як юны сьведка тых чорных і чырвоных гадоў. Аляксей Ліцьвін — загадчык аддзелу гісторыі Вялікай айчыннай вайны Інстытуту гісторыі АН. Юры Туронак жа ў сваёй кнізе «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» (WERS, Варшава-Ўроцлаў, 1989, бел.пер. «Беларусь», 1993), напісанай на аснове доктарскай манаграфіі, прывёў шэраг архіўных зьвестак, якія зьмянілі ранейшыя ўяўленьні пра тыя падзеі.  


ЖАНЧЫНА-ЛЕГЕНДА

Апошняе інтэрвію Марыі Осіпавай

 

Забойства Кубэ было адной з самых завершаных апэрацыяў другой сусьветнай вайны. Бог падараваў яе выканаўцы доўгі шлях і выдатную памяць. Летась мы падоўгу гутарылі з Марыяй Осіпавай. Яна была рэдкай расказчыцай: усё помніла, называла імёны і прозьвішчы сваіх паплечнікаў, лічбы, даты, дэталі і падрабязнасьці ўсіх акцыяў. Яе падпольная мянушка была «Чорная»: у яе сапраўды былі чорныя пышныя валасы. Колер небясьпечны — бывала, Осіпаву спынялі фашысты: «Юда?» Аднойчы нават прывялі да начальніка паліцыі. Каб даказаць, што не габрэйка, яна чытала малітвы — у вайну спэцыяльна вывучыла «Ойча наш», «Верую» і «Троіцу».

Марыя Барысаўна падрабязна расказвала, як пачыналася менскае падпольле. На пытаньне, ці былі пакінутыя канкрэтныя людзі для арганізацыі супраціву ворагу, адказвала, ледзь стрымліваючы абурэньне:

— Нічога не было... Самі шукалі адзін аднаго, аб’ядноўваліся... Кіраўнікі на машынах барахло вывозілі і зьяждждалі. А мы засталіся кінутыя... Ужо пазьней, пад канец 41-га, быў створаны гаркам партыі. Празь нейкі час пачаліся правалы. Адзін аказаўся сволаччу, правакатарам... Таму ў сваёй групе старалася захоўваць строгую кансьпірацыю. Ніколі не зьбіраліся групамі. У маёй арганізацыі толькі дваіх арыштавалі.

Арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных, рыхтавалі для іх дакумэнты — інакш па горадзе было не прайсьці.

— А паліцаі чапляліся горш за немцаў, — успамінала Осіпава. — Чым можна растлумачыць? Дык у паліцыю ішлі толькі па добрай волі, у паліцыю не мабілізоўвалі. У паліцыю ішлі здраднікі. Наагул, у кожнага народу ёсьць і добрыя людзі, і дрэнныя. Са мной супрацоўнічалі два немцы, якія служылі ў лягерах сьмерці ў Масюкоўшчыне — Эміль Шульц і Генрых Трыпэль. Яны дапамагалі выкрадаць ваеннапалонных. А колькі такіх выпадкаў было: гоняць калёну, людзі выбягаюць на дарогу, аддаюць — у каго бульбіна, у каго бурачок, лустачка хлеба. Некаторыя немцы-ахоўнікі рабілі выгляд, што не заўважаюць. А былі й такія: як убачаць, што бягуць да калёны дзеці і жанчыны, дык наводзяць вінтоўкі і страляюць.

Колькі разоў Осіпава паўтарала: «Мы б век не перамаглі немцаў, калі б ня нашы людзі!»

— Як рызыкавала мая суседка па кватэры Ліда Дзяменцьева! Для «прыкрыцьця», каб лягчэй было праходзіць паліцэйскія пасты, Ліда выпраўляла са мной свайго сыночка Генадзя, гады тры яму было. Адзін раз я паклала міну ў штонікі хлопчыка, яны ўнізе зашпільваліся на гузікі. Цудам засталіся жывымі — немец прапусьціў, ня стаў абшукваць малога. Потым сказала Лідзе: «Ніколі больш не вазьму Генадзя, так спужалася за яго... Мяне заб’юць — няхай, але ж ты магла застацца бяз сына».

Суседзі ведалі, чым займаецца Осіпава. Не маглі ня ведаць. У яе кватэры ўвесь час тоўпіліся габрэі, прыходзілі сувязныя з партызанаў. Але ніхто ня выдаў. Наадварот, стараліся дапамагчы, выратаваць. Калі фашысты пачалі зьнішчаць габрэяў, Осіпава забірала да сябе на кватэру і дарослых, і дзяцей. Карміць не было чым — Тома, яе 12-гадовая дачушка, хадзіла зьбіраць ежу. Жабравала — а што было рабіць?..

Я чытала пісьмы ад габрэяў, якія засталіся жывымі дзякуючы Осіпавай. Яе кватэра была сапраўдным перасыльным пунктам, дзе ўцекачы атрымлівалі аўсвайсы. Осіпавай было прысвоенае ганаровае званьне Ізраіля «Праведнік міру».

