Адам Глёбус

Курортнікі й карлаварцы

Падарожнае апавяданьне

 

Хто толькі ні наведваўся ў Карлавы Вары! У маленькім даведніку сьпіс самых знакамітых гасьцей займае тры старонкі дробным шрыфтам. Ёсьць у тым пераліку й Адольф Гітлер, пазначаны як нямецкі дзяржаўны дзяяч. З таго ж «путеводителя» можна даведацца: «4 октября 1938 г. с балкона театра к сфанатизированному немецкому населению, говорил государственный лидер Адольф Гитлер. Карловарские жители не предпологали, что за не целый год Гитлер развернет вторую мировую войну, которая принесет людям мучения». Што вайна прыносіць пакуты, дык гэта вельмі дакладна заўважана. Карацей, фашыст Гітлер выступіў перад сфанатызаваным натоўпам і зьехаў, а пазьней... «В октябре 1938 года, после посещения государственного лидера Адольфа Гитлера Карловых Вар, город был захвачен немецкими войсками, и как неотделимая часть, так называемой Судетской жупы, присоединен к так называемой «Третьей империи». Незадолго перед тем покинули город последние чехи». Вось табе й асоба ў гісторыі аднаго асобна пазначанага курорту. Толькі для таварыша й сацыяліста Гітлера паход на Карлавы Вары скончыўся наступным чынам... «В 1945—1946 г.г. немецкое население Карловых Вар на основании Поступимского договора было выселено из своих домов. (...) Чехи здесь постепенно находили свой новый дом». І знайшлі, і ня толькі чэхі. На карлаварскіх вуліцах шмат такіх любімых Гітлерам цыганскіх дзяцей, чый спакой ахоўваюць чэшскія паліцыянты.

Ня веру ў статыстыку — можа падмануць, як і тэорыя верагоднасьці, згодна якой ты ня можаш сустрэць мужчынаў у сто разоў часьцей, чым жанчынаў, а трапляеш у войска і сустракаеш. Ня ведаю й не хачу ведаць, што кажа статыстыка, а я заўважыў, як паболела ва ўсім сьвеце жанчынаў у вайсковай ды паліцыянцкай форме. А таму нічога адметнага, на першы погляд, у карлаварскай паліцыянтцы не было. Ну, маленькая, круглая, у акулярах на чырвоным швейкаўскім носе. А вось павярнулася яна да мяне задам і зьдзівіла: з-пад фуражкі да самае дупы вісела тоўстая, сьветлая, сапраўды арыйская каса. Бачыў розных паліцыянтаў: з устаўнымі зубамі, з бакенбардамі, з устойлівам пахам самагоннага перагару, а з шыкоўнай касой да шырокіх клубоў сустрэў упершыню. Таму вырашыў пасачыць за паліцыянткай, паглядзець, як яна нясе службу на берагах неспакойнай рэчкі Teply. Празь некалькі хвілінаў я даведаўся, адкуль бярэцца такі прывабны памер клубоў. Паліцыянтка зайшла ў крамку Delicates, дзе з апэтытам схрумала рагалік з каваю. Пасьля харчоўкі карлаварка стала на ганку й агледзела навакольле. Парушальнікі парадку, як ні дзіўна, знайшліся. Статак зялёнагаловых качараў выйшаў на праезную частку вуліцы Stara Louka. Паліцыянтка замахала на пташак дручком і словамі «kys-kys-kys» загнала пярнатых у рэчку. Зрабілася нецікава, і я сышоў шукаць іншыя аб’екты для назіраньня. Аб’ектаў хапае, узяць хоць бы курортнікаў.

