NATO ЯК «РЭЧ ПАСПАЛІТАЯ НАШАГА ЧАСУ»

 

Сытуацыя, што ўзьнікла вакол міжнароднае канфэрэнцыі «Польшча ў NATO» на мінулым тыдні, прымусіла згадаць часы «халоднай вайны».

За дваццаць хвілінаў да пачатку канфэрэнцыі, акурат калі машыны з удзельнікамі, а таксама запрошанымі дыпляматамі прыпаркоўваліся ля будынку Адукацыйна-культурнага цэнтру, ягонае кіраўніцтва адмовіла арганізатарам у памяшканьні, спаслаўшыся на званок з адміністрацыі прэзыдэнта. Такім чынам арганізатары — польскі Цэнтар міжнародных дачыненьняў і пасольства Польшчы ў Беларусі — былі вымушаныя перанесьці канфэрэнцыю ў пасольства. У выніку грошы, унесеныя за арэнду і за банкет у рэстаране пайшлі, верагодна, у графу «непрадбачаныя выдаткі», а Беларускае тэлебачаньне, якое не насьмелілася пераехаць за ўдзельнікамі канфэрэнцыі на «варожую тэрыторыю», засталося ў той вечар без тэлекарцінкі на натаўскую тэму.

Праз два дні пасьля гэтага прэс-сакратар МЗС Беларусі прадставіў інтэрпрэтацыю гэтага дыпляматычнага казусу. Паводле вэрсіі МЗС, польскі бок адвольна «зьмяніў фармат сустрэчы», не паведаміўшы пра гэта своечасова ў замежнапалітычнае ведамства ў Менску. Пасьля гэтага пасол Польшчы Марыян Машкевіч быў запрошаны ў МЗС, дзе яму выказалі нэгатыўнае стаўленьне да таго, што на брыфінгу будзе названае «адсутнасьцю дыпляматычнага такту».

Пад зьменай фармату меўся на ўвазе ўдзел у канфэрэнцыі старшыні Беларускай Эўраатлянтычнай асацыяцыі Мечыслава Грыба ды экс-міністра абароны, генэрала Паўла Казлоўскага замест (як плянавалася спачатку беларускім МЗС) кіраўніка няўрадавага Інстытуту праблемаў стратэгічнай бясьпекі генэрала Ягорова. Ягораў зь невядомых прычынаў адмовіўся, а можа — прадчуваў атаку ўзброеных сілаў NATO на Югаславію, і тым самым выказаў прэвэнтыўны пратэст?

Так ці йнакш, зь беларускага боку ў канфэрэнцыі бралі ўдзел адзін генэрал і два аташэ па пытаньнях абароны, якія пажадалі застацца неназванымі, а з польскага боку — часовы павераны ў пытаньнях абароны пры пасольстве Польшчы ў Беларусі палкоўнік Мацей Валошык. Асьветніцкая, паводле задумы, канфэрэнцыя, набыла рысы зусім ужо грамадзянскага мерапрыемства. І толькі абрэвіятура NATO нагадвала, што тэма канфэрэнцыі мае дачыненьне да пасьляваеннага падзелу сьвету.

Ідэя гэтай канфэрэнцыі ўзьнікла яшчэ ўвосені мінулага году. Меркавалася, што дыскусія аб сучасных праблемах бясьпекі ў Эўропе калі й не прывядзе яе ўдзельнікаў да поўнага паразуменьня, дык хоць бы дасьць магчымасьць быць пачутымі.

Зразумела, што арганізатары з польскага боку былі зацікаўленыя больш у тым, каб падзяліцца зь беларусамі досьведам, набытым Польшчай на шляху ў Паўночна-Атлянтычны альянс. Паводле Анатоля Лябедзькі, «пасьля заканчэньня пэрыяду «халоднай вайны» эўрапейская бясьпека залежыць ня столькі ад канфліктаў паміж дзяржавамі, колькі ад канфліктаў унутры дзяржаваў… З гэтага вынікае неабходнасьць перагляду прынцыпаў эўрапейскае бясьпекі». Пытаньне магчымага ўваходжаньня Беларусі ў NATO А.Лябедзька разглядае ў залежнасьці ад унутрыпалітычнай сытуацыі: «пакуль яна ня будзе вырашаная, гэтае пытаньне не стаіць на парадку дня для Беларусі… Фактычна, для нас цяпер прыярытэтам павінен быць нэўтралітэт, які замацаваны ў беларускай Канстытуцыі… Гэта дазволіць пазбавіцца моцных абдымкаў расейскіх генэралаў». На думку А.Лябедзькі, прынцып салідарнае адказнасьці дапускае магчымасьць калектыўнага ўмяшаньня краінаў у справы той або іншай дзяржавы ў тых выпадках, калі ў ёй адбываецца масавае парушэньне правоў чалавека або нацыянальных меншасьцяў.

Юры Хадыка абышоўся бязь лішняе дыпляматыі. У часе абмеркаваньня стаўленьня беларусаў да NATO, ён заявіў, што пашырэньне альянсу «ў інтарэсах беларускага народу, яно набліжае мэту, да якой мы імкнемся: Беларусь у Эўропу».

На фоне падзеяў вакол Косава не магла ня ўзьнікнуць гутарка наконт пагрозы разьмяшчэньня натаўскай ядзернай зброі ў Польшчы й вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь з Расеі. Ангешка Магдзяк-Мішэўска, дарадца прэм’ер-міністра Польшчы ўпэўненая ў немагчымасьці такога вяртаньня. Яна сфармулявала сёньняшнюю пазыцыю сваёй дзяржавы ў дачыненьні да Расеі так: «Польшча не ўспрымае Расею як імпэрыю зла. Гэтая дзяржава загразла ў глыбокім крызысе… Напярэдадні 17 жніўня 1998 году расейскі рынак быў памерам з гішпанскі, а цяпер роўны бэльгійскаму». Гэта да пытаньня пра «звышдзяржаву», у якой ёсьць пакуль ядзерная зброя, але якая, з разьлікаў амэрыканцаў, да 2010 году памрэ ўласнаю сьмерцю. Аднак, спадар Хадыка запярэчыў, што «пакуль існуе імпэрыя, зь яе боку будзе зыходзіць рэальная ваенная пагроза». Прафэсар Хадыка лічыць NATO «надзвычай цікавым наддзяржаўным стварэньнем, кшталту нашай першай, агульнай Рэчы Паспалітай. Дакладна такая ж свабода, доўга зьбіраецца на вайну й прымае рашэньні, і ўвесь час шукае магчымасьці запрасіць да сябе на трон маскоўскага цара».

Алена Лукашэвіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0