Міраслаў Чантарыцкі

БІБЛІЯТЭКА N

 

Артэга-І-Гасэт Хасэ. Эстэтыка. Філязофія культуры.

Дзеючы сама па сабе, маса зьвяртаецца да адзінага спосабу, паколькі іншых ня ведае, — да расправы. (...) Няма чаго дзівіцца, што сёньня, калі масы сьвяткуюць, сьвяткуе і гвалт, які робіцца адзіным аргумэнтам і адзінай дактрынай.

 

Батай Жорж. Літаратура і Зло.

Паэзія можа на словах папіхаць усталяваны парадак, але яна ня можа заняць ягонае месца. Калі жах бясьсільнай свабоды ўцягвае паэта ў палітыку, ён пакідае паэзію. Але з гэтага моманту ён бярэ на сябе адказнасьць за будучы парадак, ён прэтэндуе на кіраваньне дзейнасьцю, на статус бацькоўства...

 

Вагнэр Рыхард. Выбраныя працы.

Толькі моцныя людзі ведаюць каханьне, толькі каханьне дазваляе адчуць прыгожае, толькі прыгожае стварае мастацтва.

... яна набліжаецца на крылах віхураў, з высока ўзьнятай галавою, асьветленай маланкамі, з халоднымі вачыма помсты, і ўсё ж які агонь чыстай любові, якая поўніца шчасьця сьвеціцца ў іх для таго, хто адважваецца сьмелым позіркам паглядзець у гэтыя цёмныя вочы!

 

Прыкладна так сказаў некалі аўтар «Тангейзэра» пра Рэвалюцыю.

 

Габсбаўм Г.Э. Нацыі і нацяналізм пасьля 1780 году.

Калі становішча валійскай мовы заставалася дастаткова ўстойлівым, Эмрыс ап Іван ужо разумеў: раз мы хочам, каб яна выжыла, яе трэба ізноў рабіць афіцыйнай мовай і мовай адукацыі.

 

Вам не здаецца, што ў 1999 годзе беларуская мова патрабуе абароны ня толькі ад русіфікатараў, але й ад найноўшых лінгвістычных адраджэнцаў?

Бібліятэкар.

 

Галамшток І. Таталітарнае мастацтва.

Бітва не на жыцьцё, а на сьмерць адбываецца зараз як у мастацтве, так і ў палітыцы. І гэтую бітву за мастацтва мы павінны весьці гэтак жа сур’ёзна і рашуча, як і бітву за палітычную ўладу (Шульцэ-Наўмбург, 1932).

 

Інфармацыйнае агенцтва Гаспадара Бібліятэкі паведамляе, што 1 сакавіка 1999 году міліцыя зрабіла разбойны напад на старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах прэзыдэнта Краіны, які знаходзіўся ў салёне ўласнага аўтамабіля. Пазьней былі арыштаваныя астатнія 15 сяброў Камісіі. У Лёндане і Вашынгтоне гэтым фактам моцна абурыліся. Агенцтва Ройтэр перадае даволі дзёрзкія паведамленьні.

 

Гітлер Адольф. Мая барацьба.

Як лічынка хрушча ў пэўны момант ня можа не пераўтварыцца ў самога жука, так і гэтыя парлямэнцкія вусені цяпер ня могуць уседзець на месцы. Цяпер яны пакідаюць падмосткі лялечнага тэатру і ўсе, як на крылах, ляцяць у розныя канцы краіны — ізноў да «любімага народу».

 

Ёрш Сяргей. Вяртаньне БНП.

