Вайна, выгодная ўсім

 

Ці то гэтыя людзі да сёньня ваююць зь немцамі, ці то змагаюцца з амэрыканскім імпэрыялізмам і кітайскім гегеманізмам? — думаеш, чытаючы гнеўныя заявы Саюзу Пісьменьнікаў або калектыву станцыі штучнага абсемяненьня калгасу-камбінату «За мір» з асуджэньнем натаўскіх агрэсараў. Афіцыйная інтэлігенцыя дружна падтрымала афіцыйнага прэзыдэнта і ягоную думку пра неабходнасьць узмацненьня барацьбы за мір. Толькі што апошні разумее пад гэтым эскаляцыю гонкі ўзбраеньняў, нянавісьці да ўсіх «неправаслаўных народаў» і вынішчэньне ўнутраных саюзьнікаў замежных ворагаў, а першая соладка згадвае адказную працу ў Фондзе міру, Камітэце абароны міру, Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі і Клюбе інтэрнацыянальнай дружбы імя Садакі Сасакі. Мітрапаліт Філарэт узгадаў, што за вялікі ўклад у справу ўмацаваньня міру яго ў свой час узнагародзілі ордэнам Дружбы Народаў, і таксама выступіў з заявай па Югаславіі. Дзіўнае супадзеньне, — калі расейскія генэралы спрабавалі сьцерці з мапы Джахар-Калу, каб ваенны трыюмф над «чарнаж...пымі» дазволіў засьпіртаванаму Ельцыну захаваць свой пасад на другі тэрмін, дык і NATO партнэрствавала дзеля міру, і мітрапаліт Філарэт, і станцыя абсемяненьня маўчалі, як вады ў рот набраўшы.

Адзін Пазьняк не змаўчаў, ды й таго закляймілі ганьбаю. А цяпер нават Усямірны Савет Міру на чале зь вечназялёным Рамэшам Чандрам згадаў, што не ва ўсіх спэцслужбах былога СССР існуе запазычанасьць па зарплаце. Перад дэпартамэнтам па гуманітарнай дапамозе на плошчы Свабоды зь вечара займаюць чаргу палітолягі, ахвочыя суправаджаць гуманітарныя грузы, прычым разьмеркаваньне месцаў у Чарнагорыю на ліпень-жнівень узяў на кантроль сам прэзыдэнт.

Пасьля пачатку натаўскіх бамбардаваньняў не пакідае пачуцьцё, што аднаўляецца ўсё ж у нас такое патрэбнае краіне адзінства партыі і народу, сунімаюцца канфрантацыя і апазыцыя. Улада выйшла насустрач інтэлігенцыі — зьнялі, ды шчэ й з строгай вымоваю, дырэктара Камароўкі і, па сумяшчальніцтве, выдаўца расісцкай газэты «Славянский набат» Раманенкава, у «Знамени юности» Гукоўскага зьмянілі на Філіпчык, якая па-беларуску гаварыць умее. Кажуць, дырэктарам Камароўкі Пісьмянкова паставяць — вельмі ж добра зарэкамэндаваў сябе як рэдактар «ЛіМу». Інтэлігенцыя з разуменьнем ставіцца да новых ініцыятываў прэзыдэнта па правядзеньні пасяўной. Саюзу Кампазытараў выдзяляюць пяць ставак музычных кансультантаў у Нацыянальным камітэце па падрыхтоўцы «Дажынак», Саюзу пісьменьнікаў — чатыры на «Славянскім базары».

Чорныя натаўскія зграі наблізілі той гістарычны кампраміс, якога так чакае наша краіна: прымірэньне законна абранай улады зь лібэраламі, дзеячамі культуры і чытачамі газэты «Звязда». Улада перастане даставаць гандляроў з «Дынама» і іншых чытачоў «Белорусской деловой газеты» перарэгістрацыямі і зборамі на пажарную бясьпеку. На кастрычнік заплянаваная сустрэча прэзыдэнта зь пісьменьнікамі, на якой будзе аб’яўлена, што з новага году часопіс «Маладосць» пачне выходзіць у каляровым варыянце. А 31 сьнежня прэзыдэнт павіншуе ўсіх працоўных на нашай роднай беларускай мове. Іншыя бакі таксама праявяць узважанасьць і пойдуць насустрач.

