ПІСЬМЕНЬНІК І ПЭДАГОГ КАНДРАТ ЛЕЙКА (1860—1921)
Кандрат Лейка нарадзіўся на Слонімшчыне ў вёсцы Збочна 17 верасьня 1860 г. Вучыўся ў Азярніцкім вучылішчы, а затым у Сьвіслацкай настаўніцкай сэмінарыі за казённы кошт. У 1879 годзе яго паслалі працаваць настаўнікам у Косава. Тут ён пачаў пісаць вершы на беларускай мове. Захаваліся яго вершы, датаваныя 1883 годам («Сарока», «Песьня ластаўкі», «Бусел»). У «Нашай Ніве», «Нашай думцы», «Беларускім календары» былі апублікаваныя ў 1912—1916 гадах шматлікія творы К.Лейкі. У лютым 1918 г. К.Лейку паралізавала, і яго перавезьлі да брата ў г. Здалбунаў на Валыні. Там ён 6 верасьня 1921 г. і памёр, там і пахаваны.
Стваральнік школьнага музэю «Літаратурная Слонімшчына» Мікалай Сідаровіч адшукаў некалькі невядомых лістоў з спадчыны Кандрата Лейкі, пісьменьніка-сучасьніка Багушэвіча. Эпоха глядзіць на нас з гэтых лістоў.
Паштоўка з Варшавы К.Лейку ад Гальяша Леўчыка.
«Вашу пісулю мы атрымалі і адказваем. 1. Аб вашай пэнсіі, што вы падалі просьбу, напішыце нам: калі гэта было, як, што і каму ўручылі і дзе, тады наш старшыня пойдзе ў Міністэрства і лягчэй будзе клапатаць. 2. Беларускія газэты выходзяць у Вільні: «Наша думка» (вул. Вастрабрамская, 5) і «Krynica» («Крыніца») (вул. Завальная, 7). 3. Вашы літарацкія творы па-беларуску: вершы, казкі, апавяданьні і ўсё — вы прышліце на імя нашага Камітэту (Szpitalna 12, m. 29), а мы адашлем іх у Беларускае навуковае таварыства, а калі будуць друкаваць, то вам і грошы дамо. Верце, што недалёкі час, калі наша Бацькаўшчына Беларусь будзе незалежнай!
Беларускі камітэт у Варшаве. Сакратар Г.Леўчык. 7.2.1921»
Ліст К.Лейку Лявона
Дубяйкоўскага.
Паважаны Пане!
Беларускі Камітэт у Варшаве, атрымаўшы ад Вас ліст, даручыў мне прадаставіць Вам крыху грошай — пяць тысяч польскіх марак і пры гэтым спытацца ў Вас, ці не былі б Вы ласкавы прыехаць на Бацькаўшчыну. А можа тут, між сваімі, будзе Вам хоць крыху лепей. А калі зможаце, то напішыце штось да беларускіх газэт. Мне здаецца, што найлепей было б Вам пасяліцца ў Горадні, там знойдзецца шмат знаёмых. Калі будзе на гэта Ваша згода, то прашу, едучы да Горадні, заехаць у Варшаву, тут пабачымся і параімся, як трэба зрабіць лепш. Калі ў гэтым часе немагчыма будзе ехаць праз холад, то пачакайце крыху, а за які месяц можа ня стане цяжэй, тады прыедзеце. Калі ня будзе грошай на дарогу, то напішыце, калі ласка, Камітэту, а ён вышле.
Вось гэта менш-больш такая рада. Бывайце здаровы і пра нас не забывайце.
З праўдзівай да Вас пашанай застаюся Лявон Дубяйкоўскі. 27.2.21»
Ліст К.Лейкі Лявону
Дубяйкоўскаму.
«Паважаны Пане!
Не змагу словамі выказаць мае радасьці, якая ахапіла мяне ў момант, як я атрымаў ад Вас шчодру дапамогу. Французы кажуць: хто дае ўпору, той дапамагае двойчы. І праўда: я маю цяпер не 5000 марак, а нязьмерна больш, бо атрымаў іх якраз упору. Я, будучы хворым, адзінокім, сядзеў бяз хлеба, бяз грошай, і якраз у гэты горкі час прыйшла з пошты вестка аб Вашым дарунку. Кожны, хто перажываў такі цяжкі момант, зразумее маю радасьць, мае пачуцьці. Складаю перад Вамі, паважаны пане, сваю сардэчную падзяку за Вашу ахвяру. Ваша добрае імя буду насіць у сваім сэрцы да самай сьмерці і ніколі не забуду Вашай добрасьці. Няхай Бог адплаціць Вам чым толькі Вы пажадаеце за Вашу літасьць да мяне.
Падацца на Бацькаўшчыну, жыць там паміж сваіх братоў, умерці і легчы ў магілу на сваёй зямлі — о, яка б гэта была для мяне радасьць, шчасьце, але я не змагу гэтага выканаць, бо жыцьцё мяне зусім задавіла, а аб сваёй Маці-Айчыне магу цяпер толькі ў салодкіх марах успамінаць. Пасылаю Вам для друку карэспандэнцыю з Валыні і два вершы. Прашу тую газэту, дзе будуць надрукаваны мае вершы, прышліце мне. Калі газэта зацікавіцца маёю літарацкаю працаю, то магу неўзабаве прыслаць больш.
Затым выбачайце за ўчынак Вам лішніх клапот і бывайце здаровенькі, хай Вас Бог мілуе. Складаючы Вам падзяку, застаюся Вашым верным служкаю.
К.Лейка. Здалбунаў».
Падрыхтаваў Мікалай Сідаровіч