Пахне вясна

 

Нiяк не магу забыцца на сваю першую сустрэчу зь беларускiм нацыянальным сьцягам. Гэта было ў верасьнi 91-га. Шпацыруючы зь сяброўкаю ў Румянцаўскiм парку, мы, набыўшы па пляшцы «Рэчыцкага» пiва, выйшлi на ўзьбярэжную. Яшчэ цёплае восеньскае сонца паволi асядала на супрацьлеглы, амаль некрануты цывiлiзацыяй, бераг Сожа. Дрэвы ў золаце, на небе нi аблачынкi, вада ў рацэ гладкая, бы ў сподку. Адным словам, куды нi зiрнi — паўсюль гатовы здымак для каляровага турысцкага праспэкту. Я толькi пачынаў захворваць на беларушчыну, таму ўзьнёсла й безупынна дзялiўся зь сяброўкаю радасьцю сваiх уцёкаў ад Расеi-мацi, i плянамi будаўнiцтва новай дзяржавы. Але тая не падзяляла майго настрою. «Ты не ўяўляеш, — казала яна, як я не хачу, каб Беларусь была асобнай дзяржаваю». Я глядзеў на гэтую беларуску, як на закончаную дурнiцу. А яна тым часам працягвала: «Што для цябе, чужынца, гэтая зямля? Палiгон для ўвасабленьня ўласных амбiцыяў. Памроiў ды зьехаў. А я не хачу жыць ва ўбогай краiне».

Раптам, з-за павароту на рацэ, нiбы фантом, зьявiўся цеплаход. На карме трапятаўся невялiчкi бел-чырвона-белы сьцяжок. Капiтан, напэўна, быў нацыяналiстам. Тады яшчэ над былымi райкамамi вiселi палотнiшчы БССР. На тле вады й восеньскага лесу нашыя колеры глядзелiся асаблiва ўрачыста. Нацыяналiстычнае судна немiтусьлiва й спакойна, як маўклiвы неабвержны аргумэнт, наблiжалася да нас. Мы абое моўчкi назiралi ягоны шлях. «Што, прыгожа?» — запытаўся я. «Так. Сапраўды прыгожа». «А ты кажаш: «убогая». Ня пройдзе й пяцi гадоў, i мы не пазнаем яе. Закопчаны сухагруз стане шыкоўным прагулачным ляйнэрам, на якiм ты будзеш прагульваць свае шматлiкiя талеры. «Ну а ты, вядома, будзеш капiтанам. Ня менш». «Я згодны й на пасаду кандуктара».

Празь пяць гадоў краiну было й сапраўды не пазнаць. Тая ж, каму я абяцаў прагулянку на ляйнэры, не дачакаўшыся, зьехала ў зусiм няўбогую краiну пад назвай USA. I дзякуй Богу, што зьехала. Не люблю прайграваць спрэчкi жанчынам.

Ня так даўно шпацыруючы на адзiноце па тым самым паркавым маршруце, я затрымаўся пакурыць на пешаходным мосьце праз Сож. Нягледзячы на веснавы дзень, мне было сумна. I раптам убачыў на вадзе, здаецца, тое ж самае судна. Нiбы карабель-прывiд, яно ўсё так жа нясьпешна i ўпэўнена, як i сем гадоў таму, кiравала на поўдзень. На карме, я не паверыў вачам, скрозь смугу ўгадвалiся нязьменныя колеры сьцяжка. Што за насланьнё? Толькi праз хвiлiну да мяне дайшло, адкуль такая адчайная матроская беларускасьць. Судны Беларускага рачнога параходзтва заўжды хадзiлi пад бел-чырвона-белымi кармавымi гюйсамi! Дзiўна, але разгадка мяне зусiм не расчаравала. Карабель даўно зьнiк з вачэй, а я ўсё стаяў, палiў цыгарэты адну за адной, i проста зараджаўся ўпэўненасьцю, што спрэчка не прайграная. I якога разу злавiў сябе на думцы, што менавiта ў гэтай краiне, як нiдзе, добра дыхаецца вясною.

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0