ГОРАД ЗАТАІЎСЯ

 

5 лютага 1999 году на 91-м годзе жыцьця памёрла Марыя Осіпава, адна з гераінь неабмежаванай партызанскай вайны, якая разгарнулася на тэрыторыі Беларусі ў 1943—1944 гадах. У дваццацігадовым узросьце стала камуністкай, празь сем гадоў скончыла Вышэйшую камуністычную сельгасшколу, потым Менскі юрыдычны інстытут. Перад вайной працавала судзьдзёй Вярхоўнага суда БССР. Партыйна-юрыдычную кар’еру перарвала вайна. Зь першых дзён акупацыі М.Осіпава выкарыстоўвала любую магчымасьць, каб шкодзіць ворагу: арганізавала падпольную групу з знаёмых па юрыдычным інстытуце, удзельнічала ў рабоце групы камсамольцаў заводу «Бальшавік», зьбірала зброю, перапраўляла палонных да партызанаў, была сувязной адначасова двух партызанскіх атрадаў і брыгады «Дзядзькі Колі», распаўсюджвала падпольныя выданьні. Для падрыхтаванага агента падобныя паводзіны супроцьпаказаныя. І менавіта пры ўдзеле гэтай жанчыны быў забіты Кубэ.

Якім быў тады горад? Было ўсякага. Пра тое, што рабілася, сьведчаць падлікі Надзвычайнай камісіі: за 1941—44 гады загінула ад бамбёжак 186, павешаныя 79, пагнаныя на прымусовыя работы ў Нямеччыну 665 чалавек, зьнішчаныя да 80 тысячаў габрэяў. Трэба дадаць яшчэ, што ў межах гораду былі забітыя ці загінулі 86 тысячаў ваеннапалонных, да 20 тысячаў замежных габрэяў, і ня менш за 400 мясцовых жыхароў.

Вось такое было. Зь іншага боку, былі й людзі, хто з палёгкай сустрэў прыход немцаў: гэта найперш тыя, над кім вісела пагроза арышту ў сталінскія гады. Немцы хутка змаглі арганізаваць жыцьцё ў вялікім горадзе: запусьцілі заводы, за два месяцы прыватызавалі дробныя прадпрыемствы. Пра тое, што ў гады вайны было як бы два Менскі, сьведчыць той факт, што каля 11 тысячаў менскіх сем’яў атрымалі «ахоўныя лісты» ад нямецкага камісара на выезд у Нямеччыну. Гэта значыць, што 30–40 тысячаў менчукоў адступілі зь немцамі. У выніку з 270 тысячаў перадваенных жыхароў у 1944-м у горадзе засталося менш за 100 тысячаў, ды й то збольшага жыхары прадмесьцяў. Цэнтар жа застаўся пусты. Пасьля вайны яго засялілі ўжо новыя, прыежджыя людзі. Старога Менску не засталося.

Кубэ быў стары апальны бонза фашысцкай партыі. Зь 17 ліпеня 1941 г. Кубэ ў Менску. 2 гады 20 дзён кіраваў ён мясцовай адміністрацыяй, прывёз сям’ю, наняў беларускіх служак, сярод іх і пакаёўку Алену Мазанік.

Яго першы зварот «Да жыхароў Беларусі!» быў зьмешчаны 28 верасьня 1941 г. у «Менскай газэце»:

«Край павінен зноў адрадзіцца. Вам і вашым дзецям будзе забясьпечаная спакойная будучыня, дзякуючы Нямецкаму парадку... Беларусы! Першы раз у вашай гісторыі перамога Нямеччыны дае вам магчымасьць забясьпечаньня вашаму народу свабоднага разьвіцьця і сьветлай будучыні без расейска-азіяцкага панаваньня», — пісаў ён.