Прысягаю на Бога, што буду верным да сьмерці свайму Народу і Бацькаўшчыне, буду аддана і самаахвярна змагацца за незалежнасьць Беларусі і за шчасьце і волю Беларускага Народу. Уступаючы ў рады БНП, прысягаю ня здрадзіць яе спраў і тайнаў ані словам, ані чынам, хоць бы мяне чакалі найбольшыя спакусы і мукі. За справу БНП прысягаю аддаць у кожную хвіліну жыцьцё, бо ведаю, што яе справа — гэта справа волі і шчасьця Беларускага Народу і Бацькаўшчыны і што сёньня толькі ў шчыльных радох БНП мы здабудзем незалежнасьць Беларусі і дамо адпор нашым ворагам. Ведаю, што за здраду спраў і тайнаў партыі кожны яе сябра караецца сьмерцю. Ад сёньняшняга дня — я актыўны змагар і працаўнік БНП.

 

Жэрсон В. Нацызм — сакрэтнае таварыства.

... Мілаш (яго поўнае імя Оскар-Вацлаў Лабуноў-Мілаш, уладальнік Любіча) быў нашчадкам аднаго са старажытных родаў Літвы. Ягоныя ўладаньні былі па тэрыторыі роўныя францускаму дэпартамэнту. ... Ён паведаміў, што ягоны бацька, Уладыслаў Любіч-Мілаш, месяцамі знаходзіўся ў стане мэдытацыі, застыўшы ў позе лётасу. Здаралася, што ў ягонай раскудлачанай шавялюры прарастала насеньне сланэчніку.

 

Клемпэрэр В. LTI. Мова Трэцяга Рэйху. Нататнік філёляга.

Характэрная прывязанасьць да таго ці іншага знаку прыпынку ўласьцівая і асобным людзям, і групам. Вучоныя любяць кропку з коскай, імкнучыся да лягічнай пабудовы фразы, яны патрабуюць разьдзяляльнага знаку як больш рашучага, чым коска, але які ня быў бы і абсалютнай граніцай, як кропка.

 

Зьвярніце ўвагу на зьмест і якасьць газэт, якія пасьля прозьвішча аўтара звыклі ставіць кропку, і якія падобную практыку не культывуюць, заклікае Гаспадар Бібліятокаў. І прызнаецца: я люблю кропку як знак стабілізацыі, чыннасьці, завяршэньня працэсуальнай валтузьні і сацыяльнай анархіі; я толькі ненавіджу, калі кропку ставяць пасьля апошняй літары майго прозьвішча — быццам аддаюць загад расстрэльнай камандзе за маёю сьпінаю.

 

Кніга Самурая: Юдзан Дайдодзі Будосёсінсю. Ямамота Цунэтомо Хагакурэ. Юкіо Місіма Хагакурэ Нюмон.

Нават паміраючы ад голаду, шуляк не дакранецца да зерня.

Увогуле, дастаткова быць апантаным і гатовым у любы момант разьвітацца з жыцьцём. Калі ж заўсёды думаць толькі пра тое, як зрабіць правільна, у хвіліну рашучых дзеяньняў ты замітусісься, і мэта ня будзе дасягнута.

Ніколі ня думаў, што нешта немагчымае.

Для чалавека, які мае рашучасьць, не існуе такіх паняцьцяў як правільнасьць альбо слушнасьць.

 

Маладзёны, фільтруйце базар, абураецца Бібліятэкар, не кажыце больш: «на Беларусі»! Усё, што
т у т адбываецца, адбываецца «ў Беларусі».

 

Лякёр У. Чорная сотня. Паходжаньне расейскага фашызму.

У посткамуністычнай Расеі рост фашысцкіх і фашызоідных настрояў падмацоўваецца моцным савецкім (камуністычным) складнікам і жаданьнем аднавіць імпэрыю. Гісторык не прарок, будучыня не прадвызначана, але няма сумневу, што ў наступныя гады правая сіла будзе ажыцьцяўляць у Расеі важную палітычную ролю.

 

Лукашук Аляксандар. Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста.

Няхай не забываюцца, што ёсьць яшчэ моладзь, у грудзёх якой гарыць агонь шчырага каханьня Бога, Праўды і Роднага Краю, моладзь, якая сурова асудзіць тых, хто, зышоўшы ў бездарожжа, усякімі спосабамі стараецца сьцягнуць іншых.

