ГОМЕЛЬСКІ ДЗЁНЬНІК

 

Дзелавіты дзед-адстаўнік гучна наракае на тое, што сёньняшняе пакаленьне ня ведае тых цяжнотаў, якія зазналі ён і больш старыя людзі, прайшоўшы празь некалькі войнаў. Ён лічыць, што з-за нястачы цяжнотаў — разбэшчанасьць моладзі; жаночую палову ён агулам абвінаваціў у прастытуцыі. Міжволі мне прыгадаўся стары лясьнік зь верша Адама Гурыновіча «Месца нячыстае». Даведаўшыся пра тое, што яго любімая дачушка стала ў горадзе жыць з распусты, лясьнік павесіўся. Ня лаяўся, ня біўся. Проста пайшоў і ўдавіўся, зразумеўшы частку сваёй віны ў лёсе дачкі. Дзед жа адстаўнік ні ў якія петлі лезьці не зьбіраецца, бо вінаватымі заўсёды лічыў дый працягвае лічыць іншых.

***

Работнікі культуры на сустрэчы з мэрам між іншым выдалі «сьмелую прапанову» — перанесьці бюст А.Грамыкі на праспэкт Леніна, а на ранейшым месцы паставіць помнік А.Пушкіну. Ня ведаю дакладна іхных матывацыяў, але думаю, што не бракавала фразэалёгіі славянскай еднасьці. Нашыя культурнікі ўважаюць акурат вялікага афраславянскага паэта за сымбаль еднасьці гэнай. Ня знаю. Як на мой правакансэрватыўны глузд, калі ўжо хочацца неяк ушанаваць славянскую ідэю, дык варта б было паставіць помнік Зарыяну Даленгу-Хадакоўскаму. Дасьледнік славянскіх старажытнасьцяў, ён жыў нейкі час у Гомелі, чакаючы «грантаў» ад графа Румянцава.

***

Ну, нарэшце, хаця б адзін з маіх сяброў дзяцінства з нашае пралетарскае пясочніцы выбіўся ў прадпрымальнікі. Зарабляе дзесьці 50 млн. рублёў штомесяц. Даводзіць да ладу атрыманы ў спадчыну дом. Усё было б добра, каб на полі яго сьвядомасьці не закрасавалі плыгкія порхаўкі квазібуржуазнасьці. Калі ўлічыць, што ў яго і раней была схілка да выхвальства, цяперашнія паводзіны глядзяцца проста камічна. Нагеленыя валасы, залаты сыгнэт, фанабэрыя рухаў, прыпылены пагляд. Гэткі бык буфэрны, як сказаў бы мой брацік. Сустрэўшы мяне нядаўна, заміж звычайных выведаў пра жыцьцё ці сытуацыю на полавым фронце квазібуржуа прамовіў у мой бок: «Ох, як мы ўчора накурыліся». Поўны постмадэрн!

***

Ужо амаль два з паловаю гады ў кожную цяжкую хвіліну ці часіну якой-любя няпэўнасьці я бяру ў рукі зборнічак вершаў Славаміра Адамовіча «Каханьне пад акупацыяй» і гучна дэклямую:

 

Зайшла. Расказала пра мужа,

Аптэку, праблемы дачкі...

Цяжкасьці і няпэўнасьці не зьнікаюць, але набываюць нейкія непраўдападобна цацачныя абрысы, якімі хочацца пагрэбаваць ды схаваць у кардонную скрыню ад эгіпэцкіх апэльсынаў.

Сяргей Балахонаў, 9-18.03.1999, Гомель


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0