«Не ад добрага жыцьця...»

 

Выпускнік ПТВ-24 будаўнікоў, член менскага філіялу РНЕ, дваццацігадовы Васіль Сабалеўскі ўдзельнічаў у сутычцы з дэманстрантамі на Дзень Незалежнасьці. Калі маладзёны з РНЕ напалі на сяброў «Хартыі-97», стала вядома, што Вася Сабалеўскі пакінуў у роднай хабзе ўдзячнага вучня, Сяргея Зямцова, навучэнца другога курсу ПТВ-24, дырэктарам якой зьяўляецца дэпутат Менгарсавету Андрэй Саюк. «Вучань» разгарнуў у вучэльні настолькі актыўную дзейнасьць, што пэдагогам прыйшлося зьвярнуцца па дапамогу ў раённую інспэкцыю па справах непаўналетніх. У інспэкцыі з пэтэвэшнікам паразмаўлялі, папярэдзілі пра выключэньне з вучэльні.

Ад Ігара Ўсачова, начальніка ІСН Савецкага раёну, я даведаўся, што міліцыя ведае, дзе зьбіраюцца менскія «баркашоўцы», затрымлівае іх пры распаўсюджваньні прафашысцкай літаратуры. Начальнік ІСН лічыць, шо «РНЕ — гэта праблема, якую трэба ставіць, без пытаньняў», а ў арганізацыю расейскіх фашыкаў ідуць «пераважна хлапцы звычайныя, звычайная моладзь».

У «баркашоўца» Сяргея Зямцова, якому хутка споўніцца 18, ёсьць сям’я: маці Натальля, брат-сямікласьнік, матчыны бацькі ў вёсцы дзесьці пад Смалявічамі. Маці працуе ў мэтрапалітэне, дзьве ночы на рабоце, дзьве дома. Скончыла вучэльню чыгуначнікаў, муж пасьля заканчэньня тэхнікуму працаваў начальнікам цягніка, машыністам, дзяжурным у дэпо. Цяпер яго няма, памёр. Засталася кватэра-паўтарачка і пытаньне, як пракарміць двух сыноў.

Маці юнака просіць, каб далі яму давучыцца ў вучэльні. Пра РНЕ яна кажа, што «напэўна, штосьці там яму цікава, як і ўсім астатнім гэтым хлопчыкам», — і захапляецца: «Ведаеце, аднойчы я бачыла лістоўку з гэтым прыгажуном-мужчынам».

Маці лічыць, што мы не пражывём без Расеі, але вызначае сябе беларускай. Сяргей, дарэчы, таксама.

16 лютага спрабую зьвязацца з прэс-сакратаром МУС Натальляй Лапо і прэс-службай КГБ, каб здабыць зьвесткі пра дзейнасьць РНЕ. Колькі ні тэлефаную, усё просяць перазваніць праз гадзінку.

Вечар, сьнег, завіруха. На явачнай кватэры сустракаемся з шараговым РНЕшнікам, непаўналетнім Зямцовым. Ён згаджаецца на дыктафонны запіс, але й сам запісвае на аркушыку ў клетку (на зваротным баку якога — цытата з Дэклярацыі правоў чалавека) маё прозьвішча й тэлефон. Нас двое, пачынаецца размова, але ў першых жа нясьмела-змушаных фразах я адчуваю прысутнасьць нябачнага трэцяга. І гэта ён, нябачны трэці, адказвае на мае пытаньні і робіць добрую міну пры дрэннай гульні.

— Я нічога й не хаваю, — гаворыць Сяргей, — мне няма чаго хаваць, толькі вось гэтая штука (дыктафон) мяне бянтэжыць. У інспэкцыі па непаўналетніх са мною гаварыў нейкі Волкаў, паказваў мне кодэкс, артыкул 70 (памыляецца, 71-ы), распальваньне нацыянальнай варожасьці. Навошта ён паказваў мне кодэкс, я абсалютна не зразумеў. Папярэдзіў, што калі яшчэ яму паступіць інфармацыя, то да мяне прыменяць артыкул. Абсалютна ня бачу ніякага распальваньня нацыянальнай варожасьці.

