ГЕНЭРАЦЫЯ XXI

 

У кожным новым пакаленьні ёсьць пэўная катэгорыя людзей, якіх не задавальняе сьвет, атрыманы ў спадчыну ад папярэднікаў, і якія настолькі адрозьніваюцца ад «сярэднестатыстычных» прадстаўнікоў іншых пакаленьняў, што іх цяжка не заўважыць на агульным фоне. У дзяцінстве яны гуляюць у дзіўныя, незразумелыя нават пагодкам гульні; зь цягам часу гульні ператвараюцца ў справы, творчасьць, грамадзкую дзейнасьць, палітыку — і ўсё робіцца па-свойму. «Невытлумачальную» моладзь 90-х назвалі «генэрацыяй ікс». Ставяцца да іх звычайна або зьняважліва, або паблажліва, але менавіта «пакаленьне ікс» рухае гісторыю.

Яны самі задаюць велічыню «Х» і самі ўзьбіраюцца на вяршыні жыцьця (альбо апускаюцца на дно, што ў прынцыпе тое самае). Яны — грэбень хвалі.

Генэрацыя Х у Беларусі — бомба запаволенага дзеяньня. Яна ня мае пакуль ні дакладна вызначаных памкненьняў, ні ідэалёгіі. Яе прадстаўнікі ў большасьці сваёй нават не задумляюцца над тым, што яны бачаць нашмат лепш, а разумеюць нашмат больш за сваіх бацькоў. Адно сьняць сны, паглынаюць няспынны струмень нечаканых вобразаў і прадукуюць сапраўды вар’яцкія ідэі. Зноў узгадваецца паўзабытае слова «боп», зноў перавага аддаецца фэнтэзы і, як заўсёды, вольнаму мастацтву. Новая генэрацыя ўспрымае жыцьцё праз прызму трансгрэсіўнае творчасьці. У адрозьненьне ад папярэдніх пакаленьняў моладзі, якія накіроўвалі свае сілы на рэалізацыю пэўных ідэалёгіяў — на стварэньне (левыя), уцёкі (гіпі) або разбурэньне (панкі) сьвету — сёньняшнія беларускія «ікшэры» палітыкай амаль не цікавяцца. Яны ня проста грамадзяне сьвету — яны грамадзяне віртуальнага сусьвету, і таму аднолькава адмоўна ставяцца да ўлады, кантролю, цэнзуры, гвалту ў любых іх праявах і формах. Абыякавыя да кар’еры, маладыя «ікшэры» аддаюць перавагу спантаннай дзейнасьці. Галоўная вартасьць — чалавечае жыцьцё. Галоўны маральны крытэр — здольнасьць быць самім сабой. Галоўная мэта — «прарвацца на той бок». Да берагу, які ніхто шчэ ня бачыў.

Пакуль што найноўшая генэрацыя гуляе ў нікому не зразумелыя гульні. Пакуль яна амаль незаўважная. Але з кожным днём мы ўсё набліжаемся да нябачнага бар’еру. ХХІ стагодзьдзе. Яно перапаўняе сёньня юныя сэрцы смутнымі спадзевамі і прымушае па-дзіцячаму наіўна шукаць непадробную Праўду, верыць у творчасьць і бясконцую разнастайнасьць ідэяў.

Антон Тарас


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0