Памяці Вячаслава Чарнавіла

 

...Ягоная сьмерць была імгненнай і бязглуздай: на шляху машыны, што мчала начною Барыспальскай шашой, раптам апынуўся грузавік. Так 26 сакавіка а чацьвертай раніцы Вячаслаў Чарнавіл назаўжды стаў гісторыяй.

Хоць, уласна, ён быў гэтай гісторыяй ужо пры жыцьці. Тры арышты, шматгадовае зьняволеньне, старшынаваньне ў першай несавецкай Львоўскай аблрадзе, калі ён яшчэ за Саюзу першым узьняў над будынкам блакітна-жоўты штандар. Тады, у красавіку 1990-га, гэта была ня проста зьмена сьцягу, а знак зьменаў, што несьлі надзею.

З 1992 году Вячаслаў Чарнавіл узначальваў Народны Рух Украіны. Гэты пэрыяд ягонай дзейнасьці выклікаў, мабыць, найбольш спрэчак. Адны абагаўлялі яго як харызматычнага лідэра, іншыя крытыкавалі за быццам бы аўтарытарны стыль кіраўніцтва. А для ўкраінскіх камуністаў ён увасабляў сабой «сусьветнае зло». Яго называлі «бандэраўцам» і «заходнікам», хоць нарадзіўся ён на Чаркашчыне, ля Шаўчэнкавых Марынцоў і Кірылаўкі.

Апошнія месяцы былі для Вячаслава Чарнавіла цяжкімі. Унутрырухаўская апазыцыя ўзьнялася супраць свайго лідэра, і з сакавіка дзейнічалі ўжо два Народныя Рухі. Цяжкім маральным ударам стала для Вячаслава Чарнавіла працягнутае празь Вярхоўную Раду рашэньне аб уступленьні Ўкраіны ў Міжпарлямэнцкую асамблею СНГ, супраць якога ён так змагаўся. Яго моцна крытыкавалі за тое, што ён дапусьціў гэта. Цяпер гэтыя крытычныя галасы, вядома, сьціхнуць — бо ягоныя апанэнты з правіцы і цэнтру не маглі не шанаваць у ім магутнай асабістасьці, Грамадзяніна і Змагара.

Ён пайшоў у вечнасьць, дзе зойме свой пасад у коле пабрацімаў-шасьцьдзясятнікаў: Васіля Сіманенкі, Васіля Стуса, Алы Горскай, Івана Сьвятлічнага — якія сталіся сымбалем прагі ўкраінцаў да волі. Застанецца вобраз «зэкаўскага генэрала» (так пісаў пра яго сыяніст Мыхайла Хейфэц, які пад уплывам Чарнавіла далучыўся да ўкраінскага руху). Застанецца здымак шчаснага і стомленага Вячаслава Чарнавіла ў дзень абвяшчэньня Незалежнасьці — тонкая ўсьмешка чалавека, які перажыў два інфаркты.

Максім Стрыха, Кіеў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0