СХІЗАФРЭНІЯ

 

Ужо 66 гадоў беларуская мова жыве ў стане схізафрэніі. Анамнэза ўсім вядомая — мы маем два варыянты літаратурнай мовы (часам праблема звужаецца і гаворыцца пра дзьве правапісныя сыстэмы, аднак адрозьненьні паміж імі часта выходзяць за рамкі правапісу).

Гадоў дваццаць таму здавалася, што гэтая праблема паступова вырашаецца сама сабою — наркомаўка (у мэтраполіі) паступова выцясьняецца расейскай мовай, а тарашкевіца (у эміграцыі) згасае разам зь ейнымі носьбітамі. Такім чынам, усё ішло да таго, што наш «хворы» меўся зьнесьці сваю хваробу з сабою ў дамавіну.

Аднак гэты мэханістычны прагноз не апраўдаўся. Ад пачатку 80-х у Беларусі абудзіліся зусім нечаканыя працэсы палітычнай фэрмэнтацыі. Хворы атрымаў нечакана вялікую дозу адрэналіну.

Наркомаўка, будучы ад самога пачатку запраграмаваная на русыфікацыю, паступова сталася інтэгральнай часткай сурагатнай БССРаўскай культуры, «нацыянальнай паводле формы, сацыялістычнай паводле зьместу». Яна таму й не супраціўлялася шматгадовай нацыянальнай дэградацыі беларусаў, бо сама даўно ўжо перастала быць жывым культурным арганізмам. Урэшце яна стала ўспрымацца як нейкае недарэчнае эспэранта, якое існуе толькі ў вуснах дыктараў радыё й тэлевізіі ды на старонках газэты «Звязда».

Зноў зазначу, што адрозьненьне наркомаўкі і тарашкевіцы — ня толькі і ня гэтулькі чыста правапіснае. Яно — у стылі, культуры мовы, у стаўленьні носьбіта да свае мовы. Таму, скажам, мова нашых пісьменьнікаў збольшага была і застаецца па-за вузкім абсягам драўлянай наркомаўкі, ёй у наркомаўскіх шатах зацесна, яна ўвесь час «парушае» наркомаўскія стылістычныя, лексычныя, граматычныя, а часам і чыста правапісныя «нормы». Прычына ў тым, што мова майстроў слова абапіралася і абапіраецца на скарбы народных гаворак — галоўны моўны эталён, які, дарэчы, стаіць вышэй за ўсе правапісныя канвэнцыі. Носьбіты народных гаворак (там, дзе яны яшчэ жывыя) не гавораць ні наркомаўкай, ні тарашкевіцай. Апошнія — гэта толькі пэўная спроба стварыць на аснове гаворак пэўны літаратурны стандарт. Дарэчы будзе прыпомніць заўсёдныя нападкі афіцыйных мовазнаўцаў на пісьменьнікаў — якраз за парушэньні наркомаўскай «нормы».

Выглядае натуральным, што тыя, хто загаварыў па-беларуску ў 80-я гады, арыентаваліся на новы культурны вобраз Беларусі, які асацыяваўся з тарашкевіцай — і дзеля палітычных сымпатыяў, і дзеля пераемнасьці клясычнай традыцыі, і дзеля яе большай адпорнасьці да асыміляцыі. Тарашкевіца да тых часоў дажыла ў выглядзе старой спадчыны — публікацыяў 10-40 гадоў і жывой традыцыі — мовы эміграцыі. Праўда, адсутнасьць строга кадыфікаванай нормы стварала й стварае карыстальнікам тарашкевіцы шмат праблемаў.

Сёньня, напрыканцы 90-х, «гісторыя хваробы» зноў ускладнілася. Сфэра ўжываньня наркомаўкі працягвае звужацца, расейшчына выцясьняе яе нават з традыцыйных «бастыёнаў» — афіцыйных радыё, тэлевізіі, газэтаў. Тарашкевіца, так і ня будучы афіцыйна прызнаная, ня здолела выйсьці за межы свайго палітычнага гета, хоць і трымаецца трывала ў недзяржаўнай пэрыёдыцы і кнігавыдавецтве. Да таго ж, нарэшце, супольнымі намаганьнямі карыстальнікаў з мэтраполіі і эміграцыі ўдалося падыйсьці да фіксацыі нормы, што бясспрэчна надасьць тарашкевіцы вагі. Урэшце, летась тарашкевіца была ўскосна прызнаная ўладамі, якія паспрабавалі прымусіць незалежныя выданьні перайсьці на наркомаўку. Вынікам быў даволі камічны судовы працэс «Нашай Нівы» супраць Дзяржкамдруку — выйграны прыхільнікамі тарашкевіцы якраз таму, што ейнае існаваньне ўладамі не прызнаецца, а тое, чаго няма, не забароніш.

Такім чынам, на моўным фронце (які ў цэлым адпавядае фронту палітычнаму) сёньня можна вызначыць гэткія вузлы канфлікту: тарашкевіца, як і ўсе гэтыя гады, рашуча супрацьстаіць расейскай мове, тарашкевіцы гэтаксама рашуча супрацьстаіць расейская мова, расейскай мове супрацьстаіць, але даволі млява, наркомаўка (гэтая пара мірна суіснуе ў розных газэтах, радыё і тэлевізіі). Урэшце, тарашкевіцы супрацьстаіць наркомаўка.

