Знакам тым

 

Замежны калега-журналіст папрасіў коратка апісаць гісторыю Беларусі за апошнія пяць гадоў. Калі трэ было перачытаць кампутарны тэкст, напісаны па-ангельску, стала чырвона ўваччу ад падкрэсьленага як памылковае слова Lukashenka. Пасьля стала мутарна ў галаве, бо пасьля кожнага тэматычнага абзацу ў калегі ўзьнікала пытаньняў дваццаць. Далей – болей. А скончыла я сваю асьветніцкую дзейнасьць для калегі – журналіста, калі ён, гасьцюючы ў мяне дома ў жніўні, глядзеў Беларускае тэлебачаньне, якое паказвала «Дажынкі». Я, як магла, перакладала калегу на цывілізаваную мову нецывілізаваны канцэрт. А пасьля перакладзенай прыпеўкі, якую весела выканаў фальклёрны ансамбаль, калега проста сказаў: «Я ня веру. Ня можа такога быць». А з тэлевізара раўло:

Мы сьпявалі, танцавалі, добра весяліліся,

Выбіралі прэзыдэнта і не памыліліся...

Ужо чатыры гады назад недзе веснавою парой можна было пачуць – «Гэта ўсё. Большага маразму быць ня можа. Канец хуткі.» Пасьля слова «маразм» становіцца скарочаным камэнтаром у абмеркаваньні беларускай сытуацыі. Супрацьстаялі маразму хто як мог – галадавалі ў будынку парлямэнту, станавіліся дабраахвотным штатнымі пікетчікамі ці публіцыстамі, вывешвалі сьцягі, малявалі выявы ППРБ, вялі маніторынгі парушэньняў правоў чалавека і законаў у РБ, спрабавалі вярнуць краіну ў канстытуцыйнае поле. Здавалася, апошні спадзеў быў пахаваны ў лістападзе 96-га. І вось, 1999-ты. На масавых акцыях я сустракаю людзей, якія з пару гадоў абмяркоўвалі брыдоту рэаліяў выключна на ўласных кухнях, у пярэрвах паміж творчай дзейнасьцяй, выкарыстоўваючы ўсё больш радыкальныя ацэнкі і эпітэты ў дачыненьні да патэнцыі беларускай апазыцыі. Цяпер усе мы-яны як адзін увязаліся ў Выбары-99. Сьвядома і рашуча. Недзе адчуваючы глыбінныя віры адбываных падзеяў, аднак разумеючы вызначальнасьць пэрыяду. Мы паверылі Віктару Ганчару, мы паверылі ў магчымасьці апазыцыі аб’яднацца, мы паверылі, што разам – пераможам. Мы ўпарта дэманструем, што паверылі.

