Першае яйка абсурду

 

Часта ўсё, што мае сэнс, называецца ў нас авангардам. Яшчэ – экзотыкай. Калі-нікалі – абсурдам. Таму мы ўжо прызвычаіліся да таго, што жывем у вельмі авангардна-экзатычна-абсурдным асяродзьдзі. (Спадзяюся, гэта камплімэнт.) Любы культурны гэпэнінг альбо творчая асоба ўспрымаюцца як непадуладная разуменьню зьява заўтрашняга дня. А ў нас, пагадзіцеся, што ні чалавек, то творчая асоба, і што ні асоба, то гэпэнінг. Мы добра памятаем, што культура ствараецца ў нас на Ўсходзе й нідзе больш (нягледзячы на высілкі часопісу “Фрагмэнты”), бо ўвесь астатні сьвет – кляака спажывецкага грамадзтва. Вядома, у Эўропу мы хочам, строі ад Макс Мары й Джорджа Армані нам таксама не зашкодзяць, але толькі ў межах разумнага. Мы ведаем, калі спыніцца, бо мы – творцы, фарпост авангарду, гнілая й паўп’яная праслойка, якая стала ўгнойвае ніву культурнага авангарду ў горадзе-героі Менску. Але, як высьветлілася, сапраўдны абсурд зьявіўся ў нашым горадзе ня так даўно.

А дакладна – у выглядзе спэктаклю “Вольнай сцэны” “Бот і яго шкарпэтка”. Крыху кічавым (рэжысэрка – Тацяна Сулімава), выключна прафэсійным (актор Анатоль Кот) відовішчам, якое разбурае ўяўленьне пра тое, якой мусіць быць актрыса й як яна павінна граць (Людміла Сідаркевіч). На мой погляд, зусім ня дзіўна, што бомба разарвалася на “Вольнай сцэне,” а ня дзе-небудзь яшчэ. На сёньня менавіта праект гэтага тэатру “Віта Брэвіс, або Нагавіцы сьвятога Георгія” (дарэчы, зьняты з рэпэртуару) змог вырваць асобу Францішка Скарыны з пыльных падручнікаў, акадэмічных манаграфіяў і тэатральных пастановак і ўвесьці яе ў рэальнае жыцьцё, у трамвайную гутарку. Дзякаваць “Вольнай сцэне” й аўтарам п’есы М.Клімковічу і М.Шайбаку, Скарына пераўтварыўся ў сапраўднага народнага героя. Прынамсі, я асабіста не магу ўявіць, што звычайныя падлеткі зь мікрараёну будуць апантана абмяркоўваць учынкі Францішка Скарыны пасьля прачытаньня “Сонца маладзіковага” Алега Лойкі, якой бы добрай ні была гэтая кніга.

На спэктаклі “Бот і яго шкарпэтка” (аўтар п’есы — Генрых Ахтэрнбуш) падлеткаў, канечне, не было, бо гэта ня казка пра д’Артаньяна ў нагавіцах сьвятога Георгія – гэта фарс-абсурд. Пабытовыя размовы прыкутага да інвалідзкага крэсла мюнхенскага паэта зь ягонай жонкай-мэдсястрой, якая быццам бы кахаецца з пацыентам-рымлянінам і праз рэўнасьць спальвае адзіна каханую жанчыну паэта – актрысу з гамбурскага драмтэатру (за дакладнасьць сюжэту не адказваю: абсурд усё-такі).