Гэты апошні выпадак асабліва цікавы. Неяк так выходзіць, што ўсе зацятыя адэпты наркомаўкі, якія на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя ваявалі з тарашкевіцай, належаць да вузкай і даволі спэцыфічнай катэгорыі людзей — усе яны так ці йнакш прафэсійна зьвязаныя зь беларускай мовай. Гэта школьныя настаўнікі, унівэрсытэцкія выкладчыкі, мовазнаўцы, выдавецкія рэдактары, карэктары — якім патэнцыйны пераход на тарашкевіцу мог бы пагражаць прафэсійнай дыскваліфікацыяй.

Набор іхных аргумэнтаў супраць тарашкевіцы даволі стандартны.

• У тарашкевіцы вузкая сацыяльная база. Сацыяльная база тарашкевіцы, наркомаўкі і беларускай мовы наагул супадае. Тыя, каму неабыякавы лёс мовы, не адмовяцца ад яе з прычыны канфлікту «правапісаў». Што да шырэйшых масаў — носьбітаў жывых народных гаворак — дык, скажам, у Заходняй Беларусі людзі гавораць той самай «тарашкевіцай», што і за польскім часам. Альтэрнатыва тут зусім не наркомаўка, а — расейская мова.

• «Народ не разумее тарашкевіцу». Народ разумее тарашкевіцу ў той меры, у якой ён разумее літаратурную мову наагул і ў якой ён не закрануты каставымі забабонамі згаданых вышэй прафэсійных катэгорыяў. Пад прыкрыцьцём гэтага аргумэнту некалькі незалежных пэрыядычных выданьняў свайго часу перайшлі з тарашкевіцы на наркомаўку і, часткова, на расейскую мову. Аднак імгненнага росту папулярнасьці не адбылося — хутчэй наадварот.

• Наркомаўка за некалькі пакаленьняў прыжылася і стала традыцыяй. Наркомаўка — якраз той гістарычны варыянт літаратурнай беларускай мовы, ад якой беларусы масава адвярнуліся. У выніку беларусы ў масе сваёй даволі слаба валодаюць правапіснымі нормамі наркомаўкі. У нас наагул няшмат людзей, якія пісьменна (хоць бы ў межах школьнай праграмы) пішуць па-беларуску — нават сярод прафэсійных літаратараў. У гэтым сэнсе ў наркомаўкі няма ніякіх перавагаў перад тарашкевіцай. Ні пра якую «традыцыю» гаварыць не выпадае. Калі б давялося масава вучыцца з нуля — было б усё роўна, які варыянт выбіраць.

• Тарашкевіца ня здолела афіцыйна замацавацца нават у «самыя лепшыя часы» — ня трапіла ў афіцыйны ўжытак, у адукацыю і г.д. Тарашкевіца не магла на роўных змагацца з наркомаўкай паводле «вагавай катэгорыі» — апошняя мела акадэмічную кадыфікацыю, шматгадовы афіцыйны ўжытак у друку, школьніцтве і г.д. Аднак, нягледзячы на гэта, нават у гэткіх умовах рабіліся крокі да сынтэзу, збліжэньня варыянтаў — ТБМ запачаткавала адпаведны праект, аднак гэтаму перашкаджала нарматыўная неаформленасьць тарашкевіцы. А пасьля рэфэрэндуму 1995 году пра гэта ўжо ніхто й ня згадваў.

• Існуе аналягічны замежны досьвед: катарэвуса/дымотыка ў Грэцыі, букмол/лянсмол у Нарвэгіі, дзе «клясычны» варыянт літаратурнай мовы саступіў месца «народнаму». Найчасьцей для параўнаньня выбіраюцца сытуацыі неадпаведныя нашай — для атрыманьня пажаданай аналёгіі. У Беларусі мы маем справу не з «клясычным» і «народным» варыянтамі, а з двума палітызаванымі «народнымі» варыянтамі — «сваім» і «чужым». Наш выпадак больш выпадае параўнаць, прыкладам, з румынскай мовай у падсавецкай Малдове, або зь ідышам, які існаваў у «савецкім» і «антысавецкім» правапісных варыянтах.

• Наркомаўскае напісаньне словаў замежнага паходжаньня больш адпавядае сучаснаму вымаўленьню, чым тарашкевіцкае. Словы замежнага паходжаньня часам успрымаюцца як галоўны паказьнік адрознасьці наркомаўкі ад тарашкевіцы. Тым часам гэтая розьніца зусім не такая істотная. Звычайны беларус аднолькава лёгка вымавіць «Амэрыка» і «Амерыка». Ніводзін з варыянтаў не пярэчыць беларускай фанэтыцы і фаналёгіі. Затое наркомаўскае «с[ъ]нег» гучыць ужо не па-беларуску.

Прыхільнікі тарашкевіцы, дарэчы, не адказваюць наркомаўцам «узаемнасьцю» і заўважных «баявых дзеяньняў» супраць іх не вядуць. Наадварот, у пэрспэктыве надыходу лепшых палітычных умоваў рэальна разглядаецца магчымасьць рацыянальнага кампрамісу паміж абодвума варыянтамі літаратурнай мовы. Але гэты дзень яшчэ не настаў.

Бясспрэчна, лячыцца ад схізафрэніі трэба. Аднак сёньня, калі «хвораму» пагражае небясьпека сьмерці, варта згуртавацца ў супрацьстаяньні найперш гэтай небясьпецы. Лячэньне галавы можна адкласьці на пасьля.

Сяргей Шупа


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0