ЯКАЯ БЕЛАРУСКАЯ ПЕСЬНЯ ВАМ НАЙБОЛЬШ ДАРАГАЯ?

Апытаньне «НН»

Ведама, што густы ў людзей цалкам розныя. На нашу думку, няма нiчога дзiўнага ў тым, што большасьць назвала песьнi народныя. Бо найбольш душэўныя яны. «Народны Альбом» людзі згадваюць рэдка. Трэба думаць, што ён успрымаецца як нешта непарыўна-непадзельна-суцэльнае. Апроч таго, ён нядаўні — каб заўважыць, патрэбная пэўная адлегласьць. А адзiн чадавек сказаў так: «Народны Альбом» — гэта гульня, i сталыя людзi яе могуць проста не разумець».

 

Алесь Асiпцоў, намесьнік старшыні Маладога фронту, Магiлёў: «А можна з жонкай параiцца? Яна кажа, што ёй падабаецца нейкая песьня, якая завецца «А чорт яе ведае як», а калi сур’ёзна, то для яе гэта любая песьня ў выкананьнi Данчыка. Ну, а што да мяне, дык гэта такi ўзьнёслы твор, як «Магутны Божа». Я яе ўпершыню пачуў, калi служыў на караблі ў Талiне ў 90-ым. Я быў у звальненьнi, а ў той дзень беларусы Эстонii ладзiлi канцэрт на Ратушнай плошчы i сярод iншых песьняў сьпявалi «Магутны Божа».

 

Вiнцук Вячорка, намесьнік старшыні БНФ: «Шмат, шмат песьняў. Я так сходу... Мяркую, што «Цi ўсе лугi пакошаны». Чаму? Проста. No comments».

 

Рыгор Барадулін, паэт: «»А ў полі вярба», яе мне матуля змалку сьпявала. Асабліва падабаліся словы «ой, здыму парчу, ножкі абвярчу». Песьня гэтая — уражаньні з майго маленства».

 

Юрась Бушлякоў, філёляг: «Куляшоўска-лучанкоўская «Алеся» – не зусiм ужо кепскі варыянт: яна генiяльна лiрычная, страшэнна сэнтымэнтальная i вельмi мiлая вуху. Гэта, бясспрэчна, беларуская музычная клясыка ХХ ст.».

 

Клаўс, гурт «Крама»: «Напэўна, «За туманам» у выкананьнi Веранiкi з «Крывяў», хоць насамрэч гэта песьня паляшуцкая, а не беларуская, дый на Ўкраiне яе сьпяваюць. Але ўжо нейк кранае яна нутраныя струны. Песьня ж народная, старынная, сьпяваная яшчэ нашымi дзядамi-прадзедамi, а тут голас Веранiкi ды новая аранжыроўка да таго ж. Зь iншага боку, мне i некаторыя песьнi «Крамы» падабаюцца, прыкладам «Стэфка», але назваць якуюсь зь iх улюбёнай было б нясьцiпла».

 

Генадзь Ластоўскі, гiсторык, Смаленск: «Мне падабаюцца песьні «Сяброў», а найбольш — іхная «Паклоньніца». Можа, іхныя песьні й ня дужа сучасныя, але ёсьць у іх нешта душэўнае, сапраўды беларускае. У адрозьненьне ад «Песьняроў», «Сябры» вытрымалі стыль, зададзены ад самага пачатку, і мне падабаюцца і іхная музыка, і іхныя тэксты».

 

Таiса Мiшчанка, нам. старшынi Таварыства Беларускай Культуры iмя Скарыны, Масква: «Мне падабаецца «Аксамiтны летнi вечар» як яе сьпявае Данчык, бо песьня прыгожая. А таксама песьня Сокалава-Воюша «Блакiтнае Прыдзьвiньне», бо я сама адтуль родам».

 

Віктар Мухін, Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў: «»Простыя словы, простыя рэчы» з «Народнага Альбому».

 

Алесь Пушкiн, мастак, мястэчка Бобр: «Для мяне гэта «Алеся» i «Веранiка» ў выкананьнi «Песьняроў», калi яшчэ Барткевiч быў. Асаблiва «Алеся», бо яна адпавядае майму настрою: мне падабаецца пахмурнае надвор’е, а там менавiта пра «сосны i туманы» i сьпяваецца. Туманы, цi разумееце, гэта тыпова беларускае надвор’е, адсюль фiлязофiя туманнасьцi, «sfumata», як казаў Леанарда. Мне не падабаецца сонечнае надвор’е, калi каляровыя плямы маюць рэзкiя гранiцы. Шэрасьць прыцемкаў — вось гэта нашае».

 

Алег Трусаў, гісторык: «Дужа падабаюцца дзьве песьні ХVІI ст.: «Сабралася бедна басота» і «Ой, цалуе ружа кветку». Сьпяваем іх пад час розных выцечак, застольляў, пад лірычны настрой. Гэта старыя песьні, але актуальныя й дасюль, асабліва «Басота», дзе робяцца пэўныя высновы пра дзядзьку багатага, каб не хадзіў абы-дзе. Ну, а з сучасных — «Жлобская нацыя» майго любімага барда Шалкевіча, бо нацыя нашая сапраўды самая жлобская ў сьвеце. І гэтым трэба ганарыцца: нацыя здраднікаў, ліхвяроў, прыстасаванцаў. Таму й выжылі, ня вымерлі. А лепшых за дзьвесьце гадоў вынішчылі».

 

Сяргей Чыслаў, лідэр «Белага Легiёну»: «Мне асабiста падабаецца «Дробна драбнiца». Даўняя песьня. Спачатку мы сьпявалі яе «Сабралася бедна басота», потым «менска студэнцтва», а цяпер — «Сабралiся файныя хлопцы ды гарэлку п’юць», а замест дзядзькi багатага ў нас «дзядзька лукавы»: «Не хадзi ж ты, дзядзька лукавы, там, дзе драбы п’юць». Час карэктуе тэксты. Але хутка ў мяне будзе iншая ўлюбёная песьня, бо мы тут спрабуем свой марш зрабiць. Ужо ёсьць 5—6 варыянтаў, але тыя, нацыяналізм якіх поўны енку, плачу, нам не падыходзяць. Таму зараз спынiлiся на чатырохрадкоўi Караткевiча з «Мацi ўрагану»:

 

Дуды над хлопцамi выюць трывожна,

Над полем бiтвы сьпявае рог.

Тапчыце зямлю, легiёны божыя!

Наперадзе — вораг! Над вамi — Бог!»

Віктар Шалкевіч, бард, Горадня: «Напэўна, няма ў мяне такой песьні. Каб за сталом сьпяваць? Дык мяне заўсёды просяць засьпяваць сваё. Мо’, «Белы шалік» Дзімы Бартосіка, асабліва люблю яе слухаць, калі ён сам яе грае. Вельмі дасьціпная, прыемная, шляхетная, з гумарам».

 

Сямён Шарэцкi, старшыня ВС РБ: «»Люблю наш край, старонку гэту» на словы Канстанцыi Буйло. Я сам люблю засьпяваць яе, бо калi сьпяваеш, то адразу перад вачыма паўстаюць i вёсны, i зiмы нашыя — уся Беларусь, як яе здолела апiсаць 16-гадовая паэтка».

Апытваў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0