ТУГА ПА ВОСЕНІ

 

У Эўропе восень. Думкі раствараюцца ў нечым пустым і бясконцым. Крыштальна яснае ўсьведамленьне адзіноты сьведчыць аб наяўнасьці свабоды.

Вуліцы Варшавы й Прагі бязгучна шапочуць аб заняпадзе. Але заняпад Эўропы мае дзіўны смак; напэўна, філёзаф адчувае яго як чалавек, што стаіць на вяршыні высокае гары, а вакол на многія кілямэтры толькі пустата ды вецер.

А недзе на ўсходзе знаходзіцца далёкая краіна, якая нават не заўважае пераменаў у сьвеце. Бо «дрыгва застаецца дрыгвой». Сьвет уваходзіць у новае стагодзьдзе. А ў Беларусі нясьпешна пераўвасабляецца 1933-ці год. У цэнтры Эўропы дазваляецца насіць нашыўкі са свастыкай. Альбо біць «жыдоў», «нігераў» і «патлатых». І ўжо пачынае рабіцца нормай існаваньне ўплывовых груповак фашыстоўскага кшталту.

У адказ на расейскі фашызм радыкальныя белнацгрупоўкі ціха, але ўпэўнена імкнуцца да канфрантацыі. А некаторыя грамадзкія аб’яднаньні заклікаюць ствараць атрады народнае самапомачы.

Улады ж ні ў чым не пярэчаць фашыстоўскаму руху і толькі робяць рэкляму асобным незарэгістраваным арганізацыям, затрымліваючы іх сяброў нібыта для «высьвятленьня абставінаў». Тым часам на вуліцах зьбіваюць журналістаў, грамадзкіх дзеячоў, простых людзей – арганізавана або неарганізавана. Дух нянавісьці пранізвае дачыненьні паміж людзьмі.

Нехта прапануе адказаць на сілу сілай, але лякальны мардабой, які гэтак любіць наш народ, ня вырашыць праблемы фашызму. Фашыстоўскія тэндэнцыі ў грамадзтве былі прадказальнымі яшчэ пару гадоў таму, калі адкрытых прыхільнікаў фашызму ў Менску амаль не было, але правы рух да гэтага часу ня зьдзейсьніў аніводнае антыфашыстоўскае ініцыятывы. Як заўсёды, меліся справы больш важкія й неадкладныя. Зараз жа любая ініцыятыва здаецца толькі «хапаньнем за саломінку» — мэханізм канфрантацыі ўжо дзейнічае.

Кажуць, што пацукі ў дзяцінстве быццам надта мілыя... Кажуць, што Internet пачынаўся калісьці з трох злучаных між сабою кампутараў... А што будуць казаць у сьвеце пра Беларусь празь які-небудзь дзясятак гадоў?

У Эўропе — восень... Прыемна ісьці па скошаным полі насустрач захаду сонца; прыемна сьпяшацца ўвечары пад дажджом да ўтульнага й цёплага дому; прыемна ведаць, што сёньня ніяк не пашкодзіць таму, што адбудзецца заўтра. І што гэтак будзе заўсёды.

Антон Тарас


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0