Як будзеце адзначаць Дзень Волі?

 

Менавіта такое апытаньне вырашылі мы правесьці ў гэтыя перадсьвяточныя дні.

 

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР: «Асабіста я буду сьвяткаваць у гэтым годзе на ўрачыстасьцях нашай грамады ў Ню-Ёрку, у Таронта і ў Манрэалі. Думкамі буду зь беларускім народам. Запалю сьвечку памяці й надзеі і пастаўлю ў вакне разам зь бел-чырвона-белым сьцягам».

 

Iбрагім Александровiч, Згуртаваньне беларускіх татараў: «Якi дзень?.. Не, мы яго нiколi не адмячаем. Нас тут нямнога, то ад палiтыкi мы трымаемся ў старане. Але ад народу мы не адлучаемся, пра сьвята ведаем, газэты ж чытаем. У нас цяпер іншыя клопаты: са дня на дзень чакаем чалавека з Савудаўскай Арабii, якi нам дасьць грошай на пабудову ў Менску мячэту па чарцяжах таго, што ўзарвалi ў 60-ых».

 

Міхал Анемпадыстаў, паэт, аўтар «Народнага альбому»: «Пэўне, як звычайна: схаджу на мiтынг, а потым вып’ю грамаў 100—120, ня больш, бо мне здаецца, што такiя даты трэба адзначаць мiнiмальнаю колькасьцю алькаголю».

 

Сяргей Астраўцоў, Горадня: «Мабыць, нiяк, бо гарэлкi я ня п’ю i, наагул, анiякiх сьвятаў не адзначаю, акрамя Вялiкадня i Божага Нараджэньня. Але ўсё ж, пэўна, нейкую сымбалiчную чарку падыму. Памятаю, як дзесь у 88-ым ладзiлi музычную праграму, прысьвечаную ўгодкам, з «Мы выйдзем шчыльнымi радамi» i г. д. Памятаю, i апавяданьне ў мяне было «25 Сакавiка». Вось i зараз хачу напiсаць невялiчкае эсэ пра БНР. У нас жа тут у Гораднi захаваўся дом, дзе месьцiўся ўрад БНР. А яшчэ, мусiць, ускладзем кветкi да мэмарыяльнай каплiчкi паўстанцам 1863-га i да Пагонi на Грунвальд ля Каложы».

 

Наталка Бабіна, літаратар: «За гэты год дакладна не адкажу, бо цяпер ніхто ня ведае нават, што там будзе заўтра. А звычайна мы, дарослыя, з раніцы ідзем на шэсьце, а потым удома адзначаем па-сямейнаму, гатуем сьвяточны полудзень, не працуем ужо ў гэты дзень. І першы тост маем адметны, яшчэ са студэнцкіх гадоў: «Няхай жыве й пасецца беларуская птушка бусел!» У нас два такія асаблівыя тосты: гэты – на беларускі Дзень волі, а на ўкраінскі Дзень незалежнасьці – традыцыйны ўкраінскі: каб кулі міналі, каб шаблі ня бралі. Вось так і адсьвяткуем, калі ня вырвецца чаго ліхога».

 

Станіслаў Багданкевiч, старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі: «Прынамсі, пойдзем на шэсьце. Нашая партыя прыняла рашэньне прыняць актыўны ўдзел у дадзеным мерапрыемстве. Бо Воля ёсьць Воля. Я вось зараз знаходжуся пад уражаньнем ад прагляду навінаў. Наш галава зьняў з пасады магілёўскага губэрнатара. Ізноў шалеў, лаяўся, так вішчэў, што аж трэсься. А каб такога не адбывалася, каб была воля, незалежнасьць і дэмакратыя, трэба шмат працаваць».

 

Сяргей Высоцкi, лiдэр Беларускай Партыi Свабоды: «Мы 25-га сакавiка звычайна адзначаем нейкiмi акцыямi, але якiмi i дзе яны будуць, мы пакуль рэклямаваць не зьбiраемся. Дзень Незалежнасьцi, на мой погляд, мае пэўную аўру. Для нашае партыi ён, як i Дзень Слуцкага Збройнага Чыну, ёсьць вельмi адказным сьвятам. Хоць для сапраўднага змагара кожны дзень павiнен быць адказным».

 

Кася Камоцкая, сьпявачка: «25-га я буду сьпяваць у клюбе «Альтэрнатыва», дзе адбудзецца прэзэнтацыя кампакт-дыску «Вольныя танцы». Днём будзе праца, падрыхтоўка да канцэрту, а потым, пасьля ўжо, зьбярэмся i адзначым усе разам. Дзень Волi — гэта дзень ушанаваньня таго ўмоўнага абвяшчэньня незалежнасьцi, якое тады адбылося. Яно й сапраўды было чыста сымбалічным. Дый 27-га тое самае... Сапраўдны Дзень Волi будзе тады, калi ўлада ўсё ж лясьне, i Беларусь будзе нашай».