Незалежнасьць свайго народу нельга выпрасіць, ня вытаргуюць яе і дыпляматы, яе можна здабыць толькі збройна.

Пад попелам гараць вугалькі, іх разьдзьмухае вецер, і яны запаляць штучны дом, пабудаваны ворагам замест сапраўднага.

 

Маркузэ Гербэрт. Эрас і цывілізацыя.

Сёньня барацьба за жыцьцё, барацьба за Эрас — гэта палітычная барацьба.

 

Ніцшэ Ф. Творы.

Калі ты перш за ўсё і пры любых абставінах не наганяеш страху, то ніхто не падумае пра цябе настолькі сур’ёзна, каб урэшце палюбіць цябе.

Хто хоча стаць правадніком для людзей, павінен на працягу добрага кавалку часу лічыцца сярод іх самым небясьпечным ворагам.

Ёсьць ступень заядлай ілжывасьці, якую называюць «чыстым сумленьнем».

Падазраючы, што нехта ілжэ, прыкінемся, быццам мы верым яму; тады ён робіцца нахабным, ілжэ яшчэ больш, і маска спадае.

 

Ёсьць пільная патрэба вярнуць у беларускае жыцьцё стыль; гэта і будзе цэнтар сілы, кажа Гаспадар Бібліятэкі.

 

Ніцшэ Ф. Творы.

Будзьце такімі, чый позірк заўсёды шукае ворага — свайго ворага. І ў некаторых з вас іскрыцца нянавісьць ужо зь першага позірку.

Што добра? — пытаецеся вы. Добра быць сьмелым.

 

Бібліятэкар сьцьвярджае: Беларусь уратуе кароткая стрыжка!

 

Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня.

Мноства расейцаў, прысыланых у БССР на працу і пастаяннае жыцьцё, прыдавалі ўсяму краю расейскі характар. Яны займалі кіруючыя становішчы, арганізоўвалі ўсюды гурткі расейскай фальклёрнай самадзейнасьці і рэпрэзэнтавалі насельніцтва Беларусі перад наведваючымі чужынцамі як расейскае. Цяпер пануючы грамадзкі стан у Беларусі ачольваюць расейцы, якія зьяўляюцца прывілеяванай кіруючай элітай краю. Працоўны беларускі народ зьяўляецца падпарадкаванай і прыгнечанай часткай насельніцтва Беларусі.

 

Плянкоў А. Міты нацыі супраць мітаў дэмакратыі: нямецкая палітычная традыцыя і нацызм.

Важнейшым за ўсялякія вівісэкцыі інтэлектуалізму зьяўляецца рост нацыянальнага міту, міту, ня вымучанага нэрвамі, а таго, які вырастае з крыві. Не рацыяналізм, а міт нараджае жыцьцё. Міт — гэта сэнс і зьмест нашага часу. Таму і мае месца варожасьць паміж інтэлектуалізмам і паняцьцем народнасьці. Народнасьць — гэта вера і разьвіцьцё, а інтэлектуалізм — гэта скептыцызм і бясплоднасьць (Хусонг, ням. публіцыст).

 

Сёньня мала сказаць «я сьвядомы беларус», кажа Гаспадар Бібкалектару, сёньня актуальным зьяўляецца «сапраўдны беларус», г.зн. той, які, пракладаючы шлях аднакрэўным, гатовы пайсьці на сьмерць.

 

Райх В. Псыхалёгія масаў і фашызм.

З другога боку, у часе знаходжаньня ва ўладзе лідэры фармальнай дэмакратыі зрабілі памылку, палічыўшы, што народныя масы здольныя аўтаматычна стаць свабоднымі, і тым самым нэўтралізавалі ўсялякую магчымасьць усталяваньня свабоды і адказнасьці народных мас. Яны ніколі не зьявяцца, бо іх паглынула катастрофа.

 

Розэнбэрг А. Міт ХХ стагодзьдзя. Ацэнка духоўна-інтэлектуальнай барацьбы постацяў нашага часу.