Бо наколькі ж блізкія мова, погляды і лад жыцьця першых, другіх, трэціх і чацьвертых! А падзяляе іх, па вялікім рахунку, нейкая там нязгода ў падзеле нацыянальнага багацьця. Гандляры хочуць, каб у іх ніхто не адбіраў тое, на што яны абдурылі купцоў, пісьменьнікі хочуць, каб ганарары давалі па мільёне сто тысячаў за старонку, чытачам газэты «Звязда» карціць з пэнсіі якое кілё сала купіць, а ня толькі галёнкі. А прэзыдэнт хоча сабе. Аднак цяпер, калі магутнасьць нашай краіны будзе прырастаць Сібірам і Косавам — цяпер жа ўсім хопіць.

Калі ж сур’ёзна, дык сапраўды, на першы погляд, здаецца, што гэтая вайна выгодная ўсім моцным сьвету: NATO вырашыць стратэгічныя задачы Захаду, Мілошавіч умацуе сваю ўладу з дапамогай замежнай агрэсіі, Прымакоў адцягне ўвагу галоднага народу ад гадамі ня плочаных заробкаў, Армія вызваленьня Косава атрымала прыкрыцьцё з паветра, эўрапейскім інтэлектуалам ё што абслугоўваць ідэалягічна і мас-мэдыям ё пра што гаварыць ды паказваць. А гэта галоўнае.

Паводзіны беларускай інтэлігенцыі (добрая палова знаёмых мне нацыяналістаў крытыкуе NATO — зарваліся, маўляў, сэрбаў, нашых б’юць) паказваюць найперш, наколькі моцна дэзарыентаваныя беларусы, наколькі ня маюць яны ўстойлівых вартасьцяў, каардынатаў, ад якіх адштурхнуцца, як блукаюць яны ў сучасным сьвеце, бы той дзядзька Антось у Вільні, нічога ня цямячы, ні ў чым не разьбіраючыся — людзей як маку, таўкуцца нейкія паны з NATO (о, Божа мілы, якія гладкія ў іх рылы!), ракеты ляцяць на мірныя бялградзкія гарады й сёлы, мільён бежанцаў уцякае, куды? чаго? а мабыць, ад той самай НАТЫ і ўцякае. Аж трэба ж некуды ісьці ў гэтым глябальным горадзе, а нешта рабіць, ды каб усё правільна, як у людзей, а то яшчэ набярэсься стыду, паклонісься немцу ці якому жыду...

Як жа моцна ўплывае на беларусаў тэлебачаньне, а наймя — расейскае тэлебачаньне! Як жа ня ўмеюць яны крытычна ставіцца да ўсяго, што бачаць і чуюць! І якая невыкараняльная патрэба вызначацца: адабраем мы ці не адабраем.

Умяшаньне NATO ў Югаславіі — гэта фактычна першая вайна ХХІ ст., вайна новага тыпу, у якой рэалізаваліся рысы, што праяўляліся ўжо ў войнах у Іраку (пасьпяховай) і Самалі (правальнай). Гэта вайна будучыні. І падставай сваёй — прадухіленьне гуманітарнай катастрофы. І спосабам вядзеньня — ніякага full contact-у, масавы ўжытак авіяцыі і сродкаў электроннай разьведкі, выключная дакладнасьць удараў, пазьбяганьне сухапутнага канфлікту, тэхнічная няроўнасьць праціўнікаў, інтэнсыўная ідэалягічная падрыхтоўка ў СМІ. І грамадзкім кантэкстам — зьняцьцём падставовай супярэчнасьці ХХ ст. між левымі й правымі. І самой атмасфэрай — у Бялградзе няспынна ідзе рок-канцэрт, самалёты падлятаюць прыкладна ў адзін той самы час пасьля захаду сонца. І мінімумам ахвяраў — дакладныя лічбы мы наўрад ці пачуем ад югаслаўскіх уладаў, але нават па іхных падліках ад бомбаў і ракетаў за ўвесь гэты месяц пацярпела ўсяго некалькі цывільных (што не выпячваюць) — яно й ня дзіва, калі ўлічыць, што NATO заранёў папярэджвае Бялград пра тое, па чым будуць нанесеныя ўдары (што ў нас старанна замоўчваюць). У прызначаны час падлятаюць самалёты, пускаюць ракеты і... Мільг, і якіясь казармы ўжо дымяцца ў руінах, а пажарная каманда, што чакае побач моманту ўдару, прыступае да тушэньня. Бадай, такой вайны калгасьнікі «За міру», выхаваныя на «Зброю бяруць сыны», уявіць сабе ня могуць. Такая вайна нам не патрэбная! — кажа той, на каго працуюць калгасьнікі. — Зрабіце так, каб гэта глядзелася як сапраўдная вайна, каб ускіпала высакародная ярасьць, каб мацнеў баявы дух!