Над зьнішчэньнем Кубэ працавала шмат партызанскіх атрадаў. Ішло доўгае паляваньне. Кодавая назва гэтай апэрацыі такая і была — «Паляваньне кабана». За Кубэ сачылі падпольшчыкі Менску: назіралі, на якой машыне езьдзіць і ў які час. Меркавалася тараніць грузавіком: людзі гатовыя былі ахвяраваць жыцьцём, каб зьнішчыць гаўляйтэра. Але ў Кубэ была выдатная інтуіцыя. Нюх, як у дзіка. А міны дзе толькі не падкладалі: на мітынгах, у тэатры, на выездах (у Койданаве, Баранавічах і г.д.). Рыхтавалі акцыю адплаты многія. Удала завяршылася апэрацыя па лініі Осіпавай.

Вось фрагмэнт апошняга інтэрвію Марыі Осіпавай:

— Ці далёка ад Менску знаходзіўся штаб атраду?

— 55 кілямэтраў. Выходзіла з гораду звычайна гадзіне а 10-й раніцы, а пад трэцюю, чацьвертую ўжо была на месцы. Пераначую, а раніцай назад. Босая хадзіла. Знаёмыя дапамагалі, як маглі, рабілі тапачкі зь вяровак, але звычайна хадзіла басанож.

— Марыя Барысаўна, як вам удалося пранесьці міны ў Менск?

— У атрадзе папрасіла дзьве ангельскія міны (ангельцы дапамагалі нам зброяй, дай ім Бог здароўя!) з 24-гадзінным заводам: мы мусілі загадзя зарадзіць міну, пакласьці і пайсьці з гораду — каб міна спрацавала, калі нас ужо ня будзе ў Менску... У той раз са мной хадзіла ў лес Марыя Грыбоўская, маці чатырох маленькіх дзяцей: напярэдадні я прастудзілася, усю ноч трызьніла, і калі раніцай устала ісьці ў атрад, мяне не адпусьцілі адну Мікалай і Алена Дразды, у якіх я жыла... Міны несла ў кошыку з брусьніцамі. Зьверху паклала яшчэ тры дзясяткі яек. Па форме міны былі паўкруглыя (як разрэзаная ўпоперак шклянка).

Заўсёды, калі адыходзіла з партызанскай зямлі, перш, чым перайсьці праз рачулку Вяча, станавілася на калені і цалавала зямлю: невядома, ці буду яшчэ тут стаяць... З Марыяй Рыгораўнай дамовіліся, што пойдзем паасобку. Яна таксама пацалавала апошні кавалачак партызанскай зямлі і пайшла полем. Калі яе ўжо амаль не было відаць, пераступіла рачулку і я... Падыходзячы да саўгасу «Вішнёўка», дзе быў буйны фашысцкі гарнізон, убачыла, як абшукваюць Марыю Рыгораўну. Ну, думаю, хай будзе як будзе. Паліцаі загадалі высыпаць з кошыка ягады — не дала: «Яны ж будуць у пяску, хто іх у мяне купіць?» Прыгразілі, што адвядуць да начальніка — я зрабіла выгляд, што радуюся: «Вось добра, я ведаю начальніка, я яму скажу, як вы народ супраць нямецкай улады бунтуеце!» Пашапталіся паліцаі, узялі ў мяне грошы на гарэлку ды яйкі на закуску. На разьвітаньне такую поўху далі — пару дзён у галаве гуло... А потым зь мяне ручаямі ліў халодны пот — быццам хто ўзяў кубак вады і паліваў: адчувала, зь якога пекла выскачыла... На ўваходзе ў Менск зноў удалося адгаварыцца.

Праз тры дні я прыйшла да Алены Мазанік пад выглядам куплі туфляў. Я растлумачыла, як зарадзіць міну і як падкласьці. Правялі экспэрымэнт на яе ложку, паклалі міну пад спружыны. Яна села на ложак, пакачалася — міна трымаецца добра. Алена сьцьвярджала, што яе не правяраюць, але на ўсякі выпадак вырашылі, што панясе міну ня ў торбачцы, а каля грудзей. Назаўтра ў 10 гадзін раніцы я чакала яе ў сквэрыку ля тэатру Янкі Купалы: «Паклалі?» — «Так, усё ў парадку...»

... У Маскве Мазанік і Осіпаву зьмясьцілі паасобку. Выклікалі на допыты па адной. Як патлумачыла мне Марыя Барысаўна, ішла своеасаблівая спрэчка паміж разьведупраўленьнем Чырвонай Арміі і КГБ. Вельмі многія групы працавалі з заданьнем «на кабана»...

Залатую зорку Героя Савецкага Саюзу ўручылі Марыі Осіпавай у 1943 годзе. А праз паўстагодзьдзя, у 93-м, у гераіні скралі ўсе ўзнагароды.

— Як гэта здарылася?

— Пазванілі ў дзьверы. Спыталася, хто? «Мы з Савету вэтэранаў, зьбіраем матэрыял для кнігі.» Назвалі прозьвішчы... І я адчыніла. Два маладыя здаровыя мужчыны... Паглядзелі ўзнагароды, дакумэнты, папрасілі вады папіць. Пакуль хадзіла на кухню, яны ўсё забралі і зьбеглі, іх чакала машына...

Злодзеяў не знайшлі. Але летась на Дзень Перамогі прэзыдэнт Лукашэнка ўручыў легендарнай жанчыне новую Зорку Героя.

Тацяна Падаляк


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0