З квітнеючага ізноў нацыяналістычнага сьвету духоўныя сілы растуць ва ўсіх напрамках. Кожным з гэтых напрамкаў можа кіраваць толькі вялікая асоба, і магчыма, што адна зь іх увасабляе шмат сабраных у адно валявых часьцінак. Але заявіць на гэта прэтэнзію можа толькі сапраўды вялікі чалавек без адзінай хібы ў характары і душы. Так мы чакаем паэта сусьветнай вайны, вялікага драматурга нашага жыцьця, вялікага архітэктара і скульптара.

 

Шапэнгаўэр А. Свабода волі і маральнасьць.

Людзі прыпадабняюцца да дзяцей у тым сэнсе, што, калі ім дараваць, яны робяцца непаслухмянымі, таму нікому ня трэба асабліва саступаць, тым больш падлашчвацца. Падобна да таго, як мы звычайна не губляем сябра, калі адмаўляемся даць яму ў доўг, але вельмі лёгка страчваем яго, калі даём, — гэтаксама мы рэдка губляем сяброў з-за нашага гордага і ў нейкай ступені неахайнага да іх стаўленьня, але гэта часта бывае пры празьмернай да іх пяшчотнасьці і запабежлівасьці, што робіць сяброў нахабнымі і невыноснымі, пасьля чаго і надыходзіць разрыў.

Дараваць і забывацца — значыць кідаць за вакно набыты каштоўны досьвед.

 

Шульгін В. «Што нам у іх не падабаецца...»: Аб антысэмітызме ў Расеі.

Гэтак: што нам у іх не падабаецца? Шчыра кажучы, больш за ўсё нам у іх не падабалася тое, як яны да гэтага ставіліся, г.зн. да таго, што яны нам не падабаліся. Яны, можна сказаць, абсалютна ў гэтым пытаньні былі шаленцамі. І вось чаму было абсалютна немагчыма зь імі пра гэта размаўляць...

Кожная нацыя, раса, народ мае права на месца пад сонцам. Добрая яна альбо дрэнная, але тым фактам, што яна існуе, яна мае ярлык на працяг свайго існаваньня. Занадта ветлівыя ангельцы ў тых выпадках, калі чалавека вельмі доўга і за ўсё да рэшты папракаюць, кажуць: «Даруйце мне, калі ласка, што я нарадзіўся на сьвет». У гэтай тонкай насьмешцы ўся сутнасьць нацыяналізму. Народ нарадзіўся на сьвет Божы, ён існуе, ён хоча жыць і далей. І хоча быць такім, якім ён ёсьць. Гэта не азначае, што ён не павінен удасканальвацца; але гэта азначае, што ўдасканальваючыся, ён усё ж ня хоча губляць сваёй індывідуальнасьці, свайго «я», сваіх асаблівасьцяў, якія адрозьніваюць яго ад іншых народаў, нацыяў, рас. Натуральна, што калі штосьці альбо хтосьці тым ці іншым спосабам гэтую народную ці расавую індывідуальнасьць зьнішчае, сьцірае, падмяняе, то народ, які не завяршыў сваёй «нацыянальнай стадыі» разьвіцьця, можа і павінен абараняцца ад «набрыдзі».

 

Гаспадар Бібліятэкі раіў бы і нашым азнаёміцца з работай Шульгіна, прачытаць яе крытычна, але — прачытаць.

 

Шпэнглер О. Заняпад Эўропы.

У кожнай культуры свае новыя магчымасьці выказваньня, якія зьяўляюцца, высьпяваюць, вянуць і ніколі не паўтараюцца.

 

Гаспадар Бібліятэкі ўдакладняе: магчыма, што і не кароткая стрыжка ўратуе Беларусь, але ўжо дакладна, што ня патлы.

На пытаньне «Што рабіць?» адказ дае пазытыўны: праявіць волю, выхаваць нянавісьць, палюбіць зброю, даць дарогу нацыянальнай сіле.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0