25-га сьнежня 1998 году я перабывала ў Варшаве. Польскія мэдыі ў калядныя дні неахвотна гавораць пра палітыку. Усё сьвяточныя паведамленьні. Раптам на RTL7 навіна – беларусы й расейцы дамовіліся аб аб’яднаньні. Шокавы стан перарвалі тэлефанаваньні польскіх знаёмых журналістаў: ці варта сьпяшацца акрэдытавацца ў Беларусі, каб асьвятляць масавы супраціў? Дзівосы. Палякі думалі, што павінна была выйсьці палова Беларусі на вуліцы... Найцяжэй было тлумачыць, чаму толькі тысяча. Цяпер – тысячы бяруць удзел у арганізацыі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 1999 годзе. І гэта найлепшае тлумачэньне пазыцыі дэмакратычнай часткі насельніцтва: выпадковых людзей у гэтай кампаніі мала. І рызыка – сьвядомая. Страх цяпершніх уладаў рэалізоўваецца ў мэтадах брутальных рэпрэсіяў. Арыштоўваюць пачкамі. Найбольш моцных – чытай – небясьпечных - саджаюць. Самых нязломных – стараюцца зламаць. Мэханізм заведзены. Дзярждэпартамэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі пратэстуе супраць арышту сябраў Цэнтравыбаркаму. Дзярждэпартамэнт патрабуе вызваліць Віктара Ганчара. Ураджэнец краіны, дзе выпускі навінаў пачынаюцца з культурніцкіх паведамленьняў, каб не нэрваваць народ, – нарвэжац, старшыня АБСЭ, ня можа змаўчаць – фактычна артыкулюе ў звароце да «Правасхадзіцельства Аляксандра Лукашэнкі» – «свабоду Ганчару»: далібог, група ў Менску з назіральна-кансультацыйным статусам ня мае права камэнтараваць адбыванае ў Беларусі, аднак спраўна перадае кроніку падзеяў у «цэнтар». Не вытрымлівае адна з самых цывілізаваных партыяў Украіны – Народна-дэмакратычная. За подпісам старшыні А.Матвіенкі распаўсюджваецца зварот, у якім украінскім уладам нагадваецца, што на дакумэнтах подпісы Лукашэнкі легітымныя да 20 ліпеня 1999 году, а беларускім апазыцыянэрам прапаноўваецца маральная падтрымка і рэальная - у якасьці назіральнікаў за ходам прэзыдэнцкіх выбараў 16-га траўня 1999 году. Чэхі, зрэалізаваўшы адну з задачаў-максымум – уступленьне ў НАТО, могуць цяпер нарэшце паглядзець углыбкі на Ўсход. У Празе адкрываецца прадстаўніцтва Хартыі-97, Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў Беларусі сустракаецца на высокім роўні ў Празе і атрымоўвае гарантыі падтрымкі дзеяньняў у рамках Канстытуцыі 1994 году. На жаль, гатовасьць міжнароднай грамадзкасці вэрбальна рэагаваць на дзікунскія праяўленьні ўладанеспатольнасьці беларускага рэжыму, не адбіваецца на лёсах людзей. Тых, хто павёў за сабой тысячы наважаных. Віктар Ганчар, які стаў прыкладам мужнай пасьлядоўнасьці ў мэтадах палітычнай барацьбы, зьнясілены галадоўкай, органамі выкінуты з машыны у адным пінжаку далёка ад месца пражываньня. Цяпер Ганчар пад пагрозай крымінальнага артыкулу за нiбыта прысваеньне ўладных паўнамоцтваў. Міхаіл Чыгір, які стаў прыкладам цьвярозых і цывілізаваных мэтадаў палітычнага змаганьня, – пад пагрозай быць абвінавачаным у невяртаньні крэдытаў на вялікую суму грошай. Зянон Пазьняк, які стаў прыкладам упартасьці ў апэляцыі да нацыянальнай сьведамасьці беларусоў і выкрыцьці чарговых праектаў расейскіх спэцслужбаў, – пад пагрозай неразуменьня бальшынёй самых радыкальных беларускіх дэмакратаў: многія зь іх зрабілі стаўку на выкрыванага Пазьняком Чыгіра. З розных прычынаў. Каб іх ведаць дакладна, трэба варыцца ў беларускім катле.

Улады малююць зборны вобраз ворага народу – нацыянальна сьведамы, мужны, дастойны, заможны. Толькі самымі моцнымі апазыцыянэрамі ППРБ апекуецца асабіста. І апазыцыянэрам ня сорамна прыходзіць увечары дадому. Яны – героі. Чаго ня скажаш пра каманду ППРБ, на якую, як клясны кіраўнік, ППРБ любіць пакрычэць, дазволіць мэтафару: «Вы, Пётр Петровіч, перад МВФ за 90 мiльонов долларов по-пластунскі в грязi кувыркаетесь ...» ці проста публiчна выгнаць з паседжаньня, як старшыню Магілеўскага аблвыканкаму Кулічкова . Ды шчэ пратрансьляваць па родным БТ. Каб уся «рэспубліка» моцную руку адчувала. Як, цікава, чальцы «каманды» ППРБ могуць прыходзіць дадому, да сваіх жонак ці жанчынаў пасьля нарадаў, на якіх яны сядзяць нібы зь непадрыхтаваным хатнім заданьнем шкаляры? Што гэтыя джэнтэльмэны гавораць сваёй палове? Няўжо: «Ну, ты бачыла?»... Аказалася, што для ўсiх бакоў дагэтуль актуальныя камсамольскiя прынцыпы Зоi Касмадзям’янскай: «Усiх не перавешаеце!»

Вольга Караткевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0