Выйшаў у сьвет двухтамовік

АРХІВЫ БНР

 

Два фундамэнтальныя тамы «Архіваў БНР» складаюць разам 1700 старонак. Гэта поўнае апісаньне і частковая публікацыя дакумэнтаў Фонду №582 Дзяржаўнага Архіву Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі»). У выданьні ўзялі ўдзел Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк), Таварыства Беларускага Пісьменства (Вільня) і «Наша Ніва» (Менск). Але фактычна ўсю выдавецкую працу выканаў адзін чалавек — Сяргей Шупа. Ён зрабіў укладаньне, падрыхтоўку тэксту, напісаў уступны артыкул, камэнтары, выканаў пераклады, паказальнікі, кампутарны набор і макет.

 

«Уявіце сабе, — піша ў прадмове С.Шупа, — што вам трапілі ў рукі дзівам ацалелыя старонкі з бартавога дзёньніка карабля, які згубіўся ў бурлівым моры. У старонках гэтых няма пачатку й канца, яны падзёртыя й пераблытаныя. А на іх — кроніка катастрофы, няўмольнасьць стыхіі, вернасьць і здрада, радасьць надзеі, адчай і самагубства, выбухі эпідэміі і людажэрства, зьнікненьне й паўстаньне зь нябыту, каханьне і сьмерць.

Карабель згубіўся ў тумане. Часам ягоны прывід зьяўляецца ў сонечным зьзяньні і зноў зьнікае ў хмарах.

Гэта не гісторыя пра «лятучага галяндца». Гэта мэтафарычны вобраз абвешчанай у 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), а старонкі карабельнага дзёньніка — гэта фрагмэнты раскіданага па сьвеце Дзяржаўнага Архіву БНР».

Дзьве кнігі Архіваў БНР складаюць том 1 і агулам уключаюць 40 % усяго бээнэраўскага архіву. Яшчэ столькі ж дакумэнтаў захоўваюцца ў Менску, а лёс астатніх 20 % невядомы.

Крыт.


 

Гісторыя свабоды слова

 

Бярозкіна Н. Гісторыя кнігадрукаваньня Беларусі (XVI — пачатак ХХ ст.). — Менск: Беларуская навука, 1998. — 199 с. ISBN 985-08-0247-2

Хуткасьць, зь якой гэтая кніга зьнікла з паліц кнігарняў, паказвае, што яна патрэбная. Вартасьці яе відавочныя. Але...

Вось трапляе на вочы штамп: «Першыя кнігі на кірыліцы выдадзеныя ў 1490—91 г. у Кракаве Швайпольтам Фіёлем, які па праву лічыцца пачынальнікам славянскага кнігадрукаваньня». Такое адчуваньне, што я гэта ўжо чытаў шмат гадоў таму і тады нібыта вырашыў спраўдзіць гэта, і быццам знайшоў, што ўсё гэта ня так. Вяртаюся да старых кніг, куды даўно ўжо не заглядаў, і сапраўды: першая кніга на славянскай мове — чэскай — лацінскім альфабэтам — надрукаваная ў Пльзэне каля 1470 г. (славутая «Траянская гісторыя»). Наступная славянская вяха — харвацкі каталіцкі «Місал» 1483 г., выдадзены на глаголіцы. Ш.Фіёль мог бы ганарыцца, што ён пачынальнік славянскага кнігадрукаваньня на трэцім славянскім альфабэце — кірыліцы, і гэтым апярэдзіў таго невядомага кнігавыдаўца, які неўзабаве надрукуе славянскую кнігу на апошнім славянскім альфабэце — арабскім.

Тэза пра тое, што беларуская культура «сфармавалася, з аднаго боку, пад уплывам руска-праваслаўнай культуры (усходняя цывілізацыя), а з другога, пад узьдзеяньнем вуніяцка-каталіцкай культуры (заходняя цывілізацыя)» з бляскам абвяргаецца на наступных старонках самой аўтаркай: першыя друкарні на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі не праваслаўныя і не каталіцкія, а пратэстанцкія, і было іх у XVI ст. ня менш за 6. І казаць пра іх ролю ў палянізацыі наўрад ці апраўдана.