Гэта спэктакаль пра прыхаваную страсьць і ейную адсутнасьць у рэчаіснасьці. Каханьне, пакуты не атрымліваюць вонкавай праявы – яны жывуць у душах герояў, якія выварочваюцца насподніцу ў пабытовых размовах. Якія асацыяцыі паўстаюць пры слове “пабытовы”? – будзённы, штодзённы, руцінны, просты, прымітыўны. Сапраўды: просты сынтаксыс, няпоўныя сказы, нейкія “працоўныя выкрыкі” – усё тое, што мы чуем ад сваіх кожны дзень. З адным толькі адрозьненьнем: сваіх мы ведаем, а таму разумеем. Тутака ж пабытовая размова, як і мае быць у законах лінгвістыкі, робіцца амаль неўспрымальнай для староньняга назіральніка. Слухач ня ведае падтэксту, ня можа заўважыць зацененых сэнсаў у дыялёгу двух блізкіх людзей, не валодае нават кантэкстам гаворкі, тым больш, што на сцэне не адбываецца дзеяньня, якім мы прызвычаіліся яго бачыць. Гэта – плястыка, жэсты, міміка, няспыннае пераўвасабленьне, фантасмагорыя руху. Тое, як Людміла Сідаркевіч паказвае сваім целам спачатку ўдаваны ідыятызм, а потым вытанчаную жаноцкасьць, заслугоўвае асаблівай увагі й, відаць, узнагароды. Да пары акторцы й ейны партнэр, Анатоль Кот, які амаль увесь час сядзіць у крэсьле, але мы, здаецца, бачым рух думак ягонага героя.

Але асноўная нагрузка, канечне ж, на словах. На стылістыцы пабытовай размовы, дзе, калі Вы паназіраеце за сабой і Вашымі сваякамі, каснаязыкасьць проста прэ з суразмоўцаў, як у рамане Коба Абэ “Таемнае спатканьне” вата – з жанчыны, якая ўрэшце ператвараецца ў ватовую коўдру. І тым ня менш, праз гэтую каснаязыкасьць (чалавек думае згорнутымі фразамі, амаль безь дзеясловаў) мы спасьцігаем сваё атачэньне, прыходзім да ўласнага, а не прыдбанага, сьветапогляду. Блізкія людзі якраз і атрымліваюць інфармацыю пра гэты індывідуальны сусьвет, пра нас без прыўкрас, так бы мовіць. Пры пэўным досьведзе, менавіта ў пабытовай размове можна разгадаць чалавека, адкрыць найглыбейшыя пласты чалавечай псыхікі й сьвядомасьці. За павярхоўнасьцю й, часам, несур’ёзнасьцю тэмы пабачыць паэтычныя абшары альбо страшэннае калецтва душы. Нездарма ж людзі сыходзяцца ў залежнасьці ад таго, наколькі пасьпяхова яны могуць камунікаваць на пабытовым узроўні. Пры гэтым двое людзей могуць дасягнуць той ступені еднасьці, калі тое, што падаецца ім сьмешным, паўстае перад слухачом увасабленьнем абсурду. Але надзіва на спэктаклі можна было пачуць цалкам асэнсаваны, а не бездапаможна-гістэрычны сьмех гледачоў. Відаць, ізноў-такі дзякаваць майстэрству актораў і рэжысэркі.

Сканчаецца ж спэктакаль зусім не вясёла: забойствам на пабытовай глебе. І аголеныя душы герояў цягнуць з сабой у нябёсы даволі недарэчны прадмет, які стаўся пэўнай адмецінай, каштоўнасьцю іхнай будзёншчыны, а менавіта белы мэталёвы імбрычак. Белыя душы сыходзяць, а белы імбрычак завісае ў прасторы на чорным тле задніку. Няма ўзвышаных пачуцьцяў, няма патасу, няма подзьвігу, а ёсьць жанчыны, якія нясуцца альбо яйкамі, альбо кавунамі. І кожны пражыты дзень патрабуе гераічных высілкаў.

“Складаны спэктакаль, няпросты. Не ўсялякі глядач можа яго зразумець, таму й ня ходзяць,” – меркаваньне білетніцы. Але ўсё ж такі спэктакаль, відавочна, знайшоў свайго гледача, хаця, калі гаварыць словамі з п’есы: ”Так, першае яйка йшло нялёгка”.

Марыя Роўда


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0