Зь іншага боку, у сэрбаў цяпер пачуцьцё чалавека, якому надзелі зьмірэнчую кашулю, зьвязалі рукі-ногі й пакінулі ляжаць. Яму нічога ня робяць, ня б’юць, а пачуцьцё ўсё ж паскуднае.

Няма сумневу: пераход NATO ад пасыўнай дактрыны да актыўнай трэба вітаць. Ня толькі ў сьвеце стане болей парадку, ня толькі адказныя нацыі будуць актыўней уплываць на лёсы плянэты, але зьяўляецца шанец, што з часам Эўропа, а за ёю і іншыя кантынэнты звыкнуцца з тым, што самыя рашучыя гуманітарныя ўмяшаньні — гэта ня выклік, а абавязак, і што правы чалавека й народаў знаходзяцца пад абаронай не адных паперак-дамоваў, а рэальных інтэрнацыянальных сілаў.

Новая дактрына адлюстроўвае зьмяненьне тых уяўленьняў і прынятасьцяў, якія існуюць у сьвеце, якія з часам мусяць успрымацца як дадзенасьць усімі бакамі канфлікту, бо датычаць усіх нацый, рэлігій або кантынэнтаў. Пакуль жа такога агульнага разуменьня няма. Таму й ствараецца ўражаньне, што натаўскія генэралы пралічылі ўсё, толькі не падумалі, што альбанцы апынаюцца безабароннымі і ў вачах сэрбаў вінаватымі за гэтыя бамбёжкі, і што нават ніякі Мілошавіч ня зможа стрымаць камандзіра Аркана, якому хочацца зьбіць самалёт, а ня можацца, а крыўда за бясьсільную краіну гложа, а ранішняя ракія дае ў галаву, і ён ідзе ў суседнюю вёску і не вылазіць стуль, пакуль там не застаецца больш ніводнага альбанца.

Новая дактрына NATO, сумесныя акцыі супольнасьці адказных дзяржаваў, гуманітарныя інтэрвэнцыі тады будуць пасьпяховымі й не скампрамэтуюць сябе, калі яны будуць адбывацца пры заўсёдным кантролі грамадзкай думкі. Тады рызыка памылак і выкарыстаньня сілы ў чыста карысьлівых мэтах зьвядзецца да мінімуму. Перадумова кантролю — усебаковае і бесстароньняе інфармаваньне мас-мэдыямі. Якія б стараліся не ператварацца ў калектыўных прапагандыстаў (як сёньня адбываецца зь CNN, BBC ды іншымі). Інакш міжнародная супольнасьць не засьцеражэцца ад актаў, якіх яна будзе пазьней саромецца і шкадаваць.

У цэлым жа міжнародная супольнасьць ведае, што робіць. Што ж да амбіцыяў асобна ўзятых ня самых зручных для жыцьця дзяржаваў і іх лідэраў, якраз яны сёньня і не здаюць справы з сваіх учынкаў. Быццам у ХІХ ст., мараць яны пра стварэньне ці захаваньне хоць малой, але імпэрыі. У гэтых трагедыя народаў, якімі яны кіруюць.

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0