Пэўна, зь нейкай старадаўняй працы на старонкі кнігі перайшло сьцьверджаньне, што «каталіцкая царква прыклала шмат намаганьняў, каб забараніць друкаваньне літаратуры на беларускай мове». І што гэта былі за намаганьні?

«З пачаткам вайны паміж Масквой і Польшчай у 1654 г. куцеінская друкарня была пераведзена ў Іверскі манастыр пад Ноўгарад», — гэта пра рабаўнічы вываз маскоўскімі ўладамі праваслаўнай друкарні ў глыбіню Расеі. Прычым такі акт быў невыпадковы, пра што сьведчыць паўтор гісторыі ўжо пасьля далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі пад канец XVIII ст. Дарэчы, як тое далучэньне адбілася на кнігадрукаваньні, не дасьледавана зусім. Вядома, што адзіная праваслаўная беларуская друкарня (у Магілёве) зноў спыніла існаваньне. Замест яе Кацярына ІІ адкрыла найбуйнейшую жыдоўскую друкарню ў Шклове. Усе каталіцкія друкарні, здаецца, засталіся на месцы. Парадокс?

Кніга не знаходзіць адказу на пытаньне, калі было забароненае беларускае друкаванае слова. Цыркуляр міністра ўнутраных справаў П.Валуева ад 1863 г. забараніў друкаваньне кніг на ўкраінскай мове, а цыркуляр 1865 г. — літоўскіх кніг лацініцай. Беларускую мову «ў рабочым парадку» прыраўноўвалі да ўкраінскай і літоўскай. Асобнага антыбеларускага акту не было! Не лічылі патрэбным для краіны, дзе адкрыта адно Дунін-Марцінкевіч пісаў па-беларуску?

Карыстаньне з розных крыніцаў прывяло да некаторых супярэчнасьцяў. «Кніг на беларускай мове не было», — піша аўтарка ў адным месцы пра XVIII ст. У другім жа адзначае супрасьльскае выданьне 1722 г. «Собрание припадков краткое и духовным особам потребное» (вуніяцкі друк). Ці Супрасьль — не Беларусь? Толькі праз 100 гадоў выйшла наступная кніга на беларускай мове — «Кароткі збор хрысьціянскай навукі» (1835 г.), на гэты раз каталіцкая.

Нарэшце, пра пэрыяды нашага кнігадрукаваньня. Аўтарка пэрыядызуе ХІХ ст. па пунктах: 1830, 1861 і 1900 г. Першы зразумелы і цалкам апраўданы — паўстаньне! Калі трымацца гэтай лёгікі, дык наступная дата — паўстаньне 1863—64 г., а трэцяя — маніфэст 17 кастрычніка 1905 г., які дазволіў свабоду слова. Гэта не пачатак «вышэйшай фазы капіталізму — імпэрыялізму», як адзначана ў кнізе, але, думаецца, больш важная падзея. Бо гісторыя сучаснага кнігадрукаваньня — гэта гісторыя свабоды слова.

Валеры Пазьнякоў


 

60 уводзінаў у беларускі сьвет

 

«Беларуская думка» (Філязофія, рэлігія, культура (Анталёгія). Уклад. Юры Гарбінскі. Варшава. Славістычны асьродак выдаўнічы, 1998. ISBN 83-86619-62-7

Знаёмства з гэтай кнігай адбылося нечакана. Рэдактар газэты «Рабочы» Віктар Івашкевіч паклаў на стол 18-даляравы 744-старонкавы фаліянт. «Усе шукаюць беларускую ідэю, а яна – вось», – сказаў ён.

Пяцьдзясят дзевяць аўтараў і адна калектыўная рэзалюцыя прадстаўленыя ў сямі разьдзелах гэтага зборніка, роўнага якому па аб’ёме яшчэ ніхто не выдаваў. Кніга ўражвае.