Праз два тыдні пасьля гэтага Гітлер прамаўляў аб тым, як жадаў ён міру і празь сілу быў вымушаны выступіць на Ўсход «супраць ворага, які, мушу тут сказаць, складаецца не зь людзей, а з быдла, зь зьвяроў». А з быдлам, зразумела, размова кароткая. Толькі пасьля Курскай бітвы многія немцы зразумелі, што перамога для Нямеччыны недасягальная. І пачаліся пошукі ратунку. Адзін з шляхоў, каб адтэрмінаваць канец, — дайсьці ўзаемаразуменьня з усходнімі народамі, выкарыстаць іх у барацьбе з Саветамі. Даволі ўдала гэта рабіў на Каўказе генэрал-фэльдмаршал фон Кляйст. Паспрабаваў і Кубэ ў Беларусі, што зрабіла яго вельмі небясьпечным для савецкага боку. Таму і рыхтавала савецкае камандаваньне замахі на яго і на гаўляйтэра Ўкраіны Коха з асаблівай настойлівасьцю. Разьлік быў просты: на забойства акупанты адкажуць крывавымі рэпрэсіямі, нянавісьць да іх узмацніцца. У час перамоваў з Мазанік ёй перадавалі словы «Дзядзькі Колі»: «Любой ценой надо уничтожить этого гада. Таково задание Центра!»

Шляхі-дарогі да пакаёўкі шукалі розныя асобы. На вачах загінуў агент у афіцэрскім мундзіры зь няправільна разьмешчанымі ўзнагародамі. Элегантная Надзя Траян пераконвала жанчыну, паказваючы пачак партызанскіх улётак і стос грошай. Рыжы дылда разыгрываў закаханага славака, а сам-насам пагражаў. Але рабілі яны гэта настолькі непрафэсійна, што Мазанік не давярала ім, думала, што гэта правакацыі нямецкага СД. І толькі сьціплая Марыя Осіпава выклікала давер. Міна ўзарвалася пад ложкам у спальні і парвала Кубэ левы бок. Яго жонка Аніта ляжала побач (яна была на восьмым месяцы цяжарнасьці) і атрымала толькі нэрвовы шок. Раніцай было высьветлена, што адсутнічае толькі Мазанік. Зь пяці домработніц толькі яна жыла ня ў доме, але паблізу (па вул. Тэатральнай-Энгельса, 48, кв.10). Спэцыяльная эсэсаўская камісія хутка высьветліла, што яна зьнікла разам зь сястрой, а маці жыве ў вёсцы М.Масюкоўшчына і што другі муж Алены працаваў шафёрам у НКВД. Быў знойдзены возчык (П.Караль), а ў вёсцы схованкі для зьбеглых (дом М.Дубавай) і маёмасьці (дом М.Дразда). У апошняга з красавіка жыла Осіпава, перадавала яму міну на захаваньне. (З заключэньня асобай камісіі. // Нёман, 1993, № 5.) Сям’я Дразда зьбегчы да партызанаў не пасьпела, схапілі таксама некалькі сувязных. Асноўныя выканаўцы маскоўскага прысуду пасьпелі разам з роднымі зьбегчы да партызанаў. Там удалае забойства палічылі «такім шчасьцем, што і парсюка закалолі, і расьпілі каністру самагонкі» (Е.Мазаник. Возмездие. — Менск, 1981. С.10). Менск жа застаўся ў чаканьні жорсткага пакараньня. Папаўзьлі плёткі: расстраляюць кожнага дзясятага, 10 тысячаў чалавек — за аднаго.

Прайшло некалькі дзён — і зноў плёткі: жонка Кубэ сказала, што забойцы зьбеглі, а невінаватых караць няма за што. Людзі між тым мітусіліся. Фон Готбэрг аддаў загад забраць у закладнікі жыхароў таго кварталу, дзе жыла Мазанік (па вул.Энгельса—Тэатэрштрасэ). «Дойчэ альгемайнэ цайтунг» паведаміла: «Беларускія добраахвотнікі даставілі з кватэр 300 чалавек мужчынаў, жанчын і дзяцей і расстралялі іх у адплату за замах на Кубэ». Кажуць, амаль месяц расстрэльвалі зьняволеных менскіх вязьніц, і было іх пад дзьве тысячы. «Возмездие» у кожнага было сваё.

Так ужо супала, што на другі дзень пасьля замаху, 22 верасьня 1943 году, Чырвоная Армія ўвайшла ў першы беларускі горад — Камарын на Дняпры.

Уладзімер Ісаенка

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0