Пытаюся, ці дапытвалі яго супрацоўнікі КГБ.

— Так, прыяжджаў нейкі дзядзька, калі мы ўтрох сядзелі ў Савецкім РАУСе, калі нас затрымалі за распаўсюджваньне нашай літаратуры, спытаў, ці стаю на ўліку ў РНЕ, а таксама, калі нарадзіўся.

Далей Сярожа тлумачыць, што асабіста ў яго літаратуру не забіралі, калі трэба, ён і сам аддасьць. Ды й навошта забіраць, калі ні арганізацыя, ні сымболіка, ні газэта «Русский порядок» не забароненыя. Мяркуе, што ўсё з-за дырэктара вучэльні, дэпутата: перажывае за сваю кар’еру і прыпісвае Зямцову расклейваньне лістовак РНЕ, і пагражае за гэта адлічэньнем. Але дасьведчаны малалетка зазначае, што:

— Паводле закону (sic!) мяне могуць выгнаць толькі за дрэнныя паводзіны альбо нізкую пасьпяховасьць, а з гэтым у мяне ўсё нармальна. А што дырэктар называе фашыстам, дык няхай дакажа. І ніякі я не фашыст, наша арганізацыя не забароненая. Калі спатрэбіцца, напішам скаргу у міністэрства.

Сяргей цытуе Дэклярацыю правоў чалавека, артыкул 19, пра свабоду перакананьняў.

— А міліцыя бывае розная, усе мы жывыя людзі, ва ўсіх бываюць праблемы, усе мы хварэем. Хтосьці ляяльна ставіцца, хтосьці супраць, хтосьці, можа, і «за», але мне такія не трапляліся.

Пытаюся, чаму ўлада так ня любіць нашыя нацыянальна-патрыятычныя арганізацыі, за якія злачынствы сядзелі Шыдлоўскі, Лабковіч, Севярынец, Скочка ды іншыя. Адказ:

— Ня ведаю нічога пра іх, канкрэтна не кантактаваў ні з кім, у іх няма галоўнага: хоць нейкай дысцыпліны, сабранасьці, ну, выйдуць, пагарланяць-пагарланяць, сьцягамі памахаюць, а толку? Так, яны даўно існуюць, але гэта ня робіць ім станоўчай рэклямы, усё, чаго яны дасягнулі за апошні час, гэта атрымалі пару разоў палкамі па галаве, наколькі я ведаю.

На пытаньне, ці праводзяцца ў менскай групе РНЕ палітінфармацыі, сьцьвярджае, што раз у месяц праходзяць заняткі, на якіх абмяркоўваецца бягучая палітычная сытуацыя, аналізуецца прэса.

Што ж да нацыянальнасьці, то Сярожа – беларус (але адразу ж дадае вядомую ідэалягічна-расавую падводку пра «трыадзіны рускі народ» ).

Пра якія яшчэ беларускія нацянальныя арганізацыі чуў?

— Ёсьць нейкі «Белы легіён», у іх сымболіка — якіясь кручкі. Бачыў на слупах іхныя лістоўкі, нейкае «безобразие» і «няма адрасу». Сёньня бачыў лістоўку з выявай ільва на шчыце, гэта, здаецца, «Партыя свабоды».

Сярожа запэўнівае, што яны ніколі першыя ня лезуць у бойку. Ён увогуле да ўсіх партыяў ставіцца ляяльна: у іх свае перакананьні, у яго — свае.

— Мардабой, — кажа Сяргей, — апошняя справа. Гэта да дабра не давядзе, адзін аднаго перабіць можам, гэта ўжо грамадзянская вайна. Нас і так, беларусаў, мала засталося...

Хлопец ня супраць беларускай мовы, гатовы ісьці служыць у беларускае войска, ён паліць цыгарэты гарадзенскай тытунёвай фабрыкі і... «каб жыў лепш, то, можа, і не ўступаў бы ні ў якія арганізацыі».

Славамір Адамовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0