«Беларуская думка» (у падзагалоўку – «Філязофія, рэлігія, культура (Анталёгія)») выдадзеная ў Варшаве Інстытутам cлавістыкі ПАН пры падтрымцы IDEE. Укладаньне, прадмова і апрацоўка Юр’я Гарбінскага.

Як сказана ў прадмове, зборнік «уяўляе сабою першую спробу сыстэматызацыі і абагульнення ўсяго інтэлектуальнага досьведу прадстаўнікоў краёвай ідэі, сьвецкай і духоўнай элітаў беларускага народу ў кантэксьце праблемы Беларусі як эпіцэнтру культурна-цывілізацыйных уплываў Усходу і Захаду... тэксты разглядяюцца намі як ключавыя коды, з дапамогай якіх чытач наблізіцца да разуменьня марфалёгіі беларускага этнасу, сутнасьці нацыянальнага характару і мэнтальнасьці беларусаў, адметнасьці і ўнівэрсалізму беларускай душы, яе аўры ў пэрманэнтным узаемадзеяньні з гістарычнымі, рэлігійнымі і культурнымі традыцыямі Ўсходу і Захаду. Ня менш важнай функцыяй-зададзенасьцю публікаваных фактаграфічных матэрыялаў зьяўляецца паказ, рэ-(дэ-) канструкцыя існуючых у беларускім сьветаглядзе комплексаў і стэрэатыпаў...»

У аснову структуры «БД» пакладзены храналягічна-тэматычны прынцып. Кожны з разьдзелаў акрэсьлівае пэўны пэрыяд і напрамак у разьвіцьці беларускай думкі. «Прарокі нацыянальнай ідэі» – тэксты Ант.Луцкевіча, М.Гарэцкага, Я.Купалы, М.Багдановіча, В.Ластоўскага, М.Даўнар-Запольскага, Я.Лёсіка, А.Цьвікевіча, І.Канчэўскага, У.Самойлы, Я.Коласа. «З пазыцыяў краёвага патрыятызму» – прадстаўленыя Р.Скірмунт, М.Ромэр, Т.Урублеўскі, К.Скірмунт, Л.Абрамовіч. «У люстэрку нацыянал-камунізму» – З.Жылуновіч, П.Каравайчык, фрагмэнт «Пратаколу пасяджэньня прадстаўнікоў І канфэрэнцыі беларускіх сэкцый РКП(б)», Я.Канчар, А.Бурбіс, У.Ігнатоўскі, Б.Тарашкевіч. «Вехі беларускага фундамэнталізму» – К.Сваяк, В.Багдановіч, У.Талочка, Я.Станкевіч, Дрыгвіч, А.Стаповіч, Т.Грыб, А.Станкевіч. «На разломах вайны» – У.Верас, У.Казлоўскі, В.Іваноўскі, Ф.Акінчыц, Ант.Адамовіч. «Беларуская думка на эміграцыі» – Ч.Сіповіч, Л.Гарошка, С.Станкевіч, М.Лапіцкі, Л.Акіншэвіч, В.Тумаш, С.Коўш. «У пошуках альтэрнатывы і дыялёгу» – А.Каўка, А.Бембель, Н.Гілевіч, В.Быкаў, Ал.Адамовіч, С.Дубавец, А.Майхровіч, А.Майсеня, У.Конан, З.Пазьняк, Ю.Хадыка, М.Крукоўскі, А.Рагуля, Л.Лыч, Ю.Туронак.

Разьмеркаваньне пэўных асобаў небясспрэчнае. Нехта зь іх мог бы прэтэндаваць, як мінімум, на месцы ў двух разьдзелах. Для шэрагу вартых тэкстаў месца ў зборніку такой структуры не знайшлося.

Падаюцца біяграфічныя зьвесткі – прыблізна паўстаронкі на кожнага аўтара.

