Тацяна Манёнак, аглядальнік газэты «Белорусы и рынок»: Цаной працяглых перамоваў беларусы атрымалі даволі лагодныя і празрыстыя ўмовы паставак газу на наступныя чатыры гады. Асаблівасьці міждзяржаўных стасункаў не дазволяць Расеі ў найбліжэйшай пэрспэктыве выставіць ці не адзінай на сёньня саюзьніцкай краіне такія патрабаваньні. Украіна ўжо вызначылася ў сваім кірунку, што, здаецца, незваротна. Гэтым і тлумачыцца такая пазыцыя Расеі. Беларускае кіраўніцтва пакуль ня мае выразна акрэсьленай канцэпцыі напрамку разьвіцьця краіны. Вядзецца гульня, гандаль за лепшыя ўмовы, і пакуль што ён удаецца. Такая сытуацыя пакуль задавальняе абодва бакі.
Віталь Сіліцкі, палітоляг: Украіна атрымлівала з Расеі толькі 20% газу, дый тое кампэнсавала яго кошт паслугамі за транзыт. Таму ў яе ёсьць усе магчымасьці канчаткова пераарыентавацца на іншыя крыніцы атрыманьня энэргарэсурсаў. Беларусь на 100% залежыць ад паставак расейскага паліва. Таму ў нашым выпадку сцэнар можа быць нашмат больш жорсткі. Хіба гэты ціск ня будзе вельмі відавочны цягам часу, покуль будуць дзейнічаць апошнія міждзяржаўныя дамоўленасьці. І найхутчэй гэтым пытаньнем будзе займацца новае расейскае кіраўніцтва.
Натальля Тагановіч, загадчыца сэктару праблемаў паліўна-энэргетычнага комплексу Інстытуту эканомікі Беларусі: Наша краіна мае вельмі прывабнае геапалітычнае становішча, асабліва гэта датычыць пытаньняў транзыту. Таму для нас дачыненьні з Расеяй у сфэры паставак паліва будуць у цэлым спрыяльныя заўсёды.