Гасьцей-курортнікаў у Карлавых Варах процьма... Казахі на кожным кроку. Немцаў, як восаў над кавуном. Расейцамі пазабіваныя ўсе крамы, крамкі, шопы й шопікі. Астатніх менш, але, пашукаўшы, папрыглядаўшыся, знойдзеш каго заўгодна. Большасьць дамкоў пазавешаны шыльдамі. Тут жыў... Тут быў... Тут працаваў... Каб каго зь вялікіх і знакамітых, кшталту Гітлера, не прапусьціць, давядзецца зьвярнуцца ў «путеводитель». У мяне закралася думка: гэты танны даведнік пісаў Карэл Чапек. Ну хто, акрамя яго, мог скласьці наступны радок: «1995 — Г.Доллобриджид — актриса фильма». А наступнае: «1974 — Д.Албридге — английский писатель». Не, усё ж Чапек свайго калегу Джэймса Олдрыджа так бы, не да спазнаньня, не перакручваў. Чапек быў гуманістам, жартаваў, але ня зьдзекваўся зь людзей. А «путеводитель» зьдзекуецца. Д.Ф.Ойстрах у ім – «гуслист». Цікава, ці ўмеў Ойстрах граць на гусьлях-самагудах, можа й граў, хто яго ведае. Можа й «Хачатуриан — арменский композитор» таксама мог па-сапраўднаму сыграць партыйную музыку ў стылі сацыялістычнага рэалізму на тых жа самагудах. А вось у якіх норах жыў «норский композитор Э.Григ», мне цяжка адказаць. Але самае цяжкае, як заўсёды, наперадзе. Хто такая «Г.Касанова — литературовед»? Даю падказку: «И искатель приключений». Цяжка? Даю другую падказку: наведала Карлавы Вары ў 1785 годзе. Правільна. Гэта ён – вялікі й непараўнальны сэкс-сымбаль усіх часоў і народаў — Казанова. Мяркую, трэба спыніцца, бо ў Карлавых Варах былі ці пабудуць усе, хто здатны яшчэ трымаць у руках кубак зь мінэральнай вадой. Нават жыхары заакіянскай Амэрыкі.

Пайшоў я ў саўну й нарваўся на амэрыканку. Яна важыла цэнтнэры паўтара. Ёсьцека такія амэрыканкі, што ходзяць выключна ў спартовых строях — іншыя апранахі ім нязручныя. Вядома, у лазьні ніякіх апранах, акрамя бікіні, на целясах не вісела. Сала, скура, складкі – сапраўдная прынцэса з таўстуноў. Тоўстая жанчына з табою ў лазьні ці неверагодна таўсьцізная, а ўсё адно пачуваесься няёмка. А калі яна маладая, сарамлівая й безнадзейна зарослая тлушчам... Ніякавата, скажу табе, робіцца. Самым нечаканым выйсьцем зь няёмкасьці было тое, што яна разгарнула ручнік і дастала зь яго маленечкі касэтны магнітафон, запхала ў вушы дынамікі й запусьціла мутарна-салодкі шлягерок. Нічога не заставалася, як сабраць у кулак усю мужчынскую волю й пераседзець таўстуню ў гарачым паветры. Ад беспамернай амэрыканкі я пачуў толькі адно кароценькае «бай», калі яна выходзіла за шкляныя дзьверы. А яна ад мяне нічога не пачула. Што можна расказаць дзяўчыне, якая слухае магнітафон у лазьні праз слухаўкі? Ні-чо-га. Лепш я раскажу табе пра тыповага курортніка.

У Карлавых Варах курортнік – стары, хворы, спакойны, заможны й флегматычны. Колькасьць выпітай мінэральнай вады прымушае яго ведаць усе ватэрклязеты, а колькасьць прынятых ваннаў, душаў-шарко, масажоў робіць яго ружовым, усьмешлівым і вялым, як дзіцячы мядзьведзік, зь якога вытрыбушылі пілавіньне. Курортніку нічога ня трэба, усё ёсьць. Курортнік амаль ня паліць тытуню, амаль не ўжывае алькаголю, солі, смажанай бульбы, кансэрваванай садавіны й гародніны, пончыкаў, какосаў, кавы, маянэзу, масла, сала, лою, ікры, качкі, гусака, вантробаў вялікіх і малых жывёлаў і пінцакаў, вяндліны, згушчанага малака й тлустых ёгуртаў. Жыве ціха. Шмат прагульваецца ў лесе, па горных сьцежках. Выглядае на поўнага ідыёта. Толькі гэта падман. Ёсьць занятак, які захапляе курортніка цалкам: любоў да самога сябе. Ён шануе свае ворганы: страўнік, кішэчнік, сэрца, ныркі, язык, горла, падстраўнікавую залозу, сьпіну, жывот, чэлес і ўсе астатнія складнікі немаладога арганізму, без выняткаў. Душа курортніка сьпіць. Што можа быць лепш? Нірвана, адным словам. І адзін з асноўных удзельнікаў гэтых курортных кайфаў — афіцыянт.