Пераважная большасьць тэкстаў зборніка знаёмая зацікаўленаму чытачу. Яны проста сабраныя пад адну вокладку ды сыстэматызаваныя, і цяпер плойму кніжак, брашурак ды часопісаў можа замяніць адна таміна «Беларускай думкі». Тэксты прадстаўленыя згодна з правапісам арыгіналаў. На жаль, «з тэхнічных прычынаў» чытачы выданьня ня здолеюць пабачыць у ім «уласнабеларускага графічнага пісьма» Вацлава Ластоўскага і Тамаша Грыба. У зборніку іх тэксты падаюцца звыклай кірыліцай. Трэба адзначыць недакладнасьць перакладу асобных кавалкаў. Ангельскі варыянт зьместу, відочна, перакладаўся з польскай. У выніку, беларускія загалоўкі ў англамоўным варыянце маюць, часам, трохі іншы сэнс.

Ці выпадкова «Беларуская думка» выйшла ў Польшчы? Палякі ў значнай ступені перахварэлі на комплексы варожасьці да суседзяў. Цяжка ўявіць публікацыю падобнага выданьня пра беларускую думку ў Літве, Расеі, Украіне, так што параўноўваць зь нейкімі аналягамі не выпадае і, відаць, доўга ня выпадзе.

Кнігай будзе задаволена патрэба на анталягічную літаратуру па беларускай філязофіі, рэлігіі і культуры ў Польшчы. На жаль, здабыць яе ў Беларусі практычна немагчыма. У пэрспэктыве зборнік можа стаць адной з асноваў для мнагатомнай энцыкляпэдыі беларускай думкі.

Андрэй Мельнікаў


 

Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Беларуская мова: Зборнік дыктантаў / Уклад. Э.Блінава, Н.Гаўрош, М.Кавалёва і інш. — Менск: Вышэйшая школа, 1998. —
302 с. — Наклад 7000 ас. ISBN 985-06-0373-9

Грамадчанка Т. Беларуская літаратура. Школьныя творы. Кароткі зьмест і аналіз / Маст. А.Цароў. — Менск: Аверсэв, 1998. — 463 с. — Наклад 10000 ас. ISBN 985-6389-10-0

Грачанікаў А. Перазвоны азёр і бароў: Вершы, казкі, легенды: Для малодш. шк. веку / Маст. Р.Кондрад. — Менск: Юнацтва, 1998 — 256 с.: іл.— (Школьная бібліятэка). — Наклад 28000 ас. ISBN 985-05-0265-7

Жывіца: Вершы, апавяданьні, казкі пра дзяцей і для дзяцей / Уклад. І.Гемпель, Маст. В.Сакалоў. — Менск: Юнацтва, 1999. — 351 с. — (Школьная бібліятэка). — Наклад 34700 ас. ISBN 985-05-0268-1

Казкі дзяцей Беларусі / Для дашк. і малодш. шк. веку. (На бел., рас., анг. мовах). — Менск: Юнацтва, Беларускі фонд «Мы — дзецям», 1998. — 224 с.: іл. — Наклад 5000 ас. ISBN 985-05-0104-9

Спадчына. № 1/1999. — 224 с. ISSN 0236-1019

Старжынская Н. Мэтодыка разьвіцьця роднага маўленьня: Вучэб. дапаможнік. — Менск: Унівэрсытэцкае, 1998. — 287 с. — Наклад 1150 ас. ISBN 985-09-0311-2

Тэатры Беларусі / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, «Тэатральная творчасьць»; Пад рэд. А.Сабалеўскага; Пер. на ангельскую мову Н.Лейзэр. — Менск: Беларуская навука, 1998. — 135 с.: іл. — Наклад 1300 ас. ISBN 985-08-0253-7

Русско-белорусский словарь / З.Бадзевіч і інш. — Менск: «Современное слово», 1998. — 480 с. — Наклад 11000 ас. ISBN 985-443-087-1


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0