 

Аляксандар Кулiнковiч, гурт «Нэйрадзюбэль»: «Можна адказваць па-расейску? Адзначу дома з жонкай, бо нагода ж ёсьць — чарговая нагода паплакаць па нашай незалежнасьцi... Я ў гэты дзень з задавальненьнем заграў бы ды прасьпяваў, няхай на расейскай мове, пра тое, як я люблю сваю краіну... Не, «Belarus uber alles!» з «Deutschland uber alles!» ніякім чынам не зьвязаная, гэта проста пародыя на «Dead Kennedys». Увогуле, я не пераварваю ўсялякіх там скіноў, фашыкаў, баркашоўцаў, і мне дужа непрыемна, што сярод фанаў нашага гурта ёсьць такія, што на канцэртах крычаць: «Дзюбель, Гайль!» Мне здаецца, што я граю музыку не для тупых, а для разумных».

 

Адам Мальдзiс, дырэктар Скарынаўскага цэнтру: «25-га я буду ў Польшчы на канфэрэнцыi, прысьвечанай барока. Але падрабязьней распавесьцi пра сьвята я Вам не магу, патэлефануйце, калi ласка, праз гадзiну». (Праз гадзiну): «У маiм уяўленьнi, той дзень быў пераломным момантам усяго беларускага адраджэньня таго пэрыяду. Канечне, тая спроба абвешчаньня Незалежнасьцi не магла быць удалай. Але ж без БНР не было б БССР, як без БССР не iснавала б зараз РБ. У аднаўленьне БНР я ня веру, бо тады трэ будзе гаварыць i аб вяртаньнi БССР. Будзе проста Беларусь, бо ўсе астатнiя словы — залiшнiя. Беларусь была й застаецца Беларусяй».

 

Зянон Пазьняк, старшыня БНФ: «Я на такую далячынь пакуль не загадваю. Усяляк можа быць. Можа, буду ў Ню-Ёрку, можа, у Варшаве, а калi пагонiм Лукашэнку, дык i ў Беларусi. Вось такiя вось тры варыянты».

 

Андрэй Пачобут, гурт «Deviation», Горадня: «Будзе, кажуць, дэманстрацыя, то сходзiм на яе, а потым у вузкiм коле сяброў вып’ем трохi. Для мяне Дзень Волi, як гэта ні банальна гучыць, — гэта сьвята свабоды, незалежнасьцi. Хоць, насамрэч, на мяне i на маю творчасьць больш паўплывала 27-ае, бо я яго перажыў асабiста, а пра 25 Сакавiка толькi чуў або чытаў».

 

Эдвард Тарлецкi, Ліга сэксуальных меншасьцяў: «Пайду на дэманстрацыю, а потым пайду да сяброў пiць гарэлку. Буду пiць, колькi ўлезе, пакуль не павалюся. Першы тост, канечне, за БНР, а пасьля ўжо за каханьне, бо менавiта ў гэты дзень я некалi пазнаёмiўся з адным вельмi прыгожым хлопцам».

 

Юры Хадыка, намесьнік старшыні БНФ: «На гэты дзень мы заплянавалi шэсьце, мiтынг. А потым дома з жонкай адзначым так, як прынята ў нармальных людзей. Дзень Волі мяне моцна натхняе, бо гэта была сапраўдная гiстарычная вяха. Адначасова, гэта вельмi iнтымнае для мяне сьвята, сьвята духоўнага вызваленьня. Супала, што на дзень абвешчаньня незалежнасьцi прыпадае дзень Зьвеставаньня, калi, паводле традыцыі, з выраю прылятаюць птушкi i для беларусаў пачынаецца вясна, і ў гэтым супадзеньнi — глыбокi духоўны сэнс».

 

Міхась Чарняўскi, гiсторык: «Пойдзем усёй сям’ёй на мiтынг, каб адзначыць гэты дзень узнаўленьня тысячагадовай дзяржаўнасьцi. Гэта яшчэ i дзень успамiнаў, вельмi балючы дзень. Але штодзённая праца ня менш важкая, чым самое сьвята. Трэба працаваць, каб яно зрабiлася сьвятам для ўсіх, i тады, якою б нi была ўлада, яна будзе вымушаная зрабiць яго дзяржаўным».

Апытваў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0