Тыповы карлаварскі афіцыянт носіць шаўковую камізэльку з хлясьцікам на таліі. Ён вышкалены, крышку санлівы, гаворыць па-расейску, нямецку, ангельску й зусім ня радуецца чэскім словам, пачутым з вуснаў замежніка. На піва бярэ з робленай абыякавасьцю. А можа, гэта я не даваў столькі, каб зьдзівіць ці ўзрадаваць? Але на што мне зьдзіўляць карлаварскага афіцыянта? Не пэрсона, не асоба, форма жывой рэстарацыйнай мэблі, дадатак да відэльца з нажом. Толькі найпрыгажэйшы карлаварскі заваконны краявід страчвае палову чароўнасьці, калі на пярэднім пляне адсутнічае гнуткая постаць афіцыянта.

Што падманваць, выдатныя ў Карлавых Варах горы і без афіцыянтаў з паліцыянткамі. Адно задавальненьне шпацыраваць па схілах і захапляцца рамантычнай архітэктураю эўрапейскага гарадка. Як для паэта, дык лепей і не бывае, асабліва для сэнтыменталіста, аматара чароўных казак і гатычных гісторыяў. Але з усіх тамтэйшых гор мяне ўразіла не каменная грамада, а гурба з костак, тлушчу й скуры. Ізраільцянін – чалавек-гара, чалавек-слон, чалавек неверагоднай шырыні, вагі й масы. Цыгарэта ў ягонай руцэ выглядала, што запалка. Канапа, як толькі ён прысядаў на яе, ператваралася ў фатэль. Людзі, рэчы, расьліны мізарнелі побач з чалавекам-гарой. З раніцы й да позьняга вечара ён упрыгожваў сабою гатэльны хол. Ён прыехаў з мэтаю пахуднець, але на сьняданак зьядаў пяць яек з блінамі. А таму да скону ён застанецца чалавекам-гарою. Канечне, можа, хто й навучыць яго нюхаць какаін, які імгненна згоніць тлушчы. Можа, хто іншы, толькі ня я, бо мне вельмі падабаецца чалавек-гара зь Ізраілю за выключнасьць, адметнасьць і непаўторнасьць. А вось музыка ў гатэлях і рэстарацыях не лягла на душу. І ўсё з-за музыканта.

Рэстарацыйны музыка ў Карлавых Варах – сыты, як кот самотнай немаладой кабеты. І найгрышы ён любіць салодкія, поўныя ўспамінаў пра вялікія імпэрыі: Аўстра-Вугорскую й СССР. Таму сьпявае пра падмаскоўныя вечары й пра Yesterday, пра былую Чэхаславаччыну, дзе чэхі хадзілі ў панах, а славакі ў работніках. Грае карлаварац для немцаў з расейцамі, якія пампуюцца півам і шчодра пляскаюць пасьля кожнага шлягера. Мне ад такой музыкі робіцца млосна, таму й пазьбягаю рэстарацыяў з жывым карлаварскім голасам. А ёсьць жа такія, што любяць гукавую патаку, як мой сусед у гатэльным калідоры, мардаты азэрбайджанец.

Аднаго разу ён выйшаў з прыбіральні й зашпіліў гульфік. Як у показцы пра расейскага шпіёна, якога выкрылі ў Амэрыцы за зашпільваньне нагавіцаў пасьля выхаду з прыбіральні. Толькі гэта не анэкдот, а самая натуралістычная рэальнасьць. Нафтабарон выкаціўся з ватэрклязэту ў хол нашага гатэлю «Калянада», зашпіліў дарагія нагавіцы, вывудзіў з кішэні «сотавік» і пачаў весьці перамовы з расейскім банкам пра набыцьцё гатэлю Залата Карона за сорак мільёнаў чэскіх каронаў. Ён так упэўнена гаварыў пра выгоды моманту, пра рэальнасьць цаны ў мільён амэрыканскіх даляраў, пра магчымасьць скідак, што я ўпэўніўся ў хуткім пераходзе Залатой Кароны ў маёмасьць азэрбайджанскіх нафтабосаў. І можа, там, у Залатой Кароне, яму ціхенька падкажуць пра неабходнасьць зашпільвацца яшчэ да выхаду з прыбіральні. Ці, маючы грошы, чорны барон найме чалавека, які будзе яму рабіць няхітрую працэдуру.

Дзякуй па-чэску «diki!». І чэхі дзякуюць адзін адному бясконца. І лётаюць дзікі па ўсёй Чэхіі, і спасу ад іх няма. Глядзіш, і сам дзікнуў раз, дзікнуў два і паціху прывык. Але ўкладаць хоць бы кроплю ўдзячнасьці ў diki! я так і не навучыўся. Хоць варта шчыра падзякаваць чэхам за наш беларускі сьцяг.

Якіх толькі сьцягоў не вісіць на гатэлях у Карлавых Варах! Усялякіх і розных. Але мне хочацца пабачыць наш. І я хаджу ад гатэлю да гатэлю й выглядаю беларускі сьцяг. Нацыяналіст ён і на адпачынку нацыяналіст. І што ты думаеш, знайшоў. Над ганкам гатэлю Imperial побач зь фінскім лунаў наш бел-чырвона-белы. Старэю, і як папулярызатар бел-чарвона-белай гісторыі Вова Арлоў, шукаю на чужыне беларушчыну. Зрэшты, Чэхія не чужына, а нашая родная славянская зямля і трава.

Ніводзін з чэхаў на тую траву і ўвагі не зьвярнуў. Трава як трава. А я вачэй адвесьці ня мог. Сярэдзіна лютага, як у Беларусі, дык самыя маразы, самыя сумёты. Карлавы Вары таксама сьнегам заваліла. А тут сонца: сьнег на дарожным адхоне растаў, і ў вялікай праталіне зялёная, сьвежая, вясновая трава. Чэху тая трава ня ў дзіва, а мяне парадавала. Можа, і ў Беларусі ёсьць шмат розных цудаў, паўзь якія праходзім, не спыняючыся? Можа, наш бацька нацыі – таксама цуд неацэнны? Гумар, канечне.

Чэхі, дарэчы, нацыя з гумарам. Яны заўсёды ў гуморы. Адно цяжка зразумець: чаму яны носяць такі сьмешны, швейкаўскі, дзябёлы абутак фірмы Bat’a. І абуваюцца ў яго ўсе пагалоўна. Мусіць, іхны прэзыдэнт з драматургаў, Вацлаў Гавэл, гэтаксама крочыць у аб’яднаную Эўропу ў бацявых чаравіках. У кожнага народа свой баця. Чэхі, пэўна ж, дзівяцца зь беларусаў, якія маюць у прэзыдэнтах бацьку з саўгасных дырэктароў.

Лёс кпіць з кожнай нацыі па-свойму. І ў немцаў, былых гаспадароў Карлавых Вараў, быў свой «государственный лидер».

Немцаў тут процьма была, ёсць і будзе. У немца тут ці ня ўсе магчымыя перавагі, нават жывая гісторыя вялікай Германіі на кожным кроку: дом, дзе жыў Гётэ, віла, дзе адпачываў Бэтговэн, тэатральны гаўбец, зь якога гарлаў Гітлер... Грошай у немца больш, чым у чэха, і ён прыяжджае ў некалі свой Karlsbad, і не адзін, а з ладнай каханкаю. Залазіць у саўну, прэе, выскоквае, намазвае расчырванелую скуру кветкавым мёдам і боўтаецца ў дубовую бочку зь ледзяною вадой. Немец нікога не саромеецца: плавае ў агульным басэйне цалкам голы. А пасьля лазьні сядае ў бары, п’е нямецкае піва й гучна сьмяецца. Па немцы ня скажаш, што ён шкадуе страчаны Нямеччынай у 1945-м казачны Karlsbad, бо ён верыць у хуткае аб’яднаньне ўсёй Эўропы, ва ўрачыстае й пераможнае шэсьце нямецкага капіталу на чэскія тэрыторыі, у сваё канчатковае вяртаньне ў Карлавы Вары ня госьцем, а гаспадаром. Перад немцам — доўгатэрміновая пэрспэктыва, а вось у ягонай каханкі, з выгляду вугоркі, пэрспэктываў нямашака. Па ўсім відаць, наступным разам немец прыедзе разам з жонкаю, каб палекаваць прыпсаваныя півам ныркі. А гэтым разам прамываць ныркі прыехаў казах.

У казаха выдатны гарнітур-тройка. Такі строй можа сабе пашыць толькі дзяржаўны чыноўнік найвышэйшага рангу. Казах загадвае мытнямі і нядаўна балятаваўся ў прэзыдэнты Казахстану. Таму ўсе навокал – патэнцыйныя парушальнікі мытнага заканадаўства Рэспублікі Казахстан. Адпаведна, трымаецца пэўная адлегласьць. І ў шатні, калі ён быў загорнуты ў прасьціну, а я выкручваў плаўкі, дыстанцыя захоўвалася. І цыцкастая мэдсястра, што заляцела ў разьдзявалку, ні на мілімэтар не парушыла той адлегласьці. «Я нічэвоо нэ відела!» – прагаварыла жанчына, утаропіўшыся ў мой чэлес. «Слепая, да? Ты — слепая?» – чамусьці вельмі бадзёра спытаў казах. Мэдсястра сумелася ня столькі ад маёй аголенасьці, колькі ад мытнікавага мядзьведжага жарціку. Казах заўсьміхаўся. Паказаў кепскія, але яшчэ свае зубы. Галава ў казаха падобная да меднага сагана. Твар нязвыкла шырокі. І я зусім не чакаў, што ўсьмешка зробіць казахскі твар яшчэ шырэйшым. Гэта той выключны выпадак, калі твар чалавека ўшыркі большы, чым увышкі.

У Карлавых Варах усьміхаюцца ўсе, усім весела, ня сумна й мне, але хочацца яшчэ спакойнага, немітусьлівага сяброўства. Такога, каб пагаварыць, выпіць разам грамаў чатырыста мінэральнай вады, пагуляць па гарах, зьесьці ў рэстарацыі стронгу, абмеркаваць чэшак і звычайнай травой палюбавацца. Шукаў я такога сябра і знайшоў. Ён, як ты здагадваесься – чэх. Такі сапраўдны чэх у чорным капялюшыку, з усьмешкай, з гонарам, але без фанабэрыі. Я яго любіў зь дзяцінства. Спадзяюся, я таксама зачытваўся ягонымі вясёлымі апавяданьнямі з розных кішэняў. Я выбраў сабе ў сябры Карэла Чапека. Бо шмат разоў перачытваў ягоныя нататкі з розных куткоў тады яшчэ неаб’яднанай Гітлерам Эўропы, бо люблю паразглядаць наіўныя, зробленыя зь ненавязьлівай дакладнасьцю малюнкі, бо шаную ягонае знаёмства-сяброўства з самым грунтоўным раманістам ХХ стагодзьдзя Томасам Манам. У творчасьці Чапека мне падабаецца ўсё: і мэтафізычныя фатаздымкі з бацевымі чаравікамі, і афарыстычныя жарты, і нянавісьць да гітлерызму, і нарысы пра тое, як рабілася чэскае кіно й чэская газэта. Вось з кім хацелася б пагаварыць у карлаварскай альтанцы. Сказаць яму diki за геніяльна вынайдзенае слова робат. Сапраўды геніяльнае. Паслухай, як гучыць... Паўстаньне робатаў пад кіраўніцтвам Спартака. Чуеш? І так, як ты чуеш мяне, я чую Карэла Чапека. Яшчэ ж засталіся ягоныя старонкі, не прачытаныя мной. Dixi.

 

Карлавы Вары. Люты. 1999 год.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0