Лісты ў рэдакцыю 


 

Дарагія нашаніўцы!

Ад імя Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады й свайго асабіста вітаю вас з 81-мі ўгодкамі Акту 25 Сакавіка 1918 году. 81 год таму 25 сакавіка ў Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі як законны сувэрэнны орган беларускага народу, сваёй Трэцяй Устаўной Граматай пад назвай Акту 25 Сакавіка перад усім сьветам урачыста заявіла: «Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнае залежнасьці, якая была накінутая расейскім царызмам на наш вольны й незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай...» Словамі гэтымі Рада БНР абвесьціла дзяржаўную незалежнасьць Беларусі ды парвала ўсякія дзяржаўныя сувязі з Расеяй, часткай якой датуль была Беларусь. Сёлета, у асабліва цяжкія для Беларусі часы, сьвята адзначаючы 81-я ўгодкі векапомнага Акту 25 Сакавіка, жадаем вам добрага задроўя, непахіснай веры ў ідэалы 25 Сакавіка, духовай сілы, вытрываласьці й багатых плёнаў у вашай працы на карысьць беларускай вызвольнай справы — змаганьня за аднаўленьне дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі.

Жыве Беларускі Народ у змаганьні!

Жыве Беларусь!

 

Доктар Раіса Жук-Грышкевіч, Старшыня.


 

Хай Аллаг пакарае забойцаў!

 

Мяне, Крыніцкага Алі Мустафавіча, 3 жніўня 1993 году прызначылі на пасаду мухтасіба РБ і Калінінградзкай вобласьці РФ. І з тых часоў: у верасьні 1994 году спрабавалі забіць маю жонку, а ў 1998 годзе зьнішчылі ўсю сям’ю майго сына Юсуфа. Люда, забітая жонка Юсуфа, прыняла ў 1997 г. іслам у мячэце Наваградка і стала Ляйлой. Была добрай мусульманкай. Старанна малілася. Свайму сыну зрабіла згодна з мусульманскім звычаем азан (хрост), назваўшы яго Цімурам. Зрабіла сюннат (абразаньне).

Рэдка калі за 750 гадоў існаваньня татараў-мусульманаў на землях ВКЛ, Польшчы і Расеі было, каб хрысьціянка стала мусульманкай у сапраўднасьці. Дагэтуль хрысьціяне ніколі не навярталіся ў мусульманства, гэта забаранялася. Можа, цяпер іх забілі за гэта? Усю сям’ю майго сына Юсуфа, у тым ліку й гадавалага дзіцёнка, расстралялі. Трагедыя адбылася а дзясятай раніцы ў цэнтры Горадні ў прысутнасьці вялікай колькасьці сьведкаў.

Юсуфу з двума кулявымі раненьнямі ўдалося зьбегчы з чацьвертага паверху свайго дому, перабегчы дарогу — вуліцу Ажэшкі. Ён спрабаваў з тэлефоннага аўтамату пазваніць у міліцыю, але тут зьявіўся тэрарыст-забойца зь пісталетам. Юсуф забег у прадуктовую краму «Верасень», дзе яго й нагнаў забойца і пусьціў яму кулю ў галаву. Пасьля раненьня Юсуф паведаміў міліцыянту, хто яго забіваў, аднак забойцу дагэтуль не знайшлі.

Праз тое, што татары-мусульмане ў Вялікім Княстве Літоўскім валодалі зямлёю, яны былі ваеннаабавязаныя і мусілі зьяўляцца на вайну. Войны тады вяліся часта. Так гінулі татары-мужчыны, пасьля чаго жонка забітага вымушаная была браць шлюб з хрысьціянінам, бо жывых мусульман-мужчынаў заставалася мала. І ў выніку татараў-мусульманаў зьмяшанымі шлюбамі ператварылі ў хрысьціянаў.

Тады, у сярэднявеччы, за забітымі ня плакалі. Сьмерць за веру лічылася подзьвігам.

Мая жонка, маці Юсуфа, плача за сынам дзень і ноч. Няхай Аллаг пакарае забойцаў.

Мухтасіб Алі Крыніцкі, Горадня


 

***

Разумныя людзі (як, дарэчы, і нацыі) звычайна вучацца на чужых памылках, адсталыя ж — ня здольныя рабіць адпаведных высноваў нават са сваіх уласных. Выбары прэзыдэнта 16 траўня гэтага году — вось што пакажа, ці сталы наш народ. Дай жа Бог нашаму народу гэты іспыт вытрымаць з годнасьцю і ўжо зь першай спробы. Галоўнае сёньня, як мне здаецца, — перамагчы страх, які моцна запаланіў розум, сумленьне ды волю многіх беларусаў.

 

Ну і дае рэжым наш маху:
Усё трымае ён на страху.
Аднак, як толькі пройдзе страх,
Рэжыму тут жа прыйдзе крах!

Алесь Ляскоўскі, в. Сугакі


***

Можаце павіншаваць нас, чатырох афіцыйна, па перапісе, зарэгістраваных Ліцьвіноў. Гэта я й мае дзеці.

Ганна Сьцепулёнак, Койданава


***

Праехаў цягніком ад Берасьця да Воршы туды й назад. Скалечаная зямля. Паўсюдна так званыя дачы і на гэтых лапіках — «сабачыя будкі». Разгаварыліся з адной жанчынай і прыйшлі да высновы, што цяжка сказаць, у якое стагодзьдзе апусьціла наш народ расейская каляніяльная палітыка. Было кепскага, што аралі зямлю сахой і плугам, а цяпер усім дачнікам уручылі лапату. Дык ці станем мы заможнымі напрыканцы дваццатага стагодзьдзя, маючы асноўную прыладу з каменнага веку? Тым больш, што машына гною зараз каштуе 30—40 даляраў, што ня кожны зарабляе такія грошы за месяц, пры сёньняшніх коштах на прадукты ў крамах.

Л.Ахрэмчык